Канстанцін Скуратовіч і Аляксандр Куляеў прэзентавалі ў БАЖы кнігу, пра беларусаў, якія загінулі ў вайне СССР з Фінляндыяй
Пісьменьнік і журналіст Канстанцін Скуратовіч з гісторыкам Аляксандрам Куляевым напісалі кнігу, прысьвечаную беларусам, якія бралі ўдзел у «зімняй вайне» — нападзе СССР на Фінляндыю ў 1939–1940 гадах. Кніга напісаная па-расейску і мае назву «Востраў Суомі. Ажыцьцёўленая ўтопія». Але пра якую ўтопію і які востраў вядуць гаворку аўтары? І ўвогуле, чаму сёньня — і пра Фінляндыю?
Кніга пра Фінляндыю пачалася з Грузіі
Паводле Канстанціна Скуратовіча, кніга была напісаная яшчэ ў 2010 годзе пад уражаньнем падзей расейска-грузінскай вайны 2008 году. «На адным дыханьні напісаў і цяпер ані слова не зьмяніў», — кажа Канстанцін Скуратовіч пра свой сумесны з Аляксандрам Каляевым твор і тлумачыць яго задумку так:
«Тая вайна ў 2008 годзе для мяне была зусім не чаканай. Бо там стаялі расейскія міратворцы, усё было пад кантролем, як раптам зьяўляецца паведамленьне, што Грузія пачала агрэсію ў Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Для мяне гэта гучала дзіка, бо было зразумела, што краіна спрабавала аднавіць сваю цэласнасьць, свой сувэрэнітэт на тэрыторыях, якія ёй належалі, і гэта прызнавалі ва ўсім сьвеце.
Толькі ў выніку на тэрыторыю Грузіі зайшлі расейскія войскі і зьявіліся ўтварэньні, якіх фактычна ніхто, апроч Расеі, не прызнаў. Вось тады ў мяне ўзьнікла прадчуваньне, што Расея папраўдзе захоча вярнуць сабе ўсе тыя тэрыторыі, якімі раней валодала яшчэ як імпэрыя.
Спалохаўся тады ня толькі я, спалохаліся грамадзяне ва ўсіх краінах былога СССР вакол Расеі. І ня толькі. Спалохаліся, што на гэтым усё не закончыцца. Потым прыйшоў 2014 год: спачатку Крым, потым былі падзеі на Данбасе. І стала зразумела, што сытуацыя — як непагашаны рэактар. Саркафаг на ім нібыта стаіць, але як толькі зьявіцца самая малая магчымасьць, ён можа ўзарвацца».
100 тысяч беларусаў прызвалі на «зімнюю вайну»
Для сваёй кнігі Скуратовіч доўга ня мог знайсьці выдаўца і ўрэшце выдаў яе за свае грошы.
«Усе адмахваліся, казалі, што гэта было даўно і недзе далёка, на поўначы. Але насамрэч тыя падзеі шмат у чым пачыналася ў нас, у Беларусі. СССР напаў на Фінляндыю пасьля пакту аб ненападзеньні паміж СССР і гітлераўскай Нямеччынай, пасьля сакрэтных пратаколаў (цяпер нарэшце прызнаных Масквой), пасьля захопу Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. У Асобнай беларускай вайсковай акрузе, адразу павялічанай, быў праведзены прызыў і, паводле нашых падлікаў, на „зімнюю вайну“ зь Фінляндыяй трапіла больш за 100 тысяч жыхароў Беларусі.
Зь іх амаль 10 тысяч загінулі і зьніклі бязь вестак. Гэты канфлікт пакінуў вялікі сьлед у памяці беларусаў. Нават мне малому ў нашай вёсцы даводзілася чуць успаміны па „зімнюю вайну“, пра адмарожаныя ногі і рукі, пра фінскіх зязюль-снайпэраў, ад якіх не было паратунку. То бок вайсковыя страты былі значна большыя, чым абвяшчалася», — перакананы Канстанцін Скуратовіч.
«„ДНР“ і „ЛНР“ — копіі Карэла-Фінскай ССР»
У СССР на момант распаду было 15 саюзных рэспублік, але да 1956 году іх было 16. Гаворка пра Карэла-Фінскую ССР са сталіцай у Петразаводзку. Скуратовіч тлумачыць, навошта яна была патрэбна Маскве.
«Паводле пляну савецкага кіраўніцтва, калі Чырвоная армія ўвойдзе ў Фінляндыю, дык тая далучыцца да рэспублікі са сталіцай у Петразаводзку, як ужо адбылося з Заходняй Беларусьсю. Гэта тая тэхналёгія, якую цяпер называюць гібрыднай, а тады яна назвы ня мела, але пачала ўжывацца.
Тады не было тэлевізіі, былі толькі радыё і газэты, але прапаганда працавала. Цяпер здаецца, што ў інтэрнэце любы чалавек можа разабрацца, дзе свае, а дзе чужынцы; дзе хлусьня, а дзе праўда, але насамрэч чалавека ўсё роўна лёгка заблытаць.
Вось дзьве нібыта незалежныя ўкраінскія рэспублікі — „ДНР“ і „ЛНР“, гэта ж копіі той 16‑й Карэла-Фінскай ССР. Гэта значыць, што там у любы момант могуць запусьціць такі праект з Украінай, як спрабавалі зь Фінляндыяй», — кажа Канстанцін Скуратовіч.
Што да шанцаў Беларусі захаваць незалежнасьць, аўтар ня вельмі аптымістычны.
«Як беларускі нацыяналіст мушу адзначыць, што пакуль наша дзяржава існуе толькі таму, што Расея пераацаніла сябе, захрасла ва Ўкраіне. Гэта пакуль яны там зьвязаныя, мы яшчэ можам жыць і спадзявацца».
Чаму Суомі — востраў?
Фінляндыя (па-фінску — Суомі) месьціцца на на Скандынаўскім паўвостраве. Чаму ж у назьве кнігі — «востраў»? Канстанцін Скуратовіч кажа, што гэта адсылка да фантастычнага рамана расейскага пісьменьніка Васіля Аксёнава «Востраў Крым», якім зачытваліся савецкія дысыдэнты. Паводле сюжэту гэтай кнігі, у канцы грамадзянскай вайны барону Врангелю ўдалося не пусьціць у Крым Чырвоную Армію, так Крым захаваў незалежнасьць і ў выніку стаў узорнай заходняй дэмакратыяй.
«Гэта фантазія пісьменьніка, утопія. На момант напісаньня „Вострава Крыму“ толькі Фінляндыі з усіх былых ускраін Расеі ўдалося адарвалася ад імпэрыі. Якім коштам, праз што давялося прайсьці — гэты ўрок таксама вельмі важны, як і тое, што імпэрыя пры кожным зручным моманце будзе спрабаваць вас вярнуць», — кажа Канстанцін Скуратовіч.