Кандыдатку без папярэджаньня зьнялі з выбараў пасьля тэлевыступу ВІДЭА
Шарэнда-Панасюк адзначае, што гэта было зроблена без папярэджаньня пасьля тэлевыступу. Зьняцьце з выбараў яна лічыць беспадстаўным і зьбіраецца абскарджваць.
Берасьцейскую актывістку кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Паліну Шарэнду-Панасюк выключылі зь ліку кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Як сказала Свабодзе Паліна Шарэнда-Панасюк, яна даведалася ад даверанай асобы, якая была на паседжаньні выбарчай камісіі, што яе зьнялі з выбараў.
У ліку прычынаў зьняцьця камісія называла і тое, што яна незаконна раздавала ўлёткі на пікетах (гэта «невыкананьне абмежаваньняў пры правядзеньні перадвыбарнай агітацыі» — можа быць падставай для здыманьня без папярэджаньня паводле арт. 70–1 Выбарчага кодэксу).
Але, як даведалася актывістка, «больш за ўсё іх разьюшыў тэлевыступ».
У выступе яна заклікала не ісьці на выбары, якіх «няма з 1994 году», бо «дыктатар Лукашэнка забраў у беларусаў неад’емнае права любога чалавека — выбар». Згадаўшы шэраг праблемаў, ад будаўніцтва акумулятарнага заводу да перамоваў па «паглыбленьні інтэграцыі» з Расеяй, яна запатрабавала адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, закрыцьця БелАЭС і забесьпячэньня годнай працы за годны заробак.
«Цярпеньне іхнае лопнула, нэрвы іхныя ня вытрымалі, вось і зьнялі адразу», — мяркуе Шарэнда-Панасюк. Яна лічыць, што толькі «назвала рэчы сваімі імёнамі», а ў выбарчай камісіі «падганяюць усё гэта пад зьвяржэньне ўлады і паклёп».