Кандыдат у дэпутаты высвятляла, ці можа журналіст прыйсці на яе сустрэчу з выбаршчыкамі
Рэдактар сайта “Першы Рэгіён” Павел Кляўчэня вырашыў наведаць агітацыйнае мерапрыемства ў памяшканні Івацэвіцкага лясгаса з удзелам кандыдата ў дэпутаты Наталлі Голуб, якая балатуецца па Івацэвіцкай выбарчай акрузе № 11. У гэтую акругу ўваходзяць Івацэвіцкі і частка Бярозаўскага раёнаў Брэсцкай вобласці.
32-гадовая Наталля Голуб зараз займае пасаду першага сакратара Бярозаўскай арганізацыі БРСМ і з’яўляецца членам Камуністычнай партыі Беларусі. Яе канкурэнты на гэтых выбарах — брэсцкі прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў і дырэктар Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Раіса Горбач (яна вылучаецца не першы раз, але не заўсёды нават даходзіла да канца кампаніі, здымаючы сваю кандыдатуру). Таму менавіта актывістка БРСМ лічыцца асобай, якая карыстаецца падтрымкай уладаў падчас цяпершняй выбарчай кампаніі.
Як распавёў рэдактар “Першага Рэгіёна”, ён сустрэўся з Наталляй Голуб і кіраўніком яе выбарчага штаба Уладзімірам Сяргеевым, дзеючым дэпутатам Бярозаўскага райсавета, на ганку будынка лясгаса.
“Я паказаў пасведчанне журналіста і паведаміў, што таксама хачу прысутнічаць на сустрэчы і паслухаць, пра што будзе ісці гаворка, бо з’яўляюся яшчэ і выбаршчыкам з гэтай акругі, — кажа Павел Кляўчэня. — Пасля гэтага Наталля Голуб пачала камусьці тэлефанаваць і высвятляць, ці можна журналісту прысутнічаць на сустрэчы, што, шчыра кажучы, выклікала у мяне здзіўленне. Аказваецца, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сумняецца: ці пускаць прэсу на яе сустрэчу з выбаршчыкамі”.
Пасля тэлефанаванняў Наталля Голуб спытала ў журналіста: “А вы не апазіцыя?”, а ўжо ў самім памяшканні збянтэжана цікавілася, ці будзе ён рабіць фотаздымкі.
Паводле слоў Паўла Кляўчэні, сама агітацыйная сустрэча — разам з адказамі на пытанні выбаршчыкаў — цягнулася менш за дзесяць хвілін. За гэты час кандыдат у дэпутаты паспела распавесці пра сябе і выказаць некаторыя думкі наконт свайго ўдзелу ў выбарах. Акрамя таго, Наталля Голуб заявіла, што яе выбарчую праграму можна будзе прачытаць у дзяржаўнай прэсе.
“Гэта была, напэўна, самая кароткая агітацыйная сустрэча з выбаршчыкамі, на якой давялося бываць падчас розных палітычных кампаній”, — падсумаваў журналіст.
Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!