Канапацкая адправіла запыт у МАРГ з нагоды парушэння антыманапольнага заканадаўства дзяржаўнымі СМІ на рынку інфармацыйных паслуг
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Ганна Канапацкая адправіла запыт у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю запыт з нагоды парушэння антыманапольнага заканадаўства дзяржаўнымі СМІ на рынку інфармацыйных паслуг.
У звароце да міністра Уладзімера Калтовіча Ганна Канапацкая звяртае ўвагу на нормы беларускага заканадаўства, якія даюць усім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi, акрамя забароненай законам, i гарантуюць роўную абарону i роўныя ўмовы для развіцця ўсіх формаў уласнасці.
«У сучаснай эканоміцы рынак інфармацыі, аналітыкі, кантэнт СМІ (відэа, друкаваная прадукцыя, аўдыё) з’яўляюцца неад’емнай часткай камерцыйнай дзейнасці. Вытворчасць, распаўсюджванне тавару «інфармацыя», інфармацыйна-аналітычных паслуг павінны падпарадкоўвацца адзіным правілам і прававым нормам, якія гарантуюць свабоду канкурэнцыі ўсім суб’ектам гаспадарання незалежна ад формы ўласнасці, супрацьдзеянне манапалістычным дыскрымінацыйным практыкам, прававую адказнасць за свае дзеянні», — гаворыцца ў звароце да міністра Калтовіча.
Канапацкая звяртае ўвагу, што ў Беларусі рынак інфармацыі / кантэнту і аналітыкі характарызуецца небяспечнымі праявамі дыскрымінацыйных, манапалістычных практык з боку дзяржаўных вытворцаў, якія па факце працуюць у рамках адзінага дзяржаўнага холдынгу па вытворчасці інфармацыі / кантэнту і аналітыкі пад кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі.
Паводле высноў дэпутата, у Беларусі мае месца грубы канфлікт інтарэсаў, калі ў адным органе дзяржаўнага кіравання канцэнтруюцца функцыі заканадаўцы, рэгулятара, ліцэнзіяра, камерсанта, фінансіста і кантралёра.
«Кіруючая кампанія холдынгу «Дзяржаўныя СМІ», яе ключавыя вытворцы (БЕЛТА, БТ / АНТ / СТБ, «СБ-сегодня» і іншыя), актыўна выкарыстоўвае фінансавыя, адміністрацыйныя, рэгулятарныя і бюракратычныя інструменты для раскрыцця сваёй манапалістычнай ўлады, што вядзе да дыскрымінацыі прыватных вытворцаў інфармацыі / кантэнту і аналітыкі. У выніку дзяржаўныя вытворцы інфармацыі / кантэнту і аналітыкі маюць нярыначныя перавагі на рынку рэкламы.
З дапамогай такіх інструментаў, як акрэдытацыя на мерапрыемствы, якія праводзяцца рознымі органамі дзяржкіравання, доступ да стэнаграмы пасяджэнняў органаў дзяржкіравання, да фінансавых паказчыкаў адкрытых акцыянерных таварыстваў, да працэсу абмеркавання і прыняцця актаў заканадаўства, арэнда памяшканняў, умовы доступу да друкарняў, тэлебачання і / або радыё адбываецца дыскрымінацыя прыватных суб’ектаў камерцыйнай дзейнасці на рынку інфармацыі / кантэнту і аналітыкі», — гаворыцца ў звароце.
Канапацкая звяртаў вагу, што сітуацыю пагаршае няроўнае бюджэтнае датаванне. Яна адзначае, што ў выніку дзяржаўныя СМІ маюць істотныя нярыначныя перавагі і прыярытэты ў эксклюзіўным доступе да асобаў, якія прымаюць рашэнні.
«Ва ўмовах, калі дзяржаўная ўласнасць складае 75 – 80 % усіх рэсурсаў і актываў краіны, калі памер нярынкавага сектара Беларусі (усе даходы органаў і арганізацый дзяржаўнага кіравання) складаюць 45 – 50 % ВУП існуючыя ўзаемаадносіны паміж дзяржаўнымі СМІ з аднаго боку, органамі дзяржаўнага кіравання і камерцыйнымі дзяржаўнымі арганізацыямі з другога з’яўляюцца інструментам абмежавання канкурэнцыі, дыскрымінацыі прыватных камерцыйных арганізацый, а таксама парушэння канстытуцыйнага прынцыпу роўных умоў для развіцця ўсіх формаў уласнасці, у дадзеным выпадку на рынку вытворчасці інфармацыі / кантэнту і аналітыкі», — адзначае Канапацкая ў звароце.
Дэпутат Ганна Канапацкая просіць міністра Уладзімера Калтовіча
- ацаніць стан канкурэнтнага поля на прадмет выканання Закона Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі»;
- для ацэнкі стану рынка вытворцаў інфармацыі з пункту гледжання захавання канстытуцыйных палітычных і грамадзянскіх правоў, а таксама нормаў і стандартаў АБСЕ, Савета Еўропы, міжнародных стандартаў функцыянавання рынку інфармацыі / кантэнту і аналітыкі прыцягнуць Беларускую асацыяцыю журналістаў;
- прыняць неабходныя меры для ліквідацыі парушэння законнасці.