Камітэт па правах чалавека ААН разглядзіць скаргу магілёўскага журналіста
Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу незалежнага журналіста з Магілёва Аляксандра Буракова. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным лісце з Камітэта, які журналіст атрымаў 3 лютага.
Таксама ў лісце пазначана, што копія скаргі Буракова ад 27 чэрвеня 2015 года накіраваная для азнаямлення беларускім уладам.
Па словах журналіста, на канверце атрыманага з КПЧ ліста стаяла адзнака, што ён “паступіў ў пашкоджаным выглядзе ва ўстанову абмену і быў дадаткова заклеены імянным скотчам”.
Аляксандр Буракоў вымушаны быў звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН пасля праходжання ўсіх судовых інстанцый у Беларусі, дзе ён спрабаваў абскардзіць вынесенае 8 кастрычніка 2014 года рашэнне пра пакаранне яго штрафам у 40 базавых велічынь (6 мільёнаў рублёў). Суд прызнаў журналіста вінаватым у парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.
Падставай для пакарання паслужыў размешчаны на сайце DW.de 25 жніўня 2014 года артыкул “Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?” за подпісам Аляксандра Буракова.
Журналіст кажа, што ён задаволены тым, што яго скарга зарэгістравана ў КПЧ і па ёй з часам будзе вынесена нейкае рашэнне.
Скаргу ў КПЧ ААН Буракову дапамагалі рыхтаваць праваабаронцы Барыс Бухель і Леанід Судаленка.