«Калі вызваляць, уключу ілюмінацыю на ўсю катушку, каб усе бачылі, што Алег вярнуўся!» — жонка палітвязьня Алега Грузьдзіловіча
Больш за месяц Алег Грузьдзіловіч знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.
Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч зь сям’ёй.
Алег Грузьдзіловіч больш за 30 гадоў у незалежнай журналістыцы, на Радыё Свабода — з 1995 году. Вялікую частку ягонай працы складала тэма палітвязьняў. Пра ўмовы іх утрыманьня за кратамі шмат беларусаў даведвалася менавіта дзякуючы публікацыям Алега, які цяпер таксама мае статус палітзьняволенага.
Жонка Алега Мар’яна расказала пра гісторыю сям’і і пра сваё новае жыцьцё ў чаканьні мужа.
«З такім мужчынам мне вельмі пашанцавала»
«Мы з Алегам – аднадумцы па асноўным накірункам жыцьця, падзеям і ідэям. Я яго ня проста падтрымліваю, я ім заўсёды моцна ганаруся, — кажа пра свайго мужа Алега Мар’яна Грузьдзіловіч. — Памятаю прэзэнтацыю яго кнігі („Хто ўзарваў менскае мэтро?“, выйшла ў 2013 годзе ў „Бібліятэцы Свабоды — XXI стагодзьдзе“. — РС), як ён перажываў, як шмат людзей хацела займець асобнік выданьня зь яго аўтографам. Бачыла, што ўсе яго паважаюць. А калі мы наведвалі нейкія мерапрыемствы, колькі чалавек падыходзіла да Алега — і жанчыны, і мужчыны, маладыя і пажылыя. Казалі: „Мы вас чытаем, нам падабаюцца вашы публікацыі“. Мяне расьпірала ад радасьці і павагі за яго. Вядома, з такім мужчынам мне вельмі пашанцавала».
Алег і Марʼяна Грузьдзіловічы ў шлюбе ўжо 42 гады. А сустракацца пачалі яшчэ з 1976 году, са школьнага выпускнога.
«Мы ж аднаклясьнікі. У 10 клясе ў нас было 22 вучні — 11 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак, а ўтварылася ў выніку толькі адна пара. Мы доўгі час падабаліся адно аднаму, але адразу не падавалі выгляду. А на выпускным праявілі свае пачуцьці, так і пайшлі за ручку па жыцьці!» Марʼяна кажа, што па характары з мужам яны даволі моцна адрозьніваюцца, але гэта не перашкаджае ў сумесным шляху, а хутчэй стварае ў адносінах гармонію.
«Я больш такая эмацыйная, а ён мяне заўсёды супакоіць, калі я на некага „ўспыхну“. Бывае, так паўжартам скажу: „У цябе ўсе добрыя, адна я дрэнная“. А ён: „Не! І ты добрая! Я цябе кахаю. Мне з табой цікава жыць!“. Для мяне гэтая фраза вельмі каштоўная, — расказвае Мар’яна. — Пры гэтым ён майстар на ўсе рукі — можа і нешта пабудаваць, адрамантаваць, прыгатаваць… Але ж наколькі Алег ня быў бы заняты і нягледзячы на ўсе свае справы, ён знаходзіў час на вельмі цікавае хобі – збор мадэляў гістарычных караблёў (усяго Алег Грузьдзіловіч зрабіў 4 макеты, на якія агулам у яго сышло каля 8 гадоў. 3 мадэлі ён прысьвяціў сынам. – РС)».
«Мы не зьбіраліся нікуды зьяжджаць і зьбягаць»
Падзеі, якія адбыліся пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, сталі няпростым пэрыядам у жыцьці сямʼі Грузьдзіловічаў. Алег аказваўся за кратамі з надуманых прычын тройчы — у лістападзе 2020-га адбыў 15 сутак арышту ў Баранавічах, дзе цяжка захварэў на каранавірус, што прынесла ўскладненьне на печань. У ліпені 2021 году — разам з журналістамі Інай Студзінскай і Алесем Дашчынскім — правёў 10 дзён у турме на Акрэсьціна, дзе трымаў трохдзённую галадоўку.
Пасьля трэцяга затрыманьня, напрыканцы сьнежня 2021-га, яго так і ня вызвалілі.
«Калі ён выйшаў з Акрэсьціна летась у ліпені, то мне адразу растлумачыў, што яго ж ня так проста вызвалілі — зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, яўцы і неразгалошваньні. То бок „павесілі на кручок“. І мы не зьбіраліся нікуды зьяжджаць і зьбягаць. Ён вельмі законапаслухмяны, ніколі не супраціўляўся пры затрыманьнях. Увесь гэты час, да 23 сьнежня, мы жылі ў рэжыме, калі я кожны дзень правярала паштовую скрыню, ці няма нейкай позвы. Алег гатовы быў зьявіцца ў любы момант. Аднак нічога не было».
Марʼяна падкрэсьлівае, што «суткі» не прайшлі бясьсьледна для здароўя яе мужа, як фізычнага, так і мэнтальнага.
«Памятаю, як ён выйшаў на волю і на нейкі пэрыяд быў зусім выключаны з жыцьця, маральна „пабіты“. Быў у прыгнечаным стане. Можа, нечага недарасказаў пра тое, што там убачыў. Урэшце, ён жа дарослы паважаны чалавек, мы прызвычаіліся дома інтэлігентна камунікаваць, зь нейкімі жартамі, падколваем адзін аднаго. А там: „Устаў! Пайшоў! Тварам да сьцяны! Галава ў падлогу!“».
«Пасьпеў і павіншаваць бацьку, і разьвітацца зь ім»
Марʼяна прызнаецца: яна вельмі ўдзячная лёсу, што ўсе гэтыя пяць з паловай месяцаў яе муж быў дома, а не сядзеў за кратамі ў час, калі сьледчыя дзеяньні маглі б увогуле не праводзіцца.
«Калі ён быў на волі да моманту апошняга затрыманьня, пасьпеў зрабіць прышчэпку ад ковіду, — расказвае Мар’яна. — А 1 лістапада ягонаму бацьку Анатолю Грузьдзіловічу, былому мэру гораду Берасьця, які быў на гэтай пасадзе дзесяць год, споўнілася 90. Аднак праз каранавірус сьвяткаваць ён адмовіўся, і я сказала Алегу: „Ты як сын едзь у Берасьце“. Ён так і зрабіў. І гэта было правільнае рашэньне. Ён змог паразмаўляць з татам, зьняў яго на відэа».
Ужо ў канцы лістапада сваякі Алега захварэлі на каранавірус і заразілі спадара Анатоля. 3 сьнежня ён памёр. Мар’яна падкрэсьлівае, што час на свабодзе быў вельмі каштоўны для яе мужа, бо ён пасьпеў і павіншаваць бацьку, і разьвітацца зь ім.
«Ён сам арганізаваў усё пахаваньне. На яго прыяжджаў і цяперашні мэр Берасьця, 4 былых і 20 чыноўнікаў, якія дапамаглі арганізаваць усё на VIP-узроўні, за што я вельмі ўдзячная. Алег сказаў вельмі кранальную прамову на беларускай мове».
«Пайшло новае жыцьцё…»
Пасьля пахаваньня бацькі Алег прабыў на свабодзе толькі некалькі тыдняў. 23 сьнежня ў іх жонкай кватэру зноў прыйшлі сілавікі.
Той дзень Мар’яна ўспамінае эмацыйна:
Алег Грузьдзіловіч з сынамі. Архіўнае фота.
«Мы не рэлігійныя, аднак у нас ёсьць сямейная традыцыя, на Раство 25 сьнежня зьбірацца сямʼёй і пад ялінку класьці падарункі адзін аднаму і ўнукам. І таму перад сьвятамі я рванула па крамах іх купіць. У гэты час Алег разьвешваў гірлянды на вокны. Перад выхадам ён мне яшчэ сказаў: „Я калі гэта скончу, то выйду па справах“ — 23-га ён хадзіў звычайна на пошту па пэнсію. І вось, калі я вярталася з закупак, патэлефанавала яму на мабільнік, гудок ішоў, аднак Алег не адказаў. Тады набрала на хатні — таксама маўчыць, думаю: ну, значыцца, выйшаў. Потым зноў на мабільны, а ён ужо адключаны».
Марʼяна тлумачыць, што ў той час нічога не падазравала. Думала, што муж проста заняты.
«Сабрала ўсе клумкі і праз 5–7 хвілін была каля дома. Цёмна, а бачу — на першым паверсе нашыя вокны ўсе ў агеньчыках, сьвецяцца, гірлянды міргаюць. Заходжу дадому, потым на кухню. І раптам заўважаю, што графін, які я, сыходзячы, напоўніла халоднай кіпячонай вадой, стаіць у іншым месцы і пусты. Я задумалася, навошта яму пры выхадзе была пітная вада. І раптам думкамі вярнулася ў 16 ліпеня, калі была сьпякота і яго забіралі ў кайданках. Адзін сілавік мне тады сказаў: „Дайце вады яму з сабой“. І калі я супаставіла факты, у мяне адразу заныла ўнутры, адрэналін, горыч у роце. Бягу ў пакой, у якім ён працаваў, — гляджу, няма ноўтбука і шнура да яго. Мяне яшчэ больш закалаціла. Я ў той пакой, дзе ён апранаецца — там рамень ляжыць з джынсаў. Я званю сынам і кажу: „Здаецца, тату затрымалі“».
Прыкладна праз паўтары гадзіны Мар’яне патэлефанаваў сьледчы і паведаміў, што Алег на «Валадарцы».
«І вось пайшло новае жыцьцё… — кажа Мар’яна. — Калі чытала яго першы ліст, то так рыдала. Пісаў, што мы не разьвіталіся нават позіркам. Улетку хаця б у калідоры, калі ён быў ужо ў кайданках, мы змаглі абняцца».
Цяпер у лістах Алег просіць жонку берагчы здароўе.
«Піша: „Ты нічога там не ламай (за апошні час у Марʼяны былі тры пераломы), калі ласка, хадзі асьцярожна, бо я безь цябе не змагу“. Таму я сябе берагу для яго, каб памагаць яму за кратамі».
«Не хачу казаць, колькі сьлёз я праліла»
«Калі мы зь ім жылі, я была як за каменнай сьцяной. Заўсёды магла на яго разьлічваць. А цяпер усе справы на мне», — расказвае Марʼяна.
Пра новы рэжым утрыманьня мужа жанчына кажа:
«Не хачу казаць, колькі сьлёз я праліла, калі думала, у якіх умовах ён цяпер. Зь яго лістоў можна ўявіць, што камэра 2 на 3 мэтры, пятачок для хадзьбы — увогуле 2 квадратныя мэтры, і гэтыя шконкі двухʼярусныя, на якіх ён ужо больш за месяц у свае 63 гады жыве. Як ён піша: „Ты прабач мне за дрэнны почырк, я ведаю, як табе цяжка чытаць мае лісты. Я стараюся гэтыя літары выводзіць, але ж ня вельмі зручна, таму што ляжу на другім ярусе і пішу скурчыўшыся“. Таксама расказваў, што стол малы і заўсёды заняты, бо хлопцы [сукамэрнікі] гуляюць у нарды. Алег ім у бацькі гадзіцца, але ж ня можа зьлезьці і сказаць: „Дайце сесьці, буду пісаць лісты, бо мне так зручней“».
«Падкрэсьліваю — гэтыя выпрабаваньні часовыя»
Адна з галоўных тэмаў, якімі займаўся Алег Грузьдзіловіч на працягу шматлікіх гадоў сваёй журналісцкай працы, — палітвязьні. Сёньня ён з героямі сваіх публікацый у адной турме — на «Валадарцы».
«Я над гэтым шмат разважала, — кажа Мар’яна. — І каб ягоныя думкі неяк перанакіраваць у гэты бок, напісала ў лісьце: „Алежка, ты столькі гадоў займаўся тэмай палітзьняволеных, судоў. Аднак пісаў пра гэта заўсёды, знаходзячыся на свабодзе. І вось зараз уяві сябе, што жыцьцё, у тым ліку і журналісцкае, дало табе заданьне: Алег Грузьдзіловіч, давай жа павывучай і напішы, як там жыць, якія там умовы“. І заўсёды яму падкрэсьліваю, што гэтыя выпрабаваньні часовыя і трэба трымацца. І я ўпэўненая, што ён настолькі разумны чалавек, што дакладна разумее мае словы».
Нягледзячы на тое, што навагоднія сьвяты ўжо прайшлі, кватэра Алега і Марʼяны па-ранейшаму ўпрыгожаная агеньчыкамі, да гэтага часу стаіць ялінка.
«Ён мяне прасіў у лістах: „Ты ж уключай агні, няхай гараць для цябе і для людзей“. А я адказваю: „Я буду ўключаць безь цябе?“. У мяне такі ўнутраны стан — сама не хачу. Вырашыла, што нічога ня буду чапаць, няхай застанецца ўсё так, як ён сышоў. А калі яго вызваляць, я ўключу ілюмінацыю на ўсю катушку, і ўся акруга будзе бачыць, што Алег вярнуўся!»