«Калекцыя» забранай на мяжы літаратуры папаўняецца
Ці ўся літаратура трапляе ў рэспубліканскую ці абласныя “камісіі па экстрэмізме” – пакуль невядома.
Днямі грамадскі актывіст са Слоніма Павел Севасцьян атрымаў ад Гродзенскай рэгіянальнай мытні пісьмовае пацвярджэнне, што забраныя ў яго летам г.г. кнігі і газеты перададзеныя “ў якасці ўзораў для правядзення экспертызы” ў адмыслова створаную камісію па выяўленні экстрэмізму.
27 ліпеня 2014 г. на памежным польска-беларускім пераходзе Бераставіца пры мытным даглядзе яго асабістага аўтамабіля мытнікі забралі часопісы, газеты і кнігі, у тым ліку выданне пра палітычных зняволеных у Беларусі “Palitviazni.info”, асобнікі тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, а таксама польска-беларускі слоўнік, выдадзены беларускім дзяржаўным выдавецтвам.
Не дачакаўшыся інфармацыі пра лёс выданняў, Севасцьян накіраваў хадайніцтва на імя начальніка Гродзенскай рэгіянальнай мытні з просьбай вярнуць забраныя рэчы і даведаўся, што яны ўжо ў камісіі.
У 2013 — 2014 гадах зафіксавана ўжо як мінімум сем выпадкаў вынятку беларускімі мытнікамі друкаванай літаратуры на мяжы.
У гэтым шэрагу – інцыдэнт з былым палітвязнем Змітром Дашкевічам, які напрыканцы кастрычніка вяртаўся з Вільні ў Мінск, і ў якога пры мытным даглядзе на памежным пераходзе Каменны Лог забралі 12 асобнікаў зборніка яго апавяданняў «Чарвяк».
13 кастрычніка 2014 г. на польска-беларускай мяжы (пераход Брузгі) у палітыка і публіцыста Паўла Севярынца мытнікі забралі 20 кніг палітэмігранта Зянона Пазьняка. Уладальніку сказалі, што літаратуру накіруюць “у Гродзенскі аблвыканкам у камісію па выяўленні экстрэмізму”.
У жніўні 2014 г. мытня аэрапорта Мінск‑2 затрымала наклад сумеснага даклада брытанскіх і беларускіх праваабаронцаў «За паўгадзіны да вясны: даклад аб няроўнасці і дыскрымінацыі ў Беларусі», надрукаваны ў Вялікабрытаніі і дасланы па пошце ў Беларусь. Тэрміны праверкі некалькі разоў працягвалі. “Відавочна, што ўвесь гэты час мытня цягнула час. Мы мяркуем, што яны чакалі стварэння тэрытарыяльных Камісій па выяўленні экстрэмізму ў друкаванай прадукцыі. Рэспубліканская камісія запрацавала яшчэ ў канцы верасня, а вось абласныя і мінская гарадская ўвесь гэты час ствараліся”, – лічыць старшыня РПГА «Беларускі хельсінкскі камітэт» Алег Гулак.
13 лютага 2014 г. на беларуска-літоўскай мяжы (пераход Каменны Лог) у кіраўніка прыватнай культурна-асветніцкай установы “Платформа інавэйшн” Андрэя Бандарэнкі мытнікі забралі некалькі асобнікаў гадавой справаздачы пра дзейнасць арганізацыі і накіравалі іх на экспертызу. Пра далейшы лёс гэтых дакументаў не паведамляецца (уладальнік, Андрэй Бандарэнка, знаходзіцца ў зняволенні па абвінавачанні ў хуліганстве).
3 ліпеня 2013 г. на мяжы ў праваабаронцы Тацяны Равякі мытнікі забралі на экспертызу 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай», якую надрукавалі ў Літве. Экспертыза не знайшла ў кнізе экстрэмізму, але мытня настаяла на рээкспарце кнігі. Суд падтрымаў гэтае рашэнне, і абскардзіць яго пакуль не ўдалося.
14 верасня 2013 года на літоўска-беларускай мяжы Ашмянская мытня забрала на экспертызу адзін асобнік кнігі Валеры Карбалевіча “Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт”, які знайшла ў машыне актывіста з Салігорска Аляксандра Малочкі. Спачатку кнігу накіравалі на экспертызу ва Упраўленне ідэалагічнай працы Гродзенскага аблвыканкама, дзе эксперты не знайшлі ў ёй экстрэмізму і параілі вярнуць выданне ўладальніку. Потым Ашмянская мытня перадала кнігу для новай экспертызы ў КДБ. Пасля гэтага чыноўнікі наогул перасталі інфармаваць пра лёс кнігі, не адказваючы нават на пісьмовыя запыты. Больш за год актывіст дамагаўся вяртання кнігі, пасля чаго вырашыў падарыць яе мытнікам.
Самым рэзанансным за апошнія гады выпадкам, безумоўна, з’яўляецца вынятак на мяжы і прызнанне экстрэмісцкім фотаальбома «Belarus Press Photo-2011». (Забраны ў 2012 г., прызнаны экстрэмісцкім у 2013 г.)