• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Калега пасля Парыжу: Фэйсбук-пазнака «ў бяспецы» дала адваротны эфект

     

    Сябра ГА “БАЖ”, журналістка Аліна Радачынская 16 лістапада вярнулася з Парыжу.

    Фота Аліны Радачынскай, journalby.com

    Пяцёра сябровак – Аліна Радачынская, Таццяна Каравянкова, Юлія Дарашкевіч, Свялтана Зінкевіч і Юлія Коцкая – скіраваліся ў французскую сталіцу адсвяткаваць дзень народзінаў апошняй. Дзяўчаты прыляцелі ў Парыж акурат напярэдадні тэрактаў, 13 лістапада. 

    Людзі “звонку” ведалі больш

    Па словах Аліны, у пятніцу яны яшчэ гулялі па горадзе, бачылі паліцыю ў бронекамізэльках з аўтаматамі, але не надалі гэтаму ўвагі. “Падумалі – ­ну, ці мала што, вялікі ж горад. Шчаслівыя людзі без інтэрнэту! А потым пачалі ўжо людзі тэлефанаваць, пісаць нам…”

    – Субота проста сышла на перапіску з калегамі. Юля Коцкая вяла трансляцыю на “Свабодзе”, Таня Каравянкова перадавала інфармацыю на БелаПАН, я напісала для “Беларусского журнала”. Потым мы вырашылі, што ўсё ж не варта гэтак уцягвацца ў працу. Але ў ноч на панядзелак я сама, асобна ад астатніх, схадзіла на адно з месцаў нападу. Гэта такі дзіўны стан: журналісцкі зуд пачынаецца, і хочацца ўсё кінуць і пайсці штосьці пісаць, трансляваць, перадаваць… Мне падаецца, што нармалёвыя людзі ўсё ж сядзелі б у кватэры. 

    Але, насамрэч, людзі “звонку” ведалі больш за нас. Мы маглі толькі распавядаць, што навокал адбываецца. Паколькі ніхто з нас не валодае французскай, немагчыма было глядзець мясцовае тэлебачанне. А французы не надта добра ведаюць ангельскую. Некаторыя з іх і не супраць былі пагаварыць пра тое, што думаюць, але ж па-французску!

    Фэйсбук-пазнака “ў бяспецы” дала адваротны эфект   

    – Калі Фэйсбук бачыць па нейкіх геатэгах, што ты ў раёне бедства ці некіх надзвычайных падзеяў, ён прапануе скарыстацца адмысловай функцыяй “пазначыць сябе ў бяспецы”. Мы ёй скарысталіся, але атрымаўся адваротны эфект.

    Па ідэі, функцыя скіраваная на тое, каб людзі, якія ведаюць, дзе ты, не непакоіліся. А ў выніку атрымалася, што тыя, хто не ведаў, даведаліся і сталі непакоіцца.

    Я памятаю, хтосьці з маіх знаёмых быў у раёне землятрусу – дык асобным “штуршком” прыходзіла, што гэты чалавек у бяспецы…

    Карыкатура ў “Char­lie Heb­do”: Парыж сапраўды стаў горадам-прывідам

    (На карыкатуры – выявы прывідаў парыжан (прывіды з вусікамі, з французскімі багетамі пад пахай) з подпісам “Французы вяртаюцца да нармальнага жыцця”. Калі з’явілася карыкатура, дзяўчаты былі ўжо ў дарозе і не ведаюць, як адрэагавалі на яе ў Францыі).

    – Па мне дык тое, што Char­lie Heb­doтак адлюстравалі парыжанаў, – гэта не карыкатура. Гэта проста вельмі сумны малюнак пра рэчаіснасць. З аднаго боку, яны як бы “вымерлі”, а з іншага – кажуць пра жаданне жыць нармальным жыццём.

    Парыж стаў горадам-прывідам. У суботу ў першай палове дня было незразумела – ці ён такі пусты, таму што выходны, ці таму што гэта ўсё здарылася. Фактычна з мясцовых мы бачылі толькі афіцыянтаў, астатнія – турысты. Усё было зачынена. У нядзелю трохі пачаўся рух, людзей на вуліцах стала больш. У тых, з кім удалося пагутарыць, асноўны пасыл быў такі: “Мы будзем старацца жыць нармальным жыццём”. Пры гэтым яны вельмі мала гавораць пра тое, што адчуваюць.

    Мне давялося быць у Польшчы, калі ўпаў самалёт Качыньскага. Там у любой кропцы ты адчуваў, што ў краіне нешта здарылася – чорныя стужкі, сцягі і г.д. У Парыжы няма ні сцягоў, ні чорных стужак. Нават далёка не на ўсіх крамах віселі паперкі з тлумачэннямі, чаму яны не працуюць.

    На плошчы Рэспублікі – там жа, дзе была жалоба па “Char­lie Heb­do” – плакаты “Je suis Char­lie” проста пакрыліся слоем новых кветак і знічак з нагоды новага тэракту. І ў месцах, дзе была страляліна і выбухі, таксама стаяць знічкі і ад рукі напісаныя цыдулкі.

    Магчыма, гэтая карыкатура – якраз на тых, хто спабуе жыць нармальным жыццём і кажа –“вы хочаце, каб мы баяліся, а мы ўсё адно будзем жыць”? Натуральна, што гэта не надта пакуль атрымліваецца…

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці