Кацярына Колб: Мама навучыла мяне свабодзе і самастойнасці
«Неяк пасля таго, як мама была арыштаваная, Генры папрасіў пазваніць бабе. Ён ніколі не просіць. І вось тады мяне трошкі накрыла», — гаворыць Кацярына Колб, дачка палітзняволенай рэдактаркі «Новага Часу» Аксаны Колб. Яна з мужам і трохгадовым сынам Генры жыве ў ЗША, штаце Пенсільванія. Мы пагутарылі з Кацяй пра тое, якая Аксана мама і бабуля, і як яны яе чакаюць.
«У яе чыстае сумленне»
— Каця, як ваша сям’я перажывае затрыманне Аксаны? Ці чакалі вы падобнага?
— Я думаю, што ў нейкай ступені мы былі гатовыя. Мы, канешне, перажываем. Але ў мяне такое адчуванне, што гэта было больш складана для майго мужа, чым для мяне. Я падышла да гэтага больш спакойна, ні разу не плакала з нагоды мамінага затрымання. Я проста ведаю, што мама можа гэта вытрымаць, яна была гатовая. Напэўна, я дзесьці глыбока ў сабе заблакавала гэтую інфармацыю і пакуль да яе не вяртаюся. Мяне накрые пасля, а пакуль мы нармальна трымаемся, стараемся быць пазітыўнымі, бо маме не дапамагчы ні слязьмі, ні перажываннямі.
— Як ты ставілася да таго, што Аксана не хацела з’язджаць з Беларусі?
— Пераканаць я яе не спрабавала, бо гэта бессэнсоўна. Я падтрымала яе рашэнне яшчэ пасля першага вобшуку (у кастрычніку 2021 года — НЧ). Зноў мы размаўлялі пра гэта хіба за тыдзень да арышту. Я сказала, што якое б рашэнне яна не прыняла, мы яго падтрымаем. Выехаць — гэта быў не варыянт для яе, ёй было б значна горш. Зараз таксама не надта добра, але, прынамсі, у яе чыстае сумленне. Адзінае, я шкадую, што мы не сустрэліся, бо планавалі летам.
— Вы з мамай даволі даўно падзеленыя адлегласцю, не бачыліся, пэўна, гады два?
— У канцы лета будзе тры гады.
— Але ўвесь гэты час вы падтрымлівалі сувязь, стэлефаноўваліся. Наколькі цяпер табе не хапае камунікацыі з мамай, і чаго не хапае найбольш?
— Скажу іначай. Генры не любіць, калі я размаўляю па тэлефоне, і заўсёды змагаецца за маю ўвагу. Неяк пасля таго, як мама была арыштаваная, ён папрасіў пазваніць бабе. Ён ніколі не просіць. І вось тады мяне трошкі накрыла. Але ён мяне абняў, і я супакоілася. Вось гэтага не хапае — што я не магу з мамай падзяліцца, як расце мой дзіцёнак, што з ім адбываецца, якія ў яго поспехі. Не хапае гэтага кантакту штодня, бо я прывыкла, што калі нешта адбываецца, я адразу магу пазваніць маме і расказаць. Але, думаю, асэнсаванне, чаго мне насамрэч не хапае, прыйдзе да мяне пазней.
— Як Генры ўспрымае тое, што бабуля доўга не звоніць? Ён разумее, што адбываецца?
— Ён яшчэ не да канца разумее ўсе рэчы, яму тры з паловай. Ён ведае, што бабуля знаходзіцца ў месцы, адкуль нельга тэлефанаваць, але яна не адна і можа пісаць лісты. Цяпер ён нібыта сядае пісаць ёй ліст, або гуляе, як ёй тэлефануе і расказвае пра ўсё, што рабіў за дзень.
— Генры знешне — абсалютна бабулін унук, настолькі яны падобныя. А ці падобныя ў іх характары?
— Я не ведаю, якая мама была ў дзяцінстве. Але Генры — вельмі ўпарты. Калі ў яго ёсць мэта, ён будзе ўсё дзеля яе рабіць. Не атрымліваецца — зноў спрабуе, і так да бясконцасці. Як мама, ён вельмі любіць музыку і танчыць. Любіць механічныя рэчы, яму трэба ведаць, як што ўладкавана, як што працуе. Яшчэ ён мае вельмі выбуховы характар — але і хутка выбачае.
«Яна ўсё ў жыцці павінна была рабіць сама»
— Якой мамай Аксана была для цябе ў дзяцінстве, якім самым важным рэчам навучыла?
— У мяне была неабмежаваная свабода. Хочаш скакаць у лужынах — ідзі, хочаш лазіць па дрэвах — ідзі. Я так, у прынцыпе, і рабіла (смяецца). Але мама заўсёды старалася выхаваць ува мне самастойнасць. Калі трэба было ісці да доктара, то, я ўжо не памятаю, з якога ўзросту, але з досыць малога, я ішла адна, і сама павінна была вырашаць свае пытанні.
Таму дзве важныя рэчы, якім навучыла мяне мама, — гэта свабода і самастойнасць. А яшчэ таму, што быць іншым — класна. Бо было шмат сітуацый, асабліва ў школе, калі я адрознівалася ад іншых.
Напрыклад, у першым класе была такая арганізацыя «Верасяты». Гэта было кшталту лукашэнкаўскіх піянераў, але было менш, так бы мовіць, брутальна. Увесь клас запісаўся ў гэтыя «Верасяты», акрамя мяне — бо, зразумела, мае бацькі сказалі: «Ты што?». А мне хацелася, бо ў іх былі файныя значкі. Але потым гэта стала першым момантам, калі я зразумела, што адрознівацца ад іншых — класна. І мяне тады пачалі па-іншаму ўспрымаць і аднакласнікі, і настаўнікі.
Яшчэ адна рэч, якой мяне мама навучыла, — гэта падарожнічаць з мінімальным наборам рэчаў. Калісьці мы з ёй паехалі да маёй стрыечнай сястры ў Швецыю. Быў вельмі доўгі шлях, і мы паехалі з дзвюма маленькімі сумкамі. Мне было гадоў 10 — 12, і тады я навучылася планаваць, што мне трэба, і памятаць, што мне гэта несці (усміхаецца).
— Ці атрымліваецца падтрымліваць нейкую сувязь праз ліставанне?
— Так, яна пісала на адрас у Мінску, і мне перадалі. Мы атрымалі маміну кніжачку — комікс для Генры. Гэта класна, канешне! Ёй вельмі падабаліся вершы, якія Андрэй Скурко пісаў для сына ў турме. Яна мне ўвесь час іх высылала, але сама не рабіла такога. Таму я здзівілася, што яна пачала падобным займацца, але файна! Было б добра потым сабраць гэта ў кніжку.
Сама я нядаўна таксама напісала ёй ліст — такі, якімі былі нашыя размовы, пра ўсё: што бачу, тое пяю. Я вельмі доўга збіралася ёй напісаць. Бо, з аднаго боку, не было пра што, з іншага, хацелася нешта такое напісаць, каб ні яна, ні я не плакалі. Не хацелася пісаць і банальнасцяў, таму трэба было падумаць.
Мне нават неяк няёмка, бо ўсе нашыя сябры і знаёмыя, здаецца, больш засмучаныя. Гэта як калі я ў шпіталі ішла на аперацыю (Генры нарадзіўся праз кесарава сячэнне), мяне ўжо падключаюць і пытаюцца: «Спартсменка? Пульс вельмі роўны. Не перажываеце?». Я кажу: «А трэба?». І тут прыкладна такая ж сітуацыя. Я проста спакойна прыняла гэта, і ўсё.
— Аксана таксама заўсёды кажа, што не варта перажываць. Яна і цяпер застаецца аптымісткай і верыць у тое, што ўсё будзе добра. У той жа час яна адначасова вельмі чулая да чужых няшчасцяў, і вельмі моцная. Што зрабіла яе такой?
— Я думаю, тое, што яна ўсё ў жыцці павінна была рабіць сама. Я заўсёды ведала, што, калі трэба вырашыць нейкую праблему, — трэба ісці да мамы. Той факт, што ў яе, фактычна, усё дзяцінства не было бацькі, прымусіў яе быць больш самастойнай і змагацца за сваё. Ну і столькі гадоў працы ў незалежнай журналістыцы таксама вучаць многаму.
Але, канешне, галоўнае, — гэта яе характар, якім яна пайшла ў дзеда. І той яе, дарэчы, так і не зламаў. Калі мама была маленькая, яны прыязджалі да дзеда ў вёску, дзе дзяцей прымушалі піць свежае малако. Мама яго не любіла, бо яно пахла каровай. І дзед ніколі яе так і не змусіў да гэтага, проста ў нейкі момант ён адпусціў гэтую тэму, каб не губляць свой аўтарытэт. А дзед быў такі, што, калі да яго прыязджалі дочкі і пачыналі казаць нешта за савецкую ўладу (а ён сам ваяваў з Саветамі ў польска-бальшавіцкай вайне), хапаўся за стрэльбу і ўсіх выганяў з хаты.
«Філасофія Крошкі Янота» працуе і ў турме
— А якая мама менавіта для цябе і якая яна бабуля для Генры?
— Мне здаецца, са мной яна такая ж, як з іншымі. Яна заўсёды скажа праўду. Яна справядлівая. Калі я рабіла нейкія памылкі, не было такога, што яна прымала мой бок, незалежна ад таго, мела я рацыю ці не. Яна абвострана рэагуе на несправядлівасць і хутчэй абароніць іншых, чым сябе. Мы найбольш зблізіліся, калі я вырасла і з’ехала ў Польшчу, мне было ўжо 23. Мы маглі падзяліцца рознымі рэчамі. Цяпер яна заўсёды мяне падтрымае. Яна заўсёды вучыла мяне прынцыпу, што трэба да людзей ставіцца так, як хочаш, каб ставіліся да цябе. Гэта такая банальная рэч, «філасофія Крошкі Янота», але яно працуе. Тое самае яна робіць цяпер у турме.
З Генры, я думаю, яна мякчэйшая, чым была са мной, але яна думае, што не (смяецца). Насамрэч, яна вельмі добрая.
— Цяпер Аксану чакаюць дома чатыры сабакі: Лакі і яе дзеці — Люк, Лінда і Лілу. Адкуль у яе такая любоў да іх?
— У нейкі момант мама стала сядзець на форумах, дзе жывёлы шукалі дом. Там яна ўбачыла Лакі, і вырашыла ўзяць яе на ператрымку. Але калі яе гатовыя былі забраць, мама не аддала. Я не магу сказаць, што ў яе заўсёды была такая любоў да сабак, але Лакі яе змяніла. Мама стала мякчэйшай. Бо сабакі — гэта істоты, якіх трэба не толькі карміць, да іх прывязваешся эмацыйна. Яны даюць энергію і натхненне. А калі пачаліся пратэсты, я думаю, мама ацаніла, што ў яе ёсць сабакі, бо яны дапамагалі ёй спраўляцца са стрэсам.
— Як думаеш, што дапамагае ёй трымацца цяпер?
— Я думаю, тое, што яна гэтага чакала. Яна ўявіла, як гэта можа быць, нават да нейкіх побытавых момантаў — і яно так і ёсць. Яна неяк перапрацавала гэта ў сваёй галаве і прыняла. А па-другое, яна ведае, што ўсё гэта скончыцца. Ну і яна напісала ў лісце, што таксама шкадуе, што мы не сустрэліся, але ад таго, што давядзецца дольш пачакаць, сустрэча будзе толькі лепшай.
— У Аксаны ёсць мара, каб унук прыехаў жыць у Беларусь. Як думаеш, яна спраўдзіцца?
— Думаю, так. З коштамі на каледж у Штатах… (смяецца). Але мы думаем пра тое, каб пераехаць у Еўропу. Я спадзяюся, што ў Беларусі ўсё ж нешта зменіцца, таму, мяркую, ёсць такі шанец, што Генры вернецца сюды, бо ён нарадзіўся ў Беларусі.
— Гэта было свядомае рашэнне — нараджаць у Беларусі?
— Я хацела нараджаць з мамай. Была магчымасць нараджаць за мяжой, і можна было б ёй прыехаць туды, але дома — гэта па-іншаму. Я ведала, што мяне падтрымаюць і дапамогуць. Свая краіна — гэта свая краіна.
— Што б ты хацела цяпер сказаць маме?
— Толькі тое, што яна робіць усё правільна. Я ведаю, што яна моцная, яна вытрымае, і мы ўсе ўсё вытрымаем, і ўсё будзе добра. Мы ёй вельмі ганарымся і чакаем на волі.
Палітзняволеная рэдактарка газеты «Новы Час» Аксана Колб за кратамі з 20 красавіка. 7 чэрвеня ў Цэнтральным судзе Мінска а 10.30 яе пачнуць судзіць.
Падтрымайце Аксану лістамі: СІЗА №1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Колб Аксане Мікалаеўне.
Фота з архіва Кацярыны Колб