«Кааліцыя для жанчын у журналістыцы» выказвае занепакоенасць асабліва жорсткім стаўленнем беларускіх уладаў да жанчын-журналістаў
Арганізацыя "Кааліцыя для жанчын у журналістыцы" звярнула ўвагу на інцыдэнт з вобшукам у рэдакцыі БелаПАН, падчас якога стала кепска журналістцы Таццяне Бублікавай. Арганізацыя выказвае занепакоенасць "асабліва жорсткім стаўленнем уладаў да жанчын-журналістаў".
У адпаведнай заяве арганізацыя звяртае ўвагу, што са жніўня пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў Беларусь перажывае палітычны крызіс. Беларусь з’яўляецца прыкладам таго, як крытычныя мысляры і журналісты становяцца мішэнню. Дзяржава хоча кантраляваць наратыў праз абмежанне свабоды СМІ і прэсы. Праз рэпрэсіўны падыход працягваецца пераслед незалежных галасоў.
У Індэксе свабоды прэсы Беларусь знаходзіцца на 153 месцы са 180 краін, што паказвае няўстойлівую сітуацыю са свабодай прэсы ў краіне.
«Кааліцыя для жанчын у журналістыцы» зафіксавала некалькі выпадкаў пагроз і запалохвання ў дачыненні да жанчын-журналістак у Беларусі. Мы зноў патрабуем ад уладаў Беларусі паважаць свабоду слова і даць магчымасць свабоднай прэсе развівацца ў краіне без пераследу», — гаворыцца ў заяве.
Кааліцыя для жанчын у журналістыцы (The Coalition For Women In Journalism) была заснаваная ў 2017 годзе як некамерцыйная арганізацыя, якая ставіць на мэце патрымліваць сяброўскія адносіны паміж жанчынамі-журналістамі па ўсім свеце. Яны стварылі сетку настаўніцтва, прапагандуюць бяспечнае і спрыяльнае прафесійнае асяроддзе.