• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    55-гадовы юбілей медыяменеджар Канстанцін Залатых сустракае за кратамі

    Свой дзень народзінаў 5 ліпеня былы дырэктар газеты «Белорусы и рынок» Канстанцін Залатых ужо трэці раз сустракае за кратамі. Пасля прысуду яго накіравалі ў папраўчую калонію № 1 у Наваполацк, там медыяменеджар на сёння працуе на дрэваапрацоўцы.

    Канстанцін Залатых Беларусы і рынак

    Канстанцін Залатых. Фота: сацсеткі

    Не так даўно Канстанціна Залатых перавялі з атрада № 7 у атрад № 9, адначасова з гэтым змяніўся і род заняткаў вязня — раней ён працаваў на пераборцы поліэтыленавых гранул. Вольнага часу ў Канстанціна няшмат, тэлефанаванні родным дазволеныя раз на месяц, і яны вельмі непрацяглыя — па 4–5 хвілін. Лісты, якія ён піша сваякам, часам не даходзяць, і да яго трапляе не ўся карэспандэнцыя ад родных. Допісы ад іншых людзей яму не перадаюць.

    Сваякі падлічылі, што ў зняволенні Канстанціну трэба адбыць яшчэ 16 месяцаў. Блізкія суцяшаюць сябе тым, што настрой у яго бадзёры і здароўе збольшага не падводзіць.

    Мінскі гарадскі суд 6 красавіка 2023 года прызначыў Канстанціну Залатых 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Справа разбіралася ў закрытым рэжыме. Суддзя Алена Шылько ў выніку прызнала яго вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага Кодэкса:

    - 369 КК — Абраза прадстаўніка ўлады;
    — 368 КК — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
    — 130 КК — Распальванне варожасці ці варажнечы;
    — 426 КК — Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў.

    Апеляцыйную скаргу медыяменеджара на прысуд 4 ліпеня 2023 года Вярхоўны суд пакінуў без зменаў.

    Хто такі Канстанцін Залатых?

    Былога дырэктара газеты «Белорусы и рынок» разам з калегамі па рэдакцыі затрымалі 18 траўня 2022 года ў Мінску. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Пасля допыту галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно адпусцілі, а Канстанціна Залатых пакінулі пад вартай. Першапачаткова яму выставілі абвінавачанне паводле часткі 2 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці, спалучанае з гвалтам альбо здзейсненае службовай асобай), пазней следства знайшло падставы для абвінавачання яшчэ па некалькіх крымінальных артыкулах. Залатых паставілі ў віну, у прыватнасці, выказванне «ўласнай тэндэнцыйнай пазіцыі» на падзеі ў краіне, што, паводле следчых, выявілася ў абразлівых каментарах у сацсетках на адрас вышэйшых асобаў дзяржавы. Акрамя таго, следства даводзіла, што ён нібыта «мэтанакіравана карыстаўся службовым становішчам» для вырашэння персанальных патрэб.

    8 чэрвеня 2022 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным вязнем.

    13 ліпеня 2023 года КДБ Беларусі ўнёс Канстанціна Залатых у спіс асоб, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці». Наўздагон, 21 ліпеня, МУС унесла палітвязня ў пералік «экстрэмістаў».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці