Яшчэ адна старонка брэсцкага блогера Сяргея Пятрухiна ў Facebook прызнаная экстрэмісцкай
У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў 28 чэрвеня адбылося чарговае абнаўленне. У прыватнасці, паводле рашэння суда Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці туды трапіў Facebook-акаўнт экс-палітвязня, брэсцкага блогера Сяргея Пятрухiна.
Справу разглядаў суддзя Андрэй Васілюк, а Міністэрства інфармацыі Беларусі было ўказанае зацікаўленым бокам на судовым працэсе. У выніку 26 чэрвеня старонка ў Facebook з назвай «Сяргей Пятрухiн» рашэннем Іванаўскага райсуда была прызнаная «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».
Нагадаем, што напрыканцы траўня 2024 года суддзя Ленінскага раёна Брэста Ала Вінаградава пастанавіла прызнаць «экстрэмісцкімі інфармацыйнымі матэрыяламі» іншы профіль блогера Сяргея Пятрухіна ў Facebook. Тады справа тычылася старонкі, якая не абнаўлялася амаль чатыры гады — фактычна з моманту затрымання Сяргея Пятрухіна 16 чэрвеня 2020 года. Гэтым разам «экстрэмісцкі» статус атрымаў актыўны профіль брэсцкага блогера, які вымушаны быў з’ехаць за мяжу.
Паводле падлікаў праваабаронцаў, з ліпеня 2020 года суды Брэсцкай вобласці прызналі забароненымі для распаўсюду тыя ці іншыя інтэрнэт-рэсурсы (інфармацыйныя сайты, пратэстныя чаты, каналы, кнігі ды іншае) ужо 533 разы.