• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Якія вакансіі і заробкі прапануе дзяржаўная прапаганда?

    Дзяржаўныя медыі настойліва заяўляюць, што кадравага голаду ў іх няма. Але сістэма шукае харызматычных прамоўцаў кшталту Марыі Пятрашкі, якая грае ролю сэксі-гёрл у прапагандзе. БАЖ задаўся пытаннем: якія грошы сёння прапануе дзяржаўная прапаганда патэнцыйным супрацоўнікам? Паспрабавалі разабрацца з дапамогай адкрытых крыніц. І вось што атрымалі.

    заробкі прапагандыстаў

    Выява створана БАЖ з дапамогай Chat­G­PT

    Пасля 2020 года дзяржаўныя СМІ канчаткова ператварыліся ў інструмент прапаганды. Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу на штыках ужо чатыры гады, узяў на ўзбраенне сумніўную фразу «Дзяржава – гэта я», якую прыпісваюць 16-гадоваму каралю Францыі Людовіку 14. Шмат з тых, хто застаўся ў сістэме пасля 2020 года, сталі прапагандыстамі, якія фактычна працуюць на Лукашэнку.

    На тэлебачанні пра заробкі ўслых не гавораць

    Беларускае тэлебачанне шукае адразу 22 спецыялістаў: ад вадзіцеля аўтамабіля аўтатранспартнага цэха ды слесара да рэдактараў і выканадаўчага прадзюсера АНТ.

    Скрыншот з сайта БТ

    Сайт АНТ выдае, што старонкі з вакансіямі не існуе.

    Скрыншот з сайта АНТ

    А сайт «Сталічнага тэлебачання» ўвогуле не адкрываецца: ні ў звычайным рэжыме, ні праз VPN.

    Ці азначае гэта, што тэлеканалы ўзвялі заробкі ў статус дзяржаўнай таямніцы? Ці проста сорамна паказваць, за якія грошы прапагандыстам даводзіцца карачыцца?

    Прафаюзныя медыі прапануюць заробкі 1800—1900 рублёў

    Праўда, нам удалося адшукаць у адкрытым доступе заробкі, якія прапануе «УП Издательский Дом Проф-пресс».

     Унітарнае прадпрыемства «Издательский Дом «Проф-Пресс» — гэта структура Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая ўключае відэастудыю, інтэрнэт—партал 1prof.by, дызайнерскі цэнтр і штотыднёвік «Беларускi Час».

    Выдавецкі дом прапануе шэсць вакансій. Давайце паглядзім, каго шукае гэтае УП і што прапануе ўзамен.

    Скрыншот з сайта rabota.by

    Як бачым, карэспандэнту/аглядальніку/вэб-журналісту прапануюць заробак 1800 беларускіх рублёў на рукі. Узамен ад прэтэндэнта патрабуецца вопыт журналісцкай працы ад 3 да 6 гадоў. Гэта ў Мінску. Для працы ў Віцебску шукаюць яшчэ аднаго журналіста з такімі ж патрабаваннямі.

    Тэле- і відэааператару абяцаюць плаціць 1900 рублёў. Але на гэтую вакансію можа разлічваць прэтэндэнт з вопытам працы 1–3 гады.

    А вось агенцтва «Мінск-Навіны» шукае намесніка галоўнага рэдактара «Радио Минск» — начальніка службы навінаў. Заробкі трохі большыя (1600—2000 тысячы рублёў на рукі), але і патрабуемы вопыт працы вышэйшы  — 3–6 гадоў.

    Скрыншот з сайта rabota.by

    Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Культура і мастацтва» выклала на сайце адразу 6 вакансіяў, але заробкі яўна не ўражваюць.

    Скрыншот з сайта gsz.gov.by

     «У прапаганды няма кадравага голаду»

    Журналіст, які ў свой час працаваў у дзяржаўных выданнях, і на ўмовах ананімнасці пагадзіўся паразважаць,  наколькі адэкватная аплата працы для прапагандыста.

    — 600 еўра ў эквіваленце — гэта нармалёвы беларускі заробак. У якім сэнсе? Раней толькі ў «СБ.Беларусь сегодня» заробкі перавышалі тысячу долараў, а ўсе астатнія цэнтральныя выданні атрымлівалі значна меней. Плацілі прыкладна ў памеры сярэдняга заробка па краіне, якім ён быў тады.

    Суразмоўца сцвярджае, што пасля стварэння холдынга заробкі ў газеце «СБ.Беларусь сегодня» ўпалі, а ў астатніх выданнях, што ўвайшлі ў холдынг, трохі падраслі. 

    — То-бок, гэта стандартная сума для прадстаўнікоў дзяржвыданняў, дзе людзі працуюць не за вялікія грошы. А ў рэгіёнах плацяць яшчэ менш. Затое праца стабільная і ў кабінеце, — усміхаецца журналіст.

    Ці выклікалі падзеі 2020 года кадравы голад у дзяржаўнай прапагандысцкай машыне? Запамінальных прапагандыстаў вядома не хапае, таму іх і шукаюць.

    —  Любы наратыў, любы фэйк ці прарэжымны тэзіс трэба ўмець падаць. Ведаю з уласнага вопыту, што ў мой час існавала своеасаблівая селекцыя ўнутры рэдакцый: нехта наадрэз адмаўляецца асвятляць дзейнасць Лукашэнкі, а камусьці гэта падабалася, — успамінае суразмоўца. — І ў рэдакцыях метадам натуральнага адбору выяўляліся людзі, схільныя асвятляць ягоную дзейнасць. І ў каго, канешне, гэта атрымлівалася.

    Па яго сцярджэнні, у рэдакцыях існавала негалоснае правіла: спрабуй. Калі ў чалавека атрымлівалася патрапіць у струмень, то ён працягваў гэтым займацца і на далей. 

    — Пасля 2020 года стала зразумела, што мала хто з іх можа смачна падаць прапаганду, каб на ёй глядач альбо чытач не заснуў. Таму ёсць запыт на такіх харызматычных прапагандыстаў, як, напрыклад, Марыя Пятрашка на беларускім тэлебачанні. Мяркую, у яе роля такой сэксі-гёрл у прапагандзе. Гэта новы падыход да падачы прапаганды. І хоць у дзяржаўных СМІ заўсёды існавала вялікая цякучка кадраў, але абавязкова знаходзяцца тыя, хто прагне славы. У такім выпадку людзі не хочуць задумвацца, што іх рыторыка не мае ніякага дачынення да журналістыкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці