• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Салідарнасць, якая ратуе ад куляў: як жывуць і працуюць калегі ў прыфрантавым Харкаве?

    Напрыканцы лета намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі праехаў праз усю Украіну. І цяпер ён расказвае, як у прыфрантавым Харкаве жывуць і працягваюць сваю прафесійную дзейнасць журналісты.

    Барыс Гарэцкі ў Харкаве

    Барыс Гарэцкі ў Харкаве. Фота: БАЖ

     У 30 кіламетрах ад расійскай мяжы

    Харкаў — другі па колькасці жыхароў горад Украіны. Да поўнамаштабнага ўварвання ў горадзе, які знаходзіцца у 30 кіламетрах ад расійскай мяжы, пражывала больш за мільён чалавек.

    За апошнія два з паловай гады Харкаў стаў сапраўднай легендай вайсковага часу. Тут адкрылася першая ва Украіне школа, размешчаная ў метро. У горадзе жыве і дапамагае фронту паэт і спявак Сяргей Жадан. Тут абязлюдзеў цэлы жылы раён — Паўночная Салтаўка — якую расійскія агрэсары планамерна разбураюць абстрэламі.

    На ўездзе ў Харкаў аўтобус спыняецца на блокпасце. Праверка дакументаў і адразу паведамленне пра паветраную трывогу.

    Будынак насупраць аўтавакзала ў Харкаве

    Будынак насупраць аўтавакзала ў Харкаве. Фота: БАЖ

    Далей рушым па вялікім прамысловым горадзе. Аўтавакзал. Вокны ў будынку закалочаныя фанерай. Зусім нядаўна ў жылы пяціпавярховік насупраць прыляцела ракета.

    За два з паловай гады паўнамаштабнай вайны горад пацярпеў вялікія чалавечыя і матэрыяльныя страты. І стаў перавалачным пунктам для журналістаў, якія асвятляюць вайну на ўсходзе Украіны — да Кіева па добрай шашы адсюль каля 8 гадзінаў дарогі.

    «Усе мы ратаваліся працаю»

    Партнёры БАЖ з Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны адкрылі тут, а таксама ў Дняпры, Запарожжы, Львове, Івана-Франкоўску, Чарнаўцах і Кіеве Цэнтры журналісцкай салідарнасці. Месцы, дзе журналісты могуць бясплатна ўзяць у арэнду абарончую амуніцыю і атрымаць іншую дапамогу.

    Па словах калег, стварэнне такіх цэнтраў стала неабходнасцю ў сітуацыі адсутнасці абароны, электрычнасці і патрэбы у падтрымцы.

    Пра 24 лютага, працу журналістаў у Харкаве і працу цэнтра мы размаўляем з яго каардынатаркай і журналісткай «24 канала» Ганнай Чарненка.

    Ганна Чарненка

    Ганна Чарненка падчас працы ў Харкаўскай вобласці. Фота гераіні

    — Верагоднасць пашырэння вайсковых дзеянняў у Харкаве разумелі яшчэ да 24 лютага. Так, напярэдадні паўнамаштабкі мы з калегай ездзілі на памежны пераход у вёску Гопціўка. Чуткі пра будучы напад ужо хадзілі, таму мы здымалі матэрыял пра тое, ці вераць людзі ўва ўсё гэта і ці рыхтуюцца. Пасля 24 лютага я яшчэ тры месяцы згадвала гэтую паездку і перажывала за людзей, ці жывыя яны, у якім стане іх будынкі, бо менавіта праз іх пайшла тая навала.

    Але па-сапраўднаму ў магчымасць нападу верылі толькі людзі, якія ўжо мелі досвед вайны з 2014 года. Хоць я сама з Луганшчыны, тэрыторыя майго дому была акупаваная яшчэ ў 2014 годзе, нават я не магла паверыць, што гэта ўсё ж адбудзецца.

    А 24 лютага ўсе прачнуліся ад выбухаў. Адна з ракет прыляцела ў наш раён, і я пайшла адразу шукаць гэтае месца, паралельна абзваньваючы калег і сяброў, каб зразумець, хто ў якім стане.

    Замежныя журналісты ў Харкаве

    Замежныя журналісты ў Харкаве. Фота: НСЖУ

    На жаль, ужо ў першы дзень мы бачылі пацярпелых і целы ахвяраў. Але ўсе мы ратаваліся працаю. У Харкаў пачалі прыязджаць калегі з іншых рэгіёнаў і іншых краінаў. Было дакладнае адчуванне: чым больш ты працуеш, тым менш табе страшна.

    «Да вялікай вайны не ўсе журналісты працавалі з вайсковымі тэмамі»

    — Як узнікла ідэя адкрыць Цэнтр салідарнасці?

    — Гэта не ідэя, гэта была неабходнасць. У журналістаў, якія засталіся працаваць у Харкаве, не ва ўсіх былі сродкі абароны і нават аптэчкі. Гэта зразумела, бо да вялікай вайны не ўсе журналісты працавалі з вайсковымі тэмамі ці ездзілі на Данбас у зону АТО, таму не мелі такога досведу. Але калі вайна прыйшла ў твой горад, усе аўтаматычна сталі вайсковымі карэспандэнтамі.

    Гэта былі такія дні, калі нічога няма, крамы не працуюць, таксі не ездзіць. Людзі вельмі насцярожаныя. Таму мы з аператарам апраналі манішкі з надпісам «Прэса», каб хоць неяк сябе абазначыць і зняць напружанасць.

    Старшыня Саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка ў Харкаве. Фота: НСЖУ

    Тады Саюз журналістаў з Кіева пачаў перадаваць нам тое, што ў іх было. Мы пачалі і самі гэтым карыстацца, і раздаваць калегам. Ну а праз нейкі час такой дзейнасці нават адважыліся адкрыць Цэнтр салідарнасці, хоць спачатку былі пытанні, ці гэта наогул бяспечна.

    Наша сітуацыя падобная на Беларусь тым, што адрас Цэнтра мы таксама не публічым. Безумоўна, калегі яго ведаюць. Але адкрыта паказваць, дзе мы ёсць, небяспечна.

    Цэнтр салідарнасці — гэта месца, дзе калегі могуць працаваць разам падчас адключэнняў электрычнасці. Мы гатовыя да гэтага. І некалькі іншых рэдакцый таксама маюць офісы, якія размешчаныя ў розных частках горада. Гэта вельмі зручна, калі ёсць месца, дзе ёсць электрычнасць, студыя, святло. І ў нашым Цэнтры яшчэ можна безкаштоўна ўзяць у арэнду бронекамізэлькі, шлемы і аптэчкі.

    Гурт «Жадан і сабакі» выступае ў Цэнтры журналісцкай салідарнасці. Фота: Ганны Чарненка

    — Я думаў, у Харкаве ўжо ўсе журналісты забяспечаныя гэтым…

    — У Харкаве часцей за ўсё так, але вельмі шмат людзей завітвае сюды з іншых рэгіёнаў ці нават краін. І яны часта не маюць з сабой сродкаў абароны, бо іх цяжка весці. Літаральна на гэтым тыдні да нас прыязджалі італьянскія калегі. Яны збіраліся здымаць размінаванне сёлаў ля Ізюма. Зразумела, што без броніка там проста нельга працаваць, бо тамтэйшая тэрыторыя спрэс засыпаная «Пялёсткамі» (супрацьпяхотная міна ПФМ‑1 – рэд.).

    Што тычыцца харкаўскіх журналістаў, то тут хутчэй размова не пра абарону, а пра патрэбу ў абнаўленні тэхнікі. Любое абсталяванне пры працы ў палявых умовах хутка старэе. Ну і, канешне, бесперабойнікі, Eco Flow, генератары. Усё гэта патрэбна.

    «Ты не толькі працуеш, а ты тут жывеш увесь час»

    — Што было самым складаным за 2,5 гады поўнамаштабнай вайны?

    — Самае складанае, што ты не толькі працуеш, а ты тут жывеш увесь час. Таму дзе б ты ні быў, ты заўсёды знаходзішся на працы. Сталыя прылёты, атакі, ахвяры. Ты ўвесь час на сувязі і жывеш гэтым усім.

    Разбураны выбухам будынак у Харкаве. Фота: БАЖ

    Некаторыя калегі гавораць, калі працуеш у навінах, ты становішся больш «таўстаскурым», звыкаешся да такіх штодзённых навінаў. Але насамрэч гэта не так.

    Бо ці адзін чалавек загінуў, ці больш за 50 (як у вёсцы Граза ў кастрычніку 2023-га, куды мы ўсе паехалі пасля абстрэлу) — перажываеш пабачанае аднолькава эмацыйна. Ніводны «панцыр» цябе не ўратуе ад гэтага.

    Таксама вельмі складана бачыць, як медыі закрываюцца, бо не вытрымліваюць фінансавай сітуацыі. А сёння праз спад рэкламнага рынку ў выніку вайны сітуацыя вельмі цяжкая. І канешне, вельмі цяжка, калі гінуць калегі…

    Падтрымаць працу Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны можна тут.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці