«Беларусь разглядаецца выключна праз прызму Расіі і Украіны». Як у Германіі вырашаюць праблемы з асвятленнем беларускіх падзей
24 і 25 траўня ў Берліне адбылася канферэнцыя і фестываль Truths in Confllict: voices from Belarus. Аўтар спецыяльна для БАЖ даследваў, якія тэмы абмяркоўвалі ўдзельнікі і якія думкі гучалі падчас абмеркавання наспелых праблем.
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі берлінская прастора Hotel C ontinental, Goethe-Institut in exile. With the kind support of the Körber Stiftung and the European Center for Press and Media Freedom.
Беларускія медыя ў выгнанні і геапалітычны кантэкст
Канферэнцыя і фестываль адбываліся ў Берліне, таму становішча беларускіх журналістаў у Германіі і агульнае геапалітычнае стаўленне да Беларусі мела значнае месца ў дыскусіі.
— Тут, у Нямеччыне, мы сутыкаемся з тым, што Беларусь разглядаецца праз прызму Расіі і Украіны. Гэта памылковы падыход, які не дазваляе зразумець рэальную сітуацыю ў краіне, — сказала адна з выступоўцаў. — Беларускія незалежныя медыі ў выгнанні, інстытуты грамадзянскай супольнасці, тысячы смелых людзей і актывістаў вытрымалі пераслед і рэлакацыі і паказалі ўсяму свету, што дэмакратыя з’яўляецца абсалютнай каштоўнасцю для беларусаў.
Экспертка упэўнена: падтрымка гэтых высілкаў у дасягненні дэмакратычных зменаў зменшыць уплыў Расіі ва ўсім рэгіёне Усходняй Еўропы. Гэта будзе падтрымкай бяспекі і міру для краін ЕС і Германіі.
Аўдыторыя беларускіх медыяў
Мадэратарам першага дня канферэнцыі, а таксама панэльнай дыскусіі выступіла Сісі Пітцэр – нямецкая журналістка, сябра Рады Саюзу жанчын-журналістак Германіі Journalistinnenbund e.V. Па яе словах, прафесіяналы ў Германіі спрабуюць зразумець, у якіх умовах працуюць беларускія журналісты і як яны дасягаюць сваёй аўдыторыі.
Пра аўдыторыю незалежных СМІ распавёў старшы эксперт Цэнтра новых ідэй, кандыдат сацыялагічных навук Генадзь Коршунаў:
— Зараз у Беларусі крыміналізаваны любы кантакт з медыя. Можна трапіць за краты за лайк, нават калі вы паставілі яго 10 годоў таму. Улічваючы тое, што лічбафікацыя краіны вельмі высокая, знайсці гэты лайк не цяжка. Але не ўсе з гэтым змірыліся. Таму мы можам праводзіць даследванні, — адзначае эксперт.
Даведацца пра аўдыторыю таксама, як і атрымаць доступ да інфармацыі пра яе выбары, папулярнасць медыя, уплыў дзяржаўных СМІ, зараз вельмі складана. Тым не менш, ёсць крыніцы, якія ўсё ж даюць сацыёлагам матэрыял для аналізу.
— Любую інфармацыю, якую ўлады могуць скрываць, яны скрываюць. Ёсць статыстыка па рэпрэсіях і затрыманнях. Нешта публікуюць медыі, звязаныя з сілавымі структурамі, — мы і гэтымі дадзенымі карыстаемся. Класічныя сацыялагічныя даследаванні таксама праводзяцца, але трэба разумець, што людзі баяцца адказваць на пытанні. Фактар страху можа скажаць вынікі даследавання на 10 ‑12 працэнтаў, — кажа адмысловец.
Актывізм ці/альбо журналізм?
Адвечнае пытанне, ці можа журналіст уставаць на бок палітычнага ці грамадскага актара, выкарыстоўваць інструменты журналістскай працы каб падтрымаць актывісцкую дзейнасць? На думку ўдзельнікаў дыскусіі, адказ не можа быць «так»ці «не», — тэма больш складаная.
Сваёй думкай на гэты конт падзялілася прафесарка Вышэйшай школы СМІ, камунікацыі і бізнеса ў Кёльне (Hochschule für Medien, Kommunikation und Wirtschaft, Köln) Каця Арцёменка.
Яна лічыць, што журналісты павінны разумець розніцу паміж прадстаўленнем сцэны для выказвання (актывізм) і стварэннем публічнай прасторы, дзе вядзецца дыскусія і фармуецца грамадская думка (журналізм).
Экспертка нагадала, журналісты ў межах сваёй прафесіі заўсёды ствараюць публічную сферу.
— Разуменне гэтага і выбудоўвае для прафесіяналаў межы паміж актывізмам і журналізмам. Кожны рэпарцёр сам адчувае, дзе ён гэтыя межы пераходзіць. А калі ён гэтага не разумее, то дыскусія абмяжоўваецца толькі пытаннямі аб’ектыўнасці, заангажаванасці і нейтральнасці. Але гэта хаджэнне па колу, якое не дае ніякага выніку, — падкрэслівае выступоўца.
Як нямецкія СМІ працуюць з беларускімі тэмамі?
Прафесарка Каця Арцёменка кажа, што знайсці паразуменне з беларускімі тэмамі ў нямецкіх медыях вельмі складана. Прычына, на яе думку, тое, што Беларусь разглядаецца праз прызму Расіі.
— Напрыклад, не так даўно беларуская рэдакцыя DW была прызнаная ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем. Як на гэта адрэагавалі нямецкія медыя? Каб патлумачыць сітуацыю, яны пачалі пісаць пра расійскі «Закон аб замежных агентах». Гэта абсалютна не адэкватнае параўнанне, праз якое тлумачыцца сітуацыя ў Беларусі. Але ніхто не хоча разбірацца.
На думку эксперткі праўдай зараз становіцца тое, што зручна перадаць, выказаць.
— Мы павінны змірыцца з тым, што з карцінкай у нас будуць праблемы. Таму для журналістаў вельмі важна зараз знаходзіць сродкі камунікацыі і спосабы казаць пра Беларусь, — падкрэслівае яна.