• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адвакат не адказвае, абвінавачаныя не ведаюць, за што іх судзяць. Як у Беларусі праходзяць завочныя суды над апанентамі Лукашэнкі

    Праз завочныя суды ў Беларусі з 2022 году прайшлі ўжо дзясяткі чалавек. Часта яны атрымлівалі вялікія тэрміны. Свабода пагутарыла з фігурантамі некаторых спраў.

    Як у Беларусі праходзяць завочныя суды над "экстрэмістамі"

    Вярхоўны суд Беларусі, архіўнае фота

    У 2022 годзе ўлады Беларусі зьмянілі заканадаўства. Хоць у артыкуле 115 Канстытуцыі засталіся словы аб правасудзьдзі на падставе спаборнасьці і роўнасьці бакоў, на справе сытуацыя выглядае па-рознаму. Гаворка ідзе пра завочныя суды над тымі грамадзянамі Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой. Першыя завочныя выракі былі вынесеныя на пераломе 2022/2023 гадоў. Фігуранты такіх спраў атрымалі па 12 гадоў калёніі. Гаворка ішла пра на той момант прадстаўнікоў Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна і фігурантаў крымінальнай справы супраць адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі».

    Судзілі завочна таксама вядомых апазыцыянэраў. Такіх, як Сьвятлана Ціханоўская (15 гадоў) і Павал Латушка (18 гадоў). 25 гадоў атрымалі былы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў і адзін з арганізатараў ByPol Аляксандар Азараў.

    Цяпер пачаліся падобныя працэсы ў справах праваабаронцаў, журналістаў і аналітыкаў. У Гомельскім абласным судзе завочна судзяць праваабаронцу Леаніда Судаленку. У Менскім абласным судзе ідзе працэс у дачыненьні «групы аналітыкаў Ціханоўскай». У «злачынную» групу трапілі нават тыя, хто пасьлядоўна крытыкаваў дэмакратычную лідэрку. Аналітыкаў абвінавачваюць у «змове з мэтай захопу ўлады», удзеле ў «экстрэмісцкім фармаваньні», дзеяньнях на «шкоду нацыянальнай бясьпецы», «распальваньні варожасьці».

    Чарговы этап паказной акцыі супраць экспэртаў

    У групу патэнцыйных «змоўшчыкаў з мэтай захопу ўлады» трапіў філёзаф і палітычны аналітык Пётра Рудкоўскі. Філёзаф кажа, што цікавасьць да яго з боку органаў зьявілася яшчэ ў першыя месяцы пасьля выбараў-2020. Спачатку гэта было зьвязана зь ягоным сяброўствам у Каардынацыйнай радзе. Пачаліся званкі з СК. Рудкоўскі вырашыў пакінуць краіну.

    Ён лічыць, што крымінальная справа цягнецца яшчэ ад 2021-га. У 2024 годзе пачаўся чарговы этап паказной акцыі супраць экспэртаў. Улады распачалі «спэцыяльнае вядзеньне», экспэрты атрымалі новыя артыкулы.

    Пётра Рудкоўскі

    Якім чынам аналітыкі «змовіліся для захопу ўлады»? Філёзаф кажа, што фігуранты справы – гэта аналітыкі навуковага складу, якія дзейнічаюць адкрыта, прапаноўваючы аналіз бягучых падзеяў праз прызму сваіх ведаў у галіне грамадазнаўства ці паліталёгіі. Таму яму складана камэнтаваць гэтыя закіды.

    Ні сьледчыя, ні адвакат не зьвязваліся з Рудкоўскім. Адзіным «сыгналам» было паведамленьне ў Telegram у стылі: «Ведаем пра вашу сытуацыю і гатовы пасадзейнічаць у яе вырашэньні, але з вашага боку таксама будзе нешта патрэбна». Экспэрт кажа, што праігнараваў паведамленьне.

    Аналітык лічыць, што гаворка ідзе ня толькі пра помсту з боку ўладаў. Завочны суд, на ягоную думку – элемэнт ізаляваньня дзеячаў дыяспары ад насельніцтва ўнутры Беларусі. Таксама мэтай можа быць, па словах Рудкоўскага, узмацненьне пачуцьця няўпэўненасьці сярод тых прадстаўнікоў дзяржаўных структураў, якія маглі ў мінулым мець з аналітыкамі прыязныя зносіны.

    «Адкрыта іх ніхто ня будзе перасьледаваць, але ў сувязі з гэтай справай яны становяцца больш уразьлівымі. Пры першай патрэбе можна пачаць на іх ціснуць з прычыны падазроных зносінаў з ворагамі дзяржавы і народу. Матэрыяльная выгада тут мінімальная, амаль ніякая. Забіраньне маёмасьці — гэта найперш акт помсты, форма рэпрэсіі ў дачыненьні да тых, каго яны ня могуць дастаць фізычна», — лічыць філёзаф.

    Адмовілі ў прысутнасьці празь відэаканфэрэнцыю

    Журналістка, пазаштатная аўтарка аналітычнага цэнтру Atlantic Coun­cil Ганна Любакова зьвяртае ўвагу, што ў групе аналітыкаў, якія трапілі пад перасьлед, абсалютна розныя людзі. Яны прадстаўляюць розныя арганізацыі, маюць розныя погляды. У тым ліку на Сьвятлану Ціханоўскую. Чаму іх аб’ядналі? Любакова ня ведае адказу, бо яе запыты пра дэталі справы не далі плёну. Журналістка пісала ў Менскі абласны суд, там адказалі, што дакумэнты перадалі ейнай адвакатцы. Тая ж не адказвае ўвогуле – ні на запыты на email, ні на паведамленьні ў мэсэнджарах.

    Ганна Любакова

    Любякова нагадала, што ў канцы 2021 году яе затрымалі ў адной з краінаў СНД. Так яна даведалася, што знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку.

    «І ўжо тады мне сказалі, што ў мяне справа за «захоп улады». Але адна справа – гэта абвесьціць суд супраць адной журналісткі, палітычнага аналітыка. Другая – калі сабраць у групу 20 чалавек, гэта гучыць больш грунтоўна. Маўляў, у нас была тэорыя змовы і мы зьбіраліся рабіць тое і тое. Ім выгадна паказаць такую змову, а ня проста як атаку на журналістку», — разважае Любакова.

    Яна жартуе, што зьяўляецца тым чалавекам, якога за допісы ў Тwit­ter абвінавацілі ў спробе захопу ўлады. Ганна Любакова лічыць, што любая палітычная аналітычная дзейнасьць небясьпечная, бо людзі ацэньваюць, аналізуюць сытуацыю, выказваюць думкі і даюць рэкамэндацыі міжнароднай супольнасьці. І рэжым ад гэтага не ў захапленьні.

    «Таму для іх такая дзейнасьць — «захоп улады». Але ж мы ведаем, хто яе захапіў, калі выбары з 1996 году не прызнаваліся», — зазначыла Ганна Любакова.

    Яна дадае, што мэтай такога суду можа быць ня толькі банальна забіраньне маёмасьці, але і рэчы шырэйшыя. Напрыклад, у сьпісе аналітыкаў шмат людзей, якіх чытаюць і на якіх спасылаюцца нават унутры сыстэмы.

    «І тут трэба паказаць сыстэме, што гэта кепскія людзі, небясьпечныя для Радзімы. І каб ня дай Божа зь імі далей не было ніякіх кантактаў», — кажа Любакова.

    Ганна Любакова кажа, што зьвярталася ў суд з просьбай дазволіць прысутнічаць на працэсе празь відэасувязь. Але адтуль адказалі, што «Крымінальна-працэсуальны кодэкс гэтага не прадугледжвае».

    Парушэньне Канстытуцыі

    З 12 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе разглядаюць справу супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Яго абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле — 7 гадоў пазбаўленьня волі. Праваабаронца ўжо адбыў трохгадовы тэрмін у калёніі за нібыта «арганізацыю беспарадкаў». Таму кажа, што новы тэрмін у 7 гадоў для яго — гэта сьмяротны вырак.

    Леанід Судаленка

    «Я там быў. Я ведаю, якія там умовы, якая там мэдыцынская дапамога. Яшчэ 7 гадоў у такіх умовах я не вытрымаю. Гэта пагроза ня толькі майму здароўю, але і жыцьцю», — перакананы Судаленка.

    Ён зьвяртае ўвагу на тое, што завочныя суды і спэцыяльнае вядзеньне пад іх парушаюць ня толькі міжнародныя абавязаньні Беларусі, але і Канстытуцыю. Артыкул 115 гаворыць пра роўнасьць і спаборнасьць бакоў у працэсе суду. Судаленка кажа, што праз палітычны перасьлед вымушаны быў выехаць за мяжу і ня можа ўдзельнічаць у працэсе. Адвакатка, якую праваабаронцу дала дзяржава, ігнаруе яго. Па словах Судаленкі, ён спрабаваў знайсьці іншага абаронцу, абзваніў гомельскія юрыдычныя кансультацыі. Але калі там чулі ягонае прозьвішча, то знаходзілі прычыны ня ўдзельнічаць у працэсе.

    «Адвакатка мяне праігнаравала, яна не ўзгадніла маю прававую пазыцыю. Што яна будзе казаць на судзе? Што я вінаваты? Ці што я ня вінаваты? Яна ж ня ведае. Я судзьдзі заявіў адвод, бо ён ведае, што ня можа забясьпечыць роўнасьць і спаборнасьць працэсу, але праводзіць яго і рыхтуе заведама неправасудны вырак», — лічыць праваабаронца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці