• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ва ўмовах экстрэмальнай журналістыкі: як працуе Прававы цэнтр БАЖ

    Якую дапамогу можа аказаць Прававы цэнтр БАЖ? Як залагодзіць канфлікт у беларускай медыясферы? Навошта беларускай журналістыцы новая этыка ў экстрэмальных умовах? У пытаннях разбіраліся разам з кіраўніком Прававога цэнтра Алегам Агеевым.

    намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў

    Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Фота: БАЖ

    «Каб мінімізаваць наступствы рэпрэсій»

    Хто можа звярнуцца да юрыстаў БАЖ?

    — Мы не падзяляем беларускіх журналістаў на тых, хто з’ехаў і хто застаўся, мы лічым нашу журналісцкую супольнасць адзіным арганізмам. Медыяюрысты дапамагаюць усім: і тым хто з’ехаў, і тым хто застаўся.

    — З якімі праблемамі прыходзяць да вас журналісты?

    — А вось тут ужо ёсць асаблівасці. Значна паменшылася колькасць зваротаў ад журналістаў з Беларусі па юрыдычную дапамогу. Склалася парадаксальная сітуацыя: вал рэпрэсій толькі нарастае, а вось колькасць просьбаў аб прававой дапамозе з Беларусі памяншаецца. Гэта можна патлумачыць некалькімі прычынамі.

    Усім стала відавочна, што ўнутры Беларусі прававымі механізмамі абараніць сябе немагчыма, бо яны фактычна адсутнічаюць. Праваахоўныя органы — суды, пракуратура, міліцыя — ператварыліся ў органы рэпрэсій. Адпаведна, права называцца «карнымі органамі» яны ўжо заслужылі.

    Магчымасцей абараніць сябе ўнутры Беларусі амаль не засталося. Сапраўды, ёсць кейсы, калі мы аказваем дапамогу (рыхтуем скаргі, кансультуем), але большая частка нашай працы скіраваная не на тое, каб абараніць журналістаў ад рэпрэсій, а каб мінімізаваць іх наступствы.

    Асноўны запыт з боку журналістаў, якія выехалі з Беларусі — легалізацыя (у тым ліку рэдакцый, сям’яў, блізкіх) у новай краіне. Адпаведна, медыі праяўляюць большы інтарэс да прававога рэгуляравання ў краінах знаходжання.

    Куды можна паехаць з пашпартам замежнай асобы, выдадзеным у Літве?

    «У Беларусі не рыхтуюць медыяюрыстаў ад слова зусім»

    — Дзе вы бераце свае кадры?

    — Спецыялісты Прававога цэнтра БАЖ — унікальныя прафесіяналы. У Беларусі ва ўстановах адукацыі ніхто не рыхтуе медыяюрыстаў ад слова зусім. А той пул нашых юрыстаў, які некалькі дзесяцігоддзяў рыхтаваў БАЖ, — выключныя эксперты, якія арыентуюцца ў прававым рэгуляванні ўнутры Беларусі і валодаюць міжнароднымі стандартамі.

    Юрысты фізічна не могуць ведаць заканадаўства ўсіх краін знаходжання беларускіх медыяў, якіх раскідала па ўсім свеце. Ёсць міжнародныя прававыя стандарты, а ёсць нацыянальныя асаблівасці заканадаўства ў кожнай краіне. У такім выпадку мы звяртаемся па дапамогу да сваіх калегаў з краінаў знаходжання, каб забяспечыць прававую дапамогу беларускім журналістам у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам краіны, дзе яны працуюць.

    — То-бок, на дапамогу прыходзяць партнёрскія арганізацыі?

    — Не столькі арганізацыі, колькі асобныя юрысты. Кожны кейс вымагае паслугаў канкрэтнага спецыяліста. Мы практыкуем інстытуцыянальнае супрацоўніцтва з арганізацыямі, якія працуюць з легалізацыяй беларусаў у цэлым, ці з канкрэтнымі юрыстамі, якія займаюцца прававым рэгуляваннем у сферы медыя, або з адвакатамі, што спецыялізуюцца на падатковым, банкаўскім заканадаўстве.

    — Ці выявіў 2024 год новыя тэндэнцыі ў працы юрыстаў у параўнанні з папярэднім ці нават з 2022 годам?

    — Прававы цэнтр мае тры асноўныя накірункі дзейнасці: абарона журналістаў, прававая асвета для медыясектара і паляпшэнне сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі.

    У 2022–2024 гадах мы прыпынілі распрацоўку рэкамендацый па паляпшэнні сітуацыі са свабодай слова для беларускіх улад, бо яны не гатовыя нас слухаць. Наадварот, нас зрабілі ворагамі: БАЖ аб’явілі экстрэмісцкім фарміраваннем і паставілі па-за законам.

    Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    Натуральна, што магчымасцей і жадання прапаноўваць нешта такім уладам у нас няма. Прычым гэта пазіцыя не толькі БАЖ, а супольная пазіцыя грамадзянскага сектара. Захаваліся толькі дзве формы кантактаў з уладамі: запыты і скаргі — усё астатняе пастаўлена на паўзу.

    Але ідзе актыўная распрацоўка прапаноў па рэгуляванні медыясферы пасля палітычных зменаў у Беларусі. Выпрацоўка прававых правіл гульні па міжнародных стандартах у новай Беларусі: якім павінна быць стаўленне да медыяў, як павінна ажыцяўляцца цывілізаванае рэгуляванне медыясферы, калі дзяржаўны апарат не з’яўляецца рэпрэсіўным — вось чым мы зараз займаемся.

    Прававы цэнтр тройчы за год выступаў у ролі медыятара

    — Можаце згадаць пару-тройку кейсаў, якія выбіваюцца з агульнай масы?

     — З публічных кейсаў варта згадаць выпадак, калі беларускаму журналісту забаранілі ўезд у Еўразвяз. Гаворка ідзе пра журналіста, якога ўлады Польшчы ўнеслі ў спіс неўязных. Цягам года адбыліся змены ў лепшы бок: у польскім судзе ёсць невялікія, але поспехі.

    І, магчыма, варта назваць кейсы, карані якіх вядуць у мінулае, у часы, калі Беларусь яшчэ не дэнансавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта па грамадзянскіх і палітычных правах (Лукашэнка падпісаў закон 27 кастрычніка 2022 года. Дэнансацыя гэтага дакумента пазбавіла грамадзян Беларусі магчымасці скардзіцца ў Камітэт па правах чалавека ААН. — БАЖ). Нашыя юрысты актыўна працуюць з кейсамі, распачатымі да дэнансацыі Факультатыўнага пратакола, даводзячы іх да лагічнага фіналу — да вынясення рашэнняў на карысць журналістаў.

    Беларускія журналісты выйгралі справу супраць Беларусі

    — Беларусаў часта называюць «майстрамі сварак» — разладаў, канфліктаў на роўным месцы. Ці даводзілася вашым юрыстам умешвацца ва ўнутраныя разборкі беларускіх медыйшчыкаў?

    — Цягам года БАЖ тройчы выступаў у ролі медыятара. Спрэчкі паміж рознымі суб’ектамі медыясектара здараліся і раней, сёлета мы правялі тры медыяцыі паміж журналістамі і рэдакцыямі. Падкрэслю, у параўнанні з іншымі краінамі медыяспрэчкі ў нас праходзяць досыць цывілізавана. Канешне, час ад часу эмоцыі накрываць удзельнікаў таго ці іншага канфлікту, але падобныя сітуацыі ўзнікаюць ва ўсіх частках свету.

    Гэта толькі ў таталітарных рэжымах усе медыі спяваюць хорам і пад адну дудку, а ў цывілізаваных дзяржавах заўсёды існуюць розныя погляды на любую праблему. Так што ў нашым медыясектары не ўсё так дрэнна.

    Зараз беларускія медыйшчыкі абмяркоўваюць этычныя стандарты ў прафесійнай дзейнасці. Адпаведна, сітуацыі, якія прасочваюцца ў публічную сферу, абмяркоўваюцца менавіта з пункту гледжання этычных стандартаў. Кейсы пра жанчыну з кандыбоберам і жанчыну на стыдёне ў Польшчы (гаворка пра заўзятарку на футбольным матчы паміж «Легія» і «Дынама» (Мінск), якая трымала ў руках чырвона-зялёны сцяг) вельмі жыва абмяркоўвалася цягам добрага месяца. Прычым абмеркаванне пераследавала мэту не столькі перасварыцца, а пра тое, як правільна асвятляць сітуацыю з этычнага пункту гледжання.

    Медыясектар у экстрэмальных умовах: выклікі і рэакцыя

    — За апошні год распрацаваныя прапановы па стварэнні органа самарэгулявання медыясупольнасці і разам з журналістамі перапрацаваныя этычныя стандарты. З’явіліся новыя выклікі: і штучны інтэлект, і сацыяльныя сеткі, а цяперашні Кодэкс этыкі за гэтым не паспявае, бо быў створаны яшчэ ў нулявыя гады. Сённяшнія аспекты патрабуюць нанова перадамовіцца ўнутры сектара. Распрацоўка стандартаў, іх абмеркаванне і далучэнне да іх, якое мы плануем у наступным годзе, заняло сёлета многа высілкаў.

    Што такое самарэгуляванне? Гэта калі прафесійная група ўводзіць для сябе яшчэ большыя абмежаванні, чым патрабуе закон. Я заўсёды кажу, што любое рэгуляванне – гэта пра абмежаванні. Этычныя стандарты азначаюць, што прафесійная супольнасць дамаўляецца выконваць самаабмежаванні на карысць нейкаму грамадскаму інтарэсу, самаабмяжоўвацца яшчэ больш, чым гэта прапісана ў прававых нормах.

    У праекце новага Кодэкса аб этыцы з’явіўся цэлы раздзел пра «дзейнасць у экстрэмальных умовах», у якіх цяпер дзейнічаюць беларускія СМІ.

    Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў

    Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Фота: БАЖ

    Напрыклад, пасля пратэстаў 2020 года медыясупольнасць прыйшла да неабходнасці замазваць твары ўдзельнікаў пратэстаў у Беларусі. Стандарты нібыта і не перашкаджаюць паказваць твары пратэстоўцаў (месца публічнае, грамадзяне публічна праяўляюць сваю пазіцыю, реалізуюць правы на выказванне і свабоду сходаў), але беларускія ўлады выкарыстоўваюць публікацыі для рэпрэсій. Таму медыясупольнасць дамовілася не паказваць твары ўдзельнікаў партэстаў, каб не падстаўляць іх пад адміністрацыйную і крымінальную адказнасць.

    З гэтым кейсам медыясектар справіўся, але падобных выклікаў шмат. Беларускія ўлады паставілі на паток крымінальны пераслед экспертаў, якія даюць каментары «экстрэмісцкім» медыям. Хаця медыі і зацікаўленыя ў максімальнай персаналізацыі любога матэрыялу, тым не менш медыясупольнасць дамовілася пра ананімізацыю крыніц інфармацыі, ананімізацыю экспертаў, выкарыстанне псеўданімаў. Мы бачым, што самаабмежаванне працуе.

    Безумоўна, гэта не спыняе хвалю рэпрэсій, якая нарастае па ўласнай логіцы, але дазваляе мінімізаваць наступствы рэпрэсій для сваіх аўтараў і герояў. Новыя ўмовы ўжо названыя экстрэмальнымі ўмовамі, у якіх сёння дзейнічае беларускі медыясектар.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці