• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Цытаты Лукашэнкі і безыменныя пікеты. Як дзяржаўныя выданні асвятляюць прэзідэнцкую кампанію цяпер і як гэта рабілася раней

    У Беларусі ўжо некалькі дзён праходзіць збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Радыё Свабода пачытала, што пішуць пра гэта дзяржаўныя СМІ.

    Аляксандар Лукашэнка, ілюстрацыйны каляж: Радыё Свабода

    7 лістапада ў Беларусі стартаваў збор подпісаў у падтымку прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта. Чарговыя выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 году. Міжнародная супольнасьць не прызнае вынікаў выбараў у Беларусі з 2001-га.

    Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 7 ініцыятыўных груп для збору подпісаў. Апроч Лукашэнкі, такое права атрымалі: былая дэпутатка Ганна Канапацкая; чыноўніца, экс-кіраўніца прэс-службы МУС Вольга Чамаданава; дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч; вайсковец, генэрал запасу Сяргей Бобрыкаў, кіраўнік праўладнай камуністычнай партыі Сяргей Сыранкоў, старшыня праўладнай рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Аляксандар Хіжняк. Глядзім, як дзяржаўная прэса асьвятляе будучыя выбары.

    Флэш-моб «Надо!» ў падтрымку вылучэньня Лукашэнкі на выбарах 2025 году, ілюстрацыйнае фота: БелТА

    Выбары са словаў Лукашэнкі

    Рэспубліканская прэса дае навіны пра выбары ці то з падачы Лукашэнкі (калі ён нешта пра гэта гаворыць), ці то з падачы Цэнтральнай выбарчай камісіі. Напрыклад, дзяржаўная агенцыя БелТА напісала з пачатку падачы дакумэнтаў у ЦВК пад дзясятак навінаў пра выбары. У асноўным яны тычыліся думак Лукашэнкі пра гэта ці навінаў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп. У 2020 годзе навінаў пра выбары на БелТА было няшмат, але болей на некалькі адзінак з моманту пачатку падачы дакумэнтаў да моманту рэгістрацыі ініцыятыўных груп і пачатку збору подпісаў.

    Самі навіны ў 2020-га таксама былі больш разнастайнымі: пісалі пра назіральнікаў, пра падрыхтоўку да выбараў сілавых структур: МУС і КДБ.

    Улада і прэса. 30 гадоў вайны, якая скончыцца разам з Лукашэнкам

    Лукашэнка ж як тады, так і цяпер, называў выбары экзамэнам. Амаль тымі ж словамі. А прэса актыўна падхоплівала іх, расказваючы пра выбары пераважна ягонымі цытатамі.

    2020 год, травень, нарада ў сацыяльна-эканамічных пытаньнях, перадавіца газэты «Звязда»: «Мы здаём экзамэн, экзамэн народу. І ня толькі я, але ўсе мы, уся дзяржаўная сыстэма ўлады. І мы павінны паказаць сваю здольнасьць кіраваць дзяржавай. Людзі павінны зрабіць адпаведныя высновы».

    Газэта «Звязда», кастрычнік 2024, скрын

    2024 год, кастрычнік, нарада аб аграпрамысловым комплексе, перадавіца газэты «Звязда»: «Ідучы да людзей на экзамэн, мы павінны сказаць, што мы зробім».

    Газэта «Звязда, травень 2020 году, скрын

    Падобна і ў 2020‑м, і ў 2024 годзе гэты этап кампаніі асьвятлялі і на дзяржаўнай тэлевізіі. Асноўным сьпікерам у пытаньні выбараў як тады, так і цяпер быў Лукашэнка. Аднак, як кажа мэдыяаналітык Паўлюк Быкоўскі, тады Лукашэнка не праводзіў выбарчай кампаніі.

    «У Беларусі заўжды больш інфармацыі пра арганізатараў выбараў, чым пра самі выбары. Вось адбылося паседжаньне ЦВК, а на выбары выдзяляецца вось столькі грошай. А што за кандыдаты, інфармацыі не было, тое самае і цяпер. У 2020 годзе Лукашэнка фактычна ня вёў кампаніі. А гэтым разам ён усё лета сустракаецца зь людзьмі: то «Дажынкі», то «Маратон адзінства», — кажа Паўлюк Быкоўскі.

    Лукашэнка ў Гомельскай вобласьці ў пасёлку Карма. Дажынкі-2024

    Замест хвалебных інтэрвію — паведамленьні ад ЦВК

    Некаторыя раённыя выданьні пра выбары сталі пісаць менш, чым гэта было ў 2020‑м.

    Капыльскае раённае выданьне «Слава працы» ў 2020 годзе прысьвяціла этапу рэгістрацыі ініцыятыўных груп і пачатку этапу збору подпісаў дзясятак навінаў і іншых публікацый. Напрыклад, 29 траўня 2020 году капыльская раёнка надрукавала вялікае інтэрвію з кіраўніком ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Міхаілам Ордам. Друкаваўся нават анонс, калі будуць вядомыя імёны кандыдатаў у прэзыдэнты, выходзілі інтэрвію з чыноўнікамі аб падтрымцы Лукашэнкі.

    Сёлета па банэры «Выбары» на сайце выдае 7 публікацый. Большасьць зь іх — проста сухія паведамленьні аб утварэньні раённай камісіі, аб месцах, дзе забараняецца пікетаваць, аб дакумэнтах, неабходных для галасаваньня.

    Апроч выбараў, у раёнцы пішуць аб прызначэньні новага начальніка РУУС ці аб удзеле пракуратуры ў «патрыятычным мерапрыемстве».

    Кіраўнікам дзяржаўных газет у Беларусі плацяць максімальна магчымы заробак

    Чэрвеньская раёнка на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных груп і першых дзён збору подпісаў у 2020 годзе дала больш за 10 навінаў. Апроч інфармацыі ад ЦВК і цытатаў Лукашэнкі пра выбары, пісалі пра «флэш-моб»: жыхары гораду сьпявалі гімн у падтрымку кампаніі.

    Сёлета гэтае ж выданьне пакуль што апублікавала 7 матэрыялаў пра выбары: паведамленьні ЦВК, інфармацыю аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Пры гэтым зьмясьцілі асобную навіну пра рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Лукашэнкі і пра падачу дакумэнтаў Канапацкай. Іншым прэтэндэнтам асобнай навіны ня выдзелілі.

    Газэта «Гродзенская праўда» на сваім сайце пакуль дала пра выбары з дзясятак навінаў. У 2020‑м пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных груп навінаў пра выбары было ўдвая болей.

    Ёсьць і адваротныя прыклады. Гомельскае раённае выданьне «Маяк» сёлета напісала ўжо тузін навінаў пра выбарчую кампанію. Надрукавалі і фотарэпартаж зь пікетаў па зборы подпісаў. Праўда, не назвалі ніводнага кандыдата.

    У 2020‑м у такі ж пэрыяд навінаў пра выбары ў гэтым выданьні было ўдвая меней. Тады гомельская раёнка пісала і пра затрыманьне Сяргея Ціханоўскага на пікеце ў Гародні. Праўда, не назвалі ні ягонага імя, ні імя Сьвятланы Ціханоўскай, на пікеце па зборы подпісаў якой яго і затрымалі.

    Скрын выданьня «Маяк», травень 2020 году

    Таксама рэгіянальныя СМІ шмат увагі ўдзялілі «флэш-мобу» «Надо». Гэта шэраг відэа, на якім розныя людзі з розных дзяржаўных арганізацый гавораць разам расейскае слова «надо». Так яны заклікаюць Лукашэнку ўдзельнічаць у выбарах.

    «Гэта імітацыя»

    Паводле мэдыяэкспэрткі, дасьледчыцы прапаганды Ірыны Сідорскай, дзяржаўным СМІ падчас гэтых выбараў «няма пра што пісаць».

    «Калі выбары, ёсьць канкурэнцыя, палітычная барацьба, розьніца паміж праграмамі. А цяпер у Беларусі імітацыя выбараў на такім узроўні, якога раней не было», — мяркуе Ірына Сідорская.

    Паводле яе, цяпер беларуская прапаганда нясе на выбары некалькі мэсэджаў. Першы: «Выбары — гэта важна». Прычым, паводле Ірыны Сідорскай, гэта робіцца без уяўнай матывацыі, проста канстатуецца.

    Другі мэсэдж: «Беларускі народ любіць Лукашэнку». Ірына Сідорская адзначае, што ў дзяржаўных СМІ больш амаль ні пра кога з патэнцыйных кандыдатаў не гавораць.

    «Лукашэнка хоча паказаць сябе чалавекам, які „не трымаецца сінімі пальцамі і рэпрэсіямі“, а якога любіць народ. І прапаганда проста абслугоўвае гэты ягоны інтарэс. Хочуць паказаць, што народ свой выбар робіць сьвядома», — працягвае дасьледчыца.

    Трэці мэсэдж прапаганды на гэтых выбарах, на які зьвяртае ўвагу экспэртка, — «якое добрае жыцьцё ў Беларусі на кантрасьце з Захадам».

    Новая методичка пропаганды: С дельными советами беларусам пытаются скормить кое-что похуже

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці