• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праца ва ўмовах рэпрэсій: Як Dev.by трымаецца на плаву ў эміграцыі

    Dev.by — адна з беларускіх медыякампаній, якая выжывае ў эміграцы. Выданне, прысвечанае IT-індустрыі ў Беларусі і свеце, выпускае навіны, інтэрв’ю, справаздачы і аналітыку. Арганізацыя дзейнічае, нягледзячы на пастаянныя пагрозы і недахоп фінансавання.

    Як медыя Dev.by працуе і шукае фінансаванне ў эміграцыі

    Выява створана пры дапамозе Chat­G­PT / Крыніца: thefix.media

    Журналістка Таццяна Ашуркевіч паразмаўляла для The Fix з генеральным дырэктарам і заснавальнікам Dev.by Арцёмам Канцавым пра тое, як ім удаецца працаваць у такіх нестабільных умовах. БАЖ пераказвае галоўнае з гэтага артыкула.

    Як змянілася фінансаванне

    Dev.by быў створаны ў 2008 годзе як нішавы партал для тых, хто працуе ў IT-сектары ў Беларусі — галіне, якая першапачаткова ўключала каля 20 000 чалавек. З цягам часу сектар падрос, і сайт стаў папулярным, прыцягваючы каля 1 000 000 наведвальнікаў штомесяц.

    Пасля 2020 года партал, на здзіўленне, захаваў даходы ад рэкламы. Аднак яны раптоўна спыніліся ў лютым 2022 года з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Тады медыя страціла 94% даходу за адзін месяц.

    Dev.by быў вымушаны пераехаць і аднавіць сваю бізнес-мадэль у эміграцыі. У цяперашні час арганізацыя фінансуе 30% сваёй дзейнасці за кошт даходаў ад рэкламы і падтрымкі чытачоў, а астатнія 70% — за кошт перыядычнай і нестабільнай знешней падтрымкі.

    Каманда Dev.by складаецца з 24 чалавек, раскіданых па розных гарадах, у асноўным у Польшчы. Гэта 14 журналістаў і рэдактараў, а таксама менеджары, спецыялісты па сацыяльных сетках і адміністрацыйны персанал.

    Што з аўдыторыяй

    Dev.by удалося захаваць сувязь з чытачамі: амаль 40% рэдакцыйных артыкулаў, паводле Канцавога, ствараюцца пры іх дапамозе. Выданне засяроджвае свае публікацыі як на людзях унутры краіны, так і на дыяспары.

    Медыя мае 2 мільёны наведвальнікаў штомесяц на вэб-сайце і сацыяльных платформах. Dev.by публікуецца на ўсіх асноўных платформах, уключаючы Face­book, Tik­Tok, Telegram і Insta­gram. Гэта адно з нямногіх беларускіх медыяў, якія актыўна працуюць на LinkedIn (92 000 падпісчыкаў). 

    У лютым дамен Dev.by быў заблакаваны ў Беларусі, што зменшыла яго аўдыторыю да 500 000 чалавек.

    Як выжывае рэдакцыя зараз

    Рэпрэсіі і вайна прымусілі кіраўніцтва Dev.by прыняць некалькі балючых рашэнняў, каб скараціць выдаткі:

    • замарозіць найм, 
    • спыніць бонусную сістэму, 
    • скараціць заробкі па ўсёй кампаніі, 
    • абмежаваць распрацоўку і падтрымку праграмнага забеспячэння толькі крытычнымі задачамі бяспекі і тэхнічнага абслугоўвання,
    • ліквідаваць большасць неасноўных роляў, якія не звязаныя наўпрост з вытворчасцю кантэнту.

    Каб мець магчымасць прыцягнуць сродкі, Dev.by запусціў некалькі праектаў для беларускай IT-дыяспары, а таксама вэб-сайт для ўкраінскіх айцішнікаў. Гэта дазволіла зацікавіць рэкламадаўцаў за мяжой. Акрамя таго, медыя мае лаяльную аудыторыю: каля 250 чалавек фінансава падтрымліваюць рэдакцыю штомесяц.

    Арцём Канцавы адзначае, што, каб забяспечыць стабільную выплату заробкаў і арганізацыю ўнутраных працэсаў без зрываў, Dev.by патрэбна больш доўгатэрміновая фінансавая падтрымка.

    Якія стратэгіі выжывання разглядаюць на будучыню

    Зараз рэдакцыя спрабуе знайсці іншыя крыніцы даходу, каб знізіць залежнасць ад знешніх грошай. Паводле Арцёма Канцавога, гэта пакуль нерэальна: «Відавочна, што беларускія незалежныя медыі не маглі б выжыць без чытачоў або партнёраў, бо мы не працуем у рыначным асяроддзі».

    Каб стаць у будучым устойлівым без дадатковага фінансавання, Dev.by плануе:

    • Пашыраць аўдыторыю. Зараз яна ў асноўным складаецца з людзей ва ўзросце 30–40 гадоў. Рэдакцыя хоча ствараць кантэнт для маладзейшых чытачоў. Для гэтага будуць дадаваць новыя тэмы, такія як адукацыя, кар’ера, псіхічнае здароўе, сямейныя адносіны і палітыка. 
    • Больш засяродзіцца на вытворчасці відэакантэнту. Dev.by актыўна працуе з кароткімі відэа ў Reels і Tik­Tok, плануе перазапуск на YouTube.
    • Уцягваць ва ўзаемадзеянне дыяспару, перш за ўсё ў Польшчы, бо значная частка аўдыторыі пераехала ў гэтую краіну.

    Арцём Канцавы лічыць, што зараз гаворка ідзе і пра выжыванне журналістаў:

    «Тыя, хто з’язджае за мяжу, часта пакідаюць журналістыку з‑за нізкіх заробкаў і пастаяннай нестабільнасці. Яны пераходзяць у іншыя, больш стабільныя прафесіі. Калі мы не захаваем для іх магчымасць  працаваць у рэдакцыях зараз, мы рызыкуем страціць цэлае пакаленне журналістаў».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці