• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Не ведаю, колькі я яшчэ вытрымаю пісаць пра намалоты і механізатараў». Як цяпер вучацца на журфаку БДУ

    На журфаку БДУ сёлета не было конкурсу. У дзяржаўных СМІ — дзясяткі вакансій. «Радыё Свабода» пагаварыла з выпускніцай факультэту журналістыкі, якая працуе па размеркаванні.

    Факультэт журналістыкі БДУ

    Факультэт журналістыкі БДУ. Фота: «Радыё Свабода»

    Сёлета на спэцыяльнасьць «журналістыка» ў БДУ залічылі 80 чалавек, у тым ліку 6 «мэтавікаў» (гэта абітурыенты, якія паступаюць зь лістом ад мясцовых уладаў паводле асобнага конкурсу). Дакумэнты ж на факультэт падаў 81 чалавек.

    Прахадны бал — 289. Усе будуць вучыцца на бюджэце — на журфаку цяпер няма «платнікаў».

    «Сёлета конкурсу не было. Узялі ўсіх, хто падаў дакумэнты»

    На ўмовах ананімнасьці супрацоўнік унівэрсытэту паведаміў, што такое назіраецца ўпершыню за шмат гадоў.

    «Заўсёды на журфак быў вялікі конкурс і высокія прахадныя балы. На „аўдыёвізуальную журналістыку“ яшчэ пару гадоў таму прахадны бал быў большы за 360. Нават на платнае аддзяленьне гады тры таму прахадны бал быў 303. А сёлета конкурсу не было. Раней абітурыент мог не прайсьці творчы конкурс, а цяпер усё выглядае фармальна. Паступіла каманда зьверху „да абітурыентаў строга ня ставіцца“. Узялі ўсіх, хто падаў дакумэнты.

    Пра ўзровень падрыхтоўкі я ўжо не кажу. Такое ўражаньне, што з кожным годам у абітурыентаў ён усё ніжэйшы. Яны непісьменныя, мала што чыталі», — выказаў меркаваньне супрацоўнік.

    Яшчэ 4 гады таму, у 2020‑м, на журфак было прынята 88 чалавек на бюджэт і 42 — на платную форму навучаньня. Агульны конкурс тады быў 347 балаў, на аўдыёвізуальную журналістыку — 379, вэб-журналістыку — 363 балы.

    «Хацела пайсьці з 3‑га курсу, але бацькі не дазволілі, маўляў, трэба атрымаць дыплём»

    Дзяўчына, якая назвалася Вольгай (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) расказала, як радавалася, што некалі трапіла на бюджэт.

    «„Ваў! Крута!“ — думала я летам 2020-га. У жніўні мяне не было ў Менску. Прыехала 1 верасьня. На другім курсе пачала расчароўвацца. Асабліва ўразіў прадмет „Ідэалёгія дзяржаўных СМІ“ — гэта такі трэш! З журфаку сталі звальняць нармальных выкладчыкаў — адну, якую вельмі любілі студэнты, забралі проста з заняткаў, адэкватныя самі звальняліся. Выключалі і актыўных студэнтаў. Прыходзілі вучыць прафэсіі прапагандысты кшталту Тура», — кажа Вольга.

    Дзяўчына прызнаецца, што хацела кінуць вучобу на 3‑м курсе, але бацькі не дазволілі, маўляў, трэба атрымаць дыплём. Давучылася. Разьмяркоўвалі ўсіх толькі ў дзяржаўныя СМІ — іншых ужо не было.

    Шанцаў застацца ў сталіцы было мала, дый і з заробкам журналіста-пачаткоўца жытло ня здымеш. Спачатку былі пляны арандаваць жытло ў Менску зь сяброўкамі, але адна выехала за мяжу, другая выйшла замуж.

    журфак БДУ 2020 год

    Акцыя за свабодныя выбары каля факультэту журналістыкі БДУ. Мінск, 26 кастрычніка 2020. Фота: з архіва «Радыё Свабода»

    «Далі ўстаноўку: ніякай крытыкі, усё добра»

    Сёньня яна працуе ў дзяржаўным выданьні. Кадраў не хапае. Асноўныя тэмы: прэзыдэнт, эканоміка — гэта ў асноўным перадрук афіцыёзу. І яшчэ сельская гаспадарка — колькі намалацілі збожжа, колькі сабралі кукурузы.

    «Далі ўстаноўку: ніякай крытыкі, усё добра. Намякнулі, што ініцыятыва і асабістая думка не вітаюцца. Хацела зрабіць пра штосьці чалавечае, паехала ў вёску да маладых спэцыялістаў, якія адвучыліся па мэтавых накіраваньнях. Паплакала разам зь імі, бо ня так мы ўяўлялі рэальнае жыцьцё і працу. Хацела напісаць праблемны артыкул. У нас зноў адбыўся канфлікт з кіраўніцтвам. Ня ведаю, колькі я яшчэ вытрымаю пісаць пра намалоты і мэханізатараў», — прызнаецца дзяўчына.

    Зараз Вольга ня ведае, заставацца ёй на працы ці спрабаваць нешта зьмяніць.

    «Я ў нейкім тупіковым становішчы. Калі кінуць, не адпрацаваць, дык давядзецца заплаціць шалёныя грошы за адукацыю. А дзе іх узяць з маім заробкам? Сьмешна сказаць, 700 рублёў „бруднымі“. Разумею, што сама вінаватая: калі паступала, глядзела на жыцьцё праз ружовыя акуляры. Раёнкі і дзяржаўныя СМІ ніколі не чытала — былі ж Tut.by, Onlin­er, іншыя незалежныя мэдыя. Але хто ж тады ведаў, што сытуацыя так кардынальна зьменіцца?» — дзеліцца дзяўчына сваім расчараваньнем цяперашняй працай.

    У Беларусі выпускнік, які вучыўся на бюджэце і адмаўляецца адпрацоўваць па разьмеркаваньні, мусіць пакрыць выдаткі на ягоную вучобу дзяржаве. Часам выходзіць больш, чым кошт платнай адукацыі.

    Дзясяткі дзяржаўных выданьняў прапануюць журналістам па 626 рублёў (мінімальны заробак)

    Вакансій журналістаў, карэспандэнтаў на сайтах для пошуку працы шмат.

    Вілейская раёнка «Шлях перамогі» шукае журналіста з вышэйшай профільнай адукацыяй, упэўненым веданьнем ПК, камунікабэльнасьцю, выдатным валоданьнем беларускай і расейскай моўвамі, а таксама фотакарэспандэнта з высокімі патрабаваньнямі — і гэта на заробкі па 700 рублёў.

    Дзятлаўская «Перамога» шукае рэдактара інтэрнэт-рэсурсу на 500 рублёў.

    У зэльвенскую «Працу», «Хойніцкія навіны», «Зару над Друццю», слаўгарадзкі «Прысожскі край», чашніцкі «Чырвоны прамень», «Веснік Чэрыкаўшчыны», «Добрушскі край», «Петрыкаўскія навіны», «Ашмянскі веснік» і яшчэ пару дзясяткаў раёнак шукаюць журналістаў на заробак у 626 рублёў.

    «Голас Веткаўшчыны» запрашае галоўнага рэдактара з досьведам працы на заробак ад 626 да 1500 рублёў.

    У абласную газэту «Гродненская праўда» шукаюць карэспандэнта на 1500 рублёў. «Транспортный вестник» прапануе журналісту 900 рублёў.

    Выдавецкі дом «Звязда» абяцае 900‑1000 рублёў. Вайсковае інфармагенцтва «Ваяр» прапануе спэцыяльнаму карэспандэнту заробак 950‑1050 рублёў.

    Белтэлерадыёкампанія шукае спэцкарэспандэнтаў з досьведам на заробак ад 1600 да 2500 рублёў.

    «Нізкія заробкі, патрабаваньне дэманстрацыйнай ляяльнасьці да ўлады адштурхоўваюць патэнцыйных абітурыентаў»

    Старшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі перакананы, што падзеньне прэстыжу журналісцкай прафэсіі і зьніжэньне попыту на журфак БДУ — гэта вынік цэлага комплексу фактараў.

    Паўлюк Быкоўскі. Фота: з асабістага архіва

    «Па-першае, палярызацыя грамадзтва пасьля падзей 2020 году значна паўплывала на ўспрыняцьце журналістыкі. Частка грамадзтва страціла давер да традыцыйных СМІ, асабліва дзяржаўных.

    Па-другое, сыстэма разьмеркаваньня выпускнікоў выключна ў дзяржаўныя СМІ, прычым пераважна ў раённыя газэты, не выглядае прывабнай. Нізкія заробкі, адсутнасьць адэкватнага сацыяльнага пакета і патрабаваньне дэманстрацыйнай ляяльнасьці да ўлады адштурхоўваюць патэнцыйных абітурыентаў», — кажа Паўлюк Быкоўскі.

    Экспэрт адзначае, што колькасьць занятых у дзяржаўных СМІ дастаткова вялікая — ня менш за 4,5 тысячы чалавек. Гэта стварае пэўны попыт на выпускнікоў, асабліва ў рэгіянальных рэдакцыях, але ўмовы працы і магчымасьці для прафэсійнага росту часта не адпавядаюць чаканьням маладых журналістаў.

    Акрамя таго, зьмяненьне мэдыяляндшафту прывяло да таго, што традыцыйныя СМІ страчваюць папулярнасьць на карысьць новых мэдыя. Гэта таксама ўплывае на прывабнасьць клясычнай журналісцкай адукацыі.

    «У мінулыя гады значная частка выпускнікоў журфаку выбірала сумежныя прафэсіі, такія як рэкляма і PR, дзе былі лепшыя фінансавыя пэрспэктывы. Цяпер жа, калі разьмеркаваньне амаль выключна ў дзяржаўныя СМІ, гэтыя магчымасьці абмежаваныя.

    Нарэшце, абмежаваныя магчымасьці для спэцыялізацыі і прафэсійнай рэалізацыі ў якасьці журналістаў-міжнароднікаў (іх часта размяркоўваюць у раёнкі, дзе такая тэматыка ўвогуле не прадугледжана), тэлевізійных ці радыёжурналістаў (толькі сыстэма дзяржаўных каналаў) таксама зніжаюць прывабнасьць прафэсіі», — кажа мэдыяэкспэрт Быкоўскі.

    Усё гэта і прывяло да таго, што сёлета на спэцыяльнасьць «журналістыка» ў БДУ на 80 бюджэтных месцаў падаў дакумэнты толькі 81 чалавек, лічыць суразмоўца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці