• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дэмсілы ствараюць рэестр канфіскаванай маёмасці. Як яе будуць вяртаць і ў каго забяруць

    Планы ўладаў адабраць маёмасць у палітычных апанентаў, якія выехалі з Беларусі, набіраюць усё новыя абароты. Колькасць тых, у каго яна арыштаваная, ідзе ўжо на сотні асобаў, і спыняцца на гэтым улады, відаць, не збіраюцца. У сваю чаргу, дэмакратычныя сілы распрацоўваюць інструменты, каб вярнуць канфіскаванае законным уласнікам, калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца на лепшае.

    Як будуць вяртаць канфіскаваную ў беларусаў маёмасць

    Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

    Блок «Еўрапейскі выбар» рыхтуе рэзалюцыю Каардынацыйнай рады, згодна з якой будзе распрацаваны Закон «Аб парадку і ўмовах аднаўлення правоў уласнасці грамадзянаў на захаваную нерухомасць, а таксама на выплату кампенсацыяў». У падмурак новых прапановаў лёг закон Літвы ад 1994 года, паводле якога да 2001 года ўласнікам вярталася іхная маёмасць, канфіскаваная савецкімі ўладамі.

    Дакумент дэ-факта пашырае і ўдакладняе Канцэпцыю кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд кіравання Аляксандра Лукашэнкі, якую ў 2023 годзе прэзентаваў Офіс Святланы Ціханоўскай і ў якой абвяшчаецца вяртанне канфіскаванай маёмасці пасля змены ўлады ў Беларусі. У тым ліку ў выпадку, калі ў рэпрэсаванага, напрыклад, канфіскавалі жытло і прадалі іншай асобе.

    Навінкай праекту рэзалюцыі ёсць тое, што ён ужо цяпер прапаноўвае стварыць адзіны рэестр асобаў, у каго з палітычных матываў канфіскавалі або арыштавалі нерухомую маёмасць. Мяркуецца, што з яго дапамогай грамадзяне, незаконна пазбаўленыя нерухомай маёмасці, змогуць падаць заяву на аднаўленне правоў уласнасці.

    Як растлумачыў «Белсату» Артур Фінькевіч, сябра Каардынацыйнай рады і адзін з распрацоўнікаў праекту рэзалюцыі, дакумент закранае маёмасць, якой людзі былі пазбаўленыя з палітычных прычынаў пачынаючы ад 1996 года. Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра жылую маёмасць, але таксама пра фірмы, прадпрыемствы, участкі і гэтак далей.

    А вось для асобаў, якія купляюць незаконна канфіскаваную маёмасць, ніякіх кампенсацыяў не будзе прадугледжана. Тых жа, хто арганізоўвае і бярэ ўдзел у палітычна матываваных працэсах для канфіскацыі маёмасці, наагул плануюць прыцягнуць да адказнасці.

    Як расказаў Фінькевіч, гэты дакумент мае трох адрасатаў:

    «Першы – гэта людзі, якія цярпяць, каб яны адчувалі падтрымку і тое, што гэтыя факты злачынства зафіксаваныя, што пры змене сітуацыі ў Беларусі будзе кампенсацыя за іх нерухомасць: або грашовая, або фактычна яна сама будзе вернутая.

    Другі адрасат – гэта ўлады, якім трэба паказаць, што іх дзеянні фіксуюцца і адказнасць у любым выпадку будзе.

    І трэці – гэта тыя людзі, якія могуць патэнцыйна хацець набыць канфіскаваную нерухомасць з аўкцыёнаў з вялікім дысконтам ад рынкавага кошту. Трэба паказаць ім, што сваё шчасце немагчыма пабудаваць на чужым горы і што трэба правяраць аб’ект нерухомасці, калі яго набываеш, асабліва ў сённяшніх умовах».

    Як будзе працаваць рэестр

    Папаўняць рэестр плануецца на падставе адмысловых зваротаў грамадзянаў, бо нельга «прымаць за іншых людзей рашэнні», сказаў Фінькевіч. На ягоную думку, з дапамогаю гэтага рэестру нават агенцтвы маглі б правяраць абʼекты нерухомасці перад продажам на тое, ці не былі яны раней канфіскаваныя з палітычных матываў і ці магчымае ў будучыні прызнанне ўгодаў куплі нікчэмнымі.

    «Для агенцтваў таксама ёсць пэўныя рызыкі, у тым ліку маёмасныя. Яны былі б таксама зацікаўленыя ў тым, каб спраўджваць абʼекты нерухомасці перад іх продажам ці купляй іх патэнцыйнымі кліентамі», – адзначыў Фінькевіч.

    Праўда, рэестр, прынамсі пакуль, рабіць публічным не плануецца. Доступ да яго прапаноўваюць даваць агенцтвам на пэўны запыт, а таксама праваабаронцам і спецыялістам, якія «будуць працаваць у гэтым кірунку».

    Разам з тым існуе імавернасць, што ўлады Беларусі прызнаюць гэты рэестр экстрэмісцкімі матэрыяламі, а запыт на доступ да яго – спрыяннем экстрэмісцкай дзейнасці. У такім разе Фінькевіч раіць «шукаць магчымасці бяспечнага запыту», каб высветліць гісторыю аб’екту.

    Няведанне не пазбаўляе ад адказнасці

    Тыя ж, хто не захоча спраўдзіць гісторыі аб’екту нерухомасці перад яго набыццём, рызыкуе пазней пазбавіцца маёмасці, калі яна была адабраная рэжымам Лукашэнкі з палітычных матываў. Няведанне не павінна пазбаўляць ад адказнасці, мяркуе Фінькевіч.

    Пры гэтым суразмоўца не выключае, што адмысловая камісія ці суд усё ж будуць разглядаць пытанне таго, ці ведала асоба перад набыццём маёмасці пра тое, што нерухомасць была канфіскаваная.

    «Павінна быць прэзумпцыя невінаватасці, але ў гэтым выпадку, мне падаецца, мы павінны кіравацца ад абароны законных правоў і інтарэсаў тых людзей, якія зазналі рэпрэсіі і ціск з боку рэжыму», – сказаў сябра Каардынацыйнай рады.

    Асобнага разгляду патрабуюць пытанні таго, хто будзе несці адказнасць у выпадку, калі канфіскаваная з палітычных прычынаў маёмасць будзе пасля яшчэ раз прададзеная.

    «Такія моманты таксама прапрацоўваюць. Звычайна, калі ёсць такі ланцужок, то цярпіць у ім апошні», – адзначыў суразмоўца.

    Фінькевіч прызнаў, што ў такім разе той, хто паспеў набыць канфіскаваную маёмасць з вялікай зніжкай і пасля яе перапрадаць, у выніку можа нават «зарабіць нешта». Тады як асоба, якая будзе ўласнікам на момант зменаў у Беларусі і падачы заявы на кампенсацыю нанесенай шкоды, будзе ў «найбольш нявыгаднай сітуацыі».

    «Таму тут адзіная рэкамендацыя – спраўджваць усе абʼекты нерухомасці перад купляй», – сказаў прадстаўнік КР.

    Пры гэтым, на ягоную думку, мусіць быць асобны дакумент, што прадугледжваў бы адказнасць для асобаў, якія б хацелі зарабіць на перапродажы канфіскаванай маёмасці. Такі дакумент мог бы ісці ў звязцы з законам пра люстрацыю, мяркуе Фінькевіч.

    Пацярпелых ад канфіскацыі будзе толькі больш

    Улады Беларусі практыкавалі канфіскацыю маёмасці апанентаў і раней. Але найбольш маштабнай яна зрабілася пасля таго, як Лукашэнка зазнаў паразу на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і ў выніку развязаў у краіне тэрор. За апошнія гады былі прададзеныя лецішча Ніны Багінскай, кватэры Сяргея і Святланы Ціханоўскіх, Валера і Веранікі Цапкалаў, Уладзіміра Лабковіча, дом Алены Янушкоўскай. Маёмасць вялікай колькасці дэмакратычных актывістаў і журналістаў можа быць выстаўленая на аўкцыён ужо неўзабаве – шмат у каго на яе ўжо накладзены арышт.

    Колькасць такіх кватэраў і дамоў толькі павялічваецца. У канцы траўня Следчы камітэт паведаміў, што пачаў крымінальныя справы ў дачыненні 257 кандыдатаў на выбарах у Каардынацыйную раду. Перад тым крымінальныя справы былі заведзеныя ў дачыненні больш як 200 беларусаў замежжа, якія ўдзельнічалі ў акцыях за мяжою. У абодвух выпадках улады падкрэсліваюць, што на беларускую маёмасць падазраваных накладаецца арышт «для забеспячэння прынцыпу непазбежнасці пакарання і кампенсацыі стратаў, у тым ліку ў рамках спецыяльнага вядзення».

    Дый самаабвешчаны кіраўнік Беларусі наўпрост заяўляў, хоць і супярэчачы самому сабе, што маёмасць палітэмігрантаў на радзіме будзе канфіскаваная:

    «Не забывайце, што ў вас нейкая маёмасць тут ёсць. Раю ўжо забыць пра гэтую маёмасць».

    Разам з тым, Фінькевіч не выключае, што вядомыя на гэты момант аб’ёмы канфіскаванай маёмасці – гэта толькі вяршыня айсбергу. Гэтак, з прычыны лукашэнкаўскага ўказу № 278 ад 4 верасня 2023 года, які скасаваў дзеянне замежных даверанасцяў, шматлікія беларусы не здолелі своечасова ўступіць у спадчынныя правы, бо не маглі цягам шасці месяцаў пасля смерці блізкага чалавека зʼявіцца на тэрыторыі Беларусі для афармлення дакументаў. Чым далей, тым больш беларускіх эмігрантаў, у тым ліку непалітычных, будуць сутыкацца з абмежаваннямі ў дачыненні маёмасці.

    «Гэтая зʼява можа быць у перспектыве сапраўды масавай, бо калі чалавек не можа вярнуцца ў Беларусь і калі даверанасці, выдадзеныя ў іншых краінах, не дзеюць на тэрыторыі Беларусі, калі кансулаты не працуюць, то колькасць такіх людзей будзе толькі павялічвацца», – кажа Фінькевіч.

    На ягоную думку, менавіта на гэта і мог быць накіраваны ўказ № 278, «каб канчаткова адрэзаць людзей, якія выехалі, ад радзімы, у тым ліку маёмасна, а з іншага боку – па магчымасці пазбавіць нерухомасці і папоўніць бюджэт».

    Аднак пагрозы вярнуць канфіскаваную маёмасць пакуль не спыняюць пакупнікоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці