Як Азаронак стаў такім? Новыя факты з біяграфіі прапагандыста
«Паганы змагар, хворы бруд, вырадкі, скаціны, кончаныя істоты, цвіль», — гэта толькі малая частка выразаў, якія Рыгор Азаронак ужывае ў дачыненні да сваіх апанентаў. Ëн абагаўляе Лукашэнку, мяняе цішоткі з яго цытатамі толькі на Z‑таўскі мерч, спальвае бел-чырвона-белыя сцягі ў жывым эфіры і захапляецца Сталіным.
Згадваем яго шлях і расказваем некаторыя не агучаныя раней факты з біяграфіі самага адыёзнага беларускага прапагандыста, які пераплюнуў у выслужванні перад рэжымам Лукашэнкі свайго бацьку.
Уплыў бацькі — ад кніг да музыкі і выбару будучай прафесіі
Прыказка «яблык ад яблыні недалёка падае» ў сям’і Азаронкаў праявіла сябе на ўсе сто. Рыгор нарадзіўся ў 1995 годзе ў сям’і Любові і Юрыя Азаронкаў і, можна сказаць, з дзяцінства насычаўся духам нянавісці да іншадумцаў. Якраз у 1995‑м на тэлеэкраны выйшаў дакументальны фільм Азаронка-старэйшага «Нянавісць. Дзеці хлусні», дзе ён параўноўваў апазіцыянераў з калабарацыяністамі часоў Другой сусветнай. Пасля гэтага Юрыю Азаронку прыляцела аплявуха ад палітыка Міколы Статкевіча.
Адной з настольных кніг у сям’і была «Народная манархія» Івана Саланевіча, прасоўвальніка перавагі манархічнага кіравання. Сярод рэліквій у доме — поўны збор сачыненняў Леніна. Усё гэта, відавочна, пакінула адбітак на асобе Рыгора.
Бацька паўплываў і на музычныя густы сына: Міхаіл Ножкін, Мікалай Емелін, Уладзімір Высоцкі, галоўным чынам — блатняк і царкоўныя песні. Усё гэта губкай увабраў у сябе малады хлопец. Што і казаць, праз колькі гадоў, калі сам Рыгор выйдзе на арэну прапаганды, песня Ножкіна «Дапамажы ім, Божа» стане саўндтрэкам у адной з самых пачварных аўтарскіх перадач «Ордэн Іуды».
Вучыўся Грыша ў 192‑й сталічнай гімназіі. Даваліся яму лепш гуманітарныя навукі, а вось дакладныя — не вельмі. Хлопец быў досыць замкнёным, але крыху разняволіцца яму дапамог тэатральны гурток.
Яшчэ ў школе, па словах самога Рыгора, ён асэнсаваў, што падтрымлівае Лукашэнку.
Праславіўся дзякуючы скандалам
Па прыкладзе бацькі сын паступіў і ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтва, на рэжысуру кіно і тэлебачання (у 2022‑м Азаронак яшчэ скончыць Акадэмію кіравання).
Людзі, якія вучыліся з ім у тыя гады, кажуць, што падчас навучання ён быў гэтакай шэрай мышкай: «няма чаго і згадаць»; «памятаю, што хадзіў вечна з хлопцам, вельмі падобным да яго, і ўсё». Але пару гісторый, якія адкрылі Азаронка не з самага лепшага боку, згадваюць.
«Для нас Азаронак праславіўся ў 2013 годзе, падчас фестываля «Лістапад». Тады развярнуўся скандал з фільмам «Лука» («Вылечыць страх», рэжысёр Аляксандр Пархоменка), прысвечанага жыццю святара Лукі, архібіскупа Сімферопальскага і Крымскага», — згадвае адзін з выпускнікоў БДАІ.
Як распавялі «Нашай Ніве» блізкія да кінафэсту людзі, гэты фільм вельмі актыўна прапіхвалі чыноўнікі. Але першапачаткова яго ўсё адно не ўключылі ў афіцыйную праграму «Лістапада». Праўда, на адкрыцці фестывалю ганаровы старшыня Генадзь Давыдзька за спінай каманды зрабіў для прэсы заяву, што карціна ў конкурсе. Каб пазбегнуць скандалу, стужку вырашылі кампрамісна паказваць на ранішнім сеансе ў кінатэатры «Цэнтральны».
Аднак не ўсіх задаволіла і гэта. Зверху спрабавалі даціснуць, каб стужцы забяспечылі дадатковы сеанс у надзеі на тое, што за яе прагаласуюць гледачы і яна атрымае прыз глядацкіх сімпатый. Да гэтага руху далучыўся і Азаронак.
«Ëн прыйшоў на ранішні паказ са сваім сябрам, паглядзеў, што ў залі было пуста і потым пачаў у розныя інстанцыі пісаць скаргі пра тое, што ўсё пагана, што такі цудоўны праваслаўны фільм паставілі на такі час, на які людзі не маюць мажлівасці прыйсці», — расказвае адзін з выпускнікоў БДАІ.
Але ў выніку стужка атрымала толькі адну ўзнагароду, прэзідэнцкую — «За духоўнасць і гуманізм у мастацтве».
Свае ваяўніча праваслаўныя погляды Азаронак адстойваў так заўзята, што аднойчы пасля спрэчкі па гэтай тэме з ім не хацелі ехаць у адным купэ.
«Мой аднагрупнік і мастацкі кіраўнік курса разам з Азаронкам паехалі на кінафестываль. Я не памятаю дакладна дэталяў спрэчкі, але ён тады так іх абодвух раз’юшыў, што яны не хацелі вяртацца з ім назад у адным купэ. А потым у кантэксце гэтай гісторыі на факультэце пра Азаронка расказвалі як пра студэнта, мякка скажам, своеасаблівага і недалёкага», — расказвае яшчэ адзін з выпускнікоў.
Пры падрыхтоўцы дыпломнай працы Азаронак прадоўжыў сваю лінію. Ён прысвяціў працу расійскаму пісьменніку-канспіролагу Юрыю Вараб’еўскаму, зняўшы пра яго дакументальны фільм пад назвай «Салдат Хрыста».
«Свой пацан з Малінаўкі»
Да прыходу на СТБ, куды ён першы раз трапіў яшчэ на трэцім курсе ўніверсітэта, Азаронак паспеў папрацаваць дворнікам, падсобным рабочым і педагогам-арганізатарам у школе.
Па згадках былых калег, пры сваім першым з’яўленні на канале Азаронак ніяк не вылучаўся сярод іншых студэнтаў ці выпускнікоў журфака, якія марылі зачапіцца за канал, каб не адправіцца на размеркаванне ў геаграфічна далёкую раёнку.
«Ніхто не ўспрымаў яго ні сур’ёзна, ні з негатывам. Нехта быў настроены пазітыўна: ён быў такі, ведаеце, просты, зразумелы, свой пацан з Малінаўкі. Недзе нават сціплы. Ëн трапіў працаваць на самае дно ў разуменні работнікаў СТБ — выканкамаўскія праграмы «Навіны Міншчыны» і «Сталічныя падрабязнасці».
Параўноўваючы Азаронка з некаторымі практыкантамі ці нядаўнімі выпускнікамі, экс-калегі адзначаюць, што з ім было як мінімум не сумна паехаць нават у самую далёкую камандзіроўку, бо заўсёды было пра што паразмаўляць, паспрачацца.
«Ëн не дурань, досыць начытаны — мог цытаваць рускую класіку, урыўкі з рускіх вершаў. Праблема толькі ў тым, што яго веды сфакусаваныя на тым, што адпавядае яго перакананням і поглядам.
Яго памяць чамусьці вычышчала тое, што не сыходзілася з рускасветаўскай карцінай, ён такую інфармацыю ў аргументах адразу ігнараваў».
Але тое, што іх калега — «ватнік», усе зразумелі не адразу. Гэта адкрывалася з кожнай новай спрэчкай наконт Беларусі, яе будучыні, Лукашэнкі.
«Калі коратка патлумачыць, то ўсе яго наратывы зводзіліся да таго, што Беларусь — гістарычнае непаразуменне, якое адбылося праз падзенне Расійскай імперыі пад знешнімі ўдарамі, і гэтага не павінна было быць.
Для яго мы — адзін народ з рускімі і ўкраінцамі. А Лукашэнка — не прэзідэнт незалежнай рэспублікі, а той, хто нібыта быў супраць распаду СССР (хоць пры ратыфікацыі ў Вярхоўным Савеце Белавежскіх пагадненняў Лукашэнка ўвогуле не галасаваў).
У самім Азаронку няма ніякага намёку на беларускасць, таму ён і любіць Лукашэнку — ён савецкі, блізкі яму па духу чалавек».
У 2020‑м Азаронак падтрымаў рыторыку высмейвання кавіду і антыкавідных мер па ўсім свеце, называючы гэта «маразмам і ўнутрыэлітнымі гульнямі». А ўжо неўзабаве стаў невітальным нават сярод людзей, якія лічыліся яго таварышам.
«Яшчэ да выбараў атмасфера на канале была досыць наэлектрызаваная. Трэба разумець, што абсалютная большасць — я зараз не схлушу, ну, працэнтаў 80, — адкрыта крытыкавалі Лукашэнку і выступалі супраць. А Азаронак жа пачаў тварыць дзіч у яго падтрымку. І не раз назіралася такая карціна. У нас на Камуністычнай, 6 ёсць унутраны дворык, ён выкарыстоўваецца для рытуалаў — калектыўнага выхаду папаліць, пабалбатаць. І там пастаянна нехта сядзіць з кавай і цыгарэтамі.
І не раз было такое, што стаяць людзі, шумная гамонка. А ідзе Азаронак, працягвае руку, а ніхто ў адказ яму не працягвае. І такая звонкая цішыня», — расказваюць сведкі.
«Нават яго найлепшы сябра, з якім яны хадзілі разам на піва, ад яго тады адвярнуўся і камунікаваў выключна ў межах працоўнага заканадаўства: на пратэстах у яго пацярпеў брат».
Трыгерам для калег паслужыла рыторыка праграмы «Таемныя спружыны палітыкі», а ўжо зусім недаравальным стаў сюжэт пра тое, як усё выдатна і ўтульна на Акрэсціна, які Азаронак выпусціў у верасні 2020 года, калі там зусім нядаўна катавалі людзей (а потым і прадоўжылі здзекавацца).
Што зрабіла Азаронка заўзятым прапагандыстам?
Экс-калегі адзначаюць, што не раз задаваліся гэтым пытаннем у кулуарах:
«Відаць, гэта ўсё заўсёды было ў ім на падсвядомым узроўні. І гэта якраз вылазіць у ім на камеру, бо ў асабістай камунікацыі ён быў простым пацаном з Малінаўкі, якому па кайфу ўвечары з пацанамі пасядзець і гарэлкі ці піва папіць. Такі рускі Іван».
Знаёмыя адмятаюць, што прычынай магло паслужыць тое, што ад яго адвярнуліся многія людзі.
«Ëн успрымаў гэта як крыж, такое самаахвяраванне. У ім жа прасочваецца ваяўнічае праваслаўе. І вось нібыта тое, што ён стаў пакутнікам у барацьбе за ідэю, толькі ўзмацніла яго веру».
Ездзіў «зайцам», каб зэканоміць
Факт таго, што бацька Рыгора таксама працаваў на тэлебачанні ў якасці прапагандыста, сын ніяк не афішаваў. Многія калегі з новага пакалення пра таго Юрыя Азаронка нават і не ведалі. Як і тое, што перадача «Таемныя спружыны палітыкі» — гэта адроджаная версія аднайменнай праграмы Азаронка старэйшага.
«Я асабіста не быў у курсе, хто яго бацька. Грыша пра яго не згадваў і ніяк яго імя не выкарыстоўваў. Пра яго сям’ю звесткі ўсплылі ў нашым асяроддзі бліжэй да 2020-га. У Грышы спрабавалі пра бацьку нешта пытаць, але ён толькі казаў, што той працуе вартаўніком і ніякага дачынення да тэлебачання цяпер не мае»,— кажа адзін з былых калег.
Маці Рыгора была супрацоўніцай «Мінсктранса», што павесяліла многіх, калі стала вядома, што твар прапаганды ездзіць на грамадскім транспартам «зайцам» і мае за гэта як мінімум шэсць адміністрацыйных спагнанняў.
«Ëн апранаўся беднавата, было бачна, што эканоміць. І па гэтай жа прычыне ездзіў у грамадскім транспарце «зайцам».
Праўда, па апошніх звестках, перададзеных «Нашай Ніве» Belpol, маці Рыгора Любоў цяпер на пенсіі, а апошняе месца працы бацькі — спецыяліст Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
Колькі каштуе праца прапагандыста такога ўзроўню?
Але акурат у жніўні 2020-га Азаронак змог дазволіць сабе прыезды на працу на таксі.
«Відаць, яму накінулі грошы за новыя аўтарскія праграмы, бо звычайныя карэспандэнты на навінах маглі атрымліваць усяго 500–600 рублёў», — кажа экс-калега.
У выніку за 2020 год Азаронак зарабіў каля $10400, ці прыблізна $865 на месяц (такія лічбы мы атрымалі на аснове дадзеных у базе ФСАН, звесткі з якой прадаставіў «Белпол»).
Дзяўчына, да якой падкатваў, аказалася змагаркай
Былыя калегі таксама згадваюць, што пасля выбараў у калектыўных спрэчках Азаронак неяк прызнаў, што большасць магла прагаласаваць не за Лукашэнку: «Але, маўляў, большасць можа памыляцца».
З гэтай «большасцю» Азаронак сутыкнуўся, калі ўпершыню быў заўважаны ў спробах пабудаваць адносіны з супрацьлеглым полам.
«Падкатваў да адной стажоркі, клікаў пагуляць. Але дзяўчына аказалася «латэнтна змагарскіх поглядаў», сімпатызавала апазіцыйным варушнякам. Ну, і Азаронку яна адмовіла».
У іншых спробах наладзіць рамантычнае жыццё Азаронак заўважаны не быў. У адным з інтэрв’ю ён сам казаў, што пакуль служыць краіне, не да адносін. Пры гэтым на тэлебачанні вядучы пастаянна заклікае беларусак нараджаць дзяцей, крытыкуе познія шлюбы і ідэалогію чайлдфры.
Не пайшоў у КДБ, але стаў чэкістам у прамым эфіры
Не сакрэт, што кар’еру на СТБ Рыгор перапыняў дзеля службы ў арміі — ён адслужыў у 56‑м Тыльзіцкім асобным ордэна Чырвонай Зоркі палку сувязі. Яго вельмі прываблівала рамантыка войска, маршы, спевы. Там ён рэальна выслужваўся.
Пасля яму прапанавалі пайсці ў КДБ, але, нібыта параіўшыся з тагачасным кіраўніком СТБ Кірылам Казаковым, ён вырашыў вярнуцца на канал. Начальнік пераканаў, што ў Азаронка будзе магчымасць паслужыць радзіме і без пагонаў. «Але я доўга думаў [наконт КДБ]: усё ж рамантыка, Штырліц, чэкісты».
У прынцыпе яго захапленне чэкістамі цудоўна раскрылася ў жывым эфіры: ён не толькі дазваляе сабе выносіць прысуды без суда за грошы беларускіх падаткаплатнікаў, заклікае да расправаў над апанентамі, але і тыражуе відэа з пакаяннямі беларусаў. У некаторых ён нават паўдзельнічаў сам: напрыклад, з затрыманым пасля твіта «фу, са мной у трэнажорцы Азаронак» Андрэем Гурэўскім.
Азаронка не раз спрабавалі прыцягнуць да адказнасці за распальванне сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК), але, на жаль, сёння закон у Беларусі ў такіх выпадках дзейнічае толькі ў адзін бок, караючы тых, хто не падтрымлівае рэжым. Яго ж служкам законы могуць быць не пісаныя.
Даволі чакана Азаронак падтрымлівае вайну ва Украіне: ён неаднаразова наведваў акупаваныя тэрыторыі, рабіў рэпартажы з Данбаса.
Калі ў адным з эфіраў у Азаронка спыталі, што значыць літара Z у яго на грудзях, ён выбухнуў маналогам:
«Літара «Z» — знак спецыяльнай вайсковай аперацыі (СВА), якую праводзіць Расія. Гэта знак супрацьстаяння глабальнаму маразму, у якім збеглыя вырадкі на самым дне харчовага ланцужка. Дзе яны аблізваюць адзін аднаго, а літоўцы — палякаў, палякі — ангельцаў, ангельцы — амерыканцаў, і ўсе разам тонуць у гэтым колазвароце атручанай сліны».
Хто прыдумаў адрэзаць язык Азаронку?
Па словах прапагандыста, самы шчаслівы момант яго жыцця — тая сітуацыя, калі Лукашэнка расказваў на ўсю краіну па спробу «замаху» на Азаронка. «Не думаю, што нейкае ўражанне ў жыцці пераб’е гэта», — прызнаецца Рыгор.
«Вывезці ў лес у самае глухое месца, адрэзаць язык. Узяць нажніцы, каб сам гэта зрабіў. Калі не зробіць сам — той, хто быў наняты за дзесяць тысяч даляраў, павінен быў ажыццявіць гэтую аперацыю, засняць на камеру і выкласці ў інтэрнэт. Калі не атрымаецца — забіць», — з такой прамовай Лукашэнка выступаў напярэдадні 3 ліпеня.
Зразумела, усё было не зусім так. Ідэя замаху на Азаронка належала Атрадам грамадзянскай самаабароны, створаным у тэлеграме выхадцам з Расіі Дзянісам Хромавым па мянушцы «Дзіс». Супрацоўнікі КДБ укараніліся ў групу ад самага пачатку яе існавання. Яны правакавалі людзей на радыкальныя дзеянні, для многіх гэта скончылася жорсткімі прысудамі — аж да 20 гадоў зняволення. А сам «Дзіс» проста знік з інтэрнэта.
Што да нападу на Азаронка, абвінавачаным па справе стаў лідскі таксіст Дзмітрый Сасноўскі. Кэдэбісты забралі яго на сваёй машыне, выдалі яму электрашокер, прывезлі на месца «злачынства». Супрацоўнік КДБ узяў з сабой пісталет.
Падчас нападу відаць, як няўзброены Сасноўскі пачынае нерашуча ісці следам за Азаронкам, а перад ім упэўнена рушыць узброены супрацоўнік КДБ. Сілавік кідаецца на Азаронка, а Сасноўскага адразу скручваюць іншыя супрацоўнікі.
Дый адразаць язык ніхто не збіраўся — у судзе выявілася, што змоўшчыкі збіраліся прадставіцца супрацоўнікамі ГУБАЗіК, забраць прапагандыста з сабой у машыну і запісаць з ім «пакаяннае відэа» ў губазікаўскім стылі.
Дзяржаўныя СМІ публікавалі пакаяльны ліст Сасноўскага з СІЗА. Аднак у судзе ён не прызнаў віну і атрымаў 20 гадоў зняволення.
Цікава, што калі ў 2021‑м судзілі перакладчыцу Вольгу Калацкую, якая дала Азаронку дзве аплявухі, ён выступаў за спыненне крымінальнай справы. У судзе Рыгор казаў, што заяву на Калацкую не пісаў і ўвогуле не лічыць, што жанчына яго абразіла: «Пра эпізод я забыўся ў той жа вечар. Я хадайнічаў аб спыненні крымінальнага пераследу і настойваў аб спыненні справы. Падтрымліваю гэтую сваю пазіцыю і цяпер».
Калацкая тады атрымала 2 гады хатняй хіміі. Адметна, што Азаронак палічыў гэты тэрмін жорсткім і заявіў, што прысуд будзе выкарыстоўвацца супраць яго для нагнятання абстаноўкі.
«Мара: праз 10 год зняць фільм пра Лукашэнку»
На фотаздымках у асабістых сацсетках Азаронак то з супрацоўнікамі міліцыі, то з вайскоўцамі, то з прапагандыстамі, то з Лукашэнкам. У адным з інтэрв’ю ён сам прызнаваўся, што вольнага часу ў яго асабліва і няма: «Нават у сне бачу сюжэты перадач». І можна было б парадавацца за беларуса, які знайшоў сваю ўлюбёную справу, калі б гэта не было працай у імя аднаго чалавека.
Вось усяго толькі некалькі цытат:
«Калі пашанцавала служыць такому чалавеку (Лукашэнку), гэта самая сапраўдная ўдача ў жыцці».
«Прэзідэнт для мяне — узор».
«Лукашэнка — самы моцны палітычны лідар на еўрапейскім кантыненце».
«Мара: калі праз 10 год даручаць зрабіць добры фільм пра чарговыя перамогі прэзідэнта, я буду рады».
Круцейшы за Лукашэнку для Азаронка толькі бог і Сталін — яшчэ адзін яго кумір. Але яму ўжо на гэтым свеце не папрыслужваеш.
Такая вернасць дыктатуры знаходзіць сваю ацэнку: спачатку Лукашэнка запрасіў Азаронка разам святкаваць Новы год, а потым узнагародзіў медалём «За адвагу», звязанай з яго вернасцю падчас выбараў-2020 і пасля іх. «Любімы» ж Азаронкам Захад узнагародзіў яго санкцыямі. На ютубе яго канал выдаляўся ўжо шэсць разоў.