• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ізраілевіч хоча спагнаць з «Новага Часу» 40 тысяч рублёў — наступнае пасяджэнне 10 верасня

    У Савецкім судзе Мінска пачаліся папярэднія слуханні па іску бізнесмена Аркадзя Ізраілевіча да рэдакцыі газеты “Новы Час”. Сам бізнесовец на пасяджэнне не прыйшоў, яго інтарэсы прадстаўляе адвакат Алена Калазаева. Справу разглядае суддзя Вераніка Абрамовіч.

    “Новы Час” у судзе прадстаўляе галоўны рэдактар выдання Аксана Колб і аўтар апальнага расследавання Дзяніс Івашын. Таксама інтарэсы Івашына абараняе юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

    У выніку разгляду асноўнае пасяджэнне суда па справе было прызначана на 10 верасня. Таксама суд абавязаў з’явіцца на асноўнае пасяджэнне самога заяўніка Аркадзя Ізраілевіча.

    Па меркаванні Ізраілевіча, рэдакцыя газеты «Новы час» апублікавала шэраг артыкулаў, якія парушаюць яго гонар, годнасць і дзелавую  рэпутацыю.

    Нагода для пазова супраць рэдакцыі і журналіста Івашына палягае ў тым, што са зместу артыкулаў яўна вынікае, што менавіта ён і належнае яму ТАА «ІВ» з’яўляюцца канцавым бенефіцыярам будаўніцтва рэстарана ў Курапатах. Ізраілевіч адзначае, што будаўніцтва рэстарана «Паедзем, паядзім» выклікае «супярэчлівыя» водгукі сярод грамадства. «У шэрагу асобаў пасля прачытання артыкулаў склалася ўстойлівае негатыўнае стаўленне да мяне як да бізнесмена, здольнага забудоўваць месцы гістарычнай памяці дзела атрымання камерцыйнай выгады», — піша Ізраілевіч.

    Сума зыску 40 тысяч рублёў (або каля 20 тысяч долараў). Задавальненне гэтых зыскавых патрабаванняў з вялікай верагоднасцю можа збанкрутаваць рэдакцыю.

    Яшчэ тысячу рублёў ён хоча атрымаць ад Дзяніса Івашына.

    Падчас папярэдніх слуханняў былі агучаныя патрабаванні Ізраілевіча, прад’яўленыя з боку пазоўніка доказы таго, што закранутыя яго гонар і годнасць. У прыватнасці, былі паказаныя раздрукоўкі каментароў з розных сайтаў ( «Наша Ніва», Face­book), у якіх быццам бы выказвалася негатыўнае стаўленне да Ізраілевіча.

    Юрыст ГА «БАЖ» Алег Агееў заявіў у судзе, што Аркадзь Ізраілевіч шмат разоў агучваў сваё меркаванне на розных сайтах наконт будаўніцтва ў Курапатах рэстараннага комплекса «Поедем поедим». І менавіта гэта выклікала рэакцыю аўдыторыі, а не артыкулы ў «Новым часе».

    Рэдактар «Нова Часу» Аксана Колб падкрэслівае, што прысутнасць Аркадзя Ізраілевіча падчас працэсу важная:

    «Хацелася б пачуць яго прэтэнзіі асабіста, а не праз прадстаўніка. Да таго ж, мы трацім свой час. То хай Ізраілевіч, які лічыць, што мы нанеслі яму маральныя страты, затраціць крыху свайго часу на ўдзел у судзе».

    «Мы задаволеныя тым, што суд выклікаў Ізраілевіча для ўдзелу ў працэсе, бо да яго ёсць шмат пытанняў. Мы працягнем даказваць неабгрунтаванасць гэтага пазову. Спадзяемся, што рашэнне суда будзе на карысць свабоды слова і ў пазове будзе адмоўлена ў поўнай форме. Размова ідзе пра злоўжыванне свабодай слова і распаўсюд інфармацыі, што быццам бы не адапавядае рэчаіснасці. Але мы будзем даказваць адваротнае. Адзначу, што сведчанні, якія былі распаўсюджаныя ў такой форме, у прынцыпе не могуць ганьбіць гонар і годнасць чалавека, фізічнай асобы», — гаворыць юрыст Алег Агееў.

    Нагадаем, што ў снежні 2007 года Першамайскі суд сталіцы пастанавіў спагнаць з выдання «Новы Час» кампенсацыю ў памеры 50 млн рублёў члену Савета Рэспублікі Мікалаю Чаргінцу за абразу яго гонару і годнасці. Падставаю стаў артыкул журналіста Аляксандра Тамковіча  «Генерал‑сенатар Чаргінец». А з Тамковіча быў спагнаны 1 мл рублёў. Гэта каля 23 тысяч і 460 долараў адпаведна, паводле курсу рубля на той час.Читать полностью:  https://news.tut.by/society/103144.html

    «Новы Час» — грамадска-палітычнае выданне. Было заснаванае Мінскай гарадской арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Выдаецца з сакавіка 2002 года.

    Газета-штотыднёвік «Новы Час» з’яўляецца адным з нямногіх рэспубліканскіх выданняў, якое выходзіць цалкам на беларускай мове. У выданні надаецца значная ўвага нацыянальнай культурнай і гістарычнай тэматыцы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці