• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ірына Халіп: «Муратаў схільны думаць, што перамены ў Беларусі змогуць дапамагчы Расеі»

    Беларуская журналістка «Новой газеты» — выданьня, у якім працуе ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, — пра асобу Дзьмітрыя Муратава і тэму Беларусі, якая займае важнае месца ў працы рэдакцыі.

    Беларуская журналістка расейскай «Новой газеты», былая палітзьняволеная Ірына Халіп лічыць прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі міру свайму калегу Дзьмітрыю Муратаву цалкам заслужаным. У размове з Радыё Свабода яна распавяла, чым нешараговая асоба Муратава для журналістыкі і як новы Нобэлеўскі ляўрэат ставіцца да падзей у Беларусі.

    — «Новая газета», якую ўзначальвае Дзьмітрый Муратаў, лічыцца дэмакратычным выданьнем. У Беларусі адразу па прысуджэньні прэміі ўспомнілі, што Муратаў падтрымаў выступленьні беларусаў 2020 году супраць аўтарытарнай улады. Ці вялікая ўвага рэдакцыі да падзей у Беларусі цяпер, калі на беларускіх вуліцах няма актыўных пратэстаў?

    — Хачу адзначыць, што цягам 18 год, якія я працую ў гэтай рэдакцыі, увага да беларускіх падзей заўсёды была пільнай. Большасьць іншых выданьняў рэагавала на навіны зь Беларусі «хвалямі»: пры важнай падзеі пачыналі апісваць іх, а як толькі сытуацыя зноў уваходзіла ў стан такой «брэжнеўскай стагнацыі», — цікавіцца пераставалі.

    У «Новой газете» ўсё ня так. Ад мяне заўсёды патрабавалі матэрыялаў пра краіну. Калі няма значных падзей, якія відаць з усіх краін сьвету, тады трэба вышукваць іншыя моманты, якія вызначаюць становішча ў Беларусі, знаходзіць людзей, гісторыі, у цэлым аглядаць сытуацыю. Беларусь ніколі й не сыходзіла са старонак «Новой», цікавасьць да краіны заўсёды была.

    — Што ў розныя часы казаў пра Беларусь галоўны рэдактар газэты?

    — Дзьмітры Муратаў заўсёды ўспрымаў і ўспрымае падзеі ў Беларусі як нешта вельмі важнае для Расеі. Лёгіка простая: усё роўна хтосьці з нас пацягне за сабой другога. Ці Расея першай стане вольнай, і гэта справакуе хутчэйшыя перамены ў Беларусі, ці наадварот, — спачатку нешта незваротнае адбудзецца ў Беларусі, што адаб’ецца рэзанансам у Расеі.

    Хутчэй, на маю думку, адбудзецца якраз другі варыянт. Муратаў цяпер схільны думаць гэтаксама, ён лічыць, што перамены ў Беларусі змогуць дапамагчы Расеі.

    — Ці можам мы сьцьвярджаць, што Дзьмітры Муратаў не прапускае падзей у нашай краіне і зьвяртаецца да нейкага беларускага досьведу ў сваёй журналісцка-грамадзкай дзейнасьці?

    — Абсалютна так. Тым больш што Муратаў адзін з тых, для каго ўвогуле не існуе дзяленьня праблем па нейкіх дзяржаўных, нацыянальных, тэрытарыяльных прыкметах. Для яго няма чужой трагедыі — выбух гэта недзе ці новая ўспышка COVID-19 зь лятальнымі зыходамі. «Новая газета» піша пра ўсе значныя падзеі сьвету, не канцэнтруючыся толькі на Расеі ці яе бліжэйшых суседзях. Нашы журналісты пішуць пра сьвет, менавіта таму Муратава ведаюць у розных краінах.

    Я лічу, што Нобэлеўская прэмія, прысуджаная яму, цалкам заслужаная. Ён варты яе больш, чым хто-небудзь яшчэ.

    — Наколькі супадаюць вашы думкі і прагнозы стасоўна палітычнага становішча Беларусі з поглядамі Муратава?

    — Я б сказала, што ўсё ж такі супадаюць. Муратаў вельмі аптымістычна глядзіць на будучыню Беларусі. Хаця мы часта спрачаемся: Дзьмітрый выступае з пэўнага прагматычнага боку, а я больш эмацыйная. Часам бывае, што мае маскоўскія калегі, рэдактары выпуску просяць: «Іра, ну не пішы ты больш, калі ласка: мы ўжо заўтра пераможам!» А я ўсё роўна пішу.

    — Як Муратаў ставіцца да сваіх творчых дасягненьняў, ці можна казаць, што ён сьціплы чалавек, як пра яго гавораць іншыя?

    — Так і ёсьць, ён досыць сьціпла ўспрымае ўласныя дасягненьні. Мне давялося папрацаваць у многіх рэдакцыях да таго, як знайшла шчасьце свайго жыцьця — «Новую газету». І магу сказаць, што Муратаў — адзіны галоўны рэдактар, які можа выскачыць са свайго кабінэту і пачаць скокаць, гойсаць па рэдакцыі, радуючыся за тое, што нехта з нас, журналістаў, напісаў цудоўны артыкул.

    Чужыя посьпехі для яго маюць большае значэньне за ўласныя. Ён надае большую значнасьць і перавагу дасягненьням іншых, тых, хто працуе зь ім у адной рэдакцыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці