Іосіф Лангбард. Архітэктар, які прысвяціў жыццё Мінску
Будынкі, якія стварыў гэты чалавек, сталі сапраўднай візітнай карткай Мінска. Фота побач з Домам урада, Оперным тэатрам, ці галоўным будынкам Акадэміі Навук Беларусі ёсць у альбомах мінчукоў і гасцей горада. Аднак мала хто можа назваць імя аўтара гэтых архітэктурных пярлін беларускай сталіцы. Тым больш мала хто ведае факты пра жыццё знакамітага архітэктара Іосіфа Рыгоравіча Лангбарда. А гэта быў вельмі таленавіты, адукаваны і сціплы чалавек. Яго працы ўпрыгожваюць не толькі Мінск, але і Магілёў, Оршу, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Харкаў, Кастраму.
Першыя крокі
Нарадзіўся Іосіф Рыгоравіч 5 (18) студзеня 1882 года ў горадзе Бельску, які ў той час уваходзіў у Гарадзенскую губерню Расійскай імперыі. У 1901 годзе ён скончыў гімназію і пераехаў у Адэсу, дзе паступіў у мастацкае вучылішча на архітэктурнае адзяленне. Пасля яго заканчэння будучы дойлід пераехаў у Пецярбург і паступіў у Акадэмію мастацтваў. У жніўні 1914 года пачынаецца Першая сусветнай вайна і Лангбарда прызываюць у Рускае імператарскае войска.
Пасля перападрыхтоўкі на вайскова-тэхнічных курсах нашага героя прызначаюць начальнікам інжынернага атрада. У гэты час па яго праектах былі ўзведзеныя будынкі Імператарскага сельскагаспадарчага музея, Тэатра мініяцюр ў Петраградзе і Кастрамской губернскай земскай управы. Калі ўладу ў Расіі захапілі бальшавікі Лангбард прапанаваў свае паслугі ім. У 1923 годзе ён удзельнічаў у конкурсе праектаў Палаца працы ў Маскве. Праз год Іосіф Рыгоравіч прапанаваў свой малюнак помніка У. Леніну, які планавалася паставіць ля Фінлядскага вакзала. У выніку камісія выбрала іншы варыянт, але праект Лангбарда атрымаў 1‑ю прэмію.
Галоўны будынак савецкай Беларусі
У сярэдзіне 1920‑х — пачатку 1930‑х гадоў Іосіф Рыгоравіч удзельнічаў ў шэрагу конкурсаў на будаўніцтва жыллёвых раёнаў у Маскве, Ленінградзе і Растове-на-Дану. Так, у 1926–1927 гадах архітэктар выканаў конкурсны праект 300-кватэрнага жылога дома для працоўных завода “Чырвоны трохкутнік” у Ленінградзе. Ідэя Лангбарда спадабалася і была прынятая да выканання. Варта пры гэтым адзначыць, што архітэктар як мог, выступаў супраць ідэі “дома-камуны” і спрабаваў абараніць прынцып індывідуальнай кватэры.
У 1929 годзе прапанова ленінградца стала лепшай на конкурсе праектаў будынка Дома ўрада ў Мінску. Цяжкасць праектавання і будаўніцтва галоўнага адміністратыўнага будынка Беларусі заключалася ў тым, што на той момант не было генеральнага плана рэканструкцыі і развіцця Мінска. Цэнтральная частка горада была шчыльна забудавана, таму архітэктарам даводзілася ўпісваць “свае” будынкі ў існуючую забудову. Раён, дзе вырашылі будаваць Дом ураду, быў хаатычна забудаваны драўлянымі, аднапавярховымі дамамі. Насупраць ужо ішло будаўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па праекце архітэктараў І. Запарожца і Р. Лаўрова.
Лангбард разумеў, што ўрадавы будынак вызначыць знешні выгляд Мінска. Ён развярнуў яго фронт уздоўж тагачаснай галоўнай вуліцы горада, дзеля падкрэслівання яго рэпрэзентатыўнасці. Да таго ж ленінградскі архітэктар вялікую ўвагу надаваў афармленню тэрыторыі вакол збудавання. Тут размова ішла пра галоўную плошчу сталіцы БССР, дзе будуць адбывацца вайсковыя парады і агульнарэспубліканскія святы. Дойлід імкнуўся паказаць манументальнасць будынкаў не з дапамогай дарагіх матэрыялаў, але за кошт выкарыстання кампазіцыйных прыёмаў і дбайнай прапрацоўкі дэталяў. Дом ураду ў Мінску стаў архітэктурнай дамінантай горада.
Цэнтральная частка будынка, якая складалася з дзевяці паверхаў, адсунутая ўглыб на 50 метраў і апраўленая з двух бакоў карпусамі, вышыня якіх паступова паніжаецца да пяці паверхаў. Разам з цэнтральным аб’ёмам яны ўтвараюць абмежаваны галоўным корпусам і бакавымі флігелямі парадны двор (курданёр) перад будынкам шырынёй прыкладна ў 100 метраў. У ім Лангбард планаваў устанавіць помнік у гонар стварэння БССР, аднак пазней ад гэтай ідэі адмовіліся.
Што пісалі ў газетах
Варта ўлічваць, што пры будаўніцтве Дома ўраду ў Мінску амаль не выкарыстоўваліся складаныя будаўнічыя механізмы. Першы вежавы кран на будаўніцтве ў сталіцы БССР быў выкарыстаны толькі ў…1940 годзе. Усё рабілі рукамі рабочых. Урадавы будынак здалі ў эксплуатацыю ў лістападзе 1933 года.
Вось, што пра гэта пісала адна з газет савецкай Беларусі за 11 лістапада 1933 года: “Адбылося адкрыццё Дома ўрада. Тут, акрамя 600 працоўных пакояў, маецца 16 залаў, з іх тры прызначаныя для з’ездаў Саветаў, пасяджэнняў СНК і ЦВК”. Зразумела, што адкрыццё было прымеркаванае да чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пасля ўрачыстасцяў рабочыя працягвалі выконваць аздабленчыя працы.
Праз некаторы час будынак быў канчаткова гатовы. На цокальным паверсе знаходзіліся памяшканні, прызначаныя для абслугоўваючага персанала; на першым паверсе знаходзіліся вестыбюлі, гардзеробы, а таксама розныя гаспадарчыя памяшканні; на другім паверсе была зала пасяджэнняў ды працоўныя кабінеты кіраўніцтва БССР. Вышэй знаходзіліся кабінеты розных наркаматаў і аддзелаў. Унутры будынка, па баках лесвіцы, якая вяла ў Савет народных камісараў, былі ўсталяваныя бюсты і помнікі класікаў марксізма-ленінізма, а ў зале пасяджэнняў вялікі барэльеф Сталіна, выкананы А. Бембелям.
Вось як у адной з газет апісваліся ўражанні госця Мінска ад ўбачанага ім у 1934 годзе Дома ўраду:
“На вакзальнай плошчы ў трамвай сеў чалавек. Ён агледзеў вагон, потым пачаў глядзець на вуліцу. Кожны раз ён усё больш уважліва ўзіраўся ў яе, паварочваючыся то ў адно, то ў другое акно.
— А што гэта за будынак? Выглядае, як Харкаўскі дом прамысловасці.
— Дом ураду, — горда адказала дзяўчынка.
Чалавек з вялікай цікавасцю пачаў аглядаць будынак. Паплыла шырокая асфальтавая плошча Леніна. Вакол яе падымаліся лёгкія сцены, з выступамі, балконамі, з аднолькавымі вокнамі. На вышыні паверхаў будынка выпукла вымалёўваўся герб рэспублікі. Сярод плошчы ўзвышаўся бронзавы Ленін, ён з трыбуны выступаў перад чырвонаармейцамі, якія адпраўляліся на белапольскі фронт. Ля ног яго стаялі жывыя кветкі. Пабліскваў чорны граніт пастамента. Трамвай імчаўся…”
Сапраўды, перад галоўным адміністратыўным будынкам БССР быў пастаўлены помнік “правадыру сусветнай рэвалюцыі”. Яго аўтарам быў скульптар Матвей Манізер. Прапанаваныя на конкурс выявы помніка Леніну выстаўляліся на суд грамадскасці ў мінскай Зале рэспубліканскага дома грамадскай асветы, якая знаходзілася на рагу вуліц Энгельса і Маркса. І конкурсная камісія, і грамадскасць, прыйшлі да высновы, што лепшым з’яўляецца праект Манізера, на якім Ленін “звяртаецца” да чырвонаармейцаў, якія адпраўляюцца на “бой з панамі”. Дарэчы, тэма “польска-бальшавіцкай вайны” была абраная не выпадкова. Паводле Рыжскай мірнай дамовы, падпісанай у сакавіку 1921 года паміж савецкай Расіяй і Другой Рэччу Паспалітай, Заходняя Беларусь засталася за палякамі. Савецка-польская мяжа знаходзілася ў 30–40 км ад сталіцы савецкай Беларусі. На працягу ўсяго міжваеннага дваццацігоддзя Крэмль разглядаў менавіта Польшчу, як найбольш верагоднага праціўніка ў будучай вайне. А БССР была заходнім фарпостам “краіны Саветаў” на мяжы з варожым “капіталістычным светам”. Варта дадаць, што першапачаткова Лангбард планаваў устанавіць помнік ў цэнтры плошчы, аднак пазней ад гэтай ідэі адмовіліся. Пастамент, на якім стаяў Ільіч, быў зроблены з чорнага лабрадарыта. Да яго былі прымацаваныя чатыры барэльефы.
Будынак Дома ўраду ў Мінску ўразіў жаўнераў вермахта, якія ўвашлі ў Мінск на шосты дзень пасля нападу Германіі на СССР. Дзякуючы таму, што амаль у кожнага немца быў фотаапарат сёння мы можам бачыць тое, як у чэрвені 1941 года выглядалі вуліцы тагачаснага Мінска і адзін з галоўных твораў Лангбарда. Варта адзначыць, што хутка пасля акупацыі горада немцы зрынулі помнік Леніну, які стаяў перад Домам ўрада і вывезлі яго ў Германію на пераплаўку. А вось з гербам БССР, прымацаваным на фасадзе будынка, давялося пакорпацца. Дэмантаваць яго не змаглі, таму спачатку гэты сімвал завесілі сцягам “СС”, а пазней зачынілі шыльдай з выявай свастыкі. Кадры кінахронікі, на якой савецкія жаўнеры збіваюць гэты сімвал акупацыі можна ўбачыць ў шматлікіх мастацкіх і дакументальных фільмах пра Другую сусветную вайну. Дарэчы, пры адступленні ў 1944 годзе нацысты збіраліся ўзарваць мінскі Дом ураду. Гэтаму перашкодзіў маланкавы наступ савецкага войска і хуткае вызваленне горада ад нацыстаў. Аднак савецкім сапёрам давялося доўга размініраваць нашпігаваны авіяцыйнымі бомбамі галоўны адміністратыўны будынак БССР.
Працяг будаўніцтва ў Мінску
Пасля пераезду ўрадавых устаноў БССР у новы будынак Дома ўраду былы архіерэйскі асабняк быў перададзены ў распараджэнне камандавання Беларускай вайсковай акругі РСЧА. У 1934 годзе было прынята рашэнне будаваць на гэтым месцы Дом Чырвонай Арміі. Першапачаткова за рэалізацыю праекта ўзяліся архітэктары А. Крылоў і Н. Макляцова, аднак іх прапанова выклікала буру крытыкі і “адказныя таварышы” вырашылі перадаць справу ў рукі Іосіфа Рыгоравіча. Пры гэтым архітэктару паставілі ўмову: узводзіць новы будынак з выкарыстаннем часткі старых сцен архіерэйскага падворку.
Па сутнасці Лангбард мусіў будаваць, калі казаць сённяшняй мовай, “грамадска-забаўляльны комплекс” з клубам, вучэбнымі пакоямі, бібліятэкай, рэстаранам, тэатрам (на 1000 месцаў), кінатэатрам (800 месцаў), басейнам і іншымі ўстановамі). І ён з гэтым справіўся.
Урачыстая закладка першага камяня на месцы будаўніцтва адбылася 24 лютага 1934 года ў прысутнасці шматлікіх мінчан і камандавання Беларускай вайсковай акругі. Першапачаткова планавалася, што фасад Дома Чырвонай Арміі імя К. Варашылава будзе павернуты не да Аляксандраўскага скверу, а ў бок Свіслачы, але пазней планы пераглядзелі. Адкрыццё будынку адбылося 18 лістапада 1936 года. Яго “твар” быў упрыгожаны паўкалоннамі, якія адыгрывалі важную канструктыўную ролю, бо прымалі на сябе нагрузку міжпавярховых перакрыццяў і ўзмацнялі сцены. За выкананую працу Іосіф Рыгоравіч атрымаў падарунак ад наркама абароны Сямёна Цімашэнкі — патэфон.
Адным з найбольш грандыёзных праектаў Лангбарда ў Мінску быў Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета. У ліпені 1933 годзе на Троіцкай гары (самай высокай кропцы даваеннага Мінска), у чарговую гадавіну вызвалення горада ад польскіх войскаў, адбылася закладка першага каменя ў фундамент тэатра. Першапачаткова архітэктурны план будынка распрацаваў Рыгор Лаўроў. Ён хацеў пабудаваць грандыёзны палац, аднак пазней ад гэтага праекта адмовіліся.
Па адной з версій, адбылося гэта з прычыны, што такая вялікая пабудова магла стаць выдатным арыентырам для польскай артылерыі, якая магла б, у выпадку вайны, са сваёй тэрыторыі абстрэльваць Мінск. На вышынях, якія знаходзіліся ля Ракава, Заслаўя і Радашковічаў, польскія вайскоўцы паставілі спецыяльныя назіральныя вышкі, з якіх у добрае надвор’е, у бінокль, раглядалі беларускую сталіцу. Туды, дарэчы, часта прыязджалі і чыноўнікі Віленскага ваяводства, каб таксама паназіраць за сталіцай савецкай Беларусі.
Кіраўніцтва БССР патрабавала стварыць “універсальны” тэатр, які можна было б выкарыстоўваць для розных культурна-масавых мерапрыемстваў. Былі праведзеныя адкрыты і закрыты конкурсы на лепшы праект. У рэшце рэшт, перамагла прапанова аўтара мінскага Дома ўрада. Па меркаванні Іосіфа Рыгоравіча цэнтральным ядром кампазіцыі і вонкавага аб’ёма была вялікая глядзельная зала. Светлыя файе першага і другога паверхаў паўколам ахоплівалі глядзельную залу. За афармленне інтэр’ераў адказваў скульптар А. Бембель. Гардэробы былі размешчаныя ўздоўж вонкавага контуру будынку. Памер тэатра складаў 300 тысяч кубаметраў.
Аднак і гэты праект перагледзелі ў бок змяншэння памераў глядзельнай залы і змянення структуры куліснай часткі. У дадатак была скарочана смета, што паўплывала на аздабленне. Лангбард быў вымушаны адмовіцца ад устаноўкі скульптур у нішах галоўнага фасада і ад партала цэнтральнага ўвахода. Нарэшце, не сталі будаваць і апошні ярус. Звязана гэта было ўсё з той жа бояззю стварыць дадатковы арыентыр для польскіх назіральнікаў у раёнах Ракаў-Радашковічы. Дарэчы з гэтым будаўніцтвам была звязана афёра. Супрацоўнікі Аддзела па барацьбе з раскраданнем сацыялістычнай маёмасці затрымалі злачынцаў, якія спрабавалі прысабечыць 1 мільён 800 тысяч рублёў з бюджэту будаўніцтва. Адкрыццё тэатра оперы і балета ў Мінску адбылося 10 сакавіка 1938 года. Гэты будынак прызнаны спецыялістамі адным з лепшых узораў савецкага канструктывізму.
Але тэатральная тэматыка ў працы Лангбарда на гэтым не скончылася. У гэты ж час ён распрацаваў праект абласнога драматычнага тэатра ў Магілёве і прапанаваў сваё бачанне рэканструкцыі будынку Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ1; сёння Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Абодва праекты маюць аднолькавую ярусную схему арганізацыі глядзельнай залы.
У 1935 годзе Іосіфу Рыгоравічу даручылі скончыць узвядзенне будынка Акадэміі навук БССР, над якім працаваў Рыгор Лаўроў. Частка будынкаў ужо была гатовая, аднак кіраўніцтва рэспублікі вырашыла замяніць архітэктара. Лангбард пакінуў першапачатковую планіроўку карпусоў, пры гэтым ён паспрабаваў узбагаціць мастацкую выразнасць кампазіцыі. Дзеля гэтага архітэктар аб’яднаў развернутыя пад прамым вуглом карпусы дакладных і грамадскіх навук адзіным весцібюлем з параднай трохмаршавай каланадай. Такім чынам, уся аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя атрымала ўрачыстую манументальнасць. Новы будынак Акадэміі навук нагадваў хутчэй палац, чым навуковую ўстанову. Да таго ж побач знаходзіліся досыць сціплыя будынкі клінічнага гарадка і карпусы палітэхнічнага інстытута. Такая “разнастайнасць” архітэктурных форм у гэтым раёне Мінска захоўвалася да канца Другой Сусветнай вайны.
У канцы 1930‑х гадоў у Мінску пачынаецца будаўніцтва штаб-кватэры ЦК КПБ. Быў праведзены закрыты конкурс, у якім паміж сабой канкуравалі праект Іосіфа Лангбарда і сумесная праца Уладзіміра Вараксіна і Аляксандра Воінава. Праект аўтара Дома ўраду прадстаўляў з сябе будынак, зроблены ў святочна-пампезным характары, з суцэльным карынфскім ордэрам і з пышнымі барочнымі формамі. У сваю чаргу, супрацоўнікі Белдзяржпраекта прапанавалі пабудаваць маналітны аб’ём са сціплымі дэталямі. У рэшце рэшт, на гэтым і спыніліся. Будынак узводзіўся ў 1939–1941 гадах, але быў скончаны толькі ў 1947 г.
Сталіца пераязджае?
У снежні 1937 года было прынята рашэнне аб пераносе сталіцы БССР з Мінска ў Магілёў. 17 сакавіка 1938 года ў друку з’явілася пастанова СНК БССР “Аб генеральным плане рэканструкцыi горада Магiлёва”, у якой горад на Дняпры называўся адмiнiстрацыйна-палітычным цэнтрам рэспублікі, куды ў тэрміновым парадку павінны былі пераехаць Беларускі дзяржуніверсітэт, Акадэмія Навук, Інстытут фізічнай культуры і іншыя ўстановы. У 30‑м пункце пастановы адзначалася, што планаваны рост насельніцтва ў бліжэйшую дзесяцігодку дасягне 235 тысяч чалавек. Як вядома, лангбардаўскі Дом ўраду ў Магілёве ствараўся ў адпаведнасці з патрабаваннямі стылю канструктывізму. Насупраць яго будаваўся т. зв. “адміністратыўны будынак” (архітэктар П. Абросімаў), у якім планавалася размясціць НКУС БССР. Тая пабудова мела пышныя формы карынфскага ордэру. Нарэшце, па баках плошчы ўзводзіліся жылыя дамы для наменклатуры. З‑за таго, што над афармленнем цэнтра Магілёва працавалі розныя архітэктары, адзіны архітэктурны ансамбль зрабіць не ўдалося.
Цэнтрам магілёўскага Дома ўраду быў васьміпавярховы аб’ем, які з двух бакоў фланкіраваўся сяміпавярховымі карпусамі, якія ў сваю чаргу пераходзілі ў пяціпавярховыя будынкі, што арганізоўвала ўнутраны двор перад будынкам. Аднак Лангбарду давялося адмовіцца ад стварэння залы пасяджэнняў, якая павінна была прымыкаць да тылавога фасада. Пры стварэнні Дома ўрада ў Магілёве Іосіф Рыгоравіч прымяніў “дынамічны рытм”.
Пераезд сталіцы з Мінска ў Магілёў планавалі на восень 1939 года. Аднак планы мінскіх чыноўнікаў зблыталі Гітлер і Сталін, якія ў жніўні 1939 года падпісалі Пакт аб ненападзе, да якога далучаўся сакрэтны пратакол, што прадпісваў падзел Другой Рэчы Паспалітай паміж нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам. 1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветнай вайна, а праз 17 дзён Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу і далучыла Заходнюю Беларусь да БССР. Неабходнасць пераносу сталіцы з Мінска ў Магілёў адпала.
Аднаўленне знішчанага
У выніку Другой сусветнай вайны тэрыторыя Беларусі значна пацярпела. Баявыя дзеянні на нашу зямлю прыйшлі ў верасні 1939 года, а іх заканчэнне прыйшлося на лета 1944 года. Адразу пасля гэтага пачалося аднаўленне разбуранай вайной краіны. У 1942 годзе Іосіф Лангбард прыняў удзел у пасяджэнні Саюза архітэктараў Беларусі і сакратарыята Усесаюзнага праўлення Саюза архітэктараў СССР у Маскве. На мерапрыемстве абмяркоўваліся планы аднаўлення разбуранай вайной Беларусі і асабліва шмат ўвагі надавалася пытанню адбудовы Мінска. Ужо тады Іосіф Рыгоравіч прапанаваў свае меркаванні па аднаўленні Плошчы Леніна ў сталіцы БССР. У пачатку 1944 года эскізы архітэктара экспанаваліся ў Дзяржаўнай Трэцьякоўскай галерэі ў Маскве. Рашэннем савецкага ўрада ў 1943 г. было створана Упраўленне па справах архітэктуры пры СНК БССР, якое павінна было кіраваць і кантраляваць праектаванне, аднаўленне і рэканструкцыю беларускіх гарадоў і вёсак.
У ліпені 1944 года сталіца Беларусі была вызваленая ад нацыстаў. Горад уяўляў з сябе сумнае відовішча. Значная частка будынкаў у цэнтры горада была знішчаная ў выніку жудаснага нямецкага авіяналёта 24 чэрвеня 1941 года. Дасталося Мінску і падчас баёў 1944 года. Ужо ў жніўні пачала працаваць камісія Камітэта па справах архітэктуры пры СНК СССР, у якую быў уключаны і Іосіф Лангбард. У жніўні таго ж 1944-га Лангбард узначальвае майстэрню інстытута “Белдзяржпраект”. Іосіфа Рыгоравіча больш за ўсё цікавіла аднаўленне тых будынкаў, што былі пабудаваныя ў Мінску ў 1930‑я гады па яго праектах. Ён актыўна ўзяўся за адбудову Дома афіцэраў, штаб-кватэры Акадэміі Навук, Тэатра оперы і балета. У апошнім выпадку трэба было правесці вялікую працу, бо тэатральны будынак патрабаваў буйной рэканструкцыі. У 1949 годзе за выдатныя поспехі ў працы па аднаўленню Мінска Лангбарда ўзнагародзілі Ордэнам “Знак пашаны”.
У гэты ж час Іосіф Рыгоравіч распрацаваў праекты жыллёвых катэджаў. Акрамя гэтага, сумесна з архітэктарам М. Бакланавым ён склаў праект кінатэатра “Перамога” (1948 г.), за аснову для якога быў узяты фундамент і сцены клуба харчавікоў, пабудаванага ў 1929 годзе і знішчанага падчас вайны.
У канцы 1944 — пачатку 1945 года быў праведзены ўсесаюзны конкурс на распрацоўку праекта забудовы цэнтра Мінска. У выніку было акрэсленае месца і агульная кампазіцыя галоўнай плошчы сталіцы БССР. Праект Лангбарда, пададзены на конкурс, не пакутаваў гігантаманіяй, якая тады панавала ў савецкай архітэктуры, але ўлічваў асаблівасці горада на Свіслачы. У 1947 годзе быў праведзены Другі ўсесаюзны конкурс на забудову цэнтра Мінска. У ім удзельнічалі І. Лангбард, М. Паруснікаў, І. Фамін, М. Асмалоўскі і іншыя. У праекце Іосіфа Рыгоравіча рабіўся акцэнт на ўзаемасувязь цэнтральнай плошчы з Плошчай Свабоды. Таксама яго праект прадугледжваў зялёную зону ўздоўж Свіслачы. Нарэшце, Лангбард прапанаваў спалучыць новы архітэктурны ансамбль двумя магістралямі з гістарычным цэнтрам горада і раёнам Тэатра оперы і балета.
У Крамлі Мінску і іншым сталіцам саюзных рэспублік навязвалі свае погляды, якія базаваліся на насаджванні “класічнай рускай архітэктуры”. Мінскія архітэктары (у тым ліку і Лангбард) спрабавалі супрацьстаяць гэтаму, аднак безпаспяхова. Больш таго, Іосіфа Рыгоравіча сталі абвінавачваць у прасоўванні “буржуазных” поглядаў у архітэктуры. Зайздроснікі спрабавалі папсаваць жыццё архітэктара яшчэ да вайны.
Напрыклад, у альбоме “Мастацтва БССР за 15 год (1917–1932 гг.)”, выдадзеным у пачатку 1930‑х гадоў, адзначалася”: “На архітэктурным фоне БССР займаюць акрэсленае месца две групы: старыя архітэктары Гайдукевіч, Дзянісаў, Цісэн і інш., якія з’яўляюцца прадстаўнікамі буржуазнага эклектызма, і моладзь, якая прайшла новую, сучасную школу — Лаўроў, Валадзько, Воінаў. З архітэктараў, якія маюць уплыў на архітэктурнае жыццё Беларусі, варта адзначыць імёны маскоўскіх архітэктараў Запарожца, Лангбарда, Бурава, мастака-архітэктара Гольца і архітэктара Оля, якія насаджаюць у Беларусі сучасны заходні буржуазны канструктывізм. Найбольш характэрныя збудаванні БССР: Універсітэцкі гарадок, які налічвае 10 карпусоў. Вельмі добра размешчаны яго галоўны корпус. Дом ураду з’яўляецца адным з найбуйнейшых збудаванняў БССР. Аднак праект Дома прадстаўляе з сябе тыповае рэакцыйнае рэстаўратарства, эпігонскае падражанне класіцызму”.
У іншым, ужо пасляваенным выданні адзначалася: “Будынак Дома афіцэраў, які знаходзіцца на высокім краі, няўдала выглядае з боку парка культуры і адпачынку і ўсёй зарэчнай частцы горада, куды ён звернуты сваім тыльным фасадам. Яшчэ больш не выразнымі з’яўляецца, пабудаваныя ў 1937 г. будынак Дзяржаўнага тэатра оперы і балета і Акадэміі навук БССР”.
Лангбард падрыхтаваў даклад на канферэнцыю архітэктараў, аднак 28 чэрвеня 1947 года атрымаў на яго адмоўную рэцэнзію, у якой адзначалася:
“Кажучы пра архітэктуру Беларусі аўтар робіць найгрубейшыя памылкі. Ён лічыць, што вывучэнне помнікаў самабытнай беларускай архітэктуры з’яўляецца зыходнай кропкай для далейшага развіцця. Самабытнасць тут не пры чым. Паняцце самабытнасці — буржуазнае паняцце. […] На старонцы 10 аўтар сцвярджае, што старажытная беларуская архітэктура аказала ўплыў на маскоўскую. Адкуль у аўтара такія адкрыцці? Невядома”.
Праз 20 дзён пасля выдання гэтай рэцэнзіі загадчык упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце міністраў БССР Міхаіл Асмалоўскі вырашыў “вызваліць” Іосіфа Лангбарда з пасады. Як адзначаюць даследчыкі гісторыі Мінска, калі таленавітага дойліда “выгналі” са сталіцы БССР, то пачалося актыўнае знішчэнне шматлікіх мінскіх архітэктурных помнікаў дасавецкага перыяду, якія перажылі вайну.
У 1948 г. Іосіф Рыгоравіч з’ехаў у Ленінград. Там ён працягваў выкладаць у Акадэміі мастацтваў, але наступствы вайны падарвалі здароўе знакамітага архітэктара. 3 студзеня 1951 года, ва ўзросце 68 гадоў, Лангбард памёр і быў пахаваны на Серафімаўскіх могілках у Ленінградзе.
Цікавы факт: да сярэдзіны 1950‑х гадоў падчас будаўніцтва і рэканструкцыі плошчы Леніна і тэрыторыі вакол Дома ўраду ў Мінску ўлічваліся распрацоўкі і пажаданні Іосіфа Рыгоравіча. Гэта дадаткова сведчыць пра талент і майстэрства гэтага выдатнага беларускага дойліда.