• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інтэрпол выкрасліў Андрэя Гнёта са свайго «чырвонага спісу»

    У лісце з Генеральнага сакратарыята Інтэрпола пазначана, што знаходжанне Андрэя Гнёта ў так званым спісе «red notices for want­ed per­sons» супярэчыць артыкулам 2 і 3 статута Інтэрпола. Зараз журналіст чакае апеляцыйнага суда, хатні арышт у Сербіі працягваецца.

    Андрэй Гнёт. Фота з асабістага архіва

    Генеральны сакратарыят Інтэрпола ў электронным лісце паведаміў Прадстаўніцтву Еўрасаюза ў Сербіі пра тое, што падстаў для знаходжання беларускага журналіста Андрэя Гнёта ў міжнароднай базе Інтэрпола ці ў «red notices for want­ed per­sons» няма.

    Інтэрпол прызнае палітычную падаплёку справы журналіста. Як вынікае з ліста (служба маніторынгу БАЖ мае яго ў сваім распараджэнні), знаходжанне Андрэя Гнёта ў «чырвоным» спісе супярэчыць артыкулам 2 і 3 Статута Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі.

    Згодна артыкулу 2, Інтэрпол мае на мэце забяспечваць «шырокае ўзаемадзеянне крымінальнай паліцыі ў межах дзейнага заканадаўства краіны і ў духу Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека».

    Артыкул 3 падкрэслівае: «Арганізацыі катэгарычна забараняецца ажыццяўляць якое-небудзь умяшальніцтва ці дзейнасць палітычнага, ваеннага, рэлігійнага ці расавага характару».

    «З Прадстаўніцтва ЕС у Сербіі ліст Інтэрполу перанакіравалі мне і майму адвакату. Зараз мы звярнуліся ў Інтэрпол, каб яны даслалі пацвярджэнне свайго рашэння ў выглядзе афіцыйнага дакумента за подпісам гендырэктара Інтэрпола, — паведаміў Андрэй Гнёт. — Можам пасля гэтага ліста казаць пра тое, што ад самага пачатку мой вышук быў палітычна матываваным. Але тут, канечне, у мяне пытаннечкі ёсць да Інтэрпола. Як адбываецца так, што вы спачатку чалавека арыштоўваеце і садзіце яго за краты, ён змагаецца з экстрадыцыяй, а потым вы ўжо разбіраецеся і кажаце: “Ой, дык мы ж свой уласны статут і парушаем!”. Гэта даволі абсурдная сітуацыя».

    Пагроза пераследу ў Беларусі застаецца вострай

    Але на рашэнні Інтэрпола, як кажа Андрэй Гнёт, праблемы не скончыліся — пагроза экстрадыцыі ў Беларусь застаецца.

    «Што робіць Сербія? Сербскія ўлады заплюшчваюць вочкі і кажуць: дык мы яго трымаем пад арыштам не таму, што Інтэрпол папрасіў, а таму што ў нас ёсць двухбаковае пагадненне з Беларуссю, нам ужо той Інтэрпол і нецікавы. Мы вось яго спачатку затрымалі па інтэрполаўскай заяве, а пасля скасавання той заявы трымаем, бо ў нас ёсць ад Беларусі запыт канкрэтна да нас», — тлумачыць журналіст.

    Пры гэтым, заўважае Андрэй Гнёт, яго абарона бачыць тут юрыдычны казус. Справа ў тым, што, паводле стандартаў Інтэрпола, тэрмін утрымання пад вартай падаўжаецца кожныя два месяцы 30 чысла ад 10:45 раніцы.

    «То бок гэтыя 30 чысло і 10:45 раніцы — гэта інтэрполаўскае. Значыць, паводле сваіх законаў, сербскія органы мусілі б мяне адпусціць і потым пераарыштаваць ужо па новай даце — па тых самых двухбаковых пагадненнях з Беларуссю. Але гэтага не адбылося. Яны зараз спасылаюцца на двухбаковыя пагадненні, але дата майго арышту, даты падаўжэння тэрміну ўтрымання застаюцца інтэрполаўскімі», — распавядае Андрэй Гнёт.

    13 чэрвеня Андрэй Гнёт падаў скаргу на рашэнне Вярхоўнага суда Сербіі аб экстрадыцыі ў Апеляцыйны суд: «Падалі апеляцыю, мы маем на гэта права. Але гэта ўжо будзе мая апошняя апеляцыя і мой апошні шанец, каб сябе нейкім чынам абараніць і зберагчы сваё жыццё. Калі будуць слуханні гэтага апеляцыйнага суда, не ведае ніхто. Суддзя можа прызначыць пасяджэнне як у бліжэйшыя два тыдні, так і ў бліжэйшыя два-тры месяцы. І ўвесь гэты час я павінен знаходзіцца пад хатнім арыштам».

    Паводле Андрэя Гнёта, умовы хатняга арышту жорстка акрэсленыя:

    «Я магу пакідаць кватэру на адну гадзіну, гэта абсалютна жорстка вызначаная гадзіна — кожны дзень у адзін і той жа час. Я не магу гэта змяняць, хвіліна ў хвіліну я павінен вярнуцца дахаты. Калі я гэтага не зраблю, дык мяне вернуць назад у цэнтральную турму Бялграда.

    Што я магу зрабіць за гэтую гадзіну? Я магу трошкі прайсціся па вуліцы, зайсці ў краму купіць сабе ежы, зайсці ў аптэку купіць нейкіх лекаў, дый усё. Нічога істотнага за гэтую гадзіну я зрабіць не магу. У мяне ёсць пэўная праблема з нагой, але вырашыць яе зараз немагчыма абсалютна, таму што трэба пісаць спецыяльнае хадайніцтва на імя суддзі, суддзя гэтае хадайніцтва будзе разглядаць. І для гэтага трэба папярэдне яшчэ запісацца да лекара ў нейкі шпіталь, але які — невядома. Ды й за гэта ўсё трэба яшчэ плаціць адвакатам, бо рабіць гэта могуць толькі яны».

    Пры гэтым, кажа Андрэй Гнёт, вынік справы, нягледзячы на аптымістычныя навіны ад Інтэрпола, непрадказальны: «Гэта як казіно. Калі я размаўляў з дыпламатамі краін ЕС, адзін з іх заўважыў: “Андрэй, гэтая справа ляжыць у палітычнай плоскасці, будзеш ты выступаць на судзе ці не выступаць, танцаваць, спяваць, жартаваць — усё гэта не мае ніякага сэнсу. Ты можаш рабіць на судзе што заўгодна. Гэта проста цалкам палітычная справа».

    Андрэй Гнёт заўважае, што міжнародны розгалас, падтрымка журналісцкіх, праваабарончых арганізацый насамрэч сур’ёзна дапамаглі і дапамагаюць ягонай справе, «бо, калі б не было гэтага ўплыву, то, можа, яшчэ 7 снежня экстрадыравалі б».

    «Сербскім уладам, я так разумею, хацелася тады экстрадыраваць мяне ціхенька, без шуму. Але ім гэта не ўдалося, бо мы падалі апеляцыйную скаргу, і Апеляцыйны суд стаў на наш бок, — распавядае Андрэй Гнёт.

    — Што дапамагае? Дапамагае публічны і палітычны ціск. Усе гэтыя стэйтмэнты, рэзалюцыі, якія робяць журналісцкія асацыяцыі, кіношныя асацыяцыі, праваабарончыя арганізацыі — вось гэта ўсё працуе. Бо за публічным ціскам, сацыяльным, у сваю чаргу адбываецца палітычны ціск. Бо, вядома ж, еўрачыноўнікам трэба неяк рэагаваць.

    Да таго ж зазначу, што мае сербскія адвакаты кажуць, што статус палітзняволенага зняў бы ўсе пытанні, бо Сербія была б вымушаная гэта ўлічыць — у новай Сербіі (пасля Мілошавіча) не было ніводнага палітвязня. І яна ў 2012 годзе падала заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі саюз. Гэтай заяўцы могуць сказаць «да пабачэння» пры наяўнасці ў Сербіі палітычнага вязня. А гэта для Бялграда вельмі-вельмі сур’ёзна — галоўныя інвестыцыі яны атрымліваюць не ад Беларусі і Расіі, а ад ЕС. Таму вось так».

    41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем».

    Мужчына быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі, калі прыляцеў у Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку па запыце беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

    Спачатку мужчыну было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка 2024 года Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў гэтую пастанову. Пасля гэтага справа аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта пераглядалася яшчэ некалькі разоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці