«Мы былі дружныя з Эйсмантам». Гутарка з вядучым Алегам Цітковым, які аддаў БТ амаль 20 гадоў, але звольніўся пасля выбараў
Пра новую дзейнасць у эміграцыі, сяброўства з Эйсмантам і Марцавым, начальніка Давыдзьку, пра тосты, якія гучалі на дзяржаўных карпаратывах пасля 2020 года, — у інтэрв’ю «Нашай Нівы».
Алег Ціткоў — адзін з самых пазнавальных твараў народнай праграмы «Белорусское времечко» на БТ. Быў. Да 2020 года, у якім ён апынуўся ў ліку тых журналістаў, якія вырашылі звольніцца з тэлебачання ў знак пратэсту. Мара стаць 60-гадовым гуру, які будзе перадаваць новаму пакаленню медыйшчыкаў досвед і весці мудрыя праграмы пад фінал кар’еры, не здзейснілася. У 50 ён пачаў жыццё з нуля ў новай краіне.
«Наша Ніва»: Вы цяпер жывяце ў Вільні, раскажыце, чым зарабляеце на хлеб?
Алег Ціткоў: Я тут ужо паўтара года. Як гэта ні дзіўна — займаюся лагістыкай: камунікую з заходнімі пастаўшчыкамі і перавозчыкамі. Першыя тры месяцы па прыездзе актыўна спрабаваў знайсці працу па пакліканні, у медыя. Вёў перамовы амаль з усімі рускамоўнымі рэдакцыямі — LRT, Delfi, RADIO•R, BBC, «Настоящее время», «Радыё Свабода». У літоўскіх СМІ аб’ём рускамоўнага вяшчання, як вы разумееце, скарачаецца, і сваіх спецыялістаў хапае, так што ўзаемадзеянне з імі ў мяне складвалася з трох падобных стадый: ваў, «мы падумаем» і знікненне. З іншымі проста па аб’ектыўных прычынах не атрымалася знайсці агульныя кропкі судотыку.
Трэба было прыдумляць штосьці больш прыземленае, для падтрымлівання рэальнасці — знайшлася магчымасць працы ў лагістыцы.
Але там-сям мяне запрашаюць і мерапрыемствы правесці, і агучванне ролікаў адбываецца, як voice actor я не знік з гарызонту. Нават некалькі ролікаў RADIO•R агучыў — гэта былое Рускае радыё ў Літве.
«НН»: Назіралася ломка без гэтай самай прафесіі па пакліканні?
АЦ: Эміграцыя — гэта не турызм. І розум прымае, што трэба займацца тым, чым магчыма, каб забяспечыць базавыя патрэбы.
Другая справа, што з пункту гледжання псіхалогіі перыядычна былі пагружэнні ў дастаткова глыбокія ўнутраныя перажыванні. Уявіць сабе такія кардынальныя перамены ў 50 гадоў (а ў 2022‑м, калі я быў вымушаны пакінуць радзіму, мне якраз споўнілася 50)… Думаеш: ну як так, гэта ж не маё рашэнне, за мяне ўсё вырашылі.
Але тут жа сабе адказваеш, што гэта і тваё рашэнне ў тым ліку, то і чаго енчыць.
Не буду рабіць з сябе ідэал: я з алкаголем на «ты». Магу дазволіць сабе алкагольны вечар, каб дадаць часам дафаміну. Я палю — гэта таксама дае кароткае расслабленне. Але галоўнае ўсё ж — мець унутраную вытрымку.
Ведаеце, у 2017 годзе на сваё 45-годдзе я пасля доўгіх угаворванняў сябрам Дзянісам Дудзінскім зрабіў сабе падарунак — прыняў яго запрашэнне паехаць у экспедыцыю ў Перу. У нас там была Мачу-Пікчу, Амазонка, і адзін этап — каньён Колка, глыбіня якога складае 900 метраў. Трэба разумець, што каньён — як каменны мяшок, у якім няма святла — яно толькі ці дзённае, ці ад вогнішча. А калі прыходзіць ноч, нават зоркі і Месяц не даюць святла.
І вось у першую ноч мы ляглі там спаць, і недзе праз пару гадзін у мяне расплюшчыліся вочы, і здарылася першая і апошняя ў маім жыцці панічная атака: вакол — цемра, вочы расплюшчаныя, але нічога не відаць.
Я спрабаваў знайсці нейкую асацыятыўнасць, цвёрдасць, але нічога не дапамагала. Я проста ў выніку лёг і пачаў згадваць самае цёплае і лепшае, думаць пра добрых людзей, нешта сабе напяваць, і потым ужо выпадкова намацаў налобны ліхтар — уключыў яго і хутка заснуў зноў.
Тое выпрабаванне нечакана стала зусім нялёгкім — маё сэрца ў той цемры гатовае было разарвацца. Цяпер у стрэсавых сітуацыях я згадваю той момант і разумею, што тады мне было куды больш складана.
Калі ёсць святло, людзі вакол, ёсць сілы і мазгі, усё вырашальна.
«НН»: Раскажыце, як адбываўся ваш выезд з Беларусі, усё ж пасля звальнення з БТ у 2020‑м вы пражылі там яшчэ два гады.
АЦ: На 21 кастрычніка 2022 я запланаваў на тэрыторыі Грузінскага дома вялікі аўтарскі музычна-паэтычны вечар, на які збіралася прыйсці каля 150 чалавек. На той момант я ўжо быў забаронены для замоваў агучкі, так што жыў падпрацоўкамі на карпаратывах, запісамі вершаў.
Як высветлілася потым, гэта трыгернула праўладныя каналы: як гэта той, хто адмовіўся выходзіць у эфіры, звольніўся з БТ, на маршы хадзіў са сцягам, на якім на белым палатне чырвонымі літарамі было напісана «БТ з народам», сабе такое дазваляе.
Я насамрэч і раней разумеў, што гэта ўсё бясследна не міне. Спрабаваў шукаць варыянты, збіраўся з’язджаць у пачатку 2022 года ва Украіну, з’ездзіў туды навесці ўсе магчымыя масты. Вярнуўся ў Беларусь 6 лютага, а там мінула некалькі тыдняў — і пачалася вайна. Жыццё для ўсіх, у тым ліку для мяне, пачало новы адлік.
Ужо восенню, 19 кастрычніка 2022 года, мне пачалі актыўна званіць і расказваць, што ў тэлеграм-каналах пачалася атака ў мой бок. Я вельмі хутка сабраў заплечнік і вылецеў у Стамбул. Потым быў Ерэван і вось Літва.
«НН»: Вы самі сябе называлі «дзяржаўным чалавекам», і частка з вашых калег проста ціха перачакалі «буру» і працягнулі працу ўнутры БТ. Што ў вас знянацку перавярнулася ў свядомасці?
АЦ: Па знаку задыяка я Рыбы, вельмі эмацыйны чалавек. І я дакладна ведаю, што не змог бы працаваць у новых умовах. Я так і казаў у 2020‑м: не магу выходзіць у эфір, калі ў мяне на радзіме адбываецца такое — гэта не норма і няправільна. Нават самыя цяжкія пытанні не павінны так вырашацца.
Людзі, якія засталіся і працуюць у дзяржаўных СМІ — яны прынялі гэтую пазіцыю, яны, відаць, умеюць хлусіць самі сабе, умеюць быць зручнымі. Плюс ёсць тыя, хто сапраўды шчыра ва ўсё гэта верыць, іх усё задавальняе, але такіх няшмат.
«НН»: З усіх вашых кіраўнікоў падчас працы на БТ — хто быў самы дэмакратычны, а хто ўладарны?
АЦ: За перыяд маёй працы ў Белтэлерадыёкампаніі — амаль 20 гадоў — разумных, мудрых менеджараў і тэлевізійшчыкаў там хапала. Іншая справа, што падзеі 2020 года ўнеслі істотнае карэктаванне і ў метады кіравання, і ў метады творчасці.
Да 2020-га не было такога, што самае галоўнае на ТБ — рабіць тое, чаго ад цябе хочуць, што падтрымлівае цяперашнюю сітуацыю ў краіне на плаву, што падыгрывае дзяржаўнай палітыцы.
Генеральны прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі Глеб Шульман — для мяне гэта быў найразумнейшы і найдабрэйшы чалавек, хоць яго пазіцыя — шчыра прадзяржаўная.
Генадзь Давыдзька заўсёды быў аблашчаны праўладнымі структурамі і, канечне, выконваў указанні, якія спускаліся на яго зверху. У 2013 годзе я скончыў Акадэмію кіравання і прынёс яму ідэі, як можна змяніць сістэму матывацыі на ТБ, зрабіць яго больш еўрапейскім — дзяржава ж не дарма заплаціла за маю двухгадовую адукацыю. На што ён мне сказаў: «Ага, гэта добра, але потым». Таму што заўсёды існавала чырвоная нітка: не трэба рабіць лепш, каб не стала горш. Як ідзе, так і добра, бо калі мы зробім нейкія захады, то раптам не атрымаецца і нас пакараюць, ці раптам будуць патрабаваць яшчэ больш, а мы не зможам.
Навошта рызыкаваць уласным спакоем і дабрабытам дзеля незразумелых перамен?
І гэтая гісторыя — не зрабіць горш — гэткі дэвіз, мне здаецца, не толькі ў тэлевізійнай супольнасці, але і ў іншых дзяржаўных сферах. Менавіта таму яны заўсёды знаходзіліся ў нейкіх асераднёных станах псеўдазастою, а прыватныя структуры развіваліся.
«НН»: Якім начальнікам быў Іван Эйсмант?
АЦ: З Іванам Эйсмантам мы былі досыць дружныя з пачатку нулявых. Я скажу больш: я вёў вяселле Івана Эйсманта і Наталлі, на якім Валя Гарцуева была сведкай. Мы з ім вельмі шмат часу праводзілі разам.
Але потым сітуацыя стала развівацца так, што простая карэспандэнтка Эйсмант спачатку ўзначаліла пул і пачала адказваць за набор спецыялістаў, якія могуць здымаць урадавыя мерапрыемствы высокага ўзроўню. Адразу за ёй пайшоў і рост Івана. І ўжо тады гэта быў іншы чалавек: калі прыходзіш такім чынам на такія пасады, ты мяняешся і сабе не належыш. Ты проста выконваеш задачы, якія перад табой ставяць.
Сёння, калі мне трапляюцца нейкія фотаздымкі з Іванам, я бачу, што там зусім іншы чалавек чым той, які быў да моманту свайго кар’ернага руху.
«НН»: З улікам вашага доўгага сяброўства, ці не было ў вас асобнага дыялогу і ўгаворванняў, калі вы вырашылі звальняцца ў 2020‑м?
АЦ: У нас адбыўся вельмі цікавы дыялог. З 17 жніўня 2020 года анансавалі ж усеагульную забастоўку, у тым ліку тэлевізійную на Макаёнка, 9. 15 жніўня пачаў фармавацца тэлеграм-чат «БТ страйк», куды ўвайшло каля 800 з хвастом чалавек — каля траціны ад агульнай колькасці супрацоўнікаў на той момант. Далучаліся для абмеркаванняў, але праз тое, што эмоцыі зашкальвалі, у чаце лілося ўсё — і нецэнзуршчына ў тым ліку. Кіпеў гэткі кацёл з чалавечых эмоцый.
Калі мяне туды ўключылі, я ўбачыў, што адбываецца і напісаў: «Людзі, супакойцеся, калі ласка. Так нельга. Давайце сябе кантраляваць і думаць, што казаць і як». Не прайшло і 30 секунд пасля таго, як я адправіў гэтае паведамленне, як мне пазваніў Іван Эйсмант і спытаў, што я раблю: «Ты разумееш, што адбываецца?». Я сказаў, што разумею больш чым. «Ты хочаш узначаліць гэта ўсё?» Я яму адказаў, што калі трэба будзе ўстаць на чале таго, каб несці розум і спакой ды захаваць людзей пры поўным разрыве сэрцаў, то не бачу праблем.
«Ну як, ну ты ж, мы ж! Ты б прыйшоў са мной паразмаўляць». А пра што я павінен быў размаўляць з ім у гэты перыд: пра тое, што мне дрэнна? Што ў мяне шэрая заслона перад вачыма і што я няздольны весці эфіры? Я яму дадаў, што нашы стасункі ні пры чым да сітуацыі, і ён паклаў слухаўку.
Думаю, што я сваё жыццё пражываў не так ужо дрэнна і няправільна. І ў момант звальнення ён разумеў, што бессэнсоўна са мной пра нешта размаўляць і ўгаворваць на нешта.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
«НН»: Як рэагавалі тыя, хто застаўся ў дзяржаўных СМІ, калі, умоўна, даведваліся, як разносілі кватэру Каці Пытлевай, іх экс-калегі па БТ, толькі за тое, што ў яе іншыя палітычныя погляды?
АЦ: Кола маёй камунікацыі вельмі звузілася пасля 2020 года. Ды і што тут абмяркоўваць?
Проста кожная такая навіна — як пры грымоце ці выбуху: ты проста прыгінаўся ад жаху і адмаўляўся верыць, што гэта доўга працягнецца. Але чым больш мінала часу, тым больш разумеў, што гэта ўсё ж надоўга, асабліва з пачаткам вайны ва Украіне. Асэнсоўваў, што на радзіме ты не можаш зарабляць на жыццё, выказваць сваё меркаванне, ты не можаш больш быць паўнавартасным чалавекам ва ўсіх сэнсах гэтага слова.
«НН»: У праграме «Белорусское времечко» вы разбіраліся з сацыяльнымі праблемамі. Але ці былі і сярод гэтых тэм падцэнзурныя, якія вам не дазвалялі прэпараваць у эфіры?
АЦ: Цэнзуры ў праграме, як бы ні падавалася нерэальным, у часы маёй кар’еры не было. Гэта сацыяльная праграма, якая дапамагала людзям. Было зразумела, што вялікая колькасць гэтых праблем была параджэннем той сістэмы: калі б стаўленне чыноўнікаў да многіх рэчаў было іншым, то і праблем тых не існавала б. Таму прыходзілася ісці на месцы з камерай, бо перад ёй вялікая колькасць людзей разумела, што будзе рэзананс і трэба нешта рабіць, інакш невядома, як гэта адаб’ецца на кар’еры нейкага чыноўніка.
У нас не было там сацыяльных праблем, якія б хісталі дзяржаўную сістэму ці былі б для яе пагрозай.
«НН»: Вы доўгі час былі вядучым «Тэлевяршыні», самі рабіліся яе намінантам, цяпер там як найлепшага ўзнагароджваюць Рыгора Азаронка — пра што гэта кажа?
АЦ: Я амаль палову «Тэлевяршынь» правёў. Тое, што цяпер там узнагароджваюць Азаронка, сведчыць пра агульны ўзровень культуры, выслужванне. На жаль, прафесіяналізм упаў ніжэй няма куды. Пры тым, што многія калегі Рыгора па СТБ самі ў жаху ад такога стылю.
Нас заўсёды вучылі, што вядучыя — гэта, у нейкім сэнсе, небажыхары. Гэта людзі, якія нясуць культуру. Яны не навязваюць сваю думку, а прапаноўваюць да разгляду масу варыянтаў, каб глядач ці слухач зрабілі высновы самі.
Якія б бакі мы ні адстойвалі, як бы мы ні былі на розных палюсах, але разбураць элементарныя каноны этыкі, псіхалогіі, камунікацыі, прафесіяналізму нельга. Хаця б таму, што гэта могуць убачыць дзеці, пераключаючы каналы. І яны палічаць гэта нормай. Выхоўваць у такой лінейцы пакаленне — значыць, вырасціць некантраляваных псіхаў. Было б нядрэнна хаця б павесіць на праграмы Азаронка шыльду «21+».
У Беларусі замест цывілізацыйных перамоваў абралі наратыў ашалеласці, грубасці, жорсткасці. І гэта тычыцца не толькі тэлебачання, а ўсіх сфер жыцця.
«НН»: Вы сябравалі з журналістам і выдаўцом Пятром Марцавым, можаце распавесці, як вы пазнаёміліся?
АЦ: У нулявыя ладзілі так званыя «пятнядзелкі» — кідалі кліч цікавым людзям і збіраліся з імі па панядзелках у нейкім кафэ, размаўлялі, кожны выпіваў свае ўлюбёныя напоі. Гэта была такая гісторыя цікавага баўлення часу, штораз з новымі асобамі, прыдуманая Уладзімірам Максімкавым. Мы там перасекліся аднойчы з Пецем і потым доўга сябравалі.
У 90-ыя перамены парадзілі не толькі хаос, але і магчымасці для разумных стварыць нешта новае і цікавае, і якраз гэтаму перыяду належыць і Пятро Марцаў. Такія брэнды, як «Імя» і «БДГ» — гэта стаўпы дэмакратыі і свабоднага меркавання, яны ўвайшлі ў гісторыю СМІ.
Пеця быў аптымістам, але многае трымаў унутры. І ўсе гэтыя дзёрганні, спробы яго кантраляваць, асабліва ў перыяд выдавецкай дзейнасці… Думаю, там было вельмі шмат таго, што не магло не адбіцца на яго здароўі. Таму з часам, ён і згарэў… як свечка…
«НН»: Вы часта вялі карпаратывы. Былі такія, за якія цяпер сорамна?
АЦ: Да 2020-га не было — я заўсёды верыў у тое, што Беларусь рухаецца ў слушным кірунку, хай і павольна. А потым таталітарнай плазмы ў крыві краіны рабілася ўсё больш і больш.
Да сілавікоў ці нейкіх міністэрскіх я б ужо пасля звальнення з БТ не трапіў. Але я правёў некалькі карпаратываў у дзяржаўных структурах, і для мяне быў шок, калі людзі ўставалі і прамаўлялі тост «гіп-гіп, ура» — за прэзідэнта. Думаю, што гэта адбываецца і сёння.
«НН»: Раскажыце, што ў вас на асабістым фронце?
АЦ: Без перамен — цішыня. Я быў двойчы жанаты. Абодва разводы адбыліся, лічу, па маёй віне, таму што тады ў мяне былі іншыя акцэнты: вось зараз схаплю бога за бараду, ускочу на вяршыню Алімпа, зараблю шмат грошай і стану вядомым. А трэба было думаць пра блізкае кола, пра сям’ю і дзяцей. Але з былымі жонкамі мы і па сёння ў цудоўных стасунках.
Чаму адзін? Сябры кажуць, што ў мяне вельмі завышаная планка. Можа, і так, але, хутчэй, гэта разуменне сябе і немагчымасць кардынальна змяніцца. Прыняць іншага чалавека можна, а сябе я зламаць не змагу.
Але я дакладна ведаю, што сённяшняе становішча халасцяка мне не падабаецца, і я б з задавальненнем перадаў бы хаця б частку сваёй пыхі ў жаночыя рукі, у той жа самы час забраўшы пэўны аб’ем клопатаў партнёркі на сябе.
«НН»: Ёсць планы ўсё ж і далей спрабаваць вярнуцца менавіта ў сваю любімую прафесію?
АЦ: Самыя цяжкія перыяды для мяне ўжо за плячыма: асэнсаванне, што ты ўжо не дома, а таксама адаптацыя да рэалій у новым жыцці. Так што я, па-першае, планую вярнуцца да ўсіх захапленняў — я перавёз сваю экіпіроўку — і гарналыжную, і хайкінгавую, і нават крыху абнавіў — яна толькі чакае свайго часу.
Канечне, хочацца вярнуцца ў асяроддзе, у якім я адчуваю сябе камфортна. Толькі лянівы мяне не папракнуў у адсутнасці ўласнага ютуб-канала ці курса па маўленні, а таксама ў малай колькасці мерапрыемстваў са мной у якасці вядучага. Вельмі хочацца не губляць кантакт з прафесіяй і гэтымі сваімі навыкамі.
Бачу сябе аднойчы ў фармаце індывідуальнага прадпрымальніка са сваёй любімай справай — гэта ідэал.
«НН»: Што хацелася б пажадаць беларусам унутры краіны і за яе межамі?
АЦ: Заўсёды памятайце пра эфект матылька і беражыце сябе.