• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Хейту ў маім жыцці было шмат». Што за дзяўчына здымае беларускіх артыстаў і папулярнае беларускае ютуб-шоу «О(б)суждаем»

    Працы гэтай дзяўчыны вы дакладна маглі бачыць. Аліна Мазавец — фатографка, якая здымае беларускіх артыстаў, і рэжысёрка стылёвага ютуб-шоу «О(б)суждаем». А таксама сузаснавальніца музычнага медыя «Клік», блогерка і сувядоўца ў ютуб-праекце «Максімальна». «Наша Ніва» пагутарыла з ёй пра «душны» Кобрын, працу ў дзяржаўных медыя, плюсы недасведчанасці, уцёкі ад вайны і хейт за рускіх гасцей у кадры.

    інтэрв'ю з беларускай фатографкай Алінай Мазавец

    Аліна Мазавец. Тут і далей — фота з архіваў гераіні

    Пра эру ютуба, грошы і хейт

    «НН»: Раскажы, як ты стала рэжысёркай шоу «О(б)суждаем».

    АМ: Я вельмі люблю гэтую гісторыю, бо яна падмацоўвае маю тэорыю пра тое, што часам твая недасведчанасць — самы вялікі козыр (я агулам прыйшла да думкі, што павінна ганарыцца сваёй недасведчанасцю, цаніць яе, таму што гэта ў тым ліку пра незамылены погляд і новыя падыходы, пра свежае паветра).

    Яшчэ ў Мінску я фатаграфавала Ваню Пруса для праекта «Обзор», потым ужо і ў Варшаве. Мы заставаліся ў мінімальным канэкце. Ваня ведаў, што я прыгожа здымаю і наша разуменне чароўнага шмат у чым супадае. І вось ён прыдумаў зрабіць новае шоу і прыйшоў з ідэяй да мяне. Сказаў, што можа зрабіць усё, што тычыцца сцэнара і напаўнення, але яму трэба яшчэ прыгожая карцінка.

    Я адразу прызналася, што зусім не шару за відэа, за ютуб, я нават яго асабліва не гляджу. Але раз сябра прапанаваў, я такая: «Ну, пагналі!» Глеба Сямёнава я на той момант таксама ведала, дзякуючы тыктоку і фота. У такой камандзе і пачыналі прыдумляць усю канцэпцыю. 

    Першыя здымкі «О(б)суждаем», якія прыйшлося экстрана арганізоўваць у кватэры сябра Вані Пруса, таму што за некалькі гадзін да гэтага зляцела дамоўленасць з барам. «Мы абяцалі гаспадару кватэры, што ўправімся за дзве гадзіны, але ў выніку здымалі палову дня, да ночы», — згадвае Аліна

    «НН»: Ты дзялілася, што як рэжысёрцы табе часам прыходзіцца, напрыклад, адмываць цыклараму вільготнымі сурвэткамі. З якімі яшчэ невідавочнымі выклікамі прыходзіцца сутыкацца на здымках? 

    АМ: Напрыклад, рабіць фігуры з саломы — паравозік і кароўку, лебедзя з шын. У асноўным, усё, што тычыцца дэкарацый, бо гэта мая зона адказнасці.

    Тая самая фігура з саломы і лебедзь, зробленыя Алінай

    Але цяпер з візуалам мне дапамагаюць стылістка Воля Этыка і візажыстка Злата Камінская. Ну і без аператараў на пляцоўцы я б зусім нічога не зрабіла.

    Аднойчы мне спатрэбіліся палка і карчак, які я ў выніку адмывала дома ад жукоў. Пень гэты дагэтуль стаіць у мяне ў туалеце.

    Часта ў кадры патрэбны бабулін дыван. Яго было складана знайсці, але мы-такі адшукалі — той ужо вынеслі на сметніцу. І мы не разлічылі, як моцна ён смярдзіць. Я прыцягнула дыван дадому, павесіла на балкон, думаючы, што за пару дзён пах выветрыцца, а потым мы яго аднясем на мыйку машын. Але той смярдзеў да немагчымасці. Потым пайшоў дождж, ён намок і стаў смярдзець яшчэ горш.

    Мой хлопец Мікіта не мог дачакацца, калі я ўжо яго вынесу.

    На адну здымку я купіла штук 15 шкляных ваз — яны таксама дома ў мяне стаяць цяпер.

    З цікавага яшчэ — для аднаго з выпускаў я шукала старыя часопісы, і мне прыйшоў запакаваны часопіс за 2012 год: я адкрываю ўпакоўку, а там Ледзі Гага, Мадонна — пах гісторыі проста!

    «НН»: Пасля выпуску з Манетачкай вам прыляцела за чарговага госця з Расіі, табе нават пісалі, што гэтым ты перакрэсліла ўсё, што рабіла раней для беларускай культуры…

     
     
     
     
     
    Посмотреть эту публикацию в Insta­gram
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     

    Публикация от фотографка Варшава / pho­tog­ra­ph­er War­saw (@klacayu_po_fotiku)

    АМ: У мяне ўжо было такое раней. Калі мы стварылі з Мікітам удвух медыя пра музыку «Клік» (я пісала тэксты, а хлопец дапамагаў з усім астатнім), нам казалі, маўляў, якія вы беларусы, раз не размаўляеце і не пішаце па-беларуску? Было вельмі сумна, бо тады гэта наклалася на жорсткую дэпрэсію, калі я сама не да канца разумела, хто я ў гэтым свеце эміграцыі. 

    Нехта асуджаў мяне за тое, што ў эміграцыі я не перайшла на беларускую мову, хаця ўсё каштоўна ўжо павінна было туды прывесці. І тут я вельмі моцна ўсіх прашу не судзіць па сваіх магчымасцях і сваіх уяўленнях пра тое, што мог бы ці не мог зрабіць іншы чалавек.

    Як толькі ў мяне з’яўляюцца сілы, я стараюся ўдзяляць час і псіхатэрапіі, і пытанню мовы, але ўсё гэта ў сваім тэмпе.

    Цяпер я ўспрымаю крытыку лягчэй: хейту ў маім жыцці было шмат.

    Напрыклад, у мяне быў паспяховы тыкток, але праз тое, што я ўжывала фемінітывы, супраць мяне апалчылася антыфемсупольнасць. Яны злівалі мае даныя, заклікалі блакаваць, пісалі вельмі шмат жорсткіх рэчаў. І мне прыйшлося выдаліць тыкток і ніколі туды не вяртацца. 

    Але мне сумна, што беларуская культура ў такім стане… Колькі пісьменнікаў і пісьменніц, музыкаў мы ўжо пааддавалі іншым краінам? Колькі прац Шагала засталося ў Беларусі? І працягваецца працэс раскідвання праектамі, людзьмі, ініцыятывамі — зноў і зноў людзей выпісваюць з беларускай культуры. Мне падаецца, трэба наадварот збіраць усё наша.

    Трэба прымаць іншасць і мастацтва ў яго шматграннасці. Мы не можам адмаўляць, што змоўныя сёстры Груздзевы — частка нашай культуры, ці што мы падпяваем песням Агурбаш. Гэта ўсё наша. Не падабаецца — значыць, пра іх забудзем? Па-мойму, гэта самакастрацыя.

    «НН»: Але крытыка была за тое, што ў беларускім шоу на сёння большасць гасцей — рускія… 

    АМ: Важна зразумець, што ў першую чаргу наша шоу зусім не пра гасцей. У нас ужо чатыры сезоны, 29 выпускаў, а гасцей было ўсяго чацвёра.

    Але калі табе на пошту прыходзіць прапанова супрацоўніцтва ад Лізы Манетачкі — не думаю, што на такую адкрытасць мы павінны рэагаваць адмовамі. У нас дакладна няма спісу расійскіх гасцей, якіх мы плануем запрасіць, каб накруціць сабе больш праглядаў. 

    Адначасова з гэтым мы вельмі падтрымліваем нашых крэатараў і крэатарак, у кожным выпуску расказваем пра беларускія брэнды, айчынных мастакоў, дызайнераў, музыкаў. І плануем і далей рабіць выпускі з беларусамі і беларускамі. У новых відэа вы іх пабачыце. 

    Нам хацелася б і з украінскімі гасцямі папрацаваць, напрыклад. І калі нас глядзяць і ўнутры Беларусі, і ва Украіне, і з Казахстана, і з іншых розных месцаў і пішуць, што яны нічога не ведаюць пра беларускае інфаполе, але ім укатвае, гэта тое, пра што мы нават і не марылі. Наша шоу у нейкім сэнсе стала інтэрнацыянальным.

    «НН»: Ці хапае грошай на жыццё з усіх тваіх праектаў?

    АМ: У мяне, калі шчыра, дурное стаўленне да грошай — досыць пафігістычнае. Я не вельмі фінансава пісьменная, на жаль. Але нават калі б у мяне не было праектаў, дзе я рэжысёрка, адны фотаздымкі, ужо б магчыма было жыць з гэтага. Канечне, калі б я жыла адна і мы не дзялілі з хлопцам расходы 50 на 50, было б цяжэй. 

    На здымках «Максімальна»: выпуск, прысвечаны фемстэндапу

    У мяне нядаўна здарылася паказальная гісторыя: я ехала ў Вільню, і наўпрост перад аўтобусам у мяне парвалася басаножка, іншага абутку з сабой у мяне не было. Па прыездзе я адразу дашлёпала ў бліжэйшы H&M, дзе купіла новую пару. Раней я б вельмі перажывала, што набываю нешта незапланаванае, не на зніжцы, цяпер такога няма.

    Ці вось з зубным — у апошні візіт я больш перажывала, каб мне не было балюча, чым за тое, што зараз з карткі спішацца буйная сума. Гэта ўсё яшчэ не пра нейкае безумоўнае багацце, але пра тое, што, калі здарыцца нешта крытычнае, цяпер я не прападу.

    Пра першы фоцік, Кобрын, Брэст і рок-гурт

    «Наша Ніва»: Вернемся ў дзяцінства. Як ты ўвогуле стала здымаць?

    Аліна Мазавец: Фоцік мне падарылі на дзень народзінаў у класе сёмым ці восьмым. З таго моманту я заўсёды з ім, хоць раней ніколі не цікавілася фатаграфіяй, але пры гэтым малявала дзень і ноч. І вось потым з малявання пераключылася на фатаграфію.

     
     
     
     
     
    Посмотреть эту публикацию в Insta­gram
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     

    Публикация от фотографка Варшава / pho­tog­ra­ph­er War­saw (@klacayu_po_fotiku)

    Нашумелыя паштоўкі Аліны да 8 Сакавіка

    «НН»: Ты родам з Кобрына, і неяк казала, што ў тваім горадзе «не было, чым дыхаць». У чым гэта праяўлялася?

    АМ: Яно адчувалася праз асуджэнне знешняга выгляду, густаў. Але гэта заўсёды прылятала ад канкрэтных індывідаў, якім было вельмі важна сказаць, што канкрэтна ім у вас не падабаецца (горад маленькі, усе былі як пад мікраскопам). 

    Кобрын доўгі час падаваўся мне вельмі сумным і абмежаваным, таму пасля дзявятага класа я паступіла ў Брэст. Думалася, што маленькімі крокамі я дайду да вялікіх гарадоў, дзе ёсць больш свабоды. Але па выніку ў Брэсцкім абласным ліцэі пры тамтэйшым кіраўніцтве сканцэнтравалася ўсё найгоршае, што можна было ўзяць ад саўка. Напрыклад, у пакоях інтэрната ў нашу адсутнасць маглі спакойна перарыць рэчы.

    У нас была форма, вельмі непрыгожая і колкая, у ёй было вельмі горача, але трэба было хадзіць так штодзень. У нейкі момант у сталовай я закатала рукавы формы, каб не выпацкацца, але пасля мяне спыніла намесніца дырэктаркі, адвяла ў кабінет, дзе я выслухала, што такім чынам ганьблю форму. А аднойчы класная кіраўніца пазваніла маёй маці і сказала, што я ледзь не прастытутка, якая спіць з усімі хлопцамі. Я проста кусала вусны (у мяне ўсё яшчэ застаецца такая звычка), і праз гэта яна былі чырвоныя. Але класная палічыла, што я карыстаюся памадай, каб прывабіць хлопцаў. 

    Пазней, як «высветлілася», яшчэ і дзяўчат.

    У нас быў філалагічны клас, большасць дзяўчынак, мы жылі разам, пры сустрэчы абдымаліся, і на класным сходзе неяк агучылі, што ва ўсіх нас лесбійскія схільнасці.

    Пры гэтым сёння я вельмі люблю Кобрын. Горад, які падаваўся мне душным і дрэнным, стаў мне вельмі дарагім. Я ўсім расказваю, якое гэта цудоўнае месца (пры ўсіх яго мінусах). У нас выдатны парк з атракцыёнамі, набярэжная, суперскае марожанае, аквапарк. Шмат людзей, якія рабілі і робяць горад утульным, адкрываючы сучасныя кавярні і кветкавыя крамы. Мне здавалася, што ўсе маленькія гарады Беларусі такія, але, паездзіўшы па краіне, я зразумела, што горад унікальны ў сваёй сучаснасці і жыцці.

    Думаю, праз дзіцячыя крыўды я змагла разгледзець шмат каштоўнага ў тым, што нарадзілася менавіта ў Кобрыне. І сёння ў мяне ўжо чарга з сяброў, якія ні разу там не былі, але мараць прыехаць. 

    «НН»: Што наконт субкультур у Кобрыне твайго дзяцінства?

    АМ: Мяне дакладна многія лічылі нефармалкай, таму што я досыць рана пафарбавала валасы ў сіні колер і агулам часта фарбавалася і апраналася крыху «ту мач» для Кобрына. Гэта ў мяне ад маці з цёткай, бо яны абажаюць стыль, сэканды, і прывілі мне самавыяўленне праз адзенне. Мама пастаянна прывозіла з вандровак нешта яркае (пры гэтым яна, канечне, зусім не абрадавалася, калі я расцягнула сабе тунэлі).

    Аліна ў нефармальным мінулым

    З сям’і ж у мяне і любоў да музыкі. Мая маці — выкладчыца хору і вакалу. А хросная выкладае сальфеджыа і музычную літаратуру. Так што я пачала хадзіць у музычную школу яшчэ да свайго нараджэння, і потым рэальна жыла ў кобрынскай музыкалцы. Асвоіла піяніна і гітару. Нейкі час нават грала ў рок-гурце «Добры дзень».

    У Доме творчасці можна было выбраць сабе гурток, сярод якіх былі і рок-групы. Праўда, мы выконвалі каверы, а не ўласныя кампазіцыі.

    Нядаўна Аліна выступіла крэатыўнай прадзюсеркай у кліпе Настассі Рыдлеўскай «Dance On My Own». Разам з камандай «Клік» яны і далей хочуць здымаць беларускім артыстам кліпы, а таксама выпускаць папяровую версію свайго медыя

    Пра журфак і працу ў дзяржаўных СМІ

    «НН»: Чаму ў выніку ты паступіла на журфак?

    АМ: Я досыць позна вырашыла туды паступаць, за месяцы тры. З дзяцінства мне падабалася рознае. Умоўна: хімія і руская мова адначасова. Але ў які ўнівер я пайду з такім наборам? Трэба было выбіраць.

    У выніку я зразумела, што мне агулам падабаюцца мовы, таму паступіла ў Брэсцкі абласны ліцэй на філалагічны факультэт. Выбіраючы ўжо ўнівер, перачытала ўсе кніжкі для паступлення.

    Падумала, што журфак гучыць прыкольна, хаця мяне многія вакол пужалі: «Ты разумееш, што ты будзеш галоднай, з голай дупай? Там няма грошай. У Беларусі журналістыка — гэта не фільм, дзе Кэры Брэдшоу піша калонку і жыве сваё найлепшае жыццё». Я сказала, што ўсё асэнсоўваю і іду туды не дзеля грошай. Лічу, што гэта было найлепшым рашэннем у маім жыцці. Але было б зусім ідэальна паступіць на год раней і скончыць універ у 2020‑м.

    Тое, што адбылося з журфакам пасля 2020-га — як нажом па сэрцы кожны раз. Пара выкладчыкаў, з якімі я праводзіла вельмі шмат часу і была ад іх у захапленні, як аказалася, павялі сябе ў пераломны момант непрыгожа (гаворка ідзе пра выкладчыкаў, якія даносілі на сваіх студэнтаў і выступалі сведкамі супраць іх на судзе. — НН). 

    Ну, і сістэма размеркавання зусім пераехала ўсіх катком. Гэта ўжо быў 2021 год, і ўсе нібыта адчулі дадатковую ўладу, у недзяржаўнае медыя пайсці было без шанцаў. Падавалася, што ў кабінеце для размеркавання для людзей было забавай давесці студэнтку да слёз, адправіўшы ў маленькі горад, у вобласць, дзе ў яе няма зусім нікога.

    Мне тут, можна сказаць, пашанцавала для тых умоваў, якія склаліся навокал — я трапіла ў «Звязду». Але я адпрацавала там толькі 9 месяцаў. Майму хлопцу прыйшлося з’ехаць з краіны, ён перабраўся ва Украіну і праз час прапанаваў пераехаць да яго. Мы прыкінулі, што разам зможам выплаціць грошы за маё размеркаванне.

    Спачатку я прыехала да яго ў Кіеў на месяц — узяла адпачынак, каб пабыць там і прыняць рашэнне. Але гэта быў люты 2022-га, пачалася вайна і я зразумела, што не хачу вяртацца ў Беларусь, у краіну, адкуль ляцелі ракеты. Не хачу затыкаць сабе рот з гэтай нагоды.

    Так я засталася віннай дзяржаве за сваё размеркаванне 43 544 рублі.

    «НН»: Сорамна за нейкія рэпартажы ў дзяржаўных медыя? 

    АМ: Я хоць і сабрала сабе ў капілку такія СМІ, якія сёння і адкрыць не вырашуся («СБ», «Мінск Навіны», БТ), але мне ні за што не сорамна. Асабліва ў 2020‑м я зразумела, што для мяне фатаграфія — гэта тое, што не хлусіць. Канечне, заўсёды можна нешта прыфоташопіць ці ўзяць патрэбны ракурс, але гэта зрабіць больш складана, чым напісаць няпраўду словамі.

    Аднойчы мне прапанавалі зрабіць фотарэпартаж, каб абвергнуць «страшныя» фотаздымкі ў незалежных СМІ. На геафаку быў рамонт, і студэнтаў адправілі вучыцца ў нязручнае месца, дзе было сыра, амаль падвалы. Нам трэба было паказаць, што ўсё насамрэч добра, але я разумела, што гэта не так, таму проста адмовілася ад такой працы, спаслаўшыся на занятасць. 

    Пра два тыдні ва Украіне, эвакуацыю, Малдову, жорсткую дэпрэсію і настальгію

    «НН»: Эвакуацыя з Кіева — адзін з самых складаных момантаў эміграцыі?

    АМ: Першыя дні вайны ўсё было нібыта ў сне. У нас не было ні машыны, нічога… Мы проста стаялі на дарозе ў Кіеве з валізкамі і прасілі нас некуды падкінуць — і адзін украінец, у якога сям’я на той момант была ў бомбасховішчы, прапанаваў давезці нас да мяжы з Малдовай. Ён зразумеў, што нам як беларусам будзе ўдвая няпроста. Мы гэтаму мужчыне бязмерна ўдзячныя: ён рэальна выратаваў нам жыццё, частаваў мяне цукеркамі, каб падбадзёрыць, і адмовіўся ўзяць у нас грошы, калі мы напісалі яму пазней, калі крыху сталі на ногі. 

    І вось мы ехалі — тут слуп дыму, там выбухі. Праязджаем Вінніцу — там сірэны. Кіроўца цісне педаль газу, і мы імкнемся ўсё гэта хутчэй праскочыць.

    Відаць, у тыя два дні, пакуль мы выбіраліся з Кіева, усе мае ўнутраныя рэсурсы былі накіраваныя на выжыванне. А самае складанае пачалося потым. Месяц, пакуль чакалі дакументы, мы жылі ў Малдове — пераязджалі ад адных незнаёмых людзей да іншых. Там, дарэчы, адбылося тое, што таксама не дае страціць веру ў людзей. Мясцовыя проста на вуліцы падышлі і прапанавалі пайсці да іх, далі прытулак і начлег.

    Я старалася ездзіць у цэнтр для бежанцаў, каб дакументаваць тую рэальнасць, з якой мне не пашчасціла сутыкнуцца, але яна была гістарычная. 

    Фота Аліны з цэнтра для бежанцаў у Малдове

    Потым мы трапілі ў Францыю, дзе жывуць мае сваякі. Пра нас там клапаціліся, але мяне тады моцна накрыла:

    у мяне вельмі доўга была жорсткая дэпрэсія. Я літаральна не падымалася з ложка, любыя простыя задачы — у туалет схадзіць, паесці — даваліся вельмі складана.

    Тады было няпроста хутка знайсці псіхатэрапеўта праз вялікі попыт на іх. І мой хлопец мяне проста выхадзіў, як бяздомнае параненае кацяня. 

    Па факце цяпер толькі год, як я вярнулася ў нейкі нармальны рытм жыцця. І ў тым ліку таму бяру сабе шмат праектаў, працую як апараная. Наганяю.

    Аліна на першай уласнай фотавыставе «Розная» ў Варшаве, прысвечанай «жанчынам, унікальнасці і свабодзе». Цяпер фатографка дапрацоўвае наступны праект, у якім даследуе тэму залежнасці ад чужога меркавання

    За два тыдні ва Укране Аліна паспела правесці некалькі фотасесій. Адна з іх — рэпартаж са спантаннага канцэрта Святаслава Вакарчука з «Акіян Эльзы» на пешаходным мосце ў Кіеве. Нядаўна з фатографкай звязаўся ўкраінскі журналіст, які стварае кнігу пра групу, і папрасіў у яе правы на гэтыя здымкі.

    «НН»: Ты сумуеш па Беларусі? 

    АМ: Я хаджу ў беларускія ўстановы, камунікую з беларусамі і беларускамі, нашу на сабе беларускія брэнды. Усе сферы маёй цікаўнасці — гэта на 80% беларускія крэатары і крэатаркі. Я вельмі моцна люблю беларускую культуру і нашу краіну. Але ў мяне няма нуды. Я не закрываю вочы і не ўяўляю сябе ў мінскім метро. Калі бачу нейкія відэа настальгічныя, гляджу на гэта як на нешта знаёмае і прыемнае, але без слёз праз тое, як моцна туды хачу, але не магу. Думаю, я ўсё яшчэ знаходжуся ў энергазахавальным рэжыме, а на нудзенне трэба шмат рэсурсаў.

    Але калі б з’явілася магчымасць вярнуцца дадому, я б зрабіла гэта, без сумневаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці