Інтэрнэт — гэта парнаграфія і аднакласнікі
Інтэрнэт — гэта парнаграфія, гвалт і няпраўда
Але на Палессі і сёння не ўсе ўяўляюць, што такое інтэрнэт. То бок, уяўляюць усе, але кожны на свой лад.
Мо месяц таму пайшоў я да суседкі бабы Наташы з самым нявінным намерам — запісаць ейных светлых успамінаў пра колішні Прудок. А бабця ведала, што я ў інтэрнэт пішу. Папаліўся быў, калі расказаў фэйсбучнікам, як з ейным дзедам самагонку піў. А гэта ж (Божухна!) ганьба — пра прыстойных людзей у гэных інтарнэнтах пісаць! То баба Наташа выпіхвала мяне з сенцаў, бы савецкія танкі трыклятых фашыстаў з роднай зямлі:
— Я ўжо старая, нічога не помню.
— А царкву помніце?
– Помню. Стаяла царква ды ўжо няма.
— А дзеда майго хоць помніце?
— Помню. Быў дзед ды няма дзеда.
— Баба Наташа, напрамілы бог прашу, раскажыця.
— Не раскажу. Вось што. Да свіданія.
Бабы Наташы — цені таго часу, калі людзі дасылалі адзін аднаму лісты па пошце. А інтэрнэт, на іх думку, — гэта зло. Там парнаграфія, гвалт і няпраўда.
З яшчэ адной бабай Наташай я пазнаёміўся пад Хойнікамі гады два таму, калі здымаў сюжэт пра народны абрад провадаў русалкі. Я прасіў адну бабцю расказаць пра абрад на камеру.
— Я летась расказала, дык у гэным інтарнэнце паказалі. Болей не буду. Не прасіце. Не, не, не!
Я ўсяляк даводзіў, што сам хлопец нядрэнны, хоць і нянаскі, ніякіх паскудстваў на мэце не маю і ў гэны інтарнэнт свой сюжэт не аддам. Ледзьве пераканаў бабцю. Аднак сюжэт у інтэрнэт усё-такі трапіў, і ў тую вёску я болей ні нагой, бо паб’е мяне бабка за падман.
Шурык, карова і Lenta.ru
Летась я пераехаў у Прудок і некалькі дзён жыў у дваюраднага брата Шурыка, пакуль рабіў рамонт у сваёй хаце.
Неяк вырашыў паказаць брату той хойніцкі сюжэт:
— Глядзі, які я круты дзядзька — сам сюжэт зрабіў! А ты кажаш, што я бесталач.
Шурык толькі зірнуў на белсатаўскі лагатып і шарахнуўся, бы чорт ад ладану:
— Андруха, не нада міня агіціраваць. Я не буду глядзець апазіцыйны канал.
Шурык прачынаўся з пеўнямі, даіў карову і перад тым, як паехаць у Юравічы на працу, заходзіў на сайт “Lenta.ru”. Гэта быў штодзённы рытуал. Потым прачыналася яго жонка-казашка, якая лічыла сябе рускай і за ранішняй італьянскай кавай яны абмяркоўвалі падзеі ў свеце. Я сядзеў побач, еў бутэрброды са свойскім маслам і цярпліва слухаў.
Праз мой дурны язык Шурык стаў вядомы сваімі антыбеларускімі поглядамі кшталту: “Беларускую мову нада запраціць, бо яна вядзе да настаяшчага фашызму”.
Але такіх, як Шурык, тут мала. У вясковай светабудове няма месца сцягам і мовам. Па тэлевізары сказалі, што мы жывем у квітнеючай краіне — і годзе.
Але апошнім часам не гавораць. Міхайлаўна пытае:
— Андрэйка, паглядзі ў тым сваім інтэрнэце, ці будзе ў нас што добрае.
— А па тэлевізары што — не кажуць?
— Маўчаць.
— Ай, Міхайлаўна, не хачу вас пужаць.
— Бульбу хоць садзіць ці не?
Памінкі як сацыяльная сетка
Нядаўна памерла мая цётка. Я ездзіў на пахаванне ў Калінкавічы. Потым былі памінкі.
Цётка была супраць памінак. Але ў палескай філасофіі жыцця і смерці гэта той момант, калі сям’я лечыцца ад страты. За сталом ужо ніхто не гаворыць пра цётку, ніхто не плача. Наадварот — чутны смех, гул. Тут сабраліся сваякі, якія не бачылі адзін аднаго па дваццаць-трыццаць год.
— Вой, Сярожа, а што ты ясі, што цябе так разнясло?
— А ты мяне хоць трошкі помніш?
— Пазіраю на цябе: думаю — ты не ты?
Сям’я, бы пчолы, гудзе і ўсталёўвае новыя сувязі. Смерць — простая з’ява. Мы рыхтуемся да яе з дзяцінства. Кажам адзін аднаму: “Усе мы там будзем”. Але смерць аднаго не можа разбурыць усю сям’ю. Паляшук жыве не адной асобай — ён жыве сям’ёй. Калі нехта памёр, трэба хутка залатаць дзірку.
Палескія памінкі — гэта ўзор беларускай сацыяльнай сеткі. Калі хто мае намер стварыць такую, ён мусіць спярша наведацца на памінкі ў Калінкавічы.
Насупраць мяне сядзіць цётка і пільна пазірае:
— А ты мо Юлін Андрэй?
— Ну, я.
— Я так і падумала! Чытала тваю старонку ў інтэрнэце.
Мне ажно паплахела, бо не хачу, каб рэальны свет і фэйсбучны перасякаліся так знянацку, а толькі па маім хаценні. Але, апроч сваяцтва, мы хутка высветлілі, што размова ідзе пра маю пустую старонку ў “Аднакласніках”. Што яна там чытала? Не прыму да ладу.
Пастаў “клас”, і Дзева Марыя абароніць
Светапогляд палескіх цётак ужо больш адаптаваны да інтэрнэту, але захраснуў на даволі простым разуменні, што гэта такое. Ёсць дрэнны інтэрнэт з парнаграфіяй, гвалтам і няпраўдай. Але таксама ёсць і добры – з “Аднакласнікамі”. Я неяк спрабаваў патлумачыць маці, што такое фэйсбук, але яна ўсё адно пераканана, што цёця Света можа пачытаць маю старонку ў сеціве са сваёй “аднакласнікавай”, бо ўсё гэта ёсць адно, проста людзі розных пакаленняў называюць па-рознаму. Звычайна такія размовы паміж намі заканчваюцца ейным бескампрамісным:
— Не дуры галаву, ідзі вокны канапаць.
Палешукі заселі ў “аднакласніках”, бы партызаны ў лесе. І нічым іх адтуль ужо не выкурыць. Дзядзі і цёці пазбіваліся ў кублы, штодзень кідаюць у павуцінне фоткі з гароднінай, унукамі і Турцыяй, назіраюць, якой непрыгожай стала Валя, і “добра, што я жаніўся на Галі” — хто эвалюцыянаваў да інтэрнэту, той атрымаў такую машыну часу. “Аднакласнікі” далі палешукам тое, што яны найболей любяць, — кубліцца, кпіць адзін з аднаго і, калі трэба, хутка збіраць талаку.
Калі я рыхтаваўся да размовы з начальніцай Аддзела адукацыі (хацеў уладкавацца на працу настаўнікам), выйшаў на яе старонку, каб ведаць, што мяне чакае. Моцна здзівіўся, што начальніца мае такую самую старонку-клон, што і большасць палескіх цётак: унукі, агуркі, георгіеўскія стужкі і “Пастаў “клас”, і Дзева Марыя сёння абароніць”.
Беларуская сацыяльная сетка
Паляшук — пасіўны спажывец інфармацыі, таму ён лёгка глытае любую прапаганду. А “аднакласнікавая” пляцоўка ўтрымліваецца расійскай прапагандай. Цётка з Агароднікаў посціць навагоднюю фотку, а заадно ставіць “клас” пад мемам “пастаў клас, калі лічыш гэтых людзей вялікімі”. А на фота — Пётр I, Пушкін і Пуцін. А Пушкін вялікі, у гэтым няма сумневу.
Я спыняю на трасе спадарожку з расійскім сцяжком у салоне, пытаюся:
— А вы з Расіі?
— Не.
— Але ў вас сцяжок расійскі.
— У “аднакласніках” сказалі, што так можна падтрымаць Расію.
— А падтрымаць Беларусь?
— У нас усё нармальна. Бацька ўсё кантралюе.
І ў такія моманты мне хочацца, каб усе палешукі былі бабамі Наташамі.
Альбо каб нарадзіўся той светлы чалавек, які нарэшце створыць беларускую сацыяльную сетку. Не яшчэ адзін клон фэйсбука, а менавіта нашу родненькую. Там можна будзе даць буську аднакласніцы і магарыч з самагону і сала як падзяку, замест падарункаў з георгіеўскай стужкай. Там будзе функцыя “сабраць талаку”. Беларуская сацыяльная сетка — гэта адначасна і генеалагічнае дрэва, куды можна дадаваць сваякоў і родзічаў, бо мы вельмі любім высвятляць сваяцтва. Мы, палешукі, у беларускай сацыяльнай сетцы, як і на 3‑D Палессі, будзем гараваць і змагацца, садзіць агароды, паліваць памідоры, кпіць адзін з аднаго, утойваць шчасце ад вампірскіх вачэй, баяцца ўроку.
Будзьма не аднакласнікамі, а беларусамі.
Але я ўжо чую:
— Не дуры галаву, ідзі канапаць вокны.