Інфармацыйную прадукцыю Telegram-канала “Баста!” двойчы прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” — з розніцай у год
Упраўленне Следчага камітэта па Мінску і падраздзяленне МУС з шырокімі паўнамоцтвамі ГУБАЗіК сумесна ініцыявалі судовае разбіральніцтва адносна кантэнту грамадскай ініцыятывы “Баста!”. Але адметнасць у тым, што летась матэрыялы гэтага канала ўжо аб’явілі “экстрэмісцкімі” з занясеннем у адпаведны спіс Міністэрства інфармацыі.
Як адзначаецца ў публікацыі на сайце Мінінфарма, суд Цэнтральнага раёна Мінска па выніках вывучэння перададзеных сілавікамі матэрыялаў прызнаў інфармацыйную прадукцыю Telegram-канала «БАСТА!» “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.
“Матэрыялы рэсурсу змяшчаюць інфармацыю, накіраваную на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці; распаўсюджваюць загадзя ілжывыя звесткі пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішчы Рэспублікі Беларусь; падаюць публікацыі, якія ганяць органы дзяржаўнай улады і кіравання; заклікаюць да дэзарганізацыі сістэмы правасуддзя і стварэння перашкод функцыянаванню дзяржаўных інстытутаў”, — гаворыцца ў тлумачэнні ініцыятараў расследвання са Следчага камітэта.
Аднак выглядае, што дзяржаўныя ведамствы, непасрэдна адказныя за маніторынг “крамольных” інтэрнэт-пляцовак, самі заблыталіся ў хітраспляценнях шматлікіх “чорных спісаў”, які апошнім часам пашыраюцца ў геаметрычнай прагрэсіі.
Справа ў тым, што запіс пра ўнясенне інфармацыйнай прадукцыі “Баста!” у спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” на сайце Мінінфарма зроблены ўжо больш за год таму — датаваны 16 жніўня 2021 года на падставе рашэння суда Маскоўскага раёна Мінска і падлягае “неадкладнаму выкананню”.
Акрамя таго, можна засумнявацца і ў наяўнасці ў суддзяў доступу да агульнай базы сістэмы правасуддзя. Інакш як растлумачыць, што на падставе атрыманага прадпісання ад “губазікаў” іншы раённы суд проста прадубляваў мінулагодняе рашэнне калег.
Дарэчы, крыху раней у верасні, але ўжо без усялякіх судовых фармальнасцяў, група грамадзян, якая ажыццяўляе “супрацьпраўную дзейнасць з дапамогай Telegram-канала «БАСТА!», прызнана экстрэмісцкім фармаваннем”. Такім правам у адпаведнасці з абноўленым заканадаўствам скарыстаўся МУС Беларусі (адпаведны пералік публікуецца на сайце сілавой структуры).
У рэзалюцыйнай частцы ўдакладняецца, што прадстаўнікі новавыяўленага “фармавання” вядуць “злачынную дзейнасць, ствараючы і распаўсюджваючы ў сетцы інтэрнэт экстрэмісцкія матэрыялы, у тым ліку пры садзейнічанні асобных жыхароў горада”.
“Следствам пачатая крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса — “стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем”. Адным з раённых падраздзяленняў УСК па Мінску праводзіцца папярэдняе расследаванне ў дачыненні да групы грамадзян, якая аб’ядналася, у тым ліку, з мэтай аказання садзейнічання названаму экстрэмісцкаму фармаванню”, — адрапартавалі ў Следчым камітэце, на які спасылаецца Мінінфарм.
Там таксама нагадваюць, што праводзіцца папярэдняе расследаванне абагульненай крымінальнай справы, пачатай 9 жніўня 2020 года па факце “ўчынення масавых беспарадкаў, арганізацыі і падрыхтоўкі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, актыўнага ўдзелу ў іх, стварэння экстрэмісцкіх фармаванняў, а таксама шэрагу іншых злачынстваў”.
Следствам нібыта вызначана, што “арганізацыя і падрыхтоўка злачынстваў” ажыццяўляліся ў тым ліку з дапамогай “экстрэмісцкага рэсурсу” «БАСТА!».
Калі кіравацца пайменнымі пералікамі, змешчанымі на сайтах Міністэрства інфармацыі і Міністэрства ўнутраных спраў, колькасць носьбітаў “экстрэмісцкіх матэрыялаў” набліжаецца да паўтары сотні, а “фармаванням” крыху не хапае да ста.
Чытайце яшчэ:
«Теперь у городской газеты 72 учредителя, которые владеют акциями СМИ». Рассказываем, как работают районки в Норвегии
Погиб 22-летний журналист БТ. По предварительной информации — несчастный случай
Белорусская команда запустила онлайн-журнал «Dyslexiс thinking»