• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 27.07–16.08.2015 г.

    Ніводнае з дзяржаўных ведамстваў, да якіх ГА “БАЖ” звярталася адносна адміністрацыйнага пераследу журналістаў-фрылансераў, не выказала гатовасці весці дыялог і рабіць якія-кольвек крокі для выпраўлення сітуацыі. Вярхоўны суд, МУС і Генпракуратура адпісаліся на зварот, а з КДБ адказ так і не прыйшоў.

    27 ліпеня рэдакцыя недзяржаўнай рэгіянальнай газеты «Intex-Рress» паведаміла, што кіраўніцтва мясцовага прадпрыемства «Баранавіцкае гарадское ЖКГ» не адказала ў адведзены заканадаўствам тэрмін на пісьмовы журналісцкі запыт, а запатрабаваную інфармацыю адправіла для публікацыі ў канкуруючае выданне – дзяржаўную раённую газету «Наш край». 16 ліпеня ў “ІР” паступіў ліст за подпісам в. а. генеральнага дырэктара Міхаіла Менчы пра тое, што ЖКГ высылае нумар «Нашага краю» ад 15 ліпеня, дзе «вы знойдзеце адказы на ўсе пастаўленыя перад намі пытанні».

    Інфармацыя была эксклюзіўнай, журналіст «Intex-Рress» знайшоў звесткі пра выбар падрадчыка для будаўніцтва новага магільніка для жывёлаў на сайце дзяржзакупак і падрыхтаваў падрабязны запыт з 16 пытанняў.

    «Гэта абсалютна абуральна. Інфармацыя для нас – гэта бізнес. Застаецца адзін крок да таго, каб грошы за продаж нашай газеты аддавалі «Нашаму краю». Мы будзем скардзіцца ў іншыя арганізацыі», – пракаментавалі сітуацыю ў рэдакцыі.

    27 ліпеня суддзя Ленінскага раёна г. Магілёва Алена Волкава спыніла вытворчасць па адміністрацыйнай справе журналісткі Аліны Скрабуновай, бо скончыўся тэрмін прыцягнення яе да адказнасці. Журналістку звінавачвалі ў парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

    Першыя судовыя пасяджэнні адбыліся 23 і 24 ліпеня, і абодва разы суддзя задавальняла хадайніцтвы журналісткі пра перанос слуханняў. Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель кажа пра шматлікія парушэнні, дапушчаныя ў афармленні дакументаў міліцыянтамі Ленінскага РАУС. Ён не выключае, што з гэтай прычыны суд і вырашыў «спусціць справу на тармазах», дачакаўшыся заканчэння тэрміну яе даўніны.   

    Нагадаем, справу супраць Скрабуновай завялі на падставе сюжэту пра магілёўскі завод “Строммашына”, што выйшаў на тэлеканале «Белсат» 26 мая. 30 ліпеня Аліна Скрабунова накіравала пракурору горада скаргу на дзеянні службовых асобаў Ленінскага РАУС Магілёва і УУС Магілёўскай вобласці.

    27 ліпеня стала вядома, што дэпартамент цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі не знайшоў парушэнняў антыманапольнага заканадаўства ў дзеяннях РУП «Белпошта», якое адмаўляецца заключаць дамову з незалежным выданнем «Intex-press».

    ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» звярнулася ў дэпартамент з заявай пра парушэнне РУП «Белпошта» антыманапольнага заканадаўства ў частцы злоўжывання дамінуючым становішчам. У адказе дырэктар дэпартамента Ігар Фамін пацвердзіў, што «Белпошта» ўключана ў дзяржаўны рэестр гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках па пазіцыі «спецыяльная паштовая сувязь; паслугі па прыёме падпіскі, дастаўцы і пераадрасавання друкаваных сродкаў масавай інфармацыі». Аднак «ўключэнне ў падпісны каталог не адносіцца да паслуг спецыяльнай паштовай сувязі, прыёму падпіскі, дастаўцы і пераадрасавання друкаваных сродкаў масавай інфармацыі».

    «Логіка адказу з дэпартамента зусім нам незразумелая і выглядае здзеклівай, – каментуюць у рэдакцыі «Intex-press». – Так, па падпісцы, прыёме падпіскі і дастаўцы «Белпошта» – манапаліст. А вось ўключэнне ў падпісны каталог не адносіцца, на думку спецыялістаў дэпартамента, да паслуг па прыёме падпіскі, дастаўцы і г. д. Гэта значыць, «Белпошта» абавязана на нас падпісваць і дастаўляць газету чытачам, паколькі прадпрыемства – манапаліст, але ўключаць нас у каталог, каб гэта зрабіць – не. Гэта проста нейкі абсурд». Аналагічны ліст з Мінэканомікі атрымала нядаўна рэдакцыя недзяржаўнай «Газеты Слонімскай».

    28 ліпеня суд Глыбоцкага раёна аштрафаваў незалежную журналістку Таццяну Смоткіну на 4,5 млн рублёў за супрацу з замежным СМІ без акрэдытацыі. Суддзя Людміла Вашчанка прызнала журналістку вінаватай у парушэнні артыкула 22.9 КаАП – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Як вынікае з матэрыялаў справы, яе ініцыявала Глыбоцкая райпракуратура. Справу супраць Смоткінай завялі пасля з’яўлення на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” (Польшча) артыкула “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі”.

    Журналістка хадайнічала, каб судовы працэс праходзіў на беларускай мове, але гэтае хадайніцтва адхілілі. Сведка-супрацоўніца райвыканкама, словы якой цытаваліся ў публікацыі, у суд не прыйшла. Судовае рашэнне Таццяна Смоткіна збіраецца абскарджваць у Віцебскім абласным судзе.

    29 ліпеня Міністэрства ўнутраных спраў адпісалася на зварот ГА “БАЖ” адносна адміністрацыйнага пераследу журналістаў-фрылансераў. На ўсе пункты звароты ведамства адказала адмоўна – раіць звяртацца ў Мінінфармацыі, а свой удзел у абмеркаванні гэтага пытання лічыць немэтазгодным. Пра гэта паведамляецца ў лісце за подпісам в. а. начальніка ўпраўлення прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі С. Красуцкага.

    “Менавіта супрацоўнікі міліцыі складаюць на журналістаў пратаколы за нібыта парушэнне закона аб СМІ. Не Мінінфарм, які з’яўляецца рэспубліканскім органам кіравання ў гэтай галіне, а міліцыянты, якія часта не асабліва і разбіраюцца ў заканадаўстве аб СМІ. Таму, на мой погляд, гэта проста спроба сысці ад абмеркавання вельмі важнай праблемы, з якой сёлета сутыкнуліся ўжо дзясяткі журналістаў у Беларусі, – кажа старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.

    4 жніўня адказ на зварот прыйшоў і з Вярхоўнага суда Беларусі. Намеснік старшыні ВС Руслан Аніскевіч паведамляе, што ўзнятыя ў звароце журналісцкага аб’яднання пытанні “не могуць быць вырашаныя” ў адпаведнасці з законам “Аб зваротах грамадзян”. Раней падобным чынам адказала Генпракуратура, якая таксама не пажадала абмяркоўваць масавы пераслед журналістаў-фрылансераў.

    Нагадаем, што 9 ліпеня ГА “БАЖ” накіравала зварот ў Вярхоўны суд, МУС, Генпракуратуру і КДБ Беларусі. У лістах звярталася ўвага на хвалю неабгрунтаванага пераследу беларускіх журналістаў паводле арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Журналісцкая арганізацыя дамагалася публічнага абмеркавання праблемы прыцягнення да адказнасці фрылансераў – з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, ГА “БАЖ”, а таксама ўсіх зацікаўленых асобаў.

    29 ліпеня суд Кастрычніцкага райсуда г. Магілёва спыніў адміністрацыйны працэс супраць журналіста і грамадскага актывіста Ігара Барысава. Яго вінавацілі ў парушэнні закона “Аб СМІ” (ч. 2 арт. 22.9 КаАП), а таксама ў парушэнні парадку атрымання грашовай дапамогі з‑за мяжы (ч. 2 арт. 23.24 КаАП).

    Суддзя Дзяніс Кісігін задаволіў хадайніцтва Ігара Барысава спыніць справу ў сувязі са сканчэннем тэрміну яе даўніны. На адрас міліцыянтаў Кастрычніцкага РАУС суд вынес прыватнае вызначэнне – у тым ліку за шэраг хібаў у афармленні дакументаў і перадачу справы ў суд пасля сканчэння тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. 

    Нагадаем, 12 сакавіка 2015 г. у кватэры Барысава правялі “агляд памяшкання” нібыта ў межах праверкі факту паклёпу (арт. 188 ч. 2 КК РБ) на дырэктара прадпрыемства “Стужка” Сяргея Пятрова ў артыкуле на сайце “Наш Магілёў”. У той жа дзень “агляд” правялі на кватэры, дзе месціцца Магілёўскі офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”. На экспертызу агулам забралі шэсць камп’ютараў, два мадэмы і нататнік. 13 ліпеня міліцыянты паведамілі І. Барысаву, што тэхніку вяртаюць і крымінальнай справы супраць яго не распачыналі. Затое завялі дзве адміністрацыйныя, якія таксама цяпер закрылі.

    29 ліпеня ў Гомелі на ганку Цэнтральнага РУУС, перад якім меў адбыцца пікет мясцовых жыхароў, міліцыя затрымала незалежных журналістаў Кастуся Жукоўскага і Наталлю Крывашэй. Міліцыянты склалі пратаколы апытання абодвух журналістаў з нагоды таго, што Кастусь Жукоўскі нібыта пагражаў ім. Прыкладна праз тры гадзіны журналістаў вызвалілі, тэхніку ў іх не забіралі.

    Жукоўскі і Крывашэй катэгарычна абверглі такія абвінавачанні і заявілі, што патрабавалі выканання заканадаўства. Яны адзначылі гэта і ў пратаколах апытання. Сваё затрыманне яны называюць правакацыяй. Журналісты маюць намер накіраваць у пракуратуру скаргі на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

    5 жніўня галоўнага рэдактара недзяржаўнага выдання “Газета Слонімская” Віктара Валадашчука выклікалі ў Слонімскі РАУС, дзе паведамілі, што ў дачыненні да юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі “Газеты Слонімскай”, завялі адміністрацыйную справу паводле арт. 23.33 КаАП – “распаўсюд заведама ілжывых звестак, што зневажаюць гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

    Падставай стаў артыкул «Голос из деревни. Главное, что говорить президент хорошо умеет» («ГС» ад 29 ліпеня, рубрыка «Выбары-2015»). Публікацыя ўяўляла з сябе апытанне вясковых жыхароў на тэму выбараў. Які фрагмент артыкулу стаў нагодай для завядзення справы, Віктару Валадашчуку не паведамілі. Калі справа дойдзе да суда і рэдакцыю прызнаюць вінаватай, ёй можа пагражаць штраф да 500 базавых велічыняў (90 мільёнаў рублёў).

    8 жніўня ўначы супрацоўнікі мытнай службы затрымалі ў пункце пропуску «Гродна‑2» журналіста Аляксея Трубкіна, які вяртаўся ў Беларусь і меў пры сабе некалькі друкаваных выданняў. Мытнікам не спадабалася кніга Андрэя Пачобута «Sys­tem Białoruś» з фота прэзідэнта Беларусі на вокладцы, а пасля да яе далучылі «Агляд-хроніку парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі за 2010 год» выдання праваабарончага цэнтру «Вясна». Журналіст быў затрыманы на тры гадзіны для складання пратаколаў і дачы тлумачэнняў на гродзенскім тэрмінале чыгуначнага вакзала. У выніку кнігі забралі для правядзення экспертызы.

    11 жніўня гродзенскі журналіст Андрэй Мялешка падаў заяву ў Кастрычніцкі РАУС Гродна з просьбай высветліць і прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія пішуць паклёпніцкія ананімныя артыкулы пра гродзенскіх журналістаў і грамадскіх дзеячаў на адным з сайтаў. Журналіст убачыў у матэрыялах сайта паклёп на сябе і чальцоў сваёй сям’і. На працягу апошніх гадоў там з’яўляліся артыкулы пра сябраў ГА “БАЖ” А. Дзянісава, А. Кіркевіча, В. Парфёненку, У. Хільмановіча і Віктара Сазонава.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці