Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 25.04–10.05.2015 г.
Міністр інфармацыі Лілія Ананіч паведаміла, што падрыхтаваны праект указа па прывядзенні заканадаўчых актаў у адпаведнасць з законам “Аб СМІ”. У прыватнасці, там будзе замацавана адказнасць уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў за каментары карыстальнікаў на форумах. Закон “Аб СМІ”, які набыў моц 1 студзеня 2015 г., прадугледжвае адказнасць усіх уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, даступных на тэрыторыі краіны, у тым ліку і замежных – Мінінфарм абяцае жорстка іх кантраляваць.
25 красавіка суд Барысаўскага раёна задаволіў пазоў участковай медсястры Панцялей Е.С. да газеты “Борисовские новости” і аўтаркі ліста ў рэдакцыю Казлоўскай Л. аб абароне дзелавой рэпутацыі і спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды за артыкул “Кто виноват в смерти пациенты 2‑ой поликлиники?”, апублікаванай 24 снежня 2014 г. у выпуску “БН” №52.
Суддзя Інна Войтка пастанавіла спагнаць 4 млн руб. салідарна: 3 млн руб. – з “Борисовских новостей”, 1 млн руб. – з Казлоўскай. Акрамя гэтага, адказчыкам належыць кампенсаваць судовыя выдаткі пазоўніцы: 7 млн 935 тыс. руб. мае выплаціць рэдакцыя газеты, 2 млн 645 тыс. – суадказчык. Суд таксама абавязаў газету апублікаваць цягам месяца рэзалютыўную частку рашэння суда. Адказчыкі збіраюцца абскарджваць рашэнне суда ў Мінскі абласны суд.
27 красавіка суд Ленінскага раёна Брэста (суддзя Святаслаў Каліна) паўторна вынес рашэнне аштрафаваць журналістку Тамару Шчапёткіну за працу без акрэдытацыі на замежнае СМІ – “Беларускае радыё Рацыя”. Сума штрафу за парушэнне арт. 22.9 КаАП – 40 базавых велічынь (7,2 млн рублёў). Гэта быў ужо другі разгляд справы паводле абвінавачвання журналісткі ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ”. Вынік першага суда Шчапёткіна абскардзіла ў Брэсцкі аблсуд, які адправіў справу на перагляд. Падставай для складання на Т. Шчапёткіну адміністрацыйнага пратакола з’явілася тое, што ў студзені яна нібыта зрабіла інтэрв’ю з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам, якое пазней з’явілася на сайце “Радыё Рацыя”. Журналістка аспрэчвае як сам факт таго, што рабіла ў той дзень інтэрв’ю, так і далейшае з’яўленне яго ў Інтэрнэце.
Літаральна праз некалькі дзён пасля суда паступіла інфармацыя, што міліцыя зноў шукае сведак супраць Т. Шчапёткінай. З яе слоў, 30 красавіка супрацоўнікі Мікашэвіцкага ГАУС прыходзілі да актывіста кампаніі «Гавары праўду» Леаніда Дубаносава. Міліцыянты высвятлялі, ці не яна гутарыла з ім пра праблему адсутнасці тэлефоннай лініі ў 10‑м мікрараёне Мікашэвічаў і ці ведае ён журналістку асабіста.
28 красавіка Вярхоўны суд (суддзя Кацярына Караткевіч) адхіліла пазоў ТАА “Выдавецкі дом “Інтэкс-прэс” да Міністэрства інфармацыі і прызнала законным пісьмовае папярэджанне газеце “Intex-press” за скарачэнне “РБ” у выходных дадзеных. У часе судовых слуханняў прадстаўнікі “Інтэкс-прэс” спрабавалі давесці суду, што скарачэнне “РБ” замест слоў “Рэспубліка Беларусь” шырока ўжываецца органамі дзяржаўнай улады і нават прысутнічае ў прэзідэнцкіх указах.
Нагадаем, разам з “Intex-press” у лютым-сакавіку 2015 г. папярэджанні ад Мінінфармацыі атрымаў яшчэ шэраг беларускіх выданняў.
29 красавіка ў Мінску супрацоўнікі спецыяльнага батальёна міліцыі затрымалі незалежных тэлежурналістаў Сяргея Краўчука і Наталлю Валакіду, калі тыя здымалі ўдзельнікаў перформансу каля Расійскай амбасады – “вяртання Расіі касметычкі” — валізы з эмблемай байкерскага клуба “Начныя ваўкі”. Міліцыянты перапісалі пашпартныя звесткі журналістаў і прымусілі выдаліць відэазапіс перфомансу.
29 красавіка стала вядома, што Брэсцкі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу сябры ГА “БАЖ” Іны Хоміч. Незалежная журналістка аспрэчвала пастанову суда Маскоўскага раёна Брэста, паводле якой яна была аштрафавана на 30 базавых велічынь за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі (арт. 22.9 КаАП).
У пастанове, падпісанай суддзёй Брэсцкага аблсуда Міхаілам Мохарам, адзначаецца, што суд першай інстанцыі “ўсебакова, поўна і аб’ектыўна” вывучыў матэрыялы справы ў дачыненні да незалежнай журналісткі, і яе віна ў “незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі” даказана. Пры гэтым у судовай пастанове ёсць спасылка на паведамленні з УКДБ па Брэсцкай вобласці, паводле якога Іна Хоміч нібыта зрабіла інтэрв’ю і размясціла яго на сайце СМІ.
30 красавіка Брэсцкі аблсуд (суддзя Андрэй Васілюк) адхіліў касацыйную скаргу журналіста-фрылансера Алеся Ляўчука. Журналіст дамагаўся адмены пастановы Маскоўскага райсуда Брэста, які 26 сакавіка прызнаў яго вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП) і пакараў штрафам на 3 млн 780 тыс. рублёў.
Тады судовае пасяджэнне адбылося без удзелу Ляўчука, бо адпаведную позву ён не атрымаў. Падставай для завядзення справы стаў матэрыял на сайце тэлеканала “Белсат” за подпісам “АЛ”. Аўтарства Алеся Ляўчука нібыта пацвердзіла міліцыі суразмоўца журналіста.
30 красавіка незалежны журналіст і праваабаронца Леанід Свецік паведаміў, што яму адмовілі ў магчымасці наведаць папраўчыя ўстановы, ЛПП і СІЗА Віцебскай выобласці. Ён даслаў больш за дзясятак заяваў з просьбай даць яму магчымасць наведаць гэтыя ўстановы, каб падрыхтаваць артыкулы пра умовы жыцця і побыту людзей, якія там утрымліваюцца. Усе адказы, атрыманыя Свецікам, практычна аднолькавыя з падобным зместам: “Асвятленнем дзейнасці папраўчых устаноў у крымінальна-выканаўчай сістэме займаюцца ведамасныя перыядычныя выданні – газеты “На страже” і “Трудовой путь”, якія ў поўнай меры адлюстроўваюць стан побыту і ўмоваў утрымання”.
5 мая рэдактар газеты “Наш Магілёў” Ігар Барысаў накіраваў скаргу ў пракуратуру Магілёўскай вобласці. Ён просіць неадкладна вярнуць яму два камп’ютары, мадэм і нататнік, а таксама прыцягнуць службовых асобаў да адказнасці за парушэнне яго правоў і за парушэнне працэсуальных тэрмінаў пры правядзенні праверкі. Пакуль міліцыя вярнула журналісту толькі адзін камп’ютар з трох забраных.
Нагадаем, раніцай 12 сакавіка супрацоўнікі міліцыі зладзілі ператрус у кватэры Барысава і забралі для экспертызы тры камп’ютары, мадэм і нататнік. Міліцыянты паведамілі, што І. Барысаў падазраецца ў паклёпе на дырэктара прадпрыемства “Стужка” Сяргея Пятрова ў артыкуле на сайце “Наш Магілёў”. У той жа дзень “агляд” быў праведзены ў магілёўскім офісе Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Там забралі тры камп’ютары і мадэм.
7 мая рэдакцыя недзяржаўнай “Газеты Слонімскай” паведаміла, што “Белпошта” і “Белсаюздрук” зноў адмовілі ў супрацоўніцтве. Абодва прадпрыемствы-манапалісты, спасылаючыся на розныя прычыны, напісалі, што не будуць займацца распаўсюдам недзяржаўнага выдання “Газета Слонімская” і яго дадатку “Отдушина”. “Выбар друкаваных выданняў для фармавання каталогу з мэтай далейшага іх распаўсюду праз падпіску з’яўляецца правам РУП “Белпошта”, якое ім рэалізуецца ў адпаведнасці з заканадаўствам”, – гаворыцца ў адказе ад 29 красавіка за подпісам першай намесніцы гендырэктара прадпрыемства Алены Скрыпчык.
Нагадаем, «Газеты Слонімскай» няма ў падпісным каталогу і газетных кіёсках з 2006 г. Тады, напярэдадні кампаніі выбараў прэзідэнта, у падпісныя каталогі «Белпошты» не трапілі 16 недзяржаўных выданняў, 19 – страцілі магчымасць распаўсюду праз шапікі прадпрыемстваў «Саюздруку». Спробы рэдакцый і чытачоў апратэстоўваць такія дзеянні манапалістаў (у тым ліку праз суд) не далі плёну.
8 мая тэлежурналістка Вольга Чайчыц по позве наведала па выкліку позвай фаніпальскае аддзяленне міліцыі. Міліцыянты паказалі журналістцы раздрукоўкі з сайта тэлеканала “Белсат” з нядаўнім сюжэтам, які датычыў грамадскага абмеркавання забудовы ў Фаніпалі. В. Чайчыц вінавацяць у парушэнні артыкула 22.9 КаАП (праца без акрэдытацыі на замежныя СМІ). Цяпер яе чакае судовы працэс.
Нагадаем, сёлета беларускіх журналістаў ужо 12 разоў прызнавалі вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП, а агульная сума штрафаў па гэтым артыкуле перасягнула суму ў 60 мільёнаў рублёў.
9 мая ў Бабруйску на плошчы Перамогі ідэолагі перашкаджалі здымаць урачыстыя мерапрыемствы Дня Перамогі відэааператару «Бобруйского курьера» Віктару Масаловічу.
Спачатку начальнік упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Мікалай Балюк не дазволіў Масаловічу прайсці на месца, на якім працавалі іншыя фатографы і відэааператары з бабруйскіх СМІ, заявіўшы: «А ў вас няма пасведчання». На прапанову паказаць яго загадчык сектара па працы з грамадскімі аб’яднаннямі, рэлігійнымі арганізацыямі і моладдзю таго ж упраўлення Ігар Несцяровіч выставіў журналісту новыя прэтэнзіі. Маўляў, “вы позна прыйшлі”.
9 мая на памежным пераходзе Каменны Лог беларуска-літоўскай мяжы мытнікі агледзелі аўтамабіль старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі і забралі на экспертызу 38 асобнікаў яго кнігі “108 дзён і начэй у засценках КДБ”. Падставай для правядзення пільнага агляду з’явіліся партыйныя матэрыялы, заўважаныя памежнікамі ў аўтамабілі. Складзены “акт адбору проб і ўзораў”. Па словах мытнікаў, забраныя кнігі накіруюць на экспертызу з мэтай вызначыць, ці няма ў выданні праяваў экстрэмізму.
Кніга “108 дзён і начэй у засценках КДБ” – дзённік палітыка, дзе апісваецца кожны дзень яго знаходжання ва ўнутранай турме КДБ пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.