• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 22.12.14–04.01.2015 г.

    22 снежня ГА “БАЖ” звярнулася ў Генеральную пракуратуру, Упраўленне МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце з нагоды блакавання шэрагу інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў. Журналісцкая арганізацыя патрабуе тэрмінова ліквідаваць парушэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, пацярпелых ад абмежавання доступу да сайтаў, правесці праверку іх незаконнага блакавання, высветліць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства, і прыцягнуць іх да вызначанай законам адказнасці. ГА “БАЖ” звяртае ўвагу, што такім чынам былі парушаныя шэраг артыкулаў Канстытуцыі, Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў РБ.

    23 снежня інфармацыйная кампанія БелаПАН распаўсюдзіла заяву ў сувязі з працягам блакіроўкі IP-адрасоў сайтаў, якія ёй належаць: belapan.by, belapan.com и naviny.by. Афіцыйна зарэгістраваная інфармацыйная кампанія патрабуе ад дзяржорганаў расследаваць факты незаконнай блакіроўкі і абнародаваць інфармацыю пра вынікі такога расследавання.

    Нагадаем, 20 снежня ўвечары быў заблакаваны доступ як беларускіх, так і замежных карыстальнікаў да сайта БелаПАН і інтэрнэт-газеты Naviny.by. Яны зарэгістраваныя у даменнай зоне .by і размешчаныя на беларускай хостынгавай пляцоўцы. БелаПАН паведамляе, што пасля змянення IP-адрасоў 21 снежня ўдалося ўзнавіць працу, аднак прыкладна ў 14.00 таго ж дня былі заблакаваныя і новыя IP-адрасы. “Да гэтага часу невядома, кім было прынятае рашэння пра блакіроўку і хто тэхнічна яе здзяйсняе. Хостынгавая кампанія і дзяржаўны манапаліст “Белтэлекам” заявілі, што не валодаюць інфармацыяй пра гэта. Спробы атрымаць адказ на гэтае пытанне ў Мінінфарме аказаліся безвыніковымі”, — гаворыцца ў заяве. Сайты БелаПАН узнавілі працу, нягледзячы на блакіроўку.

    23 снежня стала вядома, што 26 дзяржаўных газет і часопісаў у 2015 г. атрымаюць падтрымку з дзяржбюджэту. Гэта вызначана пастановай ураду №1208 ад 20 снежня. У гэтым пераліку газеты «Рэспубліка», «Советская Белоруссия», «Зорька», «Белорусская нива», «Спортивная панорама», «Звязда» і інш., а таксама шэраг часопісаў. Сума расходаў не называецца.

    А згодна з зацверджаным рэспубліканскім бюджэтам на 2015 г. усяго на фінансаванне дзяржСМІ выдзелена 804,2 млрд рублёў. З іх на тэлебачанне і радыёвяшчанне прадугледжана 653,74 млрд рублёў. Сродкі ў памеры 70,2 млрд рублёў запланаваныя на перыядычны друк і выдавецтвы.

    24 снежня Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) агучыў вынікі маніторынгу афіцыйных сайтаў дзяржорганаў. Маніторцы прыйшлі да высновы, што сайты мясцовых органаў улады не адпавядаюць папраўкам у закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. Даследавалася інфармацыйная напаўняльнасць 135 сайтаў (7 – аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, 128 – раённых і гарадскіх выканкамаў).

    Новыя папраўкі закона істотна змяняюць парадак разгляду электронных зваротаў. У прыватнасці, замацоўваецца абавязковы разгляд электронных зваротаў, пададзеных праз спецыяльную рубрыку, размешчаную на сайце дзяржоргана. А электронныя звароты, дасланыя па электроннай пошце, разгляду не падлягаюць.

    Паводле Lawtrend, не на ўсіх сайтах мясцовых органаў улады прысутнічае нават сама электронная форма, у якой неабходна размясціць зварот.

    24 снежня стала вядома, што прыватная друкарня «Плутас-маркет» адмовілася друкаваць незалежную, афіцыйна зарэгістраваную газету «Снплюс. Свободные новости плюс». Паводле галоўнага рэдактара выдання Васіля Зданюка, спачатку адмову ніяк не абгрунтавалі. Пасля намеснік дырэктара «Плутас-маркета» Ігар Вішнеўскі патлумачыў адмову паломкай абсталявання, але не змог патлумачыць, чаму іншым газетам гэта не перашкодзіла друкавацца. Наконт друку наступнага нумара Вішнеўскі таксама канкрэтна нічога не сказаў. Кіраўніцтву газеты давялося тэрмінова шукаць іншую друкарню. 6 студзеня Васіль Зданюк падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з дзяржаўным выдавецтвам “Беларускі дом друку” .

    Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адмова “Плутас-маркета” можа быць “перастрахоўкай” на фоне нядаўняга блакавання шэрагу незалежных сайтаў. Не выключана, што рашэнне друкарні не было самастойным.

    24 снежня ў Віцебскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйных скаргаў мясцовых журналістаў — удзельнікаў фотасесіі “з клеткамі і птушкамі”, кваліфікаванай супрацоўнікамі міліцыі як несанкцыянаванае пікетаванне (арт. 23.34 КаАП).

    Па выніку слуханняў высновы суддзяў абласнога суда Ірыны Смаляковай, Святланы Івановай і Эдварда Марцірасяна супалі: усім ўдзельнікам фотасесіі было адмоўлена ў задавальненні скаргаў. Нагадаем, паводле пастановаў Чыгуначнага райсуда Віцебска, грашовыя штрафы былі прысуджаныя сябрам ГА “БАЖ” Алене Сцяпанавай, Алене Шабуні, Змітру Казакевічу, Кастусю Мардзвінцаву, Паўлу Левінаву, а таксама грамадскай актывістцы Таццяне Севярынец. Памер штрафаў – ад 18 да 25 базавых велічынь.

    Віцебскі аблсуд не пагадзіўся з аргументацыяй пакараных пра тое, што яны ўдзельнічалі ў фотасесіі, а гэта не супярэчыць заканадаўству аб масавых акцыях. У прыватнасці, ўдзельнікаў фотасесіі абвінавацілі за тое, што яны фатаграфаваліся ў грамадскім месцы на фоне гарадскога графіці – малюнка трох клетак, з якіх вылятаюць зробленыя з газеты птушкі, – не спытаўшы дазволу ў раённай адміністрацыі.

    Еўрапейская Федэрацыя журналістаў і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выступілі з адкрытым лістом у падтрымку віцебскіх калегаў. А журналісты замежжа правялі ў Брусэлі падобную фотасесію: сфатаграфаваліся з такімі ж папяровымі клеткамі і птушкамі, трымаючы ў руках яшчэ і таблічкі са словамі «Хіба гэта злачынства?»

    24 снежня суд Ленінскага раёна Брэста аштрафаваў на 40 базавых велічыняў (6 млн рублёў) журналіста Алеся Леўчука, які абвінавачваецца ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (арт. 22.9 ч. 2 КаАП) – за супрацу з замежным СМІ без акрэдытацыі. Паводле журналіста, у матэрыялах яго судовай справы са спасылкай на КДБ паведамлялася: высветлена, што ён працуе на тэлеканал «Белсат».

    У судзе быў разгледжаны адказ з МЗС, у якім гаворыцца, што ў Леўчука няма акрэдытацыі ў якасці журналіста замежнага СМІ. Сам журналіст паказаў у судзе пісьмовае пацвярджэнне, што ён з’яўляецца пазаштатным карэспандэнтам інфармкампаніі БелаПАН, а таксама рэдакцыйнае пасведчанне, аднак гэта нават не разглядалася.

    Нагадаем, гэта ўжо 14‑я справа ў дачыненні да журналістаў па ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

    30 снежня незалежны журналіст з Магілёва Аляксандр Буракоў атрымаў адказ з міліцыі, у якім гаворыцца, што вызначыць асоб, якія здзейснілі на яго паклёп, немагчыма. Блакіраваць сайт voskresinfo.com міліцыя не можа, бо гэта не адносіцца да іх кампетэнцыі.

    Нагадаем, што сайт voskresinfo.com займаецца паклёпам на грамадска-палітычных актывістаў і журналістаў Магілёва. Ад яго дзейнасці пацярпела не менш за 20 чалавек.

    Каля месяца назад грамадскі актывіст Антон Касцоў і журналісты Ігар Барысаў і Аляксандр Буракоў звярнуліся ў міліцыю з просьбай знайсці паклёпнікаў і прыцягнуць іх да адказнасці, а таксама заблакаваць сайт, які распаўсюджвае несапраўдную, паклёпніцкую інфармацыю пра іх жыццё. Усе атрымалі пісьмовыя адказы, у адпаведнасці з якімі міліцыянты прызнаюць факты паклёпа і абразы, аднак устанавіць тых асоб, якія гэта зрабілі, не могуць.

    Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў адказе Барысаву міліцыянты пазначылі, што сайт знаходзіцца ва Украіне, а ў адказе Антону Касцову, што ён размяшчаецца ў РФ. І калі актывісты намераны бараніць свой гонар і годнасць, то яны мусяць звяртацца ў суды ў згаданых краінах.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці