Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 22.06–12.07.2015 г.
Агульная сума штрафаў, прысуджаных журналістам-фрылансерам у Беларусі ў 2015 годзе па арт. 22.9 КаАП, амаль дасягнула 130 мільёнаў рублёў. За супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі журналістаў сёлета судзілі ўжо 24 разы.
22 чэрвеня прадстаўнікі рэдакцыі заблакаванага сайта kyky.org сустрэліся з першым намеснікам міністра інфармацыі Ігарам Луцкім і юрыстам ведамства. (Ініцыятыва сустрэчы зыходзіла ад Мінінфармацыі.) Рэдакцыі параілі ўважлівей сачыць за ўжыванай на сайце лексікай.
23 чэрвеня — на шосты дзень блакавання — абмежаванне доступу да сайта знялі. Спрэчныя публікацыі на сайце цяпер недаступныя. Нагадаем, 15 чэрвеня Мінінфарм абмежаваў доступ да сайта kyky.org, спасылаючыся на арт. 38 закона “Аб СМІ” — з прычыны размяшчэння інфармацыі, распаўсюд якой можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Адметна, што згодна з заканадаўствам працэдура блакавання прадугледжвае спачатку вынясенне двух папярэджанняў, пасля даецца час на выпраўленне парушэнняў, і ужо пасля гэтага могуць заблакаваць. Між тым, перад абмежаваннем доступу рэдакцыя кyky.org не атрымала папярэджання.
25 чэрвеня незалежных журналістаў з Глыбокага (Віцебская вобласць) Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача выклікалі ў міліцыю. Па выніках размовы са старшым інспектарам Глыбоцкага РАУС Вячаславам Барылам Таццяна Смоткіна распавяла, што супраць яе распачатая адміністрацыйная справа за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Падстава — публікацыя “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі», размешчаная 9 чэрвеня на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” (Польшча). Тэкст пра тое, што навучэнцы мясцовай мастацкай школы размалявалі каналізацыйныя люкі.
Гутарка міліцыянта са Змітром Лупачам тычылася публікацыі «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года», размешчаным на сайце «Еўрарадыё».
“Інспектар паказаў мне раздрукоўку гэтага тэксту без пазначэння аўтарства, а таксама ксеракопію з газеты “Вольнае Глыбокае”, дзе пад артыкулам стаіць маё прозвішча. На думку міліцыянта, аўтарства артыкула ў газеце з’яўляецца доказам таго, што я супрацоўнічаю і з замежным СМІ, – распавёў Зміцер Лупач.
Справы накіравалі ў суд, разгляды іх былі прызначаныя на 9 і 10 ліпеня, але пасля суды перанеслі на няпэўны тэрмін – дакументы вярнулі ў міліцыю на дапрацоўку.
25 чэрвеня магілёўскі журналіст, карэспандэнт інфармагенцтва БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч атрымаў адказ з Магілёўскага аблсавета на свой чарговы зварот да яго старшыні з просьбай растлумачыць, якімі прававымі актамі абумоўліваецца неабходнасць звароту журналіста СМІ, які жадае прысутнічаць на адкрытым пасяджэнні сесіі аблсавета. Старшыня савета Анатоль Ісачанка вымушаны быў прызнаць, што “нарматыўнымі прававымі актамі форма зваротаў журналіста для прысутнасці на пасяджэннях сесіі і парадак іх разгляду не ўстаноўлены”.
Нагадаем, ужо больш за год Лапцэвіч спрабуе патрапіць на адкрытыя пасяджэнні Магілёўскага аблсавета дэпутатаў, аднак яму адмаўлялі ў гэтым, спасылаючыся на адсутнасць у спісе запрошаных. Раней журналіст асвятляў падзеі ў эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах жыцця Магілёўскай вобласці, у тым ліку сесіі Магілёўскага аблсавета дэпутатаў, без усялякіх нараканняў з боку чыноўнікаў ці дэпутатаў.
26 чэрвеня ТАА «Выдавецкая дом «Інтэкс-прэс» у чарговы раз атрымаў адмову ад УП «Брэстаблсаюздрук» на просьбу распаўсюджваць праз дзяржаўную сістэму продажу газету «Intex-press». У лісце за подпісам намесніка дырэктара прадпрыемства Мікалая Марэйкі рэдакцыі паведамілі, што нібыта не маюць магчымасці скласці дамову на распаўсюд.
Нагадаем, недзяржаўная грамадска-палітычная газета “Intex-press” выходзіць у Баранавічах з 1994 года. У 2006‑м годзе выданне было выключана з дзяржаўных сістэм распаўсюду.
28 чэрвеня магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў накіраваў індывідуальную скаргу ў Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН. Ён просіць КПЧ прызнаць факт парушэння з боку Рэспублікі Беларусь яго правоў, гарантаваных арт. 19 у сукупнасці з п. 2 і п. 3 арт. 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама журналіст звяртаецца ў КПЧ з просьбай рэкамендаваць ураду Беларусі прывесці нормы Закона “Аб СМІ” і практыку яго прымянення ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязкамі, а менавіта – з арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Аляксандр Буракоў звярнуўся ў КПЧ пасля праходжання ўсіх судовых інстанцый у Беларусі ў спробах абскардзіць свой штраф. 8 кастрычніка 2014 г. суддзя Ленінскага раённага суда Магілёва Алена Волкава аштрафава яго на 40 базавых велічынь. Суд прызнаў журналіста вінаватым у парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Падставай для пакарання паслужыў размешчаны на сайце DW.de 25 жніўня 2014 года артыкул “Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?” за подпісам Аляксандра Буракова.
30 чэрвеня міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч паведаміла, што ў 2015 г. Мінінфармацыі блакавала доступ да 26 інтэрнэт-сайтаў.
2 ліпеня Рагачоўскі райсуд (суддзя Аляксандр Крайнікаў) прызнаў гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Наталлю Крывашэй вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Яны аштрафаваныя паводле арт. 22.9 КаАП – кожны на 35 базавых велічыняў.
Паводле пратаколаў, складзеных начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Рагачоўскага РАУС Юрыем Астаповічам, 12 мая ў Рагачове журналісты, не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста замежнага СМІ, “правялі інтэрв’юіраванне грамадзян, тым самым незаконна вырабілі прадукцыю СМІ, а менавіта відэасюжэт пад назвай “Несалодкі смак крызісу. Чаму рагачоўская згушчонка застаецца на складах?…” Відэасюжэт быў паказаны 14 траўня на тэлеканале “Белсат” і змешчаны на яго сайце. Гэтым нібыта парушана патрабаванне ч. 4 арт. 35 Закона “Аб СМІ”.
Для Наталлі Крывашэй сёлета гэты быў чацвёрты суд па падобных адміністрацыйных справах, а Кастуся Жукоўскага судзілі ўжо ў сёмы раз (шэсць судоў тычыліся арт. 22.9 ч.2 КаАП, адзін – арт. 23.34 КаАП). Агулам Наталлі трэба сплаціць у бюджэт 24,3 млн рублёў, а Кастусю – 31,5 млн рублёў.
2 ліпеня суд Ленінскага раёна Брэста (суддзя Алег Міранюк) прызнаў журналіста Алеся Ляўчука вінаватым у парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП і пакараў максімальным па гэтым артыкуле штрафам – 50 базавых велічынь, гэта 9 млн рублёў. Пазаштатнага карэспандэнта інфармкампаніі БелаПАН звінавацілі ў супрацоўніцтве са спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі. Падставай для справы стала інтэрв’ю з капітанам футбольнага клуба “Брэст” Раманам Васілюком, якое міліцыя знайшла на сайце тэлеканала “Белсат”. Адміністрацыйны пратакол на Ляўчука склаў 23 чэрвеня старшы лейтэнант міліцыі Барыс Дзмітрук.
Паводле журналіста, ён прадаставіў суду даведку ад БелаПАН пра супрацу ў якасці пазаштатнага карэспандэнта, сваё пасведчанне, а таксама раздрукоўку матэрыяла, што стаў падставай для складання пратакола, але ўжо з сайта БелаПАН. “Яны задумаліся, бо ніводнага доказу таго, што я рабіў матэрыял для “Белсата”, не было”, – кажа Ляўчук. Па яго словах, суддзя абвесціў перапынак на паўтары гадзіны, а пасля агучыў рашэнне – 9 мільёнаў штрафу. Журналіст збіраецца абскарджваць судовую пастанову ў вышэйшых інстанцыях.
Па звестках Ляўчука, 24 чэрвеня на яго завялі яшчэ адну адміністратыўную справу — цяпер ужо за рэзанансны сюжэт пра нядаўні рэлігійны канфлікт у аграгарадку Белавежскі.
6 ліпеня стала вядома, што следчыя органы спынілі крымінальны пераслед за паклёп на кіраўніка дзяржавы брэсцкага пенсіянера Міхаіла Лукашэвіча з прычыны адсутнасці ў яго дзеяннях складу злачынства. Лекары Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя (“Навінкі”), куды накіравалі ў ходзе следства Лукашэвіча, прызналі яго псіхічны стан задавальняльным.
Нагадаем, 29 снежня 2014 г. Следчы камітэт распачаў справу паводле ч. 1 арт. 367 КК РБ у дачыненні да 63-гадовага жыхара Брэста Міхаіла Лукашэвіча. Нагодай сталі палітычныя надпісы і лозунгі, якія мужчына больш за 10 гадоў рабіў на ўласным плоце і сценах гаража. Следчы камітэт тады прыйшоў да высновы, што ў дзеяннях Лукашэвіча ёсць склад злачынства – «выказванні крытычнага характару, выражаныя ў форме паклёпу ў дачыненні да ўладаў, сілавых структур і Прэзідэнта РБ». Які менавіта надпіс следчыя палічылі паклёпам на кіраўніка краіны, СК не паведамляў.
7 ліпеня споўнілася 15 гадоў з моманту, калі пры нявысветленых абставінах знік тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. Усе гэтыя гады праваахоўныя органы Беларусі так і не далі адказу на пытанні: хто быў арганізатарам і выканаўцам гэтага злачынства, што насамрэч здарылася з Дзмітрыем, дзе шукаць яго сляды? Крымінальную справу па факце знікнення журналіста неаднаразова прыпынялі і аднаўлялі, але гэта нічога не мяняла: канкрэтных вынікаў як не было, так і няма.
У дзень трагічнай гадавіны ГА «БАЖ” выступіла з заявай, у якой настойліва патрабуе ад кампетэнтных праваахоўных органаў правесці поўнае расследаванне ўсіх абставін знікнення Дзмітрыя Завадскага.
Нагадаем, 7 ліпеня 2000 г. журналіст знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Мінск‑2». Па факце знікнення Дзмітрыя была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «забойства», аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана на «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі».
14 сакавіка 2002 г. Мінскі аблсуд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае зняволенне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю). Паводле абвінавачання, матывам злачынства сталася помста: маўляў, Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнскіх байцоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.
27 лістапада 2003 г. суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.
9 ліпеня ГА «БАЖ» звярнулася ў Вярхоўны суд, Генпракуратуру, МУС і КДБ. Журналісцкая арганізацыя дамагаецца публічнага абмеркавання з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, ГА “БАЖ”, а таксама ўсіх зацікаўленых асобаў праблемы прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці журналістаў-фрылансераў.
Да кожнага ліста прыкладзеная заява-пратэст ГА “БАЖ” у сувязі з узмацненнем пераследу журналістаў-фрылансераў, матэрыялы якіх з’яўляюцца ў замежных СМІ. “Міліцыя і суды насуперак Закону «Аб СМІ» распаўсюджваюць абавязак атрымання акрэдытацыі ў МЗС на журналістаў-фрылансераў, якія не з’яўляюцца штатнымі супрацоўнікамі замежных СМІ. А затым неабгрунтавана прыраўноўваюць дзейнасць без акрэдытацыі да парушэння парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ (ч.2 арт. 22.9. КаАП). Тым часам, прадукцыю СМІ вырабляюць не журналісты, а рэдакцыі, і распаўсюджваюць яе не журналісты, а распаўсюднікі СМІ”, — падкрэсліваецца ў заяве.
Нагадаем, усяго ў Беларусі сёлета суды ўжо 24 разы штрафавалі журналістаў-фрылансераў паводле арт. 22.9 КаАП. Сума штрафаў перавысіла 129 млн рублёў.
9 ліпеня глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач распавёў, што прадстаўнікі КДБ схілялі яго да супрацоўніцтва – каб ён паведамляў падрабязнасці пра тутэйшых актывістаў, пра сустрэчы з сябрамі ГА «БАЖ» і пра апазіцыйную актыўнасць у рэгіёне.
Спачатку 25 чэрвеня Лупача выклікалі ў фінансавую міліцыю, дзе насамрэч яго сустрэлі мясцовыя прадстаўнікі КДБ і двое невядомых людзей, якія сказалі, што прыехалі з Мінска адмыслова дзеля сустрэчы з ім. Яны цікавіліся паездкамі журналіста ва Украіну, а таксама пра яго кантакты з замежнікамі. Адзін з такіх «кантактаў» адбыўся ў чэрвені. Зміцер сустракаўся з палякамі, якія прыязджалі на Глыбоччыну, і пазней на сайце «Еўрарадыё» і ў газеце «Вольнае Глыбокае» выйшаў артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года
30 чэрвеня Змітра Лупача па тэлефоне выклікаў на сустрэчу супрацоўнік мясцовага КДБ. У часе размовы ён папярэдзіў журналіста пра недапушчальнасць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369–1 КК РБ) –– прадастаўлення замежнай дзяржаве непраўдзівых звестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае становішча грамадзян і г. д.
«Супрацоўнік КДБ сказаў, што ў іх ёсць шмат доказаў майго супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, але яны не будуць іх агучваць, калі я пагаджуся «дапамагчы». Прычым супрацоўнік КДБ зазначыў, што ў выпадку адмовы будуць праблемы ў маёй жонкі і дзяцей», — распавядае З. Лупач.
Зміцер меркаваў, што КДБ страціць для яго цікавасць, калі не даваць ніякай інфармацыі. Між тым, 9 ліпеня той самы супрацоўнік патэлефанаваў і зноў прапанаваў сустрэцца. Зміцер Лупач катэгарычна адмовіўся ад “супрацы”, нягледзячы на пагрозы, і вырашыў распавесці сваю гісторыю, каб папярэдзіць сяброў і калег, што яны таксама могуць трапіць у падобную сітуацыю.