• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 16–22.03.2015 г.

    ГА “БАЖ” атрымала афіцыйны адказ з МУС на просьбу даслаць копію прававога акта аб забароне правядзення фота-відэаздымкаў адміністрацыйных будынкаў. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі І. Кубракоў паведамляе, што “ў апошні час у краіне мелі месца факты здымкі грамадзянамі, у тым ліку замежнымі, адміністрацыйных будынкаў з мэтай далейшай дыскрэдытацыі органаў дзяржаўнай улады”. І таму прымаюцца меры для прадухілення магчымых пагроз – “ад правакацый да тэрарыстычных актаў”. Далей міліцэйскі чыноўнік даводзіць, што ў праваахоўнікаў ёсць законнае права высветліць, для якіх мэт ажыццяўляецца здымка, а прадастаўленне СМІ ўнутрыведамасных дакументаў, якія прымаюцца МУС, абавязковым не з'яўляецца.

    Юрыст ГА “БАЖ”, намеснік старшыні арганізацыі Андрэй Бастунец з такой высновай не згодны і кажа пра намер абскарджання гэтага “ўнутрыведамаснага дакумента” ў той частцы, дзе ён тычыцца журналістаў і іншых грамадзян.

    16 сакавіка стала вядома, што на літоўска-беларускім памежным пераходзе Каменны Лог мытнікі затрымалі агляд-хроніку «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе» і яго англамоўны варыянт. 47 асобнікаў кнігі 13 сакавіка перавозіў з Літвы на асабістым аўтамабілі смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў. Старшы інспектар Ашмянскай мытні А. Шумскі склаў акт мытнага дагляду аўтамабіля. Выданне, хутчэй за ўсё, будзе накіраванае на экспертызу, якая павінна ўстанавіць, ці можна ўвозіць у Беларусь гэтыя кнігі. Штогадовую агляд-хроніку выдае Праваабарончы цэнтр “Вясна” на падставе аглядаў за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

    Перад гэтым, 14 сакавіка, на польска-беларускай мяжы мытнікі забралі ў гісторыка Паліны Шарэнда-Панасюк, якая ехала з Варшавы цягніком, 5 асобнікаў кнігі «Гістарычныя гарадскія ансамблі ў часы перамен» – зборнік матэрыялаў міжнароднай навуковай канфэрэнцыі ў Польшчы ў 2014 г. Пазней Брэсцкая мытня паведаміла рэдактарцы кнігі Ірыне Лаўроўскай, што «кнігі забралі на экспертызу ў спецыяльныя службы». Колькі будзе доўжыцца экспертыза, мытнікі не ўдакладнілі.

    16 сакавіка Міністэрства інфармацыі паведаміла, што вынесла пісьмовыя папярэджанні шэрагу перыядычных выданняў, сярод якіх дзяржаўныя часопіс “Вожык» і баранавіцкая газета “Наш край”. Пра гэта гаворыцца ў пісьмовым адказе міністэрства прэс-сакратару ГА “БАЖ” Барысу Гарэцкаму.

    Нагадаем, што ў лютым-сакавіку Мінінфарм вынес афіцыйныя папярэджанні адразу некалькім недзяржаўным выданням, звінаваціўшы іх у незаконным скарачэнні “РБ” замест “Рэспубліка Беларусь” у выходных дадзеных. Між тым, падобныя скарачэнні журналісты заўважылі і ў дзяржаўных друкаваных СМІ. У сувязі з гэтым прэс-сакратар ГА “БАЖ” напісаў у Мінінфармацыі ліст, каб даведацца, ці рэагавала ведамства на такія факты.

    Пазней, 20 сакавіка стала вядома, што папярэджанне за скарачэнне «РБ” атрымала таксама недзяржаўная газета “Новы час”. Дакумент датаваны 25 лютага, але галоўны рэдактар Аляксей Кароль змог атрымаць яго па пошце толькі днямі.

    Нагадаем, што пасля атрымання двух папярэджанняў цягам года зарэгістраванае ў Беларусі СМІ можа быць закрытае праз суд.

    16 сакавіка журналіст з Гомеля Мікалай Бянько паведаміў, што падаў у Камітэт ААН па правах чалавека скаргу аб парушэнні права на збор і распаўсюд інфармацыі. Да гэтага ён цягам года спрабаваў аспрэчыць афіцыйнае папярэджанне абласной пракуратуры, якая назвала яго і Юлію Сівец журналістамі замежнага СМІ без акрэдытацыі ў краіне.

    Нагадаем, 5 сакавіка 2014 г. першы намеснік пракурора Гомельскай вобласці Вадзім Сушчынскі вынес незалежным журналістам, сябрам ГА “БАЖ” М. Бянько і Ю.Сівец афіцыйнае папярэджанне за матэрыялы на сайце «Радыё Рацыя» ад іх імя.

    17 сакавіка журналіст Алесь Кіркевіч наведаў Ленінскае РУУС Гродна па выкліку позвай. Як высветлілася, міліцыя праводзіць праверку паводле звароту КДБ. Правяраецца факт парушэння арт. 22.9 ч.2 КаАП – “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. 18 сакавіка па гэтай жа справе быў выкліканы ў міліцыю гродзенскі журналіст Алесь Дзянісаў. Падставай для праверкі стаў размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат” відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Паводле журналістаў, у матэрыялах праверкі ёсць скрыншоты з сайта. Таксама з іх вынікае, што супрацоўніцу музея Галіну Хімко, якая фігуруе ў сюжэце, выклікалі на гутарку ў КДБ і ў міліцыю для апазнання журналістаў па фотаздымках.

    17 сакавіка ўвечары журналісту Андрэю Мялешку патэлефанавалі з гродзенскага аддзела міліцыі “Цэнтр” і сказалі, што хочуць “пагутарыць”. Мялешка катэгарычна адмовіўся ісці ў міліцыю без афіцыйнай позвы.

    17 сакавіка Міністэрства інфармацыі паведаміла, што з 13 сакавіка абмежавала доступ яшчэ да пяці інфармацыйных рэсурсаў. Паводле ведамства, рашэнне прынятае ў выкананне антынаркатычнага Дэкрэта №6 ад 28.12.2014 г. Назвы заблакаваных рэсурсаў не паведамляюцца.

    Нагадаем, што 22 студзеня Мінінфарм ужо блакаваў доступ да двух сайтаў, “якія выкарыстоўваюць вульгарную і табуявануя лексіку, здольную нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. Права блакаваць інтэрнэт-сайты Мінінфарм атрымаў 1 студзеня 2015 г. пасля ўступлення ў сілу паправак у Закон «Аб СМІ», паспешліва прынятых напрыканцы 2014 года.

    17 сакавіка выдавец Ігар Логвінаў паведаміў, што Эканамічны суд Мінска задаволіў хадайніцтва выдавецтва “Логвінаў” і дазволіў выплаціць штраф у растэрміноўку цягам двух месяцаў. «Нам проста далі час дазбіраць гэтыя грошы (…), бо, калі не разлічымся, у нас усё забяруць», — сказаў Логвінаў. Казаць пра нейкія паслабленні з боку ўладаў не даводзіцца, — адзначыў выдавец.

    Нагадаем, 9 студзеня 2015 г. Эканамічны суд пастанавіў канфіскаваць у прыватнай кнігарні “ЛогвінаЎ” “незаконна атрыманы прыбытак” – 961 млн рублёў і спагнаць штраф у памеры 30 базавых велічыняў (5 млн 400 тыс. рублёў). Суддзя Сяргей Кулакоўскі прызнаў віну прадпрыемства ў “незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці” (арт. 12.7 ч.2 КаАП) – продажы кніг без рэгістрацыі ў Мінінфармацыі. Разам з тым, цягам года кнігарня 8 разоў звярталася па адпаведную рэгістрацыю ў Мінінфарм, але кожны раз атрымлівала адмовы.

    17 сакавіка ў Мінску людзі ў цывільным затрымлівалі карэспандэнтку Радыё «Свабода» Галіну Абакунчык. Затрыманне адбылося ў гандлёвым цэнтры «Экспабел» у момант, калі Аляксандр Лукашэнка ішоў на сустрэчу з прадпрымальнікамі. Увагу сілавікоў прыцягнула тое, што журналістка гутарыла з прысутнымі гандлярамі і запісвала іх адказы ў блакнот. Падставай для затрымання стала адсутнасць у Абакунчык акрэдытацыі на мерапрыемства. Журналістка падкрэслівае, што яна і не збіралася на яго — рэдакцыйным заданнем было апытанне прадпрымальнікаў пра іх надзённыя праблемы.

    Галіну Абакунчык пасадзілі ў міліцэйскую машыну «дзеля высвятлення асобы» і праверылі дакументы. Пасля адзін з людзей у цывільным давёў яе да маршрутнага таксі і прасачыў, каб журналістка пакінула месца правядзення мерапрыемства.

    18 сакавіка журналіст-фрылансер Алесь Ляўчук па выкліку позвай наведаўся ў Маскоўскі РАУС Брэста. Участковы інспектар, капітан міліцыі Раман Трафімук паведаміў журналісту, што яго звінавачваюць у парушэнні арт. 22. 9 ч. 2 КаАП.

    Падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў матэрыял на сайце тэлеканала “Белсат” за подпісам “АЛ”. Участковы меў пры сабе раздрукоўкі публікацый з сайта, а таксама закона “Аб СМІ”. З размовы вынікала, што аўтарства Алеся Ляўчука нібыта пацвердзіла міліцыі суразмоўца журналіста. Суд над фрылансерам адбыўся 26 сакавіка без яго ўдзелу, пра вынікі суда журналісту яшчэ не паведамілі.

    Нагадаем, 24 снежня 2014 г. па гэтым жа артыкуле Ленінскі райсуд Брэста аштрафаваў Ляўчука на 40 базавых велічыняў (6 млн рублёў). Журналіста абвінавацілі ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ”, а фактычна – за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. 22 студзеня 2015 г. Брэсцкі аблсуд адхіліў скаргу Ляўчука на рашэнне суда першай інстанцыі.

    19 сакавіка рэдактар газеты і інтэрнэт-сайта “Наш Магілёў” Ігар Барысаў і яго жонка Алена Барысава па выкліку позвай сустрэліся з участковым інспектарам Кастрычніцкага РАУС Магілёва маёрам Казаковым. Міліцыянт хацеў узяць тлумачэнні ў межах праверкі неабходнасці ўзбуджэння (ці адмовы ва ўзбуджэнні) крымінальнай справы па арт. 188 ч. 2 КК РБ (паклёп).

    Па словах Ігара Барысава, У. Казакоў хацеў высветліць, якое дачыненне журналіст мае да газеты “Наш Магілёў”. Паколькі дагэтуль статус Барысава не вызначаны (ён не з’яўляецца ні падазраваным, ні сведкам па справе), журналіст у адпаведнасці з арт. 27 Канстытуцыі РБ адмовіўся даваць паказанні. Аналагічную заяву зрабіла і Алена Барысава.

    Нагадаем, што раніцай 12 сакавіка на кватэру Ігара Барысава завіталі супрацоўнікі міліцыі. Яны прад’явілі пастанову аб правядзенні агляду памяшкання на падставе праверкі па арт. 188 ч. 2 КК. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што Барысаў падазраецца ў паклёпе на дырэктара прадпрыемства “Стужка” Сяргея Пятрова ў артыкуле на сайце “Наш Магілёў”. Пасля сканчэння агляду міліцыянты забралі з кватэры камп’ютары і нататнікі.

    20 сакавіка журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач, якога ахоўнік не пусціў у будынак мясцовага райвыканкама з фотаапаратам Nikon, атрымаў адказ на запыт пра тое, якім прававым дакументам гэта вызначана. З афіцыйнага адказу вынікае, што ніякіх афіцыйных дакументаў, якія рэгламентуюць правілы пропуску ў райвыканкам, няма.

    Нагадаем, 2 сакавіка на ўваходзе ў памяшканне Глыбоцкага райвыканкама міліцыянт-ахоўнік заявіў журналісту, што “з прафесійнымі фотаапаратамі” ўваход у райвыканкам забаронены, ён спаслаўся на распараджэнне кіраўніка справамі райвыканкама.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці