• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 15–21.06.2015 г.

    «Механізм пазасудовага абмежавання доступу да сайтаў уяўляе сур’ёзную пагрозу свабодзе СМІ», – лічыць старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец. Абгрунтаванасць такіх апасенняў даказвае выпадак з блакаваннем сайта kyky.org.

    15 чэрвеня Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да сайта kyky.org, спасылаючыся на арт. 38 закона “Аб СМІ” — з прычыны размяшчэння інфармацыі, распаўсюд якой можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

    «У шэрагу публікацый, размешчаных на гэтым інфармацыйным рэсурсе, утрымліваюцца прыніжальныя выказванні ў дачыненні да дзяржаўнага свята Рэспублікі Беларусь — Дня Перамогі, грамадзян краіны, якія ў ім ўдзельнічаюць, аспрэчваецца значнасць гэтай падзеі ў гісторыі краіны, тым самым скажаецца гістарычная праўда аб Вялікай Айчыннай вайне. Таксама ў матэрыялах на сайце kyky.org прысутнічае табуяваная лексіка, грэблівыя, а часам і абразлівыя выказванні на адрас прадстаўнікоў пэўных сацыяльных груп, нацыянальнасцей і рэлігійных канфесій», — паведаміла міністэрства.

    Нагадаем, што права блакаваць інтэрнэт-сайты Мінінфарм атрымаў 1 студзеня 2015 г. пасля ўступлення ў сілу паправак у Закон «Аб СМІ», паспешліва прынятых у снежні 2014 года.

    Старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец лічыць, што механізм пазасудовага абмежавання доступу да сайтаў уяўляе сур’ёзную пагрозу свабодзе СМІ. “Падставы для блакавання сайта, на якія спасылаецца Мінінфармацыі, супярэчаць і Канстытуцыі Беларусі, і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Такія захады не толькі празмерныя, але і проста недапушчальныя ў цывілізаваным грамадстве”, — падкрэслівае А. Бастунец.

    16 чэрвеня стала вядома, што праваабаронца Павел Левінаў накіраваў пазоў у суд супраць Белтэлерадыёкампаніі. Ён патрабуе абвяржэння звестак, распаўсюджаных у тэлепраграме “Клуб рэдактараў”, якія, на думку Левінава, не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

    У выпуску “Клуба рэдактараў” ад 7 лютага абмяркоўвалася сустрэча беларускіх праваабаронцаў са спецдакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашам Харашці ў Вільні. Падчас абмеркавання даваліся негатыўныя ацэнкі дзеянням праваабаронцаў. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька зняважліва выказваўся пра праваабаронцаў, называючы іх “так званымі праваабаронцамі”, якія нешта ўкладвалі “яму [Міклашу Харашці] там у вушы”. А госць тэлепраграмы, дэпутат Мінскага гарсавета Георгій Атаманаў, ужыў выраз “праваабарончая шпана”.

    Павел Левінаў, які быў адным з удзельнікаў сустрэчы з М. Харашці, палічыў, што выказванні ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання зняважылі яго асабіста. Перад тым, як звярнуцца ў суд, Левінаў паспрабаваў вырашыць пытанне праз зварот наўпрост у Белтэлерадыёкампанію, але атрымаў адмову.

    18 чэрвеня брэсцкаму журналісту, сябру ГА “БАЖ” Алесю Ляўчуку тэлефонным званком з міліцыі паведамілі, што супраць яго распачаты чарговы адміністрацыйны працэс на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП за супрацу з замежным СМІ без акрэдытацыі.

    Паводле Ленінскага РАУС г. Брэста, нагодай стаў рэпартаж на тэлеканале “Белсат”, дзе распавядаецца пра вядомага футбаліста клуба “Дынама-Брэст” Рамана Васілюка. Сам футбаліст дзеля гэтага быў апытаны міліцыяй.

    На падставе згаданага артыкула А. Ляўчука судзілі ўжо двойчы: напрыканцы 2014 г. журналіст-фрылансер быў аштрафаваны на 40 базавых велічынь, а ў сакавіку 20154 г. – на 21 базавую, прычым другі суд адбыўся без удзелу журналіста.

    18 чэрвеня гродзенскі журналіст, сябра ГА “БАЖ” Віктар Парфёненка паведаміў, што атрымаў адказ з Вярхоўнага суда на сваю заяву, у якой абскарджваў адмовы Міністэрства замежных спраў Беларусі акрэдытаваць яго ў якасці карэспандэнта “Беларускага Радыё Рацыя” (Польшча).

    У лісце за подпісам намесніка старшыні ВС Андрэя Забары паведамляецца, што Міністэрства замежных спраў нібыта мае права на працягу 6 месяцаў адмаўляць журналісту, калі заўважаюцца факты, якія сведчаць пра яго працу на карысць нейкага неакрэдытаванага замежнага СМІ.

    Нагадаем, В. Парфёненка 7 разоў – цягам 7 апошніх гадоў — атрымліваў адмову ў акрэдытацыі беларускага МЗС . І каб адстаяць права на працу журналіста, прайшоў праз усе судовыя інстанцыі ў Беларусі. Але пакуль безвынікова. Цяпер Парфёненка збіраецца падаваць скаргу  ў Камітэт ААН па правах чалавека.

    18 чэрвеня сябра ГА “БАЖ” Іна Хоміч атрымала пастанову з аддзела прымусовага выканання Маскоўскага раёна Брэста з патрабаваннем сплаціць вынесены ёй штраф да 16 чэрвеня. То бок, калі тэрмін для яго спагнання фармальна скончыўся.

    Нагадаем, што 1 красавіка суд Маскоўскага раёна Брэста (суддзя Раіса Лабачэўская) пакараў Іну Хоміч штрафам у памеры 30 базавых велічынь на падставе арт. 22.9 КаАП “за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Фактычна журналістку пакаралі за супрацоўніцтва з “Беларускім Радыё Рацыя”.

    Паводле Іны Хоміч, штраф яна не сплаціла, таму што ў пастанове суда адсутнічалі рэквізіты, куды трэба пералічыць грошы. У чаканні ліста ад судовых выканаўцаў, журналістка накіравала электронны запыт у суд і на сайт гарвыканкама, каб ёй даслалі згаданыя рэквізіты. І ўжо праз некалькі дзён у адносінах да Іны Хоміч была распачатая выканаўчая вытворчасць, а пасля прыйшла і пастанова з неабходнымі рэквізітамі. Штраф журналістка сплаціла ў той жа дзень (18 чэрвеня), але што азначае патрабаванне перадаць судоваму выканаўцу квітанцыю аб аплаце да 16 чэрвеня, застаецца для яе загадкай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці