• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 05–11.01.2015 г.

    Асноўнай падзеяй акрэсленага перыяду стала рэальная пагроза банкруцтва кнігарні “ЛогвінаЎ”, якую суд  аштрафаваў амаль на мільярд рублёў за “незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць” – продаж кніг без рэгістрацыі ў Мінінфармацыі. Прыватнае прадпрыемства «ЛогвінаЎ» не было ўключана ў створаны ў 2014 г. дзяржаўны рэестр распаўсюднікаў друкаваных выданняў, хаця цягам года 6 разоў звярталася па адпаведную рэгістрацыю ў Мінінфармацыі.

    6 студзеня ў зале суда Цэнтральнага раёна Мінска, дзе слухалася крымінальная справа аб збіцці да паўсмерці маладога мужчыны-гомасэксула, сваякі абвінавачанага Дзмітрыя Лукашэвіча напалі на журналістаў, якія паспрабавалі зняць абвінавачанага.

    Суддзя Міхаіл Хома забараніў рабіць відэаздымкі на працэсе. Пасля абвяшчэння перапынку ў судовым пасяджэнні журналіст Аляксандр Баразенка ўключыў камеру, каб зрабіць здымкі, і ў гэты час сваякі абвінавачанага сталі прымяняць сілу і захінаць відэакамеру. Карэспандэнт Радыё “Свабода” Алег Грузьдзіловіч пачаў здымаць гэты інцыдэнт і сам стаў аб’ектам нападу з боку сястры абвінавачанага і яе мужа. Усё гэта адбывалася пры ўключанай відэакамеры.

    6 студзеня дамен Onliner.by вернуты ў рэестр нацыянальнай даменнай зоны. Перад гэтым кампанія ліквідавала ўсе парушэнні ў заканадаўстве аб гандлі, выяўленыя Мінгандлем. У сувязі з гэтым Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце (ААЦ) даў указанне тэхнічнаму адміністратару вярнуць Onliner.by ў нацыянальную даменную зону.

    Нагадаем, вечарам 20 снежня ААЦ прыняў рашэнне аб выключэнні Onliner.by з рэестра нацыянальнай даменнай зоны за парушэнне заканадаўства аб гандлі.

    8 студзеня Гродзенскі абласны суд адхіліў скаргу сябра ГА “БАЖ” з Гродна Андрэя Мялешкі. Журналіст абскарджваў пастанову суддзі Ленінскага райсуда Гродна Юрыя Казакевіча, які 2 снежня аштрафаваў яго за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі на карысць замежнага СМІ – “Беларускага Радыё Рацыя”.

    Журналіст у скарзе пісаў, што лічыць сваю справу аднабакова разгледжанай і перакананы, што арт. 22. 9 ч. 2 КаАП, паводле якога яго судзілі, не распаўсюджваецца на працу без акрэдытацыі. Разглядаў касацыю суддзя Анатоль Заяц, які ўзяў бок суда першай інстанцыі.

    Андрэй Мялешка ўпэўнены, што сваімі пастановамі як суд першай інстанцыі, так і Гродзенскі аблсуд пазбаўляюць яго права на прафесію і незаконна дыскрымінуюць паводле палітычных матываў. Журналіст збіраецца звярнуцца са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН.

    9 студзеня Эканамічны суд г. Мінска пастанавіў спагнаць з прыватнай кнігарні “ЛогвінаЎ” штраф у памеры 30 базавых велічыняў (5 млн 400 тыс. рублёў) і канфіскаваць “незаконна атрыманы прыбытак” – 961 мільён рублёў. Суддзя Сяргей Кулакоўскі прызнаў віну прадпрыемства ў “незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці” (арт. 12.7 ч.2 КаАП) – продажы кніг без рэгістрацыі ў Мінінфармацыі.

    Нагадаем, у снежні 2014 г. падатковая інспекцыя Цэнтральнага раёна Мінска правяла пазапланавую праверку ў кнігарні «ЛогвінаЎ». У выніку чаго нібыта выявіла шэраг парушэнняў, а ўсю гадавую выручку кнігарні – амаль 1 мільярд беларускіх рублёў – залічыла за незаконны прыбытак.

    Асноўная прэтэнзія падаткавікоў у тым, што прыватнае прадпрыемства «ЛогвінаЎ» так і не было ўключанае ў створаны ў 2014 г. дзяржаўны рэестр распаўсюднікаў друкаваных выданняў. Цягам года кнігарня 6 разоў звярталася па адпаведную рэгістрацыю ў Мінінфармацыі, але кожны раз атрымлівала адмовы.

    10 студзеня — праз месяц пасля вызвалення з СІЗА КДБ, журналіст штотыднёвіка «Белорусы и рынок», сябра БАЖ Аляксандр Алесін паведаміў, што справа супраць яго не закрытая, і ён перыядычна ходзіць на допыты ў КДБ.

    “У мяне пытаюцца пра тыя ж самыя рэчы, удакладняюць пэўныя падрабязнасці, якія даўно ўжо ўдакладненыя. Наогул, я не ведаю, што яны хацелі атрымаць. Любая экспертыза пакажа, што мае матэрыялы заснаваныя на адкрытых крыніцах, таму гэта бесперспектыўна”, — кажа Алесін.

    Нагадаем: вайсковага эксперта А. Алесіна затрымалі беларускія спецслужбы 25 лістапада 2014 г. Пра гэта стала вядома толькі на пачатку снежня, але ні прычын затрымання, ні месцазнаходжання журналіста КДБ не паведамляла. 8 снежня сваякі Алесіна паведамілі, што яму выстаўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве (арт. 356 Крымінальнага кодэкса) і ўсталяванні супрацоўніцтва са спецыяльнай службай органаў бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы (арт. 356–1 КК). 10 снежня Алесіна вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. З яго знялі абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве і цяпер абвінавачваюць толькі ў супрацы з замежнай спецслужбай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці