Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 02–15.03.2015 г.
Найбольш актыўна ў згаданы перыяд у медыя-асяродку абмяркоўваліся дзве тэмы: вынясенне Міністэрствам інфармацыі пісьмовых папярэджанняў цэламу шэрагу друкаваных СМІ за недакладнасці ў выходных дадзеных, а таксама “ўнутраны дакумент” МУС, які абмяжоўвае фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў па ўсёй Беларусі.
2 сакавіка Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанні “аб недапушчэнні парушэння арт. 22 Закона аб СМІ” грамадска-палітычнаму штотыднёвіку “Борисовские новости” і газеце “Рекламный Боржоми”. Абодва выданні належаць прыватнаму вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству “Букас медыя-цэнтр”.
Падстава – скарачэнне “РБ” замест “Рэспубліка Беларусь” у выходных дадзеных выдання. Санкцыі падпісаныя міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч.
Нагадаем, за гэта ж некалькімі днямі раней папярэдзілі рэдакцыю “Intex-Press” у Баранавічах і рэдакцыю “Ганцавіцкага часу”. Сёлета пісьмовае папярэджанне атрымала таксама рэдакцыя “Газеты Слонімскай”.
2 сакавіка ў Глыбокім (Віцебская вобласць) незалежнага журналіста, сябра ГА “БАЖ” Змітра Лупача не ўпусцілі ў райвыканкам з фотаапаратам Nikon у сумцы. Міліцыянт заявіў, што “з прафесійнымі фотаапаратамі” ўваход у райвыканкам забаронены, спаслаўшыся на распараджэнне кіраўніка справамі райвыканкама.
Зміцер Лупач вырашыў звярнуцца ў выканкам з афіцыйным запытам – якую канкрэтна фотатэхніку там лічаць “прафесійнай” і чым выкліканыя такія надзвычайныя захады перасцярогі.
3 сакавіка стала вядома, што Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за паклёп на кіраўніка дзяржавы (ч. 1 арт. 367 КК) у дачыненні да 63-гадовага жыхара Брэста Міхаіла Лукашэвіча.
Крымінальную вытворчасць распачалі яшчэ 29 снежня 2014 г. за “палітычны блог”, які мужчына больш за 10 гадоў вёў на ўласным плоце і сценах гаража па вул. Ясеніна ў Брэсце. Следчы камітэт прыйшоў да высновы, што ў дзеяннях Лукашэвіча ёсць склад злачынства – «выказванні крытычнага характару, выражаныя ў форме паклёпу ў дачыненні да ўладаў, сілавых структур і Прэзідэнта РБ». Які менавіта надпіс следчыя палічылі паклёпам на кіраўніка краіны, пакуль невядома.
Сам Лукашэвіч ад удзелу ў следчых дзеяннях адмаўляецца, за што аднойчы ўжо быў затрыманы і правёў пэўны час пад вартай. У яго доме ўжо быў ператрус, у часе якога ў яго забралі фарбу і пэндзлікі. Лукашэвіч не ідзе на кантакт з журналістамі, але звярнуўся па дапамогу да праваабаронцаў.
4 сакавіка гродзенскі сябра ГА «БАЖ» Віктар Парфёненка падаў прыватную скаргу на імя старшыні Мінгарсуда. Журналіст намераны прайсці ўсе магчымыя судовыя інстанцыі, каб даказаць, што беларускае Міністэрства замежных спраў беспадстаўна адмаўляе яму ў акрэдытацыі. Нагадаем, Віктар Парфёненка ўжо сем разоў атрымліваў ад МЗС адмовы ў акрэдытацыі ў якасці журналіста “Беларускага Радыё Рацыя”.
4 сакавіка праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Настасся Лойка атрымала адказ на сваю скаргу датычна падзеяў 23 студзеня, калі журналісты не змаглі трапіць на суды над удзельнікамі акцыі памяці герояў Майдану.
Нагадаем, акцыя адбылася ў Мінску 22 студзеня, а на наступны дзень большасць затрыманых удзельнікаў павінны былі прывезці ў суд. Замест гэтага ў сярэдзіне дня стала вядома, што судзіць актывістаў будуць непасрэдна ў аддзяленні міліцыі Цэнтральнага раёна, куды нікога з журналістаў і праваабаронцаў не пусцілі. У прыватнасці, атрымаць інфармацыю пра справы і патрапіць на працэсы не здолелі сябры ГА “БАЖ” Таццяна Власенка, Настасся Рэзнікава, Аляксей Шэін, Алег Груздзіловіч і Настасся Лойка.
У сваім адказе намеснік старшыні Мінскага гарадскога суда Уладзімір Грыгаровіч заяўляе, што разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненні да актывістаў (суддзя Вікторыя Шабуня) праходзіў у адкрытым судовым пасяджэнні, а інфармацыя пра працэсы над актывістамі нібыта вісела на стэндзе ў міліцыі.
4 сакавіка ў судзе Завадскога раёна г. Мінска, дзе слухалася крымінальная справа Дзяніса Замяталіна, міліцыянты затрымалі фотажурналіста Уладзіміра Грыдзіна. Па словах У. Грыдзіна, ён да пачатку працэсу пачаў наладжваць у зале суда фотаапарат, за што атрымаў заўвагу міліцыянтаў і быў затрыманы. Журналіста даставілі ў РУУС Завадскога раёна, дзе праверылі дакументы і здымкі ў фотаапараце. Вызвалілі прыкладна праз паўтары гадзіны.
Праз пэўны час Грыдзіну пачалі тэлефанаваць з пастарунку, настойваючы, каб ён вярнуўся нібыта для размовы з начальнікам РУУС. Журналіст адмовіўся.
4 сакавіка ГА “БАЖ” накіравала афіцыйны ліст на імя намесніка міністра ўнутраных спраў, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мікалая Мельчанкі.
“У СМІ з’явіліся паведамленні пра выдадзенае Вамі ў лютым гэтага года ўказанне (iншы прававы акт) аб забароне правядзення фота-відэаздымкаў адміністрацыйных будынкаў, – гаворыцца ў звароце ГА “БАЖ”. – Спасылаючыся на гэтае ўказанне, супрацоўнікі міліцыі ўжо некалькі разоў затрымлівалі журналістаў, якія ажыццяўлялі здымкі ў адкрытых для масавага наведвання месцах. Тым самым былі парушаныя правы журналістаў, прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”. ГА “БАЖ” просіць паведаміць, ці сапраўды службовыя асобы або калегіяльныя органы МУС выдавалі якое-кольвек указанне на гэты конт і, у выпадку станоўчага адказу, выслаць яго копію.
4 сакавіка прэс-служба ГА “БАЖ” датэлефанавалася да намесніка начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Віктара Новікава з пытаннем пра “ўнутранае распараджэнне”. Ён адказаў, што не чуў пра гэты дакумент.
Днём раней, 3 сакавіка, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барсукоў у часе прамой тэлефоннай лініі запэўніў журналістаў “Еўрарадыё”, што “ў нас ніхто нікому не забараняе фатаграфавацца”. Адказваць больш разгорнута сп. Барсукоў не пажадаў, заявіўшы, што «гэта не прэс-канферэнцыя».
Між тым, 6 сакавіка МУС дало афіцыйны каментар дзяржаўнаму інфармагенцтву БелТА, заявіўшы, што прадастаўленне СМІ ўнутрыведамасных дакументаў абавязковым не з’яўляецца. “Падобнае патрабаванне накіравана выключна на забеспячэнне бяспекі ў краіне і заклікана павысіць пільнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у частцы прадухілення магчымых пагрозаў рознага характару: ад правакацый да тэрарыстычных актаў”, – заявіў неназваны прадстаўнік МУС.
5 сакавіка магілёўскі журналіст, карэспандэнт інфармагенцтва БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч атрымаў адказ з Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў на свой запыт.
Журналіст прасіў указаць нарматыўны альбо заканадаўчы акт, згодна з якім журналіст СМІ абавязаны падаць заяўку на прысутнасць на адкрытых пасяджэннях сесій аблсавета. Старшыня аблсавета Анатоль Ісачанка ў адказе піша, што аблсавет арганізуе сваю працу на падставе рэгламенту работы аблсавета. А п. 23 гэтага рэгламенту кажа пра тое, што колькасны і персанальны склад запрошаных вызначаецца старшынём Савета.
Такім чынам атрымліваецца, што рэгламент працы органа пастаўлены чынавенствам вышэй за законы «Аб СМІ» і «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», якія не дапускаюць незаконнага абмежавання свабоды інфармацыі і вызначаюць галоснасць асноўным прынцыпам мясцовага кіравання.
Нагадаем, У. Лапцэвіч ўжо год спрабуе патрапіць на пасяджэнні Магілёўскага аблсавета дэпутатаў, аднак яму ўвесь час адмаўляюць у гэтым, спасылаючыся на рэгламент работы аблсавета, які нібыта дазваляе прысутнічаць на гэтых пасяджэннях толькі па спецыяльным запрашэнні.
6 сакавіка суд Ленінскага раёна Брэста аштрафаваў журналістку з Бярозы Тамару Шчапёткіну на 7 млн 200 тыс. рублёў (40 базавых велічыняў) за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з “Радыё Рацыя”. Паводле пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні (арт. 22.9 КаАП), 8 студзеня 2015 г. Шчапёткіна нібыта зрабіла інтэрв’ю з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам, якое з’явілася на інтэрнэт-старонцы “Радыё Рацыя”. Слуханне справы адбылося без Шчапёткінай, па тэлефоне пра вынікі суда журналістцы адмовіліся паведаміць, дзеля гэтага ёй давялося ехаць наўмысна 11 сакавіка з Бярозы ў Брэст.
Дарэчы, на суд Шчапёткіну запрасілі праз СМС. Нягледзячы на адсутнасць афіцыйнай позвы ў суд Тамара Шчапёткіна 6 сакавіка ўсё ж такі прыехала ў абласны цэнтр. Праўда, трапіць на разгляд уласнай справы яна не змагла, хоць і прыехала своечасова. Па словах супрацоўнікаў суда, перад кабінетам суддзі яе не было, таму і пачалі разгляд справы без яе. У снежні 2014 г. Шчапёткіна ўжо была аштрафаваная за супрацоўніцтва з “Радыё Рацыя” — на 4,5 мільёна рублёў.
7 сакавіка ў Іўі (Гродзенская вобласць) міліцыя затрымала турыстаў з Мінска за фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў у цэнтры горада. У іх забралі пашпарты і папрасілі паказаць фатаграфіі і выдаліць тыя, на якія трапілі пракуратура, пажарная частка, выканкам, бібліятэка і ЗАГС. Пасля выдалення здымкаў міліцыянт вярнуў пашпарты і папрасіў прабачэння за нязручнасці.
11 сакавіка ў судзе Барысаўскага раёна адбылося другое па ліку судовае пасяджэнне па пазове ўчастковай медсястры да газеты “Борисовские новости” і аўтаркі ліста ў рэдакцыю. Суддзя высвятляла пазіцыі бакоў, задавала пытанні. Пасяджэнне доўжылася больш за чатыры гадзіны. Працяг разгляду – 30 сакавіка, а 10‑й раніцы.
Нагадаем, падставай для звароту ў суд стаў артыкул “Кто виноват в смерти пациента 2‑ой поликлиники?”, надрукаваны 24 снежня 2014 г. На думку пазоўніцы, ён утрымлівае не адпаведныя рэчаіснасці і ганебныя для яе дзелавой рэпутацыі звесткі. Пазоўніца патрабуе абавязаць газету надрукаваць абвяржэнне і спагнаць салідарна з адказчыкаў грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 50 млн рублёў, а таксама судовыя выдаткі.
11 сакавіка скончыўся тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з часопісам “Charlie Hebdo” у Мінску, адведзены заканадаўствам. Пасля агучвання гэтага пытання 29 студзеня на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, суд Цэнтральнага раёна Мінска адправіў пратаколы ў дачыненні да Анатоля Лябедзькі, Паўлюка Канавальчыка і Дзмітрыя Кучука на дапрацоўку ў міліцыю. З таго часу пратаколы ў суд так і не вярнуліся.
Нагадаем, 11 студзеня чатыры чалавекі прыйшлі да пасольства Францыі ў Мінску з плакатамі “Je suis Charlie”, каб выказаць салідарнасць з забітымі ў Парыжы журналістамі сатырычнага выдання. За гэта міліцыя склала на ўдзельнікаў акцыі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
12 сакавіка ў Магілёве раніцай у кватэру рэдактара газеты “Наш Магілёў” Ігара Барысава прыйшлі пяцёра міліцыянтаў. Прад’явіўшы пастанову аб правядзенні агляду памяшкання на падставе праверкі па арт. 188 ч. 2 КК РБ (паклёп), яны зладзілі трохгадзінны ператрус. У выніку ў журналіста забралі 6 камп’ютараў, 2 мадэмы і нататнікі. Пратакола вынятку пры гэтым міліцыянты яму не выдалі. Таксама яны не дазволілі ўдзельнічаць у аглядзе кватэры праваабаронцам, а ўжо адразу з сабой прывялі двух панятых, якіх і ўказвалі ў пратаколе.
У праваахоўных органаў узніклі прэтэнзіі да аднаго з матэрыялаў, апублікаваных на сайце газеты «Наш Магілёў», пра тое, што генеральны дырэктар магілёўскага прадпрыемства «Стужка» нібыта моцна прайграўся ў казіно. Паводле міліцыянтаў, крымінальная справа па дадзеным факце пакуль не распачатая, а толькі вядзецца праверка.
12 сакавіка на той жа падставе таксама адбыўся ператрус у офісе магілёўскага праваабарончага цэнтра “Вясна”. Адтуль міліцыянты забралі 3 камп’ютары і мадэм. Адметна, што агляд памяшкання тут праводзілі тыя ж самыя супрацоўнікі міліцыі, якія раніцай наведалі кватэру Ігара Барысава.
12 сакавіка ў Мінску а 6.30 раніцы два чалавекі ў цывільным заявіліся ў кватэру маці і айчыма забітай 10 гадоў таму журналісткі Веронікі Чаркасавай. Па словах айчыма Уладзіміра Мялешкі, адзін з іх назваўся супрацоўнікам міліцыі і заявіў, што хоча пагутарыць пра сына загінулай журналісткі Антона. Другі моўчкі прысутнічаў пры размове. Пажылыя людзі адмовіліся размаўляць з раннімі візіцёрамі.
Нагадаем, журналістка газеты «Салідарнасць» Вераніка Чаркасава 20 кастрычніка 2004 года была жорстка забітая ва ўласнай кватэры. Забойства да гэтага часу не раскрытае.
12 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Гомеля аштрафаваў сябру ГА “БАЖ”, незалежную журналістку Ларысу Шчыракову на 20 базавых велічыняў (3 млн 600 тыс. рублёў) за супрацу без акрэдытацыі з замежным СМІ. Суддзя Віктар Казачок прыняў рашэнне, што журналістка парушыла арт. 22.9 ч. 2 КаАП. На судзе Шчыракова заявіла пяць хадайніцтваў, ніводнае з іх суддзя Казачок не задаволіў.
Падставай для адміністратыўнай справы стаў тэлесюжэт на тэлеканале “Белсат” з апытаннем гомельскіх прадпрымальнікаў. Пратакол на журналістку склаў 8 сакавіка начальнік аддзела аховы правапарадку Цэнтральнага РАУС Гомеля, падпалкоўнік Юрый Панін. Ларыса Шчыракова мае намер абскарджваць штраф.
14 сакавіка Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал апублікаваў пастанову Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі №6 (ад 18 лютага). Гэтым дакументам зацвярджаецца інструкцыя аб парадку фармавання і захоўвання звестак аб інфармацыйных рэсурсах, якія праглядаюцца карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг.
Згодна з інструкцыяй, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг з 1 студзеня 2016 г. абавязаныя захоўваць актуальныя звесткі пра наведаныя карыстальнікамі рэсурсы. Правайдарам прадпісана напрацягу года захоўваць звесткі пра карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг: нумар і дату заключэння дамовы на аказанне паслуг электрасувязі, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, адрас карыстальніка, МАС-адрас (або ідэнтыфікацыйны нумар канцавой абаненцкай прылады, спіс прагледжаных сайтаў і іншае.
14 сакавіка ў Мінску сябра ГА “БАЖ”, журналіста Глеба Лабадзенку па тэлефоне выклікалі ў Савецкі РУУС для гутаркі як з верагодным сведкам злачынства. Паводле Лабадзенкі, на яго пытанне пра прычыны выкліку міліцыянт адказаў, што гэта “таямніца следства”. Журналіст адмовіўся ісці без афіцыйнай позвы, у адказ на што атрымаў папярэджанне пра магчымасць прыезду “ў вельмі нязручны ранні час” і прымусовага прыводу. У такіх дзеяннях міліцыянта Г. Лабадзенка бачыць перавышэнне паўнамоцтваў і прамую пагрозу.
14 сакавіка незалежны журналіст з Бярозаўкі Юрый Дзяшук паведаміў, што спецслужбы праяўляюць павышаную ўвагу да яго суразмоўцаў. Напрыклад, бібліятэкарку бярозаўскай гарадской бібліятэкі выклікалі ў КДБ на гутарку з‑за таго, што яна размаўляла з Дзяшуком. Па інфармацыі журналіста, усім супрацоўнікам лідскага музея забаранілі з ім гутарыць.
Нагадаем, 19 лютага 2014 г. Ю. Дзяшук атрымаў пракурорскае папярэджанне пра забарону на працу без акрэдытацыі на карысць замежных СМІ, а таксама пра недапушчальнасць публікацыі неправеранай інфармацыі.