• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Коканы, у якіх жывуць беларусы: лаяльнасць у спадчыну, маленькія людзі і ўсе адценні чорнага

    Дырэктарка Беларускай аналітычнай майстэрні Марына Новікава агучыла вынікі даследавання «Свае і чужыя». Яна распавяла пра Беларусь сёння і айчынную эміграцыю вачыма тых, хто застаўся ўнутры краіны. БАЖ пераказвае самыя цікавыя моманты з прэзентацыі.

    Фота: Ron Lach для Pexels.com

    Занурыцца ва «ўтульны» кокан

    Беларусы ўнутры краіны і беларуская эміграцыя па-рознаму глядзяць на Беларусь сённяшнюю. Чаму так склалася? Вялікае даследаванне было распачатае летась і працягваецца сёлета. 

    Даведка. Сацыёлагі правялі 63 індывідуальныя інтэрв’ю працягласцю 30–60 хвілін кожнае. Рэспандэнты — грамадзяне Беларусі, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, старэйшыя за 18 гадоў, палова з іх — жанчыны, палова — мужчыны. Апытанне складаецца з дзевяці хваляў якасных і колькасных даследаванняў.

    Па выніках даследавання сацыёлагі вызначылі чатыры тыпы коканаў:

    1. Кокан як аснова выжывання

    «Я цалкам перакананая, што гэта «каканізацыя» ёсць, перадусім таму, што гэта — аснова выжывання зараз. Што без гэтага людзі проста звар’яцелі б. Любы чалавек не падрыхтаваны да такога. Вайна — гэта не тое, да чаго чалавек павінен быць падрыхтаваны. Тое, што беларусы вельмі хутка прывыклі, што у нас ідзе вайна, гэта, хутчэй, на маё меркаванне, што людзі падрыхтаваныя былі, загартаваныя ранейшымі падзеямі.

    І я з іншага боку бачыла іншыя коканы. І назіраю, бывае, дагэтуль, калі людзі кажуць, што ў нас — цудоўнае жыццё. У нас усё цудоўна. Гэта наколькі трэба быць закручаным у свой кокан, каб нічога не бачыць, нічога не чуць. Гэта вельмі страшная сітуацыя.

    І людзі выжываюць тут — не бачаць, што там. Там не бачаць тое, што тут», — гэта цытата з інтэрв’ю рэспандэнткі.

    — Спачатку падзеі 2020 года, пасля пачатак вайны ў 2022 годзе — з такой лавінай стрэсу немагчыма справіцца. Каб неяк выжыць, людзі закрываюцца ў шкарлупіне, — тлумачыць пасыл дырэктарка БАМ Марына Новікава. — Цяжка і тым, і тым. Рэспандэнтка, у тым ліку, апраўдвае і тых, хто не хоча бачыць, што ідзе вайна, не хоча прымаць падзеі 2020 года, якія лічаць, што ўсё добра.

    2. Кокан як бяспека.

    Кокан як псіхалагічная траўма, у выніку якой чалавек «замёр»: ён нічога не хоча ведаць, нічога не хоча чуць, ён адмовіўся ад крыніц спажывання інфармацыі.

    Беларусы ўнутры краіны стараюцца не абмяркоўваць вострыя тэмы: з аднымі людзьмі — палітыку, з іншымі — вайну, альбо ўвогуле не стасуюцца між сабой. Бяспека перад усім.

    3. Коканы як магчымасць дасягнуць мэт (мастацкіх, журналісцкіх, палітычных).

    Грамадства падзеленае на невялікія супольнасці кшталту «спікізі» з 50‑х гадоў: тады існавалі бары, для ўваходу ў якія патрабаваўся адмысловы пароль. Гаворка найперш пра моладзь, якая займаецца, напрыклад, цікавай ёй музыкай, бо атрымаць «гастролькі» немагчыма. Такія коканы даюць магчымасць самарэалізацыі ў самых розных сферах.

    4. Інфармацыйныя коканы — самая важная тэма даследавання.

    Што бачна табе з кокана майго?

    Даследвальнікі правялі шмат апытанняў. Аналізуючы атрыманыя адказы, яны падзялілі людзей, што зараз знаходзяцца ў Беларусі, на чатыры групы. Погляды кожнай з іх вельмі адрозніваюцца не толькі ад астатніх, але і ад тых, хто за апошнія гады з’ехаў з Беларусі.

    • Пакаленне, якому лаяльнасць дасталася ў спадчыну

    — Гэта людзі, у чыіх сем’ях ўва ўсіх — ад бабулі да ўнучкі — жыццё складвалася адносна добра ў іхнім уяўленні. Дзяржава не прычыняла ім асаблівых турбот. Адна з прыкмет такой спадчыннай лаяльнасці — адмова ездзіць у Еўропу (гэта яны каментуюць пасажамі накшталт «у нас ёсць дача, у нас ёсць агарод»). Геапалітычная арыентацыя такіх людзей — нікуды не ездзіць, маўляў, у нас і дома добра, — тлумачыць Марына Новікава.

    Фота: Paweł L. для pexels.com

    За апошнія 25–30 гадоў вырасла пакаленне, якое ніколі не было за мяжой, якое ведае толькі пра саюз з Расіяй, але не мае ніякага ўяўлення, што магчымы і саюз з Еўропай, бо не ведае, што гэта такое. Такімі іх вырасцілі ў сем’ях.

    — Гэтыя людзі так выхаваныя роднымі. Яны маюць пэўны эканамічны і фінансавы дабрабыт, ім не трэба вырашаць складаныя эканамічныя праблемы. У іх сям’і заўсёды лічылі, што ўсё будзе добра.

    То-бок, да спадчынна лаяльных не даходзіць хваля — хваля пратэстаў, хваля эканамічнай незадаволенасці, хваля палітычнай незадаволенасці.

    • Людзі з актыўнымі пратэстнымі поглядамі

    Гэтыя людзі даўно і актыўна выказвалі сваю палітычную незадаволенасць у той ці іншай ступені, гэта людзі, якія пацярпелі падчас пратэстаў 2020 года, якія сядзелі на сутках, атрымалі штрафы, гэта людзі, асуджаныя на «дамашнюю хімію», — канстатуе Марына Новікава.

    • Людзі, якія не ўдзельнічалі ў пратэстах, але памянялі погляды

    Такія людзі прачнуліся: яны да 2020 года не спажывалі ўвогуле ніякіх крыніц інфармацыі. Але іх «закруціла хваля», яны пачалі ўсё чытаць — прачнуліся, адкрылі свае вочы. Гэтыя людзі зразумелі, што нешта не так.

    Дырэктарка падкрэслівае, што сярод рэспандэнтаў у гэтай групе ёсць былыя вайскоўцы, якія непасрэдна прымалі ўдзел у падзеях 2020 года, дзяржслужбоўцы, чыноўнік ды людзі, якія працуюць на дзяржпрадпрыемствах.

    Усе яны змянілі свае погляды пасля падзей 2020 года. Але на сённяшні дзень яны лічаць, што падзеі ў краіне не супадаюць з той ацэнкай, якую ім даюць з’ехаўшыя беларусы, — тлумачыць дырэктарка БАМ.

    • Людзі, якія прымаюць сітуацыю такой, «якая ёсць»

    Мы адносім гэтую катэгорыю насельніцтва да нейтральных,  — адзначае Марына Новікава. — У любым выпадку гэтыя асобы маюць уласны светапогляд. Напрыклад, малады чалавек, які лічыць, што ад яго нічога не залежыць. Пакуль яму не задаюць пытанне: а калі пачнецца вайна на тэрыторыі Беларусі? Ён адказвае: я сяду ў турму, але ніколі не пайду ваяваць супраць сваёй краіны, я ніколі не перайду на бок Расіі. Ці дзяўчына, якая кажа: я лаяльных палітычных поглядаў, нас проста паставілі перад фактам. Але менавіта гэтая дзяўчына дакладна вызначае, чаму яна за Еўрасаюз, але хоча жыць у Беларусі: у Беларусі жыццё цікавейшае, у Беларусі іншае пачуццё гумару.

    Па якіх прычынах погляды на Беларусь адрозніваюцца?

    «Яны засталіся ў 2020 годзе — у эміграцыі адзіная магчымасць захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць».

    Гэта цытата 23-гадовай рэспандэнткі, якая ездзіць на заробкі ў Літву. Яна дала сваю кваліфікацыю з’ехаўшым беларусам, у тым ліку з‑за палітычных прычынаў. Ёсць лаяльныя (яна сябе да іх адносіць), ёсць тыя, хто змог выехаць, ёсць «жывебеларусы», для якіх патрэба застацца ў 2020 годзе, згадваць тыя падзеі адзіная магчымасць захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.

    З імі цяжка і непрыемна стасавацца, кажа рэспандэнтка, бо пры сустрэчах кожны з іх ўспамінае, колькі разоў і як быў збіты.

    Натуральная адарванасць ад беларускага парадку дня. Адрыў ад рэальнасці звязаны з чытаннем незалежнай прэсы, з выездам з краіны. Яшчэ адна рэспандэнтка акцэнтуе ўвагу на тым, што з’ехаўшыя вельмі крытычна ставяцца да тых, хто застаўся ў Беларусі.

    Гэтая рэспандэнтка на пытанне пра геапалітычную арыентацыю, санкцыі адказвае: я дакладна разумею, што жыву ў тыле ворага. Але сама яна не можа з’ехаць, бо ў яе сын хварэе на аўтызм. У людзей маса прычын не з’язджаць: старыя бацькі, магілы продкаў, распавядае экспертка.

    Яшчэ адна цытата з інтэрв’ю. «Чалавек з’язджае з Беларусі ў стане стрэсу, жудаснай небяспекі, якая пагражае яму, або яго сваякам, яго жыццю, маёмасці, ягонай волі. І ён з гэтым усім і з’язджае, пасяляецца дзесьці за мяжой. Натуральна, што нейкіх апгрэйдаў інфармацыйных у яго няма, нічога ў ягонай сітуацыі не памянялася, стала толькі горш, таму што паспрабуй пасля 30–40 гадоў адносна ўладкаванага жыцця ўладкавацца ў іншай краіне. Чалавек працягвае жыць у стрэсе. У яго фарміруецца адчуванне, што ўсё вельмі дрэнна. І адпаведна ў гэтым жа кокане ён і застаецца, таму што лягчэй яму не становіцца, з радзімы ён з’ехаў. Усё кепска».

    Усё чорнае: яны з’язджаюць у чужую краіну, у якой вельмі цяжка пачаць жыццё спачатку. А мы застаёмся тут, з нашымі адценямі чорнага, — падсумоўвае Марына Новікава.

    Фота: Ingo Joseph для pexels.com

    Ці вось яшчэ адзін пункт гледжання беларуса, які спрабаваў выехаць з Беларусі. За мяжой ён успрымаў жыццё ў Беларусі па загалоўках у недзяржаўных медыях, якія часта падаюцца ў чорным колеры, а, вярнуўшыся ў Беларусь, кажа, што жыццё працягваецца.

    Яшчэ адна рэспандэнтка часова выязджала з Беларусі, але вярнулася. Яна мае сваякоў і сяброў, якія жывуць за мяжой. Калі раней яны размаўлялі між сабой штодня, то апошнім часам — толькі раз у некалькі месяцаў: «У размовах яны пастаянна робяць размежаванні: у вас там, у Беларусі, і ў нас, у Польшчы».

    А вось наступны рэспандэнт настроены аптымістычна: «усё закатана ў асфальт, але і праз яго прабіваецца трава».

    І трэцяя прычына: нежаданне прызнаваць новую нармальнасць.

    Што такое новая нормальнасць, як назваў цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі адзін з рэспандэнтаў?

    «Улада закручвае гайкі настолькі, што механізм ламаецца. Прымаюцца абсурдныя, невыканальныя, ад пачатку нежыццяздольныя законы, якія немагчыма выканаць», — кажа ўдзельнік даследавання.

    Іншы сцвярджае, што людзі, жывучы ў абсурдзе і разумеючы пагрозы любой дзейнасці, тым не менш спрабуюць займацца актыўнасцямі: то дарогу падрамантаваць, то лаўку паставіць у двары – людзі стараюцца зрабіць нешта для сябе. «А хто ж гэта зробіць, калі не мы?!», — задаецца рытарычным пытаннем яшчэ адзін рэспандэнт.

    — Давайце мы ўсё не будзем забываць, што  людзі ў Беларусі зараз працягваюць ствараць беларускае грамадства, — падсумоўвае Марына Новікава.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці