• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Імідж краіны і кагнітыўны дысананс

    Чарговы допіс сп. Зімоўскага пад назвай «Когнитивный диссонанс. Как и было сказано» выклікаў эмацыйную рэакцыю чытачоў. А газэта «Наша ніва» нават апублікавала ягоны фрагмэнт.

    З чаго такая ўвага? Здавалася б, звычайны маналог шаноўнага Аляксандра Леанідавіча, у якім мудрагелістыя фразы чаргуюцца з пасажамі самалюбаваньня ды параксызмамі ўсьведамленьня ўласнай велічы і выбітнасьці. На гэтым можна было б і паставіць кроп­ку. Але тэкст, сапраўды, адрозны ад ранейшых, што належаць пяру (кампутару) гэтага аўтара.

    Перадусім ён адрозны мерай таго, што сп. Зімоўскі звычайна цьвердзіць. І тычыцца гэта як манэры самапрэзэнтацыі, так і тых характарыстык, якія аўтар прыпісвае асобе прэзыдэнта, культурніцкай эліце ды некаторым прадстаўнікам апазыцыйнага дыскурсу. Практычна ва ўсіх выпадках гэтыя характарыстыкі «зашкальваюць».

    Так, самога сябе аўтар рэпрэзэнтуе ўладальнікам «чистого разума», сябрам даўно памерлага расейскага паэта Пушкіна, «с которым, как известно, на дружеской ноге».

    Спадара Лукашэнку ён называе ўрадам нашай краіны: «Когда божественный глагол великого поэта таки дойдет до вас, вспомните мою излюбленную и неопровержимую аксиому — правительство нашей Родины называется «Президент Республики Беларусь А. Г. Лукашенко».

    А сытуацыю ў краіне характарызуе самым парадаксальным чынам: «Возвратившись из отпуска, я не мог не заметить, что категорическое отсутствие кризиса в Беларуси изменило суверенную державу в центре Европы чуть более чем полностью».

    Складваецца ўражаньне, што Аляксандра Леанідавіча нешта турбуе. А ягоны допіс адрасаваны не чытачам сайта, а іншай асобе.

    Вось, напрыклад, замест таго, каб проста павіншаваць паэта В. Шніпа, сп. Зімоўскі непакоіцца: «В глухие дни последней диктатуры Европы поэт В. А. Шнип писал: «Аднаго сабаку Граждан убачыў пераапранутым у жанчыну і адразу пацікавіўся: „Можна я вам байстручка зраблю?“. А сабака і адказаў: „На гэты год мы плян ужо выканалі…“. А теперь поэт В. А. Шнип получает из рук Президента Республики Беларусь А. Г. Лукашенко специальную премию…»

    Тобок, ці не адбылося памылкі? Ці дабранадзейны паэт?

    Альбо эканаміст Я. Раманчук «вчера ещё писал: «Феномен по соседству. Литва, Латвия и Эстония: экономическая птица-тройка», а сёньня «член межведомственной рабочей группы для выработки плана действий по развитию странового маркетинга Республики Беларусь при правительстве Республики Беларусь».

    Ці не небясьпечная гэта тэндэнцыя? Калі сапраўды паляпшаць імідж краіны, дык лягічна будзе пазбавіцца ад тых асобаў, якія гэты імідж зусім і не ўмацоўваюць, а якраз наадварот — псуюць. Некаторых, як вядома, кіраўнік дзяржавы ад пасады ўжо адхіліў.

    І, потым… Дзеля нарма­лізацыі стасункаў з Эўразьвязам ці не працягне сп. Лукашэнка пазбаўляцца і ад іншых вядомых на Захадзе беларускіх службоўцаў? Калі так, значыць, нягледзячы на тое, што ў краіне «категорическое отсутствие кризиса», тэндэнцыя ўсё ж небясьпечная.

    Але ж пры чым тут «кагнітыўны дысананс»? — запытаецца чытач. І што ўвогуле гэта такое? Як на мой погляд, дык Аляксандр Леанідавіч фэномэн гэты ў сваім допісе ўсё ж не патлумачыў. А таму зусім каротка. Тэорыя кагнітыўнага дысанансу цьвердзіць, што людзям уласьцівая тэндэнцыя шукаць і падтрымліваць пасьлядоўнасьць у сваіх поглядах, перакананьнях і паводзінах. Калі такая пасьлядоўнасьць парушаецца, паўстае сытуацыя напружанасьці (кагнітыўны дысананс), які і мусіць быць зьліквідаваны. Найчасьцей гэта адбываецца праз зьмену паводзінаў альбо поглядаў (перакананьняў, ацэнак і г.д.), альбо праз зьмену таго і другога разам.

    Дык вось. Калі прэзыдэнт сапраўды хоча палепшыць імідж краіны, яму давядзецца адхіліць ад пасадаў яшчэ некалькі «дысанансных асобаў».

    У тэрмінах названай вышэй тэорыі неабходнасьць гэтага дзеяньня фармулюецца так: стварэньне пазытыўнага іміджу краіны вымагае зьліквідаваньня шэрагу кагнітыўных дысанансаў. У тым ліку і ў сфэры мэдыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці