• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Іх норавы: у Нямеччыне важная дысцыпліна. І журналістыка не выключэнне

    Журналістка Наста Рэзнікава расказала BAJ.BY пра стажыроўку ў нямецкіх медыя. Ці сапраўды там жыццё ў калег — мёд, як тое падаецца з Беларусі.

    Мінулай восенню я выйграла стыпендыю на стажыроўку ў Берліне. Адгалінаванне IJP або міжнародных журналісцкіх праграм — стыпендыя для ўсходнееўрапейскіх журналістаў імя графіні Дзёнхоф. Менавіта гэтую стыпендыю я і атрымала.

    Што за праграма і хто на яе можа падавацца

    Сэнс стыпендыі ў тым, што журналісты з Усходняй Еўропы два месяцы працуюць у нямецкай рэдакцыі, якую самі абяруць. Штогод арганізатары набіраюць некалькі журналістаў з Усходняй Еўропы і некалькі з нямецкамоўных краін — яны едуць працаваць у краіны Усходняй Еўропы. Асноўная ўмова ўдзелу — добрае валоданне нямецкай мовай. Зрэшты для працы ў рускай рэдакцыі Deutsche Welle (куды ў асноўным дасылаюць усходніх еўрапейцаў) гэта не вельмі патрэбна, таму падчас адбору будуць глядзець найперш на матывацыю і «паслужны спіс».

    «У Беларусі галівудскія фільмы паказваюць?»

    Доўгі час у мяне была мара трапіць на канал навін Welt. Але ў тэлеканала была магчымасць прыняць мяне толькі на месяц, таму на другі месяц арганізатары стыпендыі шукалі яшчэ адно месца. Ім стала адна з самых старэйшых газет у горадзе — Berlin­er Zeitung.

    Я ніколі ў жыцці не працавала ў газеце, і шмат што для мяне было адкрыццём. Нават такія дробязі, як раздрукоўванне палос. Іх друкавалі, выпраўлялі памылкі і потым зноў раздрукоўвалі (замест таго, каб рэдагаваць на камп’ютары). У газеце мала хто ведаў добра пра Беларусь, што ў прынцыпе нармальна. Многія пытанні выклікалі ў мяне ўсмешку, а часам шчыры смех.

    «У Беларусі адключана Вікіпедыя?» «У Беларусі галівудскія фільмы паказваюць?».

    З асобаў у маёй рэдакцыі добра ведалі Святлану Алексіевіч і Аляксандра Лукашэнку. Кіраўнік майго аддзела яшчэ ведаў Аляксандра Глеба, бо быў футбольным заўзятарам.

    Праца арганізавана досыць звычайна: зранку планёрка, потым «крытыка» — адзін з супрацоўнікаў дзеліцца ўражаннямі ад свежага выпуску газеты. Часта на «крытыку» завуць чытачоў, якія пішуць лісты ў газету.

    У Berlin­er Zeitung я пісала тое, што прапаноўвала сама. Бывалі, канешне, маленькія тэксты, якія даводзілася пісаць па заданні. Трэба мець на ўвазе, што знайсці герояў і тэму ў новым асяродку цяжка. Але агулам на стажыроўках да практыкантаў ставяцца як да гасцей: іх не напружваюць працай, калі напішуць, то добра, калі не — нічога страшнага. У газеце было акурат такое стаўленне.

    Прыватнае тэлебачанне

    Welt (раней N24) — прыватны тэлеканал навін, які некалькі год таму быў выкуплены нямецкім медыягігантам Axel Springer. Гэтаму выдавецтву сярод іншага належыць найбуйнейшы нямецкі таблоід Bild і грамадска-палітычная газета Welt. Пасля змены ўласніка канал змяніў назву.

    Welt таксама цалкам прадукуе выпускі навін для трох іншых тэлеканалаў.

    Самае адметнае на тэлеканале, гэта як падзеленыя функцыі паміж супрацоўнікамі. Журналісты (яны ў многіх еўрапейскіх краінах называюцца рэдактары) мантуюць сюжэты самастойна. Таму мне давялося ўзгадваць мантажныя навыкі і вучыцца гэта рабіць хутка. Сюжэты амаль заўсёды паўтары хвіліны. Калі ёсць нейкая больш важная тэма, то тэму робіць рэпарцёр, часцей за ўсё гэта жывое ўключэнне з месца падзей на некалькі хвілін. Паколькі шэсць год таму я праходзіла практыку на нямецкім тэлебачанні ZDF (фінансуецца з падаткаў грамадзян), то мне адразу кінуўся ў вочы недахоп супрацоўнікаў. Тут адзін робіць столькі працы, колькі на ZDF рабілі трое. Агулам тое, як функцыянуе Welt, вельмі нагадвае «Белсат» у плане арганізацыі працы. І праграмы выкарыстоўваюцца аднолькавыя. Рэдакцыя сайта сядзіць побач, часта іх супрацоўнікі працуюць і для тэлебачання.

    Да пачатку стажыроўкі я атрымала графік працы і са здзіўленнем убачыла, што маю некалькі ранніх змен (пачыналіся а пятай раніцы і сканчываліся а 13-ай). Зранку звычайна вельмі мала людзей, а падзеі адбываюцца, асабліва ў краінах з іншым часовым поясам, як ЗША. Даводзілася выходзіць а чацвёртай раніцы з дому, каб своечасова прыехаць. Як бонус, супрацоўнікам раняшняй змены прыносяць сняданак: бутэрброды з сырам, гароднінай, каўбасой, шакаладную пасту і шмат садавіны.

    Адно з галоўных правіл у Нямеччыне — дысцыпліна.  І журналістыка не выключэнне. Калі ў цябе змена да сёмай вечара, то і будзеш сядзець да сёмай. Нягледзячы на тое, што твой сюжэт гадзіну таму выйшаў у эфіры, апдэйт на яго рабіць не трэба, а за іншую тэму ты проста ўжо фізічна не паспееш узяцца. Іншымі тэмамі будзе займацца калега, які прыходзіць на вячэрнюю змену (з 16-ці або 17-ці вечара). Чалавек фармальна мусіць знаходзіцца на працоўным месцы.

    На канале ёсць штатныя супрацоўнікі і фрылансеры, апошніх большасць. Асабліва гэта датычыць аператараў, яны часцей за ўсё прыязджаюць у офіс па званку, забіраюць машыну (яна, дарэчы, з лагатыпам телеканала і мае прыярытэтную паркоўку ў цэнтры горада, а ў Берліне з гэтым вялікая праблема). Тэхніка ў фрылансераў-аператараў, як правіла, свая.

    У працы беларускіх і нямецкіх журналістаў больш падабенстваў, чым адрозненняў. Хіба што супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі і экспертамі зусім па-іншаму выглядае.

    Эксперты навучаныя, на адно пытанне адказваюць у межах 16–20 секунд (стандарт сінхрона ў тэленавінах малога фармату). Дзяржаўныя органы таксама неахвотна даюць відэаінтервью, але прынамсі пісьмовы адказ цягам дня яны абавязкова дадуць. Зрэшты і прыватныя арганізацыі гэтак жа рэагуюць на прэсу, як і ў нас. Падчас маёй стажыроўкі ў Берліне забілі вядомага лекара і сына былога прэзідэнта. Зарэзалі ўвечары наўпрост падчас публічнай лекцыі ў прыватнай клініцы. На наступную раніцу мяне з аператарам даслалі ў клініку запісаць каментары калег, зняць фота, кветкі і свечкі, месца здарэння і ўсё, што звычайна здымаецца ў такіх сітуацыях. Канешне ж, ні ў саму залу, ні ў кабінет, дзе працаваў лекар, нас і падаўна не пусцілі. Давялося стаяць за плотам і вылаўліваць пацыентаў. Дык і тут ахоўнікі падыходзілі і гразілі пальчыкам. Калега з іншага тэлеканала папулярна растлумачыў, што мы на працы, тады ахоўнікі ненадоўга адчапіліся.

    Адным словам, канфлікт ахоўнікаў і журналістаў транснацыянальны.

    Медыярынак Германіі

    Агулам у Нямеччыне велізарны медыярынак, працы шмат. Хаця журналісты любяць скардзіцца, маўляў, «няма таго, што раньш было»: наклады папяровых выданняў падаюць, тэлебачанне губляе рэкламадаўцаў. Пазаштатны рэпартажнік самага высокааплатнага часопіса Spiegel Хуан Марэна, які стаў вядомы пазалетась дзякуючы таму, што выкрыў фэйк-рэпартажы свайго калегі, з болем выказваецца пра немагчымасць зарабляць фрылансерствам. Таму шмат хто з журналістаў займаецца яшчэ і піярам. Марэна, канешне, драматызуе, бо ў Нямеччыне ў журналістаў-фрылансераў існуюць падатковыя ільготы ў залежнасці ад памеру заробку.

    Каб стаць журналістам у Нямеччыне, трэба абавязкова адпрацаваць так званае валацёрства ў СМІ. Доўжыцца яно два гады, у гэты час малады супрацоўнік атрымлівае невялікі заробак, да таго ж мусіць наведваць пэўныя курсы. Гэта своеасаблівы фармат ардынатуры для журналістаў.

    Часта практыкуецца яшчэ і абмен так званымі «валанцёрамі» (хаця па сутнасці яны не валанцёры) паміж рэдакцыямі аднаго холдынга.

    Большасць калег увесь час мяне засыпаюць пытаннямі пра магчымасці пераезду ў Нямеччыну. Уладкавацца там у якасці журналіста можна, і я ведаю такія прыклады. Але праца журналіста аднолькавая: асвятляць падзеі трэба паўсюль, паўсюль ёсць умоўныя надоі кароў, пра якія таксама трэба пісаць. Праўда, там гэта можна рабіць без пратаколаў і затрыманняў.

    Фота: Асабісты архіў Насты Рэзнікавай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці