• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Іх імёнамі не названы. Як былыя прапагандысты трапляюць у апалу

    Праўладную актывістку Вольгу Бондараву цяпер узгадваюць у сувязі са смерцю палітзняволенага Алеся Пушкіна. Кажуць, што менавіта пасля яе даносу мастака затрымалі і асудзілі. Прыкметна, што нядаўна «інфаспецназаўка» сама трапіла пад прэс сістэмы і вымушаная была публічна выбачацца. Гэта далёка не першы выпадак, калі прапагандысты аказваліся ў апале. БАЖ узгадвае імёны тых, хто ўвасабляў уладу, а цяпер аддадзены забыццю.

    Вольга Бондарава

    У гэтым шэрагу гродзенская актывістка вылучаецца тым, што пакуль не знаходзіцца ў чорным спісе. Але першая перасцярога, відаць, ужо прагучала.

    «Кар’ера» ў сучаснай ролі для Бондаравай пачалася ў 2020 годзе. Да таго часу яна была беспрацоўнай і нават прыцягвалася да адказнасці за кантрабанду цыгарэт у Польшчу.

    Але пасля выбараў жанчына адчула, што можа быць карыснай. У Гродне яна стала ўвасабленнем праўладнага руху, які называў сябе «Інфаспецназ». Завяла адпаведны Telegram-канал (пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне назва была заменена на «БондареVа. БеZ купюр»).

    Пачынала з арганізацыі праўладных аўтапрабегаў і даносаў на пратэстоўцаў. Аднак з кожным месяцам яе амбіцыі раслі. Адчуўшы сваю значнасць і ўбачыўшы імгненную рэакцыю сілавых органаў, яна адчула смак.

    Менавіта пасля яе публічных прэтэнзій і лістоў у адпаведныя інстанцыі былі затрыманы мастак Алесь Пушкін, журналісты Павел Мажэйка, Ігар Хмара і многія іншыя.

    Далей — болей. Бондарава то скардзілася на шкарпэткі вядомага беларускага вытворцы, то на канцэрт Філіпа Кіркорава, то на бары, што вырашылі адсвяткаваць «чужы» Хэлаўін.

    Асабліва праўладная актывістка ўз’юшылася на праявы ўсяго нацыянальнага. Так, яна выступала супраць таго, каб бібліятэцы ў Астраўцы надалі імя Адама Мальдзіса. Пасля заклікала выдаліць лацінку. Але бадай самы гучны кейс — дэмантаж помніка Ларысе Геніюш у Зельве, якога яна дамаглася праз допісы і даносы.

    У нейкі момант Бондарава настолькі ўзнеслася, што пачала выказваць публічныя прэтэнзіі нават да тых, каго кранаць рэжымам забаронена. Яна звярнулася да начальніка міліцыі Гродна, абвінаваціўшы таго ў паклёпе. Нібыта ён распаўсюджваў чуткі, што Бондарава арганізоўвала дзеянні з парушэннем грамадскага парадку і працуе на замежныя спецслужбы.

    Актывістка заявіла, што адчувае іспанскі сорам за «афіцэра вышэйшага рангу», і патрабавала, каб ёй выставілі афіцыйныя абвінавачанні.

    Відавочна, для рэжыму гэта была чырвоная рыса. Што адбывалася пасля, дакладна невядома, але праз некалькі дзён Бондарава двойчы звярталася да тых, каго пакрыўдзіла сваімі словамі. Яна запэўніла, што не мела намер дыскрэдытаваць уладу і пасягаць на суверэнітэт.

    Нельга выключаць, што пасля правалу Бондарава будзе забароненая самімі ідэолагамі — сістэма такога не даруе.

    Хоць у сваім Telegram-канале прапагандыстка працягвае актыўную дзейнасць — агрэсіўна пагражае «ворагам», без разбору перапошчвае паведамленні праўладных крыніц і расійскіх Z‑блогераў.

    Дзмітрый Семчанка

    Цяпер тэлевядоўцу прапаганда падкрэслена называе «былым журналістам». Хоць доўгі час ён працаваў на тэлеканале АНТ (з 2009 па 2020 год), узначальваў пул рэпарцёраў, якія працавалі непасрэдна з Лукашэнкам.

    Яго жонка Юлія ў адным з інтэрв’ю незалежным медыя распавядала:

    — Ён зрабіў шмат крокаў, каб падняцца па кар’ернай лесвіцы. Перажываў за ўсе свае сюжэты, вельмі ўважліва вывяраў матэрыялы. Усё, што мне падабалася ў яго характары, адбівалася ў яго працы. Ён ніколі не быў салдатам, які проста выконвае загады. У Дзімы заўсёды было сваё меркаванне. Яго складана было прымусіць зрабіць тое, з чым ён быў не згодны.

    Літаральна за некалькі тыдняў да выбараў-2020 Дзмітрый Семчанка ў эфіры тэлеканала абвяргаў фэйк пра мінскую міліцыю. У Telegram-каналах распаўсюджвалася відэа, на якім зафіксавана збіццё супрацоўнікам міліцыі нейкага чалавека.

    — Я не абараняю МУС. Больш за тое, упэўнены, што сярод людзей у пагонах не ўсе анёлы, як у любой арганізацыі, — заўважаў Семчанка.

    Напэўна, ролік сапраўды быў зроблены не ў Беларусі. Аднак праз месяц гэта ўжо не мела ніякага значэння, бо хваля гвалту ахапіла краіну, і міліцыя ўжо не хвалявалася за свой імідж, паказаўшы сапраўдны твар.

    Праз некалькі дзён пасля выбараў Семчанка сышоў з дзяржаўнага тэлеканала. Як паведамлялася, у сувязі з асуджэннем гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў.

    — Гэта было апошняй страшнай кропляй. Тая рыса, за якую немагчыма пераступіць, — тлумачыла жонка журналіста. — Дзіму не хацелі падпісваць заяву на звальненне. Усё адбывалася балюча. Але будзе няправільна, калі я стану пра гэта казаць. Там, на тэлеканале, стаўленне да гэтага вострае.

    Дараваць такі прынцыповы ўчынак дзяржсістэма, якая нагадвае па сваіх парадках мафіёзную структуру, не змагла. У верасні 2020 года Дзмiтрыю прысудзілі адміністрацыйны арышт за ўдзел у пратэсным маршы.

    Але гэтым не абышлося. У 2022 годзе Семчанку зноў затрымалі і завялі крымінальную справу за пасты ў сацсетках, звінаваціўшы ў распальванні сацыяльнай варожасці.

    А вось як пракаментавалі гэта былыя калегі журналіста з тэлеканала АНТ:

    — У офіс «Белагра» аператыўнікі прыйшлі не проста так. Дасведчаныя людзі кажуць, што наводчыкам для праваахоўных органаў стаў былы журналіст Семчанка. На яго выйшлі, калі адпрацоўвалі нібыта ананімных карыстальнікаў, якія прасоўваюць радыкальныя ідэі ў інтэрнэце.

    У сакавіку 2023 года рэпарцёру прысудзілі тры гады зняволення. Свой тэрмін ён адбывае ў калоніі № 22 у Івацэвічах, якая больш вядомая як «Воўчыя норы».

    Падкрэслена жорсткі прысуд гэта не толькі помста за «здрадніцтва», але і намёк астатнім прапагандыстам.

    Павел Якубовіч

    Адзін з самых уплывовых прапагандыстаў у 1990–2010‑я амаль знік з публічнай прасторы пасля таго, як пакінуў пасаду галоўнага рэдактара газеты «Советская Белоруссия».

    Доўгі час здавалася, што аўтарытэт Якубовіча непахісны. Ён балансаваў паміж інтарэсамі розных груповак ва ўладзе, выглядаў вопытным наменклатуршчыкам, і нават Лукашэнка называў яго Паўлам Ізотавічам.

    У сваім вострым і метафарычным стылі прапагандыст мог аргументавана патлумачыць нават самыя непапулярныя дзеянні ўлады.

    А ў 2007 годзе дзякуючы яму быў урэгуляваны канфлікт паміж Беларуссю і Ізраілем пасля слоў Лукашэнкі пра Бабруйск як «яўрэйскі горад» са «свінушнікам».

    Аднак у 2018 годзе было абвешчана, што Якубовіч пакідае крэсла галоўрэда «Советской Белоруссии» і саступае месца Дзмітрыю Жуку. Выглядала гэта як апала, а не ганаровая пенсія.

    — Гэта было чаканае рашэнне, пытанне майго сыходу я ўздымаў яшчэ ў снежні мінулага года (то бок 2017-га — Аўт.), — апраўдваўся прапагандыст. — Маё рашэнне звязана са станам здароўя, мне ж ужо шмат гадоў (ён 1946 года нараджэння). Я 24 гады ўзначальваў самую буйную рэдакцыю, і больш у мяне няма сіл рабіць гэта. Да сённяшняга дня я выконваў свае абавязкі.

    Хадзілі чуткі, што Якубовіч няўдала прапаноўваў свае паслугі розным рэдакцыям, у тым ліку незалежным медыя, спрабаваў застацца пры рэдакцыі «Советской Белоруссии» ў якасці ганаровага рэдактара. Але амаль паўсюль атрымаў адмову.

    У выніку ён уладкаваўся аглядальнікам у штат газеты МУС «На страже».

    — Я прафесійны журналіст, усё жыццё пішу ў журналістыцы, вялікай і малой, — пракаментаваў тады «Нашай Ніве» Якубовіч. — Было б вельмі дзіўна, калі б адкінуў пяро. Вядома, я ўжо не малады журналіст, які будзе бегаць з дыктафонам па горадзе, а як калумніст — нічога кепскага не бачу.

    Наступным разам былога галоўрэда «Советской Белоруссии» ўзгадалі адразу ж пасля выбараў у 2020 годзе. Ён даў рэзананснае інтэрв’ю «Нашай Ніве», у якім даволі жорстка выказаўся наконт дзеянняў улады, асабліва перапала Наталлі Качанавай:

    — Як чалавек, які 23 гады кіраваў цэнтральнай дзяржаўнай газетай, я канстатую, што дапушчаны цэлы шэраг сістэмных памылак. Прымаліся звычайныя меры: на Русі ад усіх хвароб лечаць адным — пускаюць кроў. Там, дзе трэба тонкая сістэмная работа, пускаюць кроў.

    Відаць, як многія, Якубовіч лічыў, што змены адбудуцца і ўлада не зможа пераадолець крызіс.

    З таго часу прапагандыста ў публічнай прасторы амаль не ўспамінаюць. Усё, на што цяпер можа разлічваць «залатое пяро», гэта сціслай узгадкі ў хроніцы БелТА ў сувязі з юбілеем.

    Інга Хрушчова

    Былая спартсменка пачынала працаваць журналісткай у полацкай газеце з сімптаматычнай назвай «Сцяг камунiзма». Але па-сапраўднаму знайшла сябе на тэлебачанні: моладзевая рэдакцыя, вядоўца навін, пул Лукашэнкі…

    Цяпер многія ўзгадваюць яе беларускамоўны (!) рэпартаж з Чарнобыльскага шляху ў 1996 годзе.

    — Звар’яцелыя энтузіясты з ліку нецвярозых студэнтаў, незанятых аніякай справай пенсіянераў і іншых бязмэтна швэндаючых грамадзян сцягнуліся бліжэй да Акадэміі навук, адкуль, дарэчы, увесь сённяшні спектакль і пачаўся, — адзначала прапагандыстка. — Складалася ўражанне, што прыйшлі сюда ў чаканні прыгод і вострых відовішчаў, а не для таго, каб ушанаваць памяць ахвяр Чарнобылю.

    Як патлумачыла сама Хрушчова ў нядаўнім інтэрв’ю YouTube-каналу «Жизнь-малина», рэпартаж быў зроблены на эмоцыях, бо тэлегрупе моцна перапала ад пратэстоўцаў.

    На працягу гутаркі з Мікітай Мелказёравым экс-вядоўцы БТ даводзілася доўга і марудна апраўдвацца за былыя словы і дзеянні. Яна таксама патлумачыла, што яе цікавіла спачатку, калі прыйшло расчараванне і чаму ўрэшце вырашыла сысці з тэлебачання.

    — Было разуменне, што Лукашэнка ўжо не грае той ролі, якая ў яго была ў канцы 1990‑х — пачатку 2000‑х, — расказвала Хрушчова. — Нам сталі выдаваць пытанні, якія трэба было задаваць.

    Пасля прапагандыстка акунулася ў спартовую тэматыку, але вярнулася ў палітыку ў 2010 годзе, калі адбыліся чарговыя прэзідэнцкія выбары.

    — У мяне была вера ў еўрапейскі шлях Беларусі. Да гэтага ўсё ішло. Але потым, пасля Плошчы, нарадзілася думка, што трэба сыходзіць, — распавядала яна.

    Аднак адбылося гэта толькі праз тры гады — у 2013‑м. Як падкрэслівала Хрушчова, яна «ціха сышла ў нікуды».

    Пасля займалася відэапраектам пра самастойныя падарожжы на аўтамабілі ды агляды аграсядзіб. А таксама паспрабавала сябе ў ролі прадзюсера, калі рабіла праект з Аляксандрам Кныровічам.

    У 2020‑м годзе яна працавала ў штабе Віктара Бабарыкі, збірала подпісы, запісвала відэа. Пасля таго, як атрымала запрашэнне прыйсці ў Следчы камітэт, вырашыла з’ехаць у Германію, бо «там шмат сяброў».

    Юрый Казіятка

    Будучы прапагандыст нарадзіўся ў Брэсце, але ж пачатак яго прафесійнай кар’еры склаўся ў Расіі. Ён закончыў авіявучэльню ў Кургане. Пасля працаваў ваенным журналістам у газеце флоту і тэлевядоўцам ва Уладзівастоку.

    На пачатку 1990‑х вярнуўся ў Беларусь, дзе ўладкаваўся як ваенны карэспандэнт на тэлебачанне.

    Праз некалькі год Казіятка стаў палітычным аглядальнікам на БТ, быў вядоўцам праграм «Тэма дня» і «Панарама».

    Кар’ера паступова ішла ўверх. Хутка яго прызначылі кіраваць аддзелам інфармацыйных праграм АНТ, пасля гендырэктарам гэтага тэлеканала, а далей — кіраўніком «Сталічнага тэлебачання». У 2011 годзе ён трапіў пад санкцыі.

    Што здарылася пасля, дакладна невядома, але ж у 2018 годзе Казіятка быў звольнены і заняў пасаду намесніка дырэктара агенцтва «Мінск-Навіны» (праз некаторы час быў павышаны да дырэктара).

    Гледачу ён мог запомніцца не толькі прапагандысцкімі опусамі, але і як арганізатар забаўляльных праграм і шоў, некаторыя з якіх заканчваліся гучнымі скандаламі. (Калі, напрыклад, высветлілася, што сярод канкурсантак «Міс Мінск» апынуліся танцоўшчыцы-стрыптызёршы.)

    За апошнія гады прапагандыст аказаўся ў забыцці. У 2020 годзе ён праявіў сябе падчас пандэміі, калі звярнуўся да канспіралагічнай тэорыі ўзнікнення каронавіруса:

    — Гэта можна лічыць нейкім спланаваным намерам нейкіх сусветных элітаў. Усё роўна, з’явіўся гэты вірус планава (і псіхоз і істэрыя – кіраваная), распаўсюджваецца ў свеце. Важна тое, што гэтай сітуацыяй скарысталіся многія палітычныя эліты.

    Апошні раз прапагандыст узгадваўся інфармацыйным агенцтвам БелТА ў 2021 годзе з нагоды публікацыі архіўнага фотаздымка.

    Яго спроба асвоіць YouTube пацярпела няўдачу. На канал «Картина мира с Юрием», прысвечаны ў асноўным падарожжам па Беларусі і Расіі, падпісаны 1,8 тысячы чалавек. За апошні год там было размешчана ўсяго пяць ролікаў (максімальная колькасць праглядаў — 500).

    Чытайце яшчэ:

    49-гадовы міністр інфармацыі Пярцоў: Не ведаю, дзе Захаранка і Красоўскі, мяне ў той час не было на свеце

    Прапагандысты прымусілі былога калегу Дзмітрыя Лукшу стаць «экскурсаводам» па зоне

    Дзеці ў ЗША, быў вызвалены ад вывучэньня беларускай мовы. Адкуль узяўся прапагандыст Андрэй Мукавозчык

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці