• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ігнат Буйніцкі: пяць фактаў пра тэатральнага генія

    Збяднелы шляхціч працаваў землямерам, але меў душу, што прагла мастацтва.  «Новы час» распавядае пра  Ігната  Буйніцкага, які стаў «бацькам беларускага тэатра».

    Ігнат Буйніцкі Бацька беларускага тэатра

    Ігнат Буйніцкі

    Ігнат Буйніцкі нарадзіўся 22 жніўня 1861 года ў фальварку Палівачы ў сям’і збяднелага шляхціца Тарквінія-Тэафіла Буйніцкага і Клацільды з роду Гласкіх.

    Пасля заканчэння чатырохкласнага рэальнага вучылішча ва Улацлаўску Варшаўскай губерні, паступіў у Рыжскае політэхнічнае вучылішча. Апроч таго будучы заснавальнік беларускага тэатра скончыў прыватныя драматычныя курсы ў Вільні, дзе вывучаў акцёрскае майстэрства.

    Імкнуўся захоўваць аўтэнтыку ў пастаноўках

    Працуючы землямерам у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях, Ігнат Цярэнцьевіч літаральна абыйшоў іх пешшу. Падчас вандровак заўсёды насіў сшытак пад пахай, каб запісваць пачутыя песні, народныя легенды, паданні. Але асаблівую цікавасць і сапраўднае захапленне для Буйніцкага ўяўлялі народныя танцы. Ён заўжды знаходзіў, аб чым паразмаўляць з простым вяскоўцам, вельмі любіў сялянскіх дзяцей, якім расказваў казкі, вучыў спевам і танцам.

    Тэатр Ігната Буйніцкага

    Ён запачаткаваў новую тэндэнцыю — прафесіяналізацыю народных традыцый. У нескладаным сцэнічным афармленні спектакляў трупы выкарыстоўваліся элементы беларускага народнага выяўленчага мастацтва, акцёры выступалі ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Буйніцкі беражліва ставіўся да захавання вытокавай харэаграфіі, імкнуўся не мяняць узор танцу.

    Менавіта Ігнат Буйніцкі ўпершыню вывеў «мужыцкі» танец на сцэну, як выканаўца і пастаноўшчык паказаў невычарпальныя магчымасці і прыгажосць беларускіх народных танцаў.

    У рэпертуары трупы апошніх налічвалася больш за дзясятак: «Лявоніха», «Юрка», «Верабей», «Мяцеліца», «Гняваш», «Мельнік», «Антошка», «Чобат», «Качан», «Чабор», «Полька»… Музычнае суправаджэнне ладзіў традыцыйны «траісты ансамбль» — цымбалы, скрыпка, дуда. 
    Дзядзька Ігнат старанна адбіраў для сваіх выступаў народныя песні. У рэпертуары яго трупы гучалі «Дуда-весялуха», «Ах ты дзьмі», «Падушачка», «За гарамі, за лясамі», «Ох ты дуб», «Прыляцелі гусі», «Ды куды ж ты, дуб зялёны» і іншыя спевы.

    Утрымліваў трупу на ўласныя сродкі

    У 1907 годзе разам з дочкамі Аленай і Вандай ды сябрамі дзядзька Ігнат заснаваў аматарскі калектыў, які пачаў вандраваць не толькі па гарадах Беларусі, але выязджаў з выступленнямі ў Варшаву і Пецярбург. Для гэтага Буйніцкаму даводзілася браць дазвол у губернатара. І калі за выступленні для заможных гледачоў вызначаўся высокі кошт у два рублі, то выступленні ў мястэчках для сялян ладзілі бясплатна.

    Сваёй галоўнай мэтай кіраўнік трупы бачыў бясплатна несці асвету і культуру беднаму гледачу-селяніну, імкнуўся да развіцця сваёй справы і стварэння мясцовых калектываў у гарадах і мястэчках Беларусі, для якіх ладзіў заняткі і нават пакідаў матэрыялы з уласнага рэпертуару.

    афіша тэатра Ігната Буйніцкага

    Афіша выступлення тэатра Ігната Буйніцкага. 1912 год

    Асноўны цяжар існавання трупы клаўся на кішэню Буйніцкага. Жыў тэатр (у яго ўваходзіла каля 70 чалавек) на даход ад маёнтка Палівачы, невялікую спонсарскую дапамогу аказвалі мецэнаты. Але ў 1913 годзе калектыў спыніў сваю дзейнасць, у тым ліку праз матэрыяльныя праблемы, паколькі продаж білетаў пакрываў толькі частку ўсіх выдаткаў. Ігнат Цярэнцьевіч вымушаны быў прадаць маёнтак у Палівачах і пераехаць у суседнія Празарокі, дзе заснаваў крэдытнае таварыства. У 1914 годзе Буйніцкі паспрабаваў стварыць новую трупу, аднак Першая сусветная вайна перашкодзіла здзейсніць гэту задуму.

    З пачаткам Першай сусветнай вайны ён удзельнічаў у дабрачыннасці на карысць беларускіх бежанцаў, дапамагаючы віленскаму таварыству «У дапамогу фронту». А пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года быў адным з ініцыятараў стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, якое ў 1920 годзе стала асновай для Дзяржаўнага беларускага тэатра.

    Спявак, танцор, акцёр, рэжысёр…

    Большасць спектакляў Ігнат Буйніцкі ставіў самастойна. Акцёры ў яго трупе служылі адразу некалькім музам.  Прыклад калектыву падаваў у першую чаргу сам дзядзька Ігнат. Ён разам з дочкамі выходзіў на сцэну ў драматургічных творах, спяваў сола і ў хоры, выступаў у ролях бытавога і характарнага плану: Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» Крапіўніцкага), Ігнась («Модны шляхцюк» Каганца), Аляксей («У зімовы вечар» Ажэшкі).

    Любіў асабліва дэкламаваць прозу і паэзію, але перавагу аддаваў гумарыстычным творам. А ўжо як танцаваў, дык заўсёды «з сэрцам». Пры гэтым акцёрам танцы паказваў сам, музыкам мелодыі таксама напяваў сам.

    «Будзіў у беларусаў пачуццё нацыянальнай годнасці»

    У лютым 1910 года ў Вільні ладзілася першая публічная беларуская вечарына. Хор пад кіраўніцтвам Людаміра Рагоўскага, спектакль, падрыхтаваны Аляксандрам Бурбісам, а ў завяршэнне — выступленне танцавальнага калектыву Буйніцкага, якое выклікала сапраўдны фурор у залі.

     Паўліна Мядзёлка ўзгадвала: «Зняможаныя больш як самі танцоры, ап’янелыя ад моцнага ўражання, людзі нехаця пакідалі залу». Гэты поспех засведчыў з’яўленне «Першай беларускай трупы» або «Тэатра Ігната Буйніцкага». Прычым у яго выступленнях удзельнічалі шматлікія беларускія дзеячы, напрыклад, той жа Алесь Бурбіс, Алаіза Пашкевіч (Цётка).

    Летам 1910 года Буйніцкі са сваімі акцёрамі выпраўляецца з турам па гарадах Беларусі, за якім уважліва сачыла газета «Наша Ніва».

    У жніўні ў ёй з’явілася паведамленне пра выступленне ў Дзісне: «Дзісна ня помніць такога збору народу. Інтэлігенцыя і просты народ усе шчыра віталі беларусаў, магучая ідэя нацыянальнага адраджэньня гарачымі праменьнямі сваімі ўсіх абагрэла, усіх з’яднала, разварушыла застыгшыя сэрцы, заіскрыла выцьвяўшы ад сьпекі вочы і першае роднае слова са сцэны вітана было не аднэй сьлязой». Затым быў Полацк, аб чым карэспандэнт газеты Власт пазначыў: «Вокляскам канца не было: грымела гудзела ўся саля, як лежэнь з ройнымі пчоламі… Тэатр беларускі становіцца ўжо, дзякуючы заходам і рупнасьці дзядзькі Ігната Буйніцкага на цьвердыя падваліны і выплываюць усё новыя і новыя сілы. За гэтыя стараньні і рупнасьць шчырае дзякуй яму, a калісь, калі прабудзецца сьвядомасьць ува ўсім беларускім народзе, памяць Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх».

    Ігнат Буйніцкі з дачкой Вандай на сцэне

    Ігнат Буйніцкі з дачкой Вандай на сцэне. Фота: wikipedia.org

    Затым калектыў наведаў сталіцу Расійскай імперыі, дзе стаўся сапраўдным адкрыццём.

    Адзін з відавочцаў іх выступлення ў Пецярбургу запісаў: «Як выйшаў Буйніцкі са сваімі танцорамі і сялянамі — дударом, цымбалістам і скрыпачом — беларусамі, — па-простаму паварочваючыся, дык гэта адразу прынялі ўсе з захапленнем. А калі Буйніцкі з дачкой пайшоў «Лявоніху», а за ім чарада хлопцаў з дзяўчатамі, як пачалі прытупваць, падскокваць, дык уся публіка, тысяч восем народу, як ударыла ў далонькі, як закрычала «брава, брава, беларусы!». Ніколі і нідзе не бачыў, каб гэтак што спадабалася… пецярбуржцам, як беларускія танцы… Потым публіка распытвалася… скуль і якія гэта беларусы з’явіліся? Бо раней іх не чуваць было!»

    Пасля спектакляў Буйніцкага ў Пецярбургу і Варшаве газеты пісалі пра «каласальны поспех» тэатра, што «будзіць у беларусаў пачуццё нацыянальнай годнасці».

    Меў праблемы з царскім урадам

    А вось апошняга ўжо ўлады дараваць не маглі: рэжысёра і яго паплечнікаў узялі пад паліцэйскі нагляд, паказы пачалі забараняць. Пачалося цкаванне і ў прэсе: расійскія газеты ў паклёпніцкіх матэрыялах усё часцей звярталі ўвагу на выкарыстанне «мужыцкай» мовы і «прымітыўнасць» рэпертуару беларускага тэатру, які лічылі нічым іншым, як «польскай інтрыгай». 

    Тэатру ўвесь час даводзілася пераадольваць прыдзіркі цэнзуры і ўсялякія перашкоды мясцовых уладаў, якія бачылі ў дзейнасці трупы пагрозу вялікадзяржаўнай палітыцы царызму. У сваёй кнізе заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь А. П. Цыхун піша, што з‑за выкарыстання беларускай мовы на афішах вечароў з удзелам трупы Буйніцкага артысты мелі праблемы з царскай паліцыяй.

    У 1917 годзе Ігнат Буйніцкі трапіў на Заходні фронт, пад Маладзечна, дзе падчас падрыхтоўкі выступлення салдацкай самадзейнасці яму стала дрэнна, і 22 верасня ва ўзросце 56 гадоў ён памёр ад тыфу ў шпіталі каля мястэчка Гарадок. Захавалася нават прыгожая легенда, што Ігнат Буйніцкі памёр падчас танца…

    Ён наказаў пахаваць яго ў родным маёнтку Палівачы, што на Глыбоччыне, у трох соснах. Але калі родныя дочкі цягніком прывезлі цела бацькі ў маёнтак, у спустошаным вайной краі іх нават не было каму сустрэць.

    Помнік Ігнату Буйніцкаму ў Глыбокім

    Помнік Ігнату Буйніцкаму ў Глыбокім. Фота: westki.info

    Напачатку 1970‑х гадоў яго магіла амаль знікла, калі яе знайшлі Уладзімір Караткевіч і прафесар Уладзімір Няфёда. Дзякуючы ім, парэшткі «бацькі беларускага тэатра» былі перанесеныя ў цэнтр суседняй вёскі Празарокі і перазахаваныя.

    Магіла Ігната Буйніцкага ў Празароках

    Магіла Ігната Буйніцкага ў Празароках. Фота: westki.info

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці