• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ігар Якавенка ў Мінску: Паратунак для традыцыйных СМІ – аўтарскія тэксты

    – Наперадзе ва ўсіх СМІ постсавецкага рэгіёна ёсць адзін вялізны “айсберг”. Ад таго, наколькі ўдала медыі перажывуць сутыкненне з лічбавымі тэхналогіямі, залежыць наогул існаванне традыцыйнай прэсы, – лічыць Ігар Якавенка.

    Ігар Якавенка ў Мінску

    Расійскі журналіст, былы генеральны сакратар Саюза журналістаў Расіі, былы дэпутат Дзяржаўнай думы, генеральны дырэктар Нацыянальнай тыражнай службы, старшыня прафсаюзу журналістаў “Журналісцкая салідарнасць” (Масква), аўтар уласнага папулярнага блога з наведвальнасцю да 1,5 мільёна праглядаў і папулярнай тэорыі пра медыяфрэнію падзяліўся на сустрэчы з калегамі ў Мінску думкамі пра галоўныя выклікі журналістыцы на постсавецкай прасторы.

    Айсберг лічбавых тэхналогій

    – У перыяд сутыкнення з лічбавымі тэхналогіямі традыцыйныя СМІ, якія хочуць застацца на інфармацыйным полі нашых краін, абавязаныя кардынальна мяняць стыль працы.

    Сёння ў свеце лічбавыя тэхналогіі выцясняюць людзей з цэлага шэрагу накірункаў у журналістыцы, замяняючы іх штучным інтэлектам і разумнымі праграмамі. Сусветныя СМІ спрэс пазбаўляюцца журналістаў, якія пішуць навіны. Толькі адно агенцтва Bloomberg ужо адкрыта заявіла, што замяніла 70% журналістаў, якія пісалі пра навіны на тых ці іншых сусветных рынках, на штучны інтэлект.

    Журналісты-удзельнікі мінскай сустрэчы з І. Якавенкам

    Сотні журналістаў толькі ў гэтым агенцтве згубілі працу, бо сёння праграмы пачалі працаваць лепш і хутчэй за чалавека. Google пачаў ведаць пра падзеі ў свеце і разбірацца ў іх значна лепш за любога журналіста.

    Апроч гэтага, СМІ ва ўсім свеце ідуць шляхам адмовы ад сталых карэспандэнтаў на месцах – яны ўжо проста не здольныя накіраваць сваіх карэспандэнтаў ва ўсе кропкі, дзе адбываюцца ці могуць адбывацца нейкія падзеі.

    Такіх карэспандэнтаў усё болей і болей у свеце замяняюць сацыяльныя сеткі. Літаральна праз секунды пасля нейкага важнага здарэння інфармацыя пра яго з’яўляецца ў блогах. Там жа можна знайсці фота- і відэаматэрыялы, якія медыям застаецца проста праверыць, карэктна апрацаваць і размясціць. Гэтыя працэсы адбываюцца няспынна, і абсалютная большасць сучасных СМІ актыўна гэтым карыстаецца. Хто не навучыўся карыстацца – адразу застаецца за бортам, – мяркуе эксперт.

    Выратаваць журналістыку можа толькі талент

    –  Але ва ўсіх гэтых умовах важна памятаць: машыну можна навучыць пісаць навіны. Але машына ніколі не заменіць журналіста ў падрыхтоўцы аўтарскіх тэкстаў.

    Няма праграм, якія маглі б замяніць аўтарскі стыль журналіста, гумар, пафас, аўтарскую падачу матэрыялу. Ніякая машына не зможа замяніць публіцыста. Публіцыстыка, аўтарская журналістыка – той слой, які не разбураецца нават пад уздзеяннем лічбавых тэхналогій.

    У сучасным свеце існуе супрацьстаянне паміж аўтарскай журналістыкай і безасабовай – навінамі, паведамленнямі, карэспандэнцыямі – матэрыяламі, дзе журналіст не з’яўляецца аўтарам факту. Ён проста пераказвае тое, што адбылося. У такіх матэрыялах чытачу абсалютна не важна, кім падпісаны артыкул. Такі артыкул можа спрадукаваць і спецыяльная праграма, – лічыць Ігар Якавенка.

    Аўтарская журналістыка выстаўляе журналісту наступныя абавязковыя патрабаванні:

    - Адзінаасобны ўдзел аўтара ў падрыхтоўцы ўсяго матэрыялу ад пачатку да канца. Яскравымі прыкладамі тут можна назваць такіх расійскіх журналістаў, як Дзмітрый Дзіброў ці Леанід Парфёнаў, якія робяць менавіта аўтарскія матэрыялы, працуючы над імі ад з’яўлення ідэі да распаўсюду ўжо гатовага прадукту.

    Безумоўна, у падрыхтоўцы тэлеперадачы могуць удзельнічаць і ўдзельнічаюць іншыя людзі, але аўтары кантралююць іх на ўсіх этапах, каб атрымаць на выхадзе менавіта сваю, аўтарскую журналістыку.

    - Наяўнасць аўтарскай пазіцыі. У сучасных СМІ мы часта сустракаем допісы кшталту “рэдакцыя можа не падзяляць меркаванні і публікаваць іх дзеля палемікі”, “журналіст не павінен мець уласнага меркавання і быць па-над сутычкай”.

    У такіх матэрыялах ствараецца ўражанне, што журналіста альбо рэдакцыі тут наогул няма, а ёсць праграма, якая сабрала разам тыя ці іншыя факты ці меркаванні. У сапраўднай аўтарскай журналістыцы так быць не можа – яна прадугледжвае наяўнасць канкрэтнай аўтарскай пазіцыі і аўтарскі каментар.

    - Унікальны аўтарскі стыль. Не трэба нават шукаць подпісу пад матэрыялам Віктара Шэндэровіча ці Леаніда Радзіхоўскага, у якім СМІ яны б ні былі надрукаваныя. Бо ўжо з першых радкоў матэрыялу пазнаеш унікальны аўтарскі стыль.

    - Абавязковая зваротная сувязь з аўдыторыяй. Калі раней аўтары маглі друкавацца ў часопісе і проста выкідваць свае матэрыялы на чытацкі рынак, то зараз прафесію журналіста проста немагчыма ўявіць без сувязі з аўдыторыяй. Найноўшыя тэхналогіі сёння ствараюць вялізныя магчымасці для зваротнай сувязі, якая, у сваю чаргу, дазваляе зразумець, ці сапраўды ты дасягнуў сваёй аўдыторыі.

    Журналісты-удзельнікі мінскай сустрэчы з І. Якавенкам

    У аўтарскай журналістыцы, паведамляючы чытачу нейкую навіну, мы прадаем яму зусім не навіну, а аўтарскі погляд на гэту навіну. Як раз гэта зараз вельмі важна чытачам у адкрытым інфармацыйным «акіяне».

    Да таго ж, чым больш сапраўдных аўтараў мае тое ці іншае СМІ, тым прасцей яму адстойваць свае пазіцыі перад дзяржавай. У выпадку канфлікту становіцца вельмі лёгкім “зламаць” рэдакцыю, калі за ёй не стаіць гучных імёнаў, уласных зорак журналістыкі. І наадварот – уладам у любым выпадку прыйдзецца лічыцца са СМІ, нават апазіцыйнымі, калі там працуюць вядомыя аўтары.

    Менавіта таму толькі аўтарская журналістыка можа выратаваць нашы СМІ, адрозніць іх ад соцень і тысяч іншых сайтаў і газет, – перакананы эксперт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці