Ігар Кузняцоў падаў у суд на газету «Коммунист Беларуси» і Андрэя Лазуткіна
Гісторык падаў іск аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі супраць газеты «Коммунист Беларуси», сайта Камуністычнай партыі і аўтара публікацый Андрэя Лазуткіна. Як паведаміў Ігар Кузняцоў прэс-службе “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, праз суд ён патрабуе абвяржэння трох матэрыялаў, у якіх, на яго думку, распаўсюджаныя паклёпніцкія звесткі.
У прыватнасці, ў матэрыялах «Пляски на костях», «Кто расстреливал Куропаты: НКВД или СС?» і «Возвращаем память Игорю Кузнецову» аўтар Андрэй Лазуткін называе заяўніка «фальсіфікатарам гісторыі, які атрымлівае фінансаванне для ажыццяўлення антыдзяржаўнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
Таксама у публікацыях газеты, размешчанай і на сайце КПБ, Кузняцоў называецца «палкавым прапагандыстам», якому «сталінскія рэпрэсіі мрояцца не толькі пад кожным кустом, але і пад кожнай памыйкай».
Перад падачай іску ў суд Ігар Кузняцоў у пісьмовай форме звяртаўся да адказчыкаў з патрабаваннем зняць дадзеную інфармацыю з сайта, а таксама надрукаваць абвяржэнне ў дзесяцідзённы тэрмін, але адказу не атрымаў. Кузняцоў дадаткова просіць спагнаць з адказчыкаў грошы, патрачаныя гісторыкам на зварот у суд.