• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ігар Ільяш пра новую справу жонкі Кацярыны Андрэевай: суд затрымліваецца зь невядомай прычыны

    Муж палітзьняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай пракамэнтаваў Радыё Свабода, у якім стане новая крымінальная справа ягонай жонкі і ці адбудзецца суд у траўні.

    «Суд у справе Каці дагэтуль не прызначалі. Справу перадалі ў Гомельскі абласны суд яшчэ 18 красавіка, таму мы меркавалі, што працэс адбудзецца ўжо ў сярэдзіне траўня. Але пакуль ніякіх зрухаў няма. Напэўна, у траўні суду ўжо ня будзе. З чым зьвязаная гэта затрымка, невядома. Тэрмін утрыманьня пад вартай у СІЗА ёй працягнулі».

    Таксама Ігар Ільяш дагэтуль ня ведае, на падставе якіх падзеяў Кацярыне выставілі новае абвінавачаньне ў нібыта «здрадзе дзяржаве». Ніякай новай інфармацыі пра гэта не паступала.

    Зь ліставаньнем праблем няма, кажа Ігар Ільяш.

    «Лісты ад яе прыходзяць рэгулярна. Каця піша вершы, адзін зь іх я нядаўна апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Безумоўна, Каця стамілася ад працяглага зьняволеньня, але яна трымаецца. У адным зь лістоў Каця напісала:

    „Мы ня маем права на ўсякія „няма сіл“, „больш не магу“ і г.д. Таму нічога не застаецца, акрамя таго, што і так умеем: сабраць усю волю, цярпеньне, вытрымку, стрыманасьць і са спакойнай годнасьцю глядзець наперад“».

    Ігар Ільяш паведаміў, што ў Кацярыны Андрэевай цяпер сэзоннае абвастрэньне алергіі, так у яе заўсёды бывае вясной. Але ў астатнім яна адчувае сябе нармальна, наколькі гэта магчыма ў турме. На ўмовы ў СІЗА яна ня скардзіцца.

    Журналістак тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з акцыі памяці загінулага беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі і асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх». Паводле вэрсіі сьледзтва, з прычыны стрыму, які журналісткі вялі з аднаго з суседніх высотных будынкаў, быў спынены рух 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных.

    7 красавіка стала вядома, што Кацярыне Андрэевай выставілі новае абвінавачаньне — у здрадзе дзяржаве. Ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня. Але падрабязнасьці справы дагэтуль застаюцца невядомымі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці