• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Хваля папярэджанняў незалежным рэгіянальным выданням

    Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанні адразу некалькім незалежным рэгіянальным выданням. Ва ўсіх выпадках папярэджанні тычацца дробных прыдзірак да выходных дадзеных. Рэдактары збіраюцца звяртацца ў суд.

    На дадзены момант вядома, што Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанні аб парушэнні закона “Аб СМІ” як мінімум тром рэдакцыям рэгіянальных выданняў: “Газеце Слонімскай”, “Intex-Press” у Баранавічах і “Ганцавіцкаму часу”.

    У прыватнасці, “Газету Слонімскую” звінавачваюць у тым, што ў двух лютаўскіх нумарах у выданні нібыта не быў пазначаны наклад газеты. Разам з тым, як бачна з выкладзеных на сайце PDF-версій газеты, наклад пазначаны на самай першай старонцы СМІ.

    Рэдакцыю газеты “Intex-Press” у Баранавічах вінавацяць у парушэнні заканадаўства на падставе скарачэння слоў “РБ” замест “Рэспубліка Беларусь” у выходных дадзеных выдання.

    – Дастаткова было б званка з Міністэрства інфармацыі, каб мы выправілі гэтае скарачэнне, калі яно насамрэч не адпавядае заканадаўству. Але Мінінфармацыі вырашыла вынесці менавіта афіцыйнае папярэджанне. Відавочна, што гэта дэманстрацыя сілы: глядзіце, мы трымаем вас усіх на кручку”, – пракаментавалі прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сітуацыю ў рэдакцыі “Intex-Press”.

    Аналагічныя прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі мае і да рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час”.

    – Безумоўна, мы будзем абскарджваць дадзенае папярэджанне, хаця б таму, што наша выданне ў той дзень, за які вынесенае папярэджанне, нават не выходзіла. А па-другое, некаторыя дзяржаўныя рэгіянальныя выданні не толькі не пазначаюць «Рэспубліка Беларусь», а нават пра Міністэрства інфармацыі ў выходных дадзеных не ўзгадваюць увогуле , – заявіў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пётр Гузаеўскі.

    Нагадаем, што пасля атрымання двух папярэджанняў цягам года любое зарэгістраванае ў Беларусі СМІ можа быць закрытае праз суд. ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звязвае папярэджанні з набліжэннем прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, калі СМІ могуць у чарговы раз патрапіць пад пераслед.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці