Хто з медыяў трапіў у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» у 2023 годзе
У 2023 годзе у пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў» уключылі 11 медыяў і пяць блогераў. Усяго ў Беларусі на дадзены момант 169 «экстрэмісцкіх фармаванняў», з іх 62 прызналі у 2023 годзе, піша «Вясна».
Агулам у 2023 годзе «экстрэмісцкімі фармаваннямі» былі прызнаныя 11 медыя. Гэта як буйныя вядомыя СМІ, накшалт Zerkalo.io і Tribuna, так і рэгіянальныя медыя з розных куткоў Беларусі: Брэста, Гародні, Барысава, Магілёва і Гомеля.
15 лютага МУС уключыў у «пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» «Маланка медыя». У хуткім часе КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» «Брэсцкую газету», прызнаўшы яго ўдзельнікамі галоўнага рэдактара Віктара Марчука і яго намесніцу Таццяну Піскур.
16 траўня па рашэнні КДБ «экстрэмісцкім фармаваннем» быў прызнаны MOST і сацсеткі гарадзенскага журналіста Руслана Кулевіча. Напрыканцы траўня пералік папоўніла гомельскае выданне «Штодзень».
9 чэрвеня МУС прызнаў «фармаваннем» Zerkalo.io. «Беларускі раследавацельскі цэнтр» быў унесены ў пералік па рашэнні Вярхоўнага суда 15 верасня. Напрыканцы лістапада КДБ сваім рашэннем уключыў у пералік барысаўскае выданне ex-press.live. У хуткім часе «экстрэмісцкімі фармаваннямі» былі прызнаныя тры медыя з Магілёва: «6TV Bielarus», «Магілёў Медыя», «Навіны Магілёўскага рэгіёну».
5 снежня МУС прыняў рашэнне аб прызнанні спартовага выдання Tribuna «экстрэмісцкім фармаваннем».
Летась у «пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» патрапілі сацсеткі блогераў Андрэя Павука і яго праект «Рудабельская паказуха», блогерка Вольга Павук, журналіст і медыя-актывіст Валер Руселік з Youtube-каналам «Daroha», украінскі блогер Аляксандр Рыкаў «BalaganOff», а таксама блогерка Таццяна Мартынава.
28 лютага па рашэнні КДБ «экстрэмісцкім фармаваннем» была прызна і Беларуская асацыяцыя журналістаў.
«Рашэнне КДБ Беларусі аб прызнанні Беларускай асацыяцыі журналістаў экстрэмісцкім фармаваннем з’яўляецца новай праявай ціску ўладаў на беларускія выданні і журналістаў, скіраванай на запалохванне і рэпрэсіі з мэтай спыніць такую важную для грамадства працу незалежных медыя», – заявілі ў адказ праваабаронцы.