• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Хто стварае пекла ў эфіры?

    “Пекла ў эфіры ствараюць медыі, якія не паважаюць сваю аўдыторыю, – кажа Яраслаў Ладыгін пра сучасныя эфірныя медыі і шоў, якія іх запоўнілі. – Яны лічаць сваіх гледачоў і слухачоў не вельмі разумнымі і не саромеюцца пра гэта адкрыта казаць”.

    Радыё “Арыстакраты”, якое заснаваў Я. Ладыгін, ад пачатку выбрала кардынальна іншыя правілы гульні. Зараз гэтае радыё – самы буйны вытворца аўдыёкантэнту ва Украіне і ў рэгіёне. У 2015 годзе радыё “Арыстакраты” выпусціла 100 сезонаў аўтарскіх шоў, студыю наведалі больш за 800 гасцей, для эфіру было выкарыстана 72 тэрабайты трафіку. Аўдыторыя “Арыстакратаў” ёсць амаль ва ўсіх краінах свету.

    Гісторыя гэтага медыя пачалася толькі ў 2014 годзе. Паводле Я. Ладыгіна, 70 % сённяшніх супрацоўнікаў “Арыстакратаў” раней ніколі не працавалі на радыё. Як дасягнуць такога поспеху за такі кароткі час? Пра гэта Яраслаў Ладыгін распавёў 21 студзеня ў Мінску на сустрэчы, якую арганізавалі разам Медыялабараторыя 34mag, «Еўрарадыё» і Прэс-клуб Беларусь.

    Радыё: забыты фармат ці медыя будучыні?

    Радыё – адзін з самых таямнічых медыяфарматаў. “Вядучы-мікрафон-слухач” – просты і крохкі ланцужок. Толькі голас, інтанацыя, толькі гук. Слухача не трымае ні выява, ні прывабная карціка, ні іншая фізічная форма. Толькі эфір – паветра, напоўненае зместам. Сёння радыё – магутны сродак камунікацый, вельмі эфектыўны фармат, які знайшоў сваё месца ў свеце тэхналогій і сучасных медыя.

    З пераходам на іншы тэхналагічны ўзровень кошт працэсу вытворчасці і вяшчання радыё значна знізіўся. Пачаць анлайн-радыё – справа недарагая і адносна нескладаная. Па словах Я. Ладыгіна, каб пачаць “Арыстакраты” – вельмі круты і вядомы на сёння праект, – спатрэбілася ўсяго 5 тыс. долараў. “Канешне, трэба ўлічыць, што многае рабілася па-валанцёрску, – хтосьці нам “сабраў” студыю, хтосьці знайшоў у бацькавым гаражы мікрафон “Актава”…  За першыя 3–4 месяцы ўсе выдаткі вярнуліся, а праз 6–7 месяцаў прыйшлі рэкламадаўцы.

    “Зараз мы навучыліся ўсё рабіць вельмі хутка. У любым месцы за паўгадзіны можна разгарнуць радыёстанцыю, уклініцца ў жывы эфір. Гэта на самой справе вельмі крута. Мы гэта можам. Для гэтага не трэба шмат тэхнічнага розуму”, – кажа Яраслаў Ладыгін. Апісваючы тэхнічны бок працы, ён адзначыў, што зараз у медыя працуюць каля 20 чалавек на сталай аснове і каля 50 чалавек – аўтары, якія атрымліваюць ганарары.

    Радыё “Арыстакраты” не выкарыстоўвае грантавых грошай і шукае новыя спосабы манетызацыі. “Напрыклад, абаненцкая плата за шоў – 1 долар. Калі людзям падабаецца перадача, чаму б за яе не заплаціць, – кажа Ладыгін. – Але ёсць праекты, якія ніколі не атрымаюць спонсара. Напрыклад, пераклад Карана на ўкраінскую мову. Пра такія рэчы трэба размаўляць, і мы самі выдаткоўваем грошы на тое, каб было абмеркаванне гэтай тэмы”.

     “Арыстакраты” працуе толькі анлайн. Яраслаў Ладыгін адзначыў, што медыя не збіраецца інвеставаць у засваенне FM-фармату. “Па-першае, гэта дорага. Укладаць у FM-фармат грошы – гэта тое ж самае, што будаваць параход. Гэта мінулае стагоддзе, – кажа Ладыгін. – Па-другое, з 2020 года ЕС абавязаўся адмовіцца ад FM-вяшчання. У Нарвегіі ўжо адмовіліся. Таму лепш укладаць у тэхналогіі”.

    Калі станцыя сябе не акупае – значыць, нешта не так

    Паводле Я. Ладыгіна, усе радыё ва Украіне зараз датацыйныя, г.зн. не прыносяць прыбытку. “Мне падаецца, што гэта робіцца спецыяльна”, – кажа Я. Ладыгін. На яго думку, любая справа, якая задавальняе патрэбу чалавека ў інфармацыі правільна і прафесійна, павінна быць прыбытковай. Калі станцыя сябе не акупае – значыць, нешта не так.

    На яго думку, рэйтынгавыя і папулярныя радыёстанцыі сёння – гэта радыё з рэтра-кантэнтам. Людзям падабаецца слухаць музыку, з якой звязаныя іх асабістыя ўспаміны. Такая музыка мае кантэкст для аўдыторыі. Таму, калі рэч ідзе пра сучасныя кампазіцыі – радыйшчыкам недастаткова іх проста трансляваць. “Задача на радыё – сачыць за кантэкстам, у якім нараджаецца музыка, і прадставіць яе так, каб чалавек паслухаў і захацеў паслухаць яшчэ. Гэтая ідэя была пакладзеная ў музычную палітыку радыё “Арыстакраты”, – музыка ў эфіры падаецца праз прызму аўтарскага ўспрыняцця той ці іншай кампазіцыі”.

    Якія яшчэ канцэптуальныя ідэі для працы выкарыстоўваюцца на радыё “Арыстакраты”?

    Камедыя Дэль Артэ

    Для працы ў эфіры Яраслаў Ладыгін назваў ключавым прынцыпам правіла Камедыі Дэль Артэ (com­me­dia del­l’arte), італьянскага вулічнага тэатра – імправізацыю. З якой мэтай яна выкарыстоўвалася ў вулічных тэатрах? Каб прыцягнуць увагу мінакоў. “На вуліцы трэба было злавіць увагу чалавека, расказаць яму гісторыю. Гэты была вельмі цяжкая праца. У цябе ў любы момант могуць нешта кінуць, абразіць”, – кажа Я. Ладыгін. Мінакі, паводле Ладыгіна, – гэта трафік, аўдыторыя сучаснага медыя. Калі эфір, дзеянне “чапляе” – яны застаюцца, слухаюць да канца і “кідаюць манетку”. Але каб “зачапіць”, трэба звяртацца адрасна, імправізаваць, падладоўвацца пад сітуацыю, думаць.

    Геніі і паэты

    Імправізацыя немагчымая без поўнага даверу да калегі-вядучага. Таму другі прынцып працы радыё на “Арыстакраты” – гэта павага і давер да партнёра ў эфіры. Менавіта давер стварае таямніцу і цуд прамога эфіру, лічыць Я. Ладыгін. “Што б ні было – я гляджу на свайго партнёра як на самага крутога прафесіянала. Гэта выяўляецца ва ўсім”, – кажа госць з Кіева. Стасункі вядучых у эфіры – гэта заўсёды творчасць. “Каб зрабіць эфір цікавым, трэба размаўляць так, як быццам насупраць мяне – геній, насупраць мяне – паэт”, – кажа Я. Ладыгін. Ён раіць у студыі заўсёды казаць партнёру “так”, падтрымліваць яго і не спрачацца.

    Я. Ладыгін лічыць памылкай, калі вядучыя і госці паводзяць сябе ў эфіры як “зоркі”. “Сёння людзям не патрэбныя зоркі. Бо і Джасціну Біберу ці Полу Маккартні можна напісаць у Твітар, і яны табе адкажуць”, – кажа Я. Ладыгін.

    Давер

    На думку Ладыгіна, адзінае, што медыя сёння можа прапанаваць аўдыторыі, каб заваяваць яе, – гэта давер. “Само слова “медыя” азначае пасярэдніцтва. Наша задача – збудаваць гэты мосцік. Ключавое слова ў ва ўсім, што тычыцца пасярэдніцтва, – давер. Гэта адзінае, што мы можам прапанаваць, наш адзіны капітал, – кажа Я. Ладыгін. – Калі мы нешта раім людзям – значыць, гэта добра. А калі не добра – мы пра гэта даведаемся і выбачымся. Так і было некалькі разоў”. Радыё “Арыстакраты” адмовілася рэкламаваць адзін вядомы напой “3 у 1” сусветнавядомага вытворцы, бо палічыла гэты прадукт не карысным, і самі супрацоўнікі радыё яго не ўжываюць.

    Ёсць тэорыя, што тэхналогіі пранікаюць у грамадства па схеме інавацыйнай крывой. Новыя з’явы і прылады здабываюць рынак праз актыўнасць усяго 2% насельніцтва – інаватараў. “Мы зрабілі дапушчэнне, што ва Украіне ёсць гэтыя 2% – тых, хто могуць успрыняць анлайн радыё і зразумець, што гэта”, – кажа Ладыгін.

    “Мы лічым, што наша аўдыторыя – гэта людзі, якія прывыклі да пэўнага ўзроўню якасці. У іх ёсць патрабаванні да прадукта. Таксама яны чулыя да інфармацыйных маніпуляцый. Гэта людзі, якія трымаюцца пэўнай інфармацыйнай гігіены – хлусня, маніпуляцыі, прапаганда, ангажаванасць іх адразу адверне. Каб здабыць такіх людзей, нам трэба быць незалежнымі” .

    Заснавальнік радыё кажа, што каманду “Арыстакратаў” больш за заробкі клапоціць стварэнне “медыйнай экасістэмы”, – цэласнага ўяўлення пра працу незалежнага СМІ, у якой магчыма было б працаваць далей. “Мы разумелі, што мы не можам зарабляць як у Брытаніі ці ў Польшчы. Таму тыя, хто падзяляў нашае бачанне, ішлі да нас працаваць бясплатна. Мы атрымалі вельмі круты калектыў”, – лічыць Я. Ладыгін.

    Цікавыя факты:

    - На сустрэчы ў Мінску Яраслаў Ладыгін сказаў, што з дзяцінства захапляўся беларускім футбалістам Валянцінам Белькевічам і беларускім пачуццём гумару.

    - Калі Ладыгін пачаў працаваць на радыё, роля вядучага ў эфіры была мізэрная – надвор’е, навіны, абвесткі. “Адзіная месца, дзе можна было паказаць сябе, – гэта праграма па заяўках. Аказалася, што на радыё ніхто не піша. Я навучыўся прыдумляць паведамленні-віншаванні і дагэтуль магу рабіць гэта бясконца доўга”, – кажа Я. Ладыгін.

    - Сёння аўдыторыя радыё “Арыстакраты” складае 620 тыс. слухачоў (колькасць унікальных ІР). Сярэдняя працягласць праслухоўвання – 90 хв. “Зараз трэба быць цікавымі не толькі для Украіны, але і для заходніх краінаў. Такі час. Трэба шукаць іншыя рынкі, канкураваць з усім светам”, – кажа Яраслаў Ладыгін.

    Сустрэчу з Яраславам Ладыгінам ў Мінску наведалі каля 100 чалавек.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці