Хто самая ўдзячная аўдыторыя? Канешне жанчыны!
Марыя Сталярова, рэдактарка беларускага жаночага часопіса “Город Женщин” лічыць, што жанчыны ніколі не перастануць цікавіцца “глянцавымі” тэмамі і таму друкаваная прэса не знікне.
“Калі будзе зусім цяжка, магчыма мы разгледзім варыянт толькі анлайн выдання. Але пакуль хочацца заставацца “у паперы”, бо гэта стыль і вобраз жыцця,” — кажа рэдактарка пра свой часопіс. Марыя Сталярова ў інтерв’ю для baj.by адказвае на пытанні пра асаблівасці стварэння “жаночага” кантэнту і журналістыку адпачынку.
— “Город Женщин” пазіцыянуе сябе як “жаночы” часопіс. Гэта значыць, што большасць вашых чытачоў – жанчыны?
— Адпачатку мы арыентаваліся на жанчын. Але 45 % нашых чытачоў — мужчыны. Гэта паказалі даследаванні аўдыторыі. Зараз я разумею, чаму так адбылося. Часопіс можна падзяліць на дзве часткі. Ёсць “жаночая” частка — гэта матэрыялы на тэму моды, выхавання дзяцей, пра гаспадарку, кухню і г.д. А ёсць матэрыялы на тэмы, якія цікавыя ўсім. Напрыклад, рэпартажы з падарожжаў, аўтарскія калонкі, інтэрв’ю — гэтыя тэксты чытаюць і мужчыны, і жанчыны.
Як выбраць цікавага героя для інтэрв’ю? Я арыентуюся на медыйнасць асобы і слухаю сваю інтуіцыю. Таму звычайна мы не гаворым толькі пра жаночае. Мы гаворым пра ўсё.
— Вам не падаецца, што “жаночыя тэмы”, “жаночы кантэнт” ці нават сам панятак “жаночы часопіс” — гэта стэрэатып з якім трэба змагацца, а не культываваць яго. Жанчынам жа цікава ўсё, і палітыка, і спорт…
— Разумееце, мы стваралі свой часопіс не для таго, каб “змагацца”, а для таго, каб дапамагаць жанчынам добра праводзіць свой вольны час. Калі людзі хочуць менавіта гэтую інфармацыю —навошта ісці супраць іх жаданняў? Мы адсочваем якія тэмы цікавыя нашым чытачам. І я бачу, што мы ідзем у правільным кірунку. Напрыклад, усім цікавыя кулінарныя рэцэпты. Жанчына можа захапляцца палітыкай, але яна ўсё адно дома будзе гатаваць.
Мы не культывуем стэрэатыпы. Мы падтрымліваем інтарэсы жанчын
— Ці цікавыя мужчынам “жаночыя” тэксты?
— Канешне. Асабліва пра сэкс! Мужчыны любяць разглядаць глянцавыя старонкі, бо гэта забаўляе і прыцягвае іх ўвагу. Я часта назіраю за мужчынамі, калі прыношу часопіс у якую небудзь мінскую кавярню. Яны затрымліваюць свой пагляд на фотасесіях, гартаюць старонкі з фота больш павольна, чым усе астатнія. У кожным нашым нумары ёсць лукбукі дызайнераў, фотагісторыі, проста сезонныя здымкі, атмасферныя рэпартажы класных фатографаў, даволі часта мужчынаў.
— Марыя, цяпер існуе вялікая колькасць “жаночага кантэнту” — не праблема знайсці інфармацыю пра моду, кулінарыю, сэкс. І гэты кантэнт памнажаецца штодзень. Як тут прамовіць нешта новае і цікавае?
— Трэба шукаць эксклюзіў. Напрыклад, з першага нумара мы супрацоўнічаем з нашым кулінарным блогерам Арынай Лісецкай. Яна гатуе і фатаграфуе спецыяльна для нас. Дзеліцца з чытачамі сваімі рэцэптамі, прапануе свой эксклюзіўны рэцэпт са звычайных прадуктаў. Мае значэнне і асоба блогера, і арыгінальнае фота. Мы імкнемся папулярызаваць “сваё”. Каб матэрыял быў цікавы аўдыторыі трэба пісаць пра блізкае, эксклюзіўнае, беларускае.
— У сувязі з гэтым пытанне. На старонках нашых глянцавых часопісаў даволі часта можна сустрэць герояў расійскага шоўбізнеса. А калі на вокладцы Філіп Кіркораў, то цяжка зразумець, які гэта часопіс беларускі ці расійскі. Выданні выглядаюць вельмі падобна. Як вы да гэтага ставіцеся?
— Гэта цалкам лагічна. Па-першае, Расія побач, у нас абсалютна адна медыйная прастора. Я для сябе яе не падзяляю. Напрыклад, Ілля Лагуценка, саліст групы “Мумій тролль” — гэта расійскі выканаўца, але ён ужо “належыць усяму свету”… У кожным нумары нашага часопіса ёсць замежны герой. Напрыклад, быў Арсэн Мірзаян, вядомы выканаўца з Украіны, з вельмі адкрытым і шчырым інтэрв’ю. Такскама “Героем нумара” былі Міс Сусвет, каталонскі мастак Кім Гэрэў (Quim Hereu) — сапраўдны цуд сучаснага мастацтва, маці Ангеліны Уэльскай — фотамадэлі з ДЦП і інш. Ёсць людзі, невядомыя шырокаму колу чытачоў, як напрыклад Цімафей Авілін — беларускі этнаастраном, чалавек незвычайнай прафесіі, захоплены даследчык беларускага неба. Зразумела, што неба адно на ўсіх, але ў кожна народа ёсць свае легенды пра зоркі і свае назвы. Вось Цімафей менавіта гэтым і займаецца — адкрывае беларускае неба. Нашым героем быў таксама Сяргей Мілюхін — беларускі фатограф, падарожнік, які толькі ў Афрыцы быў больш за 30 разоў…
Няважна адкуль герой, важна які ён чалавек. Герой павінен натхняць.
— У Беларусі даволі шмат друкаваных выданняў для жанчын – “Жаночы журнал”, “Алеся”, “Большой”, ан-лайн выданні. Вы лічыце іх сваімі канкурэнтамі?
— Глянец не можа канкураваць з анлайнам, як папяровая кніга не можа канкураваць з электроннай. Папяровыя СМІ, газеты і часопісы, хаваюць апошнія 20 год. Але яны ўсё роўна жывуць, а некаторыя нават павялічваюць наклады. З’яўляюцца новыя выданні.
Так, цяпер амаль немагчыма знайсці тэму, на якую ніхто не пісаў. Таму я як рэдактар ад пачатку зрабіла стаўку на асобы, на аўтараў. У нас вельмі моцная каманда пазаштатнікаў. Нашыя аўтары — не журналісты, яны ўсе прафесіяналы ў сваёй справе. Проста яны пішучыя. У гэтым асаблівасць.
— Вы пазіцыянуеце сябе як “жаночы часопіс”, але не абмяжоўваеце сябе жаночай тэматыкай, і палова вашай аўдыторыі — мужчыны. Тады чаму часопіс “жаночы”?
— Магчыма таму, што ў нас у штаце працуюць толькі жанчыны. Кіраўнік праекта — жанчына. Жанчыны вядуць гэты бізнес. Так склалася. Жанчыны зараз разбіраюца ва ўсім і ўсім цікавяцца.
— Якая атмасфера ў рэдакцыйным калектыве?
— Штатных супрацоўнікаў рэдакцыі, разам з бухгалтарам, усяго 10 чалавек. Штодзень у офісе працуе каля 5 чалавек. Нас мала і мы вельмі захопленыя сваёй справай. Таму ў нас цёплая, сяброўская атмасфера. Бываюць канешне і раздражненні, і нервы, і эмоцыі. Але сур’ёзных канфліктаў няма.
— Якія тэмы стануць актуальнымі ў будучыні для вашай аўдыторыі, у жаночай тэматыцы?
— Ёсць вечныя тэмы, якія заўсёды будуць цікавымі: дзеці, сям’я, здароўе. Жанчыны заўсёды будуць выходзіць замуж, нараджаць дзяцей, і адпаведна іх будуць хваляваць пытанні “як выхаваць добрага чалавека?”, “як наладзіць стасункі з мужам пасля 5 год шлюбу?” і г.д.. ІТ тэхналогіі таксама істотныя для жанчын. У нас ёсць спецыяльная рубрыка, дзе мы распавядаем пра “жаночыя” дадаткі, якія арганізуюць заняткі спортам, ежу, каляндар.
Жаночая аўдыторыя — самая ўдзячная аўдыторыя ў свеце. Жанчыну цікавіць усё. Яна сочыць і за домам, і за сабой, і за мужчынам. Яна і працуе, і займаецца спортам, і выхоўвае дзяцей, і стварае. Жанчына — гэта рухавік сусвету. Яна — будучае і тое, на чым усё трымаецца.
***
“Город Женщин” пачаў выходзіць у сакавіку 2015 года. Зараз наклад папяровай версіі часопіса каля 16 тыс. асобнікаў. Выданне мае не менш папулярную інтэрнэт-версію. Ахоп адной публікацыі на старонцы часопіса ў Facebook — 5–6 тыс. карыстальнікаў. 45 % чытачоў “Города Женщин” — мужчыны, 55 % — жанчыны ва ўзросце ад 25 да 40 год. Паводле рэдактаркі Марыі Сталяровай, асноўная крыніца распаўсюду інфармацыі аб тэмах нумара — Facebook.
Аўдыторыя ан-лайн і папяровага выдання перасякаецца — гэта значыць, што адзін чытач карыстаецца як электроннай, так і папяровай версіяй выдання. Можна сказаць, што выдаўцы “Города Женщин” паспяхова засвоілі форму сучаснага канвергентнага смі. “Город Женщин” — гэта выданне для адпачынку, друкаваная версія выходзіць раз на месяц.